ПСІХАТЭРАПІ́Я (ад псіха... + тэрапія),
лячэнне псіхічным уздзеяннем на арганізм хворага. Гісторыя П. цесна звязана з гісторыяй рэлігіі, містычных вучэнняў, пашырэннем псіхааналізу З.Фрэйда. Асн. спосаб П. — вербальнае (славеснае) уздзеянне, якое ажыццяўляецца ў форме ўнушэння на яве (сугестыя), у стане гіпнозу (транс), шляхам рацыянальнага ўплыву з выкарыстаннем логікі, пераканання і інш. Невербальныя метады прадугледжваюць тэрапію з дапамогай мімікі, жэста, музыкі, інтанацыі голасу, твораў мастацтва і інш. Паводзінскія метады П. заснаваны на прынцыпах умоўна-рэфлектарнага навучання. Вылучаюць П. агульную і асобную; сімптаматычную (лячэнне асобных сімптомаў) і асабіста-арыентаваную (асэнсаванне хворым падсвядомых механізмаў захворвання); індывід. (персанальную) і групавую (улік узаемаадносін паміж удзельнікамі групы).
Літ.:
Карвасарский Б.Д. Психотерапия. М., 1985;
Психотерапевтическая энциклопедия. СПб., 1998.
А.А.Зайцаў, У.А.Кульчыцкі.
т. 13, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)