АПАЛО́НЫ
(Parnassius),
род дзённых матылёў сям. паруснікаў, або кавалераў, атр. лускакрылых. Сустракаюцца пераважна ў горных раёнах Еўразіі, лакальна на раўнінах. На Беларусі трапляюцца апалон чорны (Р. mnemosyne) і апалон (Р. apollo) — рэдкія віды, занесеныя ў Чырв. кнігу.
Размах белых крылаў да 9 см, пярэднія крылы з 2—5 чорнымі плямкамі, заднія з чырвонымі. Апалон чорны па памерах меншы і без чырвоных плямак на крылах. Лёт у чэрв.—жніўні. Вусені чорныя з 2 радамі чырвоных плямак, кормяцца ў крас.—маі лісцем чубаткі, скочак і заечай капусты. Жывуць групамі. Кукалкі на глебе. Зімуюць у абалонцы яйца.
т. 1, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)