ПЁЛЬЦЫГ (Poelzig) Ганс (30.4.1869, Берлін — 14.6.1936),

нямецкі архітэктар. Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў Берліне (1888—93). Выкладаў у АМ у г. Вроцлаў (Польшча; 1900—16, з 1903 дырэктар), Вышэйшых тэхн. школах у Дрэздэне (1916—20) і Берліне (з 1924). Пачынаў як паслядоўнік П.Берэнса (адм. будынак у Вроцлаве, 1911). У 1910-я г. перайшоў да рамант., часам экспрэсіяністычнай трактоўкі канструкцый, свабодных аб’ёмна-прасторавых кампазіцый, нечаканых дэкар. вырашэнняў інтэр’ераў (напр., у выглядзе сталактытаў у Вял. т-ры, шматступеньчатай столі — у кінатэатры «Капітоль» у Берліне). У 1920-я г. звярнуўся да манументалізацыі форм (будынак кіраўніцтва фірмы «І.​Г.​Фарбеніндустры» ў Франкфурце-на-Майне). У 1932 стварыў праект Палаца Саветаў у Маскве (не ажыццёўлены).

т. 12, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНТ-Э́ЛІЯ (Sant’ Elia) Антоніо (30.4.1888, г. Кома, Італія — 10.10.1916),

італьянскі архітэктар. Вучыўся ў акадэміі Брэра і політэхн. ін-це ў Мілане, скончыў Школу прыгожых мастацтваў у Балонні (1912). Зазнаў уплыў О.​Вагнера і рацыяналістычнай архітэктуры ЗША. У сваіх поглядах блізкі да італьян. футурызму. На выстаўцы групы «Новыя традыцыі» прадставіў рамант. праект «горада будучага» (не ажыццёўлены), асновай формаўтварэння якога быў дынамічны рух: размяшчэнне трансп. магістралей на розных узроўнях, будынкі з вял. ліфтамі, эскалатарамі і г.д. У 1914 С.-Э. з арх. Ф.​Т.​Марынеці выдаў «Маніфест футурыстычнай архітэктуры». Праекты С.-Э. паўплывалі на горадабуд. канцэпцыі 20 ст. Загінуў на фронце ў 1 -ю сусв. вайну.

І.​М.​Скварцова.

А.Сант-Элія «Горад будучага». Малюнак. 1914.

т. 14, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЫ́РКУС (Syrkus) Шыман (24.4.1893, Варшава — 8.6.1964),

польскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры; адзін са стваральнікаў польскай арх. школы 20 ст. Вучыўся ў АМ у Кракаве (1918—21), Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1922—24). Скончыў політэхн. ін-т у Варшаве (1922), выкладаў у ім (з 1949 праф.). Адзін з заснавальнікаў і тэарэтык аб’яднання архітэктараў «Прэзенс» (з 1926). Працаваў разам з жонкай Геленай С. У 1920—30-я г. будаваў асабнякі ў духу функцыяналізму (віла ў Саснаўцы, каля г. Пінск Брэсцкай вобл., 1933—34). У 1940—60-я г. вёў работу па уніфікацыі тыпавога жыллёвага буд-ва (забудова раёна Кола ў Варшаве, 1947—62). Аўтар публікацыі «Варшава функцыяналістычная» (1934, з Я.​Хмялеўскім).

т. 15, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЭЗІ́НІ (Trezzini) Даменіка Андрэа (каля 1670, Астана, каля г. Лугана, Швейцарыя — 2.3.1734),

архітэктар і інжынер. З 1703 працаваў у С.-Пецярбургу. Паводле яго праектаў закладзены г. Кранштат і Аляксандра-Неўская лаўра, выканана ч. рэгулярнай планіроўкі Васільеўскага в-ва, пабудаваны Летні палац Пятра I у Летнім садзе (1710—14), Пятроўскія вароты і Петрапаўлаўскі сабор Петрапаўлаўскай крэпасці, будынак 12 калегій (1722—34; цяпер ун-т). Паводле указа Пятра I склаў «узорныя» (тыпавыя) праекты жылых дамоў для розных сац. слаёў насельніцтва. Пабудовы Т. адметныя выразнасцю планаў, сціплым дэкар. убраннем, спалучэннем буйных ордэрных элементаў з дэталямі архітэктуры барока.

Літ.:

Лисаевич И. Первый архитектор Петербурга. Л., 1971.

Д.Трэзіні. Петрапаўлаўскі сабор у Санкт-Пецярбургу.

т. 16, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРА́НЬІ (Terragni) Джузепе (18.4.1904, Меда, Ламбардыя, Італія — 19.7.1943),

італьянскі архітэктар. Зазнаў уплыў А.Сант-Элія. Разам з А.​Ліберай і інш. заснаваў у 1926 «Групу сямі», якая спрыяла пашырэнню рацыяналізму ў архітэктуры Італіі. У сваіх работах дасягнуў сувязі ўнутр. прасторы і наваколля, спалучаў глухія паверхні сцен і ажурныя структуры жалезабетонных каркасаў (агараджэнні лоджый, перакрыцці тэрас у верхнім паверсе), віртуозна выкарыстоўваў мясц. традыцыі міжземнаморскага дойлідства (дворыкі-атрыі як цэнтры арх. кампазіцыі). Сярод твораў: у г. Кома — жылы дом «Навакомум» (1929), Нар. дом (1932), Каса дэль Папола (1932—36), дзіцячы сад (1936); дом Рустычы ў Мілане (1934—35, з П.​Лінджэры), віла Б’янкаў Севеза (Ламбардыя; 1936—37).

Дж. Тэраньі. Каса дэль Папола ў г. Кома.

т. 16, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУРЭ́ЦКІ Юлій Платонавіч (н. 22.6.1929, Ташкент),

бел. архітэктар. Засл. будаўнік Узбекістана (1972). Скончыў Ташкенцкі політэхн. ін-т (1954). У 1945—69 працаваў у праектных арганізацыях Ташкента. Адзін з аўтараў генплана Ташкента (1971), планіроўкі і забудовы яго цэнтра (1975, Дзярж. прэмія СССР 1975). У 1975—2000 у ін-це «Мінскпраект» (кіраўнік майстэрні). Асн. работы ў Мінску: генплан Мінска (1982, кіраўнік аўтарскага калектыву), праект планіроўкі яго прыгараднай зоны (1979), праект дэталёвай планіроўкі цэнтра Мінска (1983, у сааўт.). Аўтар прац у галіне горадабудаўніцтва.

Тв.:

Научно-методические основы разработки генерального плана Минска и его пригородной зоны // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1982. № 2;

Основные принципы формирования центра Минска (разам з М.​Ц.​Гардзеенкам) // Там жа. 1984. № 2.

т. 18, кн. 1, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛЬЦ Георгій Паўлавіч (6.3.1893, Масква — 27.5.1946),

рускі і бел. архітэктар і тэатр. мастак. Правадз. чл. Акадэміі архітэктуры СССР (1939). Скончыў Вышэйшыя дзярж. маст.-тэхн. майстэрні (1922) у Маскве. Сярод ранніх работ у стылі канструктывізму — Дзярж. банк у Мінску (1927; у сааўт.; не захаваўся). У Віцебску ў БДТ-2 (т-р імя Я.​Коласа) аформіў спектаклі: «Разлом» Б.​Лаўранёва (1928), «Горад вятроў» У.​Кіршона, «Авангард» В.​Катаева (абодва 1930), «Качагары» І.​Гурскага (1931), «Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (1933) і інш. Сярод работ у Маскве: жылыя дамы на Ленінскім і Кутузаўскім праспектах, вул. М.​Горкага (1939—40). Дзярж. прэмія СССР 1941.

Літ.:

Быков В.Е. Георгий Гольц. М., 1978.

Л.​А.​Воінаў.

Г.Гольц. Будынак дзяржаўнага банка па вуліцы Савецкай у Мінску. 1927.

т. 5, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУК (Hooke) Роберт (18.7.1635, в-аў Уайт, Вялікабрытанія — 3.3.1703),

англійскі прыродазнавец, вучоны-энцыклапедыст, архітэктар. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1663). Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (1653—54), дзе ў 1655—60 быў асістэнтам Р.Бойля. З 1665 праф. Лонданскага ун-та, адначасова ў 1677—83 сакратар Лонданскага каралеўскага т-ва. Адкрыў закон, які названы яго імем (гл. Гука закон). Пабудаваў паветр. помпу (1659), сканструяваў і ўдасканаліў многія прылады, напр., мікраскоп, з дапамогай якога ўстанавіў клетачную будову тканак (увёў тэрмін «клетка»). Устанавіў (разам з К.Гюйгенсам) пастаянныя пункты тэрмометра — раставанне лёду і кіпення вады. У «Трактаце аб руху Зямлі» (1674) выказаў гіпотэзу прыцягнення і даў агульную карціну руху планет.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

т. 5, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́НСАН (Johnson) Філіп (н. 8.7.1906, г. Кліўленд, штат Агайо, ЗША),

амерыканскі архітэктар. Вучыўся ў арх. школе Гарвардскага ун-та ў М.Броера (1940—50-я г.). Вучань і супрацоўнік Л.Міс ван дэр Роэ. Развіваючы яго прынцыпы, пабудаваў уласны дом у г. Нью-Канаан (штат Канектыкут, 1949) у выглядзе шклянога паралелепіпеда. У далейшым спалучаў прынцыпы і матэрыялы сучаснай архітэктуры са свабоднай стылізацыяй традыц. арх. формаў — класіцызму, готыкі, рэнесансу, а таксама Стараж. Рыма, сярэдневяковага Блізкага і Д. Усходу (Музей сучаснага мастацтва, 1930—36 і 1946—54, тэатр штата Нью-Йорк у «Лінкальн-цэнтры», 1964, абодва ў Нью-Йорку; купал ядзернага рэактараў Ізраілі, 1960).

Літ.:

Noble Ch. Ph Johnson. London, 1972.

Ф.Джонсан. Інтэр’ер тэатра штата Нью-Йорк у «Лінкальн-цэнтры» ў Нью-Йорку. 1964.

т. 6, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ІНАЎ Анатоль Аляксандравіч (11.12.1934, Мінск — 19.3.1995),

бел. архітэктар, гісторык архітэктуры, педагог. Засл. арх. Беларусі (1991). Канд. архітэктуры (1967). Праф. (1991). Сын А.П.Воінава. Скончыў БПІ (1958). З 1958 працаваў у «Белдзяржпраекце», з 1963 выкладаў у БПІ (з 1985 дэкан арх. ф-та Бел. політэхн. акадэміі). Асн. работы: карпусы ін-таў фізікі (1963) і матэматыкі (1964) АН Беларусі, вылічальны цэнтр ЦСУ Беларусі (1965), жылыя дамы ў Мінску, Светлагорску (1963—65), рэстаран «Заслаўе» каля Мінска (1975, у сааўт.) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1980 за кн. «Гісторыя архітэктуры Беларусі (савецкі перыяд)» (1975).

Тв.:

Дом правительства Белорусской ССР. Мн., 1975 (разам з С.​Ф.​Самбуком);

И.Г Лангбард. Мн., 1976;

Жилищное строительство в Белорусской ССР. Мн., 1980;

Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986 (у сааўт.).

А.А.Воінаў.

т. 4, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)