АМІДАСТО́МЫ (Amidostomum),

род нематодаў. Больш за 10 відаў. Паразітуюць у падслізістай абалонцы страўніка гусей, радзей качак, куранят і галубоў. Выклікаюць амідастамоз. Найб. пашырана Amidostoma anseris.

Даўж. самцоў да 14,5 мм, шыр. да 0,26 мм, самак адпаведна 20,3 і 0,39 мм. Яйцы выдзяляюцца ў вонкавае асяроддзе. Развіццё без прамежкавага гаспадара. Інвазійная лічынка пасля двухразовай лінькі пры т-ры паветра 16—26 °C праз 3—5 сутак выходзіць з яйца. У страўнік гаспадара трапляе з травой ці вадой, праз 17—22 сут дасягае палавой спеласці.

т. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНКЕТАВА́ННЕ,

метад збору пачатковага матэрыялу для сацыялагічных, эканамічных, псіхалагічных і інш. даследаванняў. Праводзіцца ананімна, у пісьмовай форме з выкарыстаннем апытальных лістоў (анкет), у прысутнасці даследчыка і без яго (па пошце). Пытанні анкетавання павінны быць аб’яднаны агульнай тэмай даследавання, сфармуляваны дакладна, адназначна, на даступнай рэспандэнтам мове. Адрозніваюць пытанні адкрытыя (свабода ў выбары адказу) і закрытыя (адказ выбіраецца з прапанаваных варыянтаў), аб’ектыўныя (пра ўзрост, адукацыю і інш.) і суб’ектыўныя (высвятляюць сац.-псіхал. ўстаноўкі або меркаванні рэспандэнтаў). Гл. таксама Апытанне.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЛА́ТА ПРА́ЦЫ,

узнагароджанне ў грашовай ці натуральнай форме, якое выплачваецца работніку за працу, выкананую ў справаздачны перыяд. Уключае: заработную плату, выплаты і дапамогі з фондаў сац. страхавання (пенсіённага, занятасці, сац. абароны насельніцтва і інш.); сац. дапамогі, што выплачваюцца непасрэдна прадпрыемствамі і арг-цыямі (даплаты да пенсій, выплаты ў сувязі з вытв. траўмай ці гібеллю на вытв-сці); дапамогі па беспрацоўі; пенсіі ваеннаслужачым. Узровень аплаты працы вызначаецца па суме ўсіх гэтых налічэнняў без выліку падаткаў і інш. утрыманняў у адпаведнасці з заканадаўствам.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАК,

традыцыйная рыбалоўная снасць у беларусаў; сеткавы мяшок, прымацаваны ў ніжніх частках да двух шастоў (дзядоў). Для лепшага затаплення да мяшка прывязвалі камень. У час лоўлі мяшок адкрытай часткай быў накіраваны ў напрамку цячэння. Аб злоўленай рыбе даведваліся па паторгванні шнуроў (старажоў), што мацаваліся да верхняй плоскасці мяшка і ўтрымлівалі яго ў адкрытым стане. Лавілі волак з дзвюх лодак. Выкарыстоўвалі волак і без шастоў (на Дняпры); мяшок цягнулі за лодкамі на вяроўках. Вядомы на ўсёй Беларусі.

І.​М.​Браім.

Волак.

т. 4, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЛЬНААДПУ́ШЧАНІКІ,

у антычным і раннефеад. грамадстве рабы, адпушчаныя на волю ці выкупленыя на ўласныя зберажэнні. Грамадз. правы вольнаадпушчанікаў былі абмежаваны, часцей яны па-ранейшаму служылі сваім гаспадарам. У Стараж. Грэцыі пры вызваленні рабам не давалі грамадзянства, і яны станавіліся метэкамі пад патранатам б. гаспадара. У Стараж. Рыме вольнаадпушчанікі атрымлівалі радавое імя б. гаспадара і рым. грамадзянства, але без права адпраўляць магістратуры і служыць у арміі. У герм. плямёнах і ў «варварскіх» дзяржавах рабоў звычайна адпускалі з захаваннем іх асабістай залежнасці ад ранейшага патрона.

т. 4, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́Э (ад ісп. canoa човен; запазычанне з мовы карыбскіх індзейцаў),

вёславая лодка без уключын, у якой вясляр дзейнічае адналопасцевым вяслом. Адрозніваюць К. спартыўныя, вучэбныя, слаламныя, турысцкія, для аднаго, двух і некалькіх весляроў. Вясляр стаіць на адным калене (у спартыўных) ці сядзіць (у слаламных і турысцкіх) тварам да напрамку руху. Вырабляюць К. са спец. водаўстойлівай фанеры, шпоны і пластычных матэрыялаў. К. таксама наз. лодка індзейцаў Паўн. Амерыкі; выраблялі з цэлага ствала дрэва выпальваннем і выдзёўбваннем або будавалі каркас і абцягвалі яго карой.

т. 7, с. 590

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАНЯПЛО́Д,

моцны, сакавіты падземны орган некат. культ. двух-, радзей аднагадовых, травяністых раслін. Найб. вядомыя бручка, буракі, морква, пастарнак, пятрушка, радыска, рэдзька, рэпа, сельдэрэй, турнэпс. Утварыліся ў выніку відазмянення гал. кораня і часткова сцябла. У К. адрозніваюць галоўку (верхняя надземная сцябловая ч. з разеткай лісця), шыйку (сярэдняя патоўшчаная ч. без лісця і бакавых каранёў, утвораная ў выніку разрастання падсемядольнага калена), уласна корань (ніжняя ч. з бакавымі каранямі). Караняплодныя расліны багатыя цукрамі, солямі, вітамінамі, карацінам, выкарыстоўваюцца як агародніна, сакаўны корм і тэхн. сыравіна.

т. 8, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАПРАЕКЦЫ́ЙНЫ АПАРА́Т,

апарат для праецыравання фільмаў на экран. Мае стужкапрацяжны механізм, падавальную і прыёмную касеты, святлоаптычную сістэму для прасвечвання кадра і яго праецыравання на экран, прылады гукаўзнаўлення. Бывае стацыянарны і перасоўны.

У залежнасці ад фармату фільмаў падзяляюцца на 70-мм (шырокафарматныя), 35-мм (звычайныя і шырокаэкранныя), 16 і 8-мм (вузкаплёначныя). Стэрэаскапічныя, панарамныя, кругарамныя і інш. віды фільмаў дэманструюцца К.а. спец. канструкцыі. У аматарскай кінематаграфіі дэманструюцца 8-мм фільмы (найб. пашыраны) без фанаграмы, а іх агучванне ажыццяўляецца з дапамогай магнітафона з сінхранізатарам.

т. 8, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАЎ Міхаіл Міхайлавіч (20.11.1880, С.-Пецярбург — 9.7.1942),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1937). Пачаў прафес. дзейнасць у 1901 у правінцыяльных т-рах, з 1904 у маскоўскім Т-ры Корша, з 1909 (з перапынкамі) у Малым т-ры. Творчасць вызначалася высокай прафес. культурай, характарнасцю ў выкананні камедыйных і сатыр. роляў: Цяляцеў, Лыняеў, Дудукін, Гарадулін («Шалёныя грошы», «Ваўкі і авечкі», «Без віны вінаватыя», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Фамусаў («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Земляніка («Рэвізор» М.​Гогаля). Здымаўся ў фільмах.

т. 8, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕРАФТАЛЬМІ́Я (ад грэч. xēros сухі + ophthalmos вока),

пашкоджанне вока, якое характарызуецца сухасцю кан’юнктывы і рагавіцы. Бывае пры парушэннях слёзавыдзялення, слізістых залоз кан’юнктывы і рэзкім парушэнні абмену рэчываў у рагавіцы, гіпа- і авітамінозе А, у дзяцей — іншы раз пры страўнікава-кішачных хваробах. Найчасцей прычына К. — трахома, апёкі вачэй і інш. Праяўляецца сухасцю і рэзямі ў вачах; кан’юнктыва сухая, шурпатая, цьмяная, з матава-белымі плямамі; рагавіца без бляску, мутная, прарастае сасудамі; вастрыня зроку паступова зніжаецца. Лячэнне тэрапеўтычнае, іншы раз — хірургічнае.

Л.​М.​Марчанка.

т. 8, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)