МІ́НСКАЯ РЫ́МСКА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЕПА́РХІЯ, Мінская дыяцэзія,

адм.-тэр. адзінка каталіцкай царквы ў канцы 18—20 ст. Засн. ў 1798 паводле імператарскага ўказа. Тэрыторыя супадала з межамі Мінскай губерні. З 1798 дзейнічала духоўная семінарыя. У 1842 епархіі нададзены 3-і клас. У 1869 епархія скасавана, яе тэрыторыя ўключана ў Віленскую рымска-каталіцкую епархію. З 1883 касцёлы і адзіны дзеючы Слонімскі кляштар бернардзінак б. епархіі падпарадкаваны Магілёўскай рымска-каталіцкай архіепархіі. У ліст. 1917 дзейнасць М.р.-к.е. адноўлена. У 1925 на частцы яе тэрыторыі, што адышла да Польшчы, створана Пінская рымска-каталіцкая епархія. Землі БССР па-ранейшаму ўваходзілі ў Мінскую епархію, але яна практычна не функцыянавала, хоць кананічна не была скасавана. У 1991 створана Мінска-Магілёўская рымска-каталіцкая епархія, якая з’яўляецца пераемніцай Мінскай і Магілёўскай епархій, з 2000 ахоплівае тэр. Мінскай і Магілёўскай абл.

Літ.:

Kumor B. Ustróy i organizacja Kościoła polskiego w okresie niewoli narodowej (1772—1918). Kraków, 1980.

В.​В.​Грыгор’ева, А.​М.​Філатава.

т. 10, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІ́НСКІ ВАРЫЯ́НТ» КАНСТЫТУ́ЦЫІ М.М.МУРАЎЁВА,

першы з трох варыянтаў праекта канстытуцыі для Рас. дзяржавы, распрацаваны ў 1821—22 у Мінску дзекабрыстам М.М.Мураўёвым. Тэкст захаваўся ў копіі 1822, перапісанай дзекабрыстам С.П.Трубяцкім і знойдзенай у яго пры вобыску. Лічыцца найб. самаст. у аўтарскіх адносінах праектам стварэння ў Расіі бурж. дзяржавы, заснаванай на прынцыпах эканам. і грамадз. свабод, выбарнасці пасад і падзелу функцый заканад., выканаўчай і суд. улад. У аснове праекта — супастаўленне і творчая перапрацоўка канстытуцый краін Зах. Еўропы і ЗША з прыцягненнем рас. прававых актаў. Праект прадугледжваў адмену прыгоннага права, паліт. свабоды грамадзян, суверэнітэт народаў, вяршэнства канстытуцыі і роўнасць усіх перад законам, недатыкальнасць правоў асобы, прыватнай уласнасці, свабоду слова, адмену саслоўяў, увядзенне суда прысяжных. Правы грамадзян абмяжоўваліся высокім маёмасным цэнзам, узростам (не менш за 21 год), цэнзам аселасці, абавязковым веданнем рус. мовы. Праект выклікаў сур’ёзную крытыку ў членаў Паўн. т-ва, што паслужыла падставай для напісання Мураўёвым у 1824—25 2-га і 3-га варыянтаў канстытуцыі.

М.​А.​Тарасава.

т. 10, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЛЯДО́ВЫ ПАЛА́Ц СПО́РТУ.

Пабудаваны ў 1999 у Мінску ў зоне грамадскага цэнтра зах. планіровачнага раёна. Аўтары: арх. Ю.​Патапаў, І.​Боўт, А.​Шафрановіч, дызайнеры В.​Цыёнская, Н.​Дарашкевіч. Разлічаны для спаборніцтваў і трэніровак па хакеі з шайбай і інш. Гал. фасад будынка арыентаваны на вул. Прытыцкага, з якой арганізаваны ўезд на аўтастаянку і знешнія падыходы на перадпалацавую плошчу ў выглядзе шырокіх алей з лесвіцамі і пандусамі. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка засн. на спалучэнні простых геам. аб’ёмаў, кантрасце гладкіх глухіх сцен з рэдкім рытмам аконных праёмаў і шклянога аб’ёму колеру бірузы (нагадвае лядовы адкол на беласнежным фоне). Уключае глядзельную залу на 2 тыс. месцаў, лядовае поле (60 × 30 м), гал. службовы і касавы вестыбюлі, фае з вынаснымі буфетамі, раздзявалкі з саунамі для дарослых і дзяцей, трэнажорную залу, прэс-цэнтр, адм. і тэхн. памяшканні. Палац забяспечаны сучасным тэхнал. і інж. абсталяваннем, што дазваляе праводзіць спарт. мерапрыемствы на высокім міжнар. узроўні.

Мінскі лядовы палац спорту.

т. 10, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАГРА́ННІК у трохмернай прасторы,

геаметрычная фігура, састаўленая з канечнага ліку плоскіх многавугольнікаў так, што: кожная старана любога многавугольніка з’яўляецца стараной і некаторага іншага, сумежнага з ім; кожная пара любых старон гэтых многавугольнікаў — звёны ламанай лініі, якая ўтвараецца са старон інш. многавугольнікаў. Такія многавугольнікі наз. гранямі, іх стораны і вяршыні — рэбрамі і вяршынямі М.

М. наз. выпуклым, калі ён цалкам ляжыць з аднаго боку плоскасці любой яго грані. Такі М. разразае прастору на ўнутраную і знешнюю часткі. Унутраная частка ўтварае выпуклае цела. Выпуклы М. наз. правільным, калі ўсе яго грані — роўныя правільныя многавугольнікі і ўсе мнагагранныя вуглы пры вяршынях роўныя і правільныя; такіх М. (цел Платона) 5: актаэдр, дадэкаэдр, ікасаэдр, куб, тэтраэдр. Калі ўсе грані — правільныя разнайменныя многавугольнікі, а мнагагранныя вуглы роўныя, М. наз. паўправільным (целам Архімеда; гл. Паўправільныя мнагаграннікі). Правільнымі нявыпуклымі наз. М., у якіх грані перасякаюць адна адну або самі грані з’яўляюцца самаперасякальнымі многавугольнікамі (т.зв. целы Пуансо).

Правільныя нявыпуклыя мнагаграннікі (целы Пуансо).

т. 10, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БЕЦКІ З’ЕЗД 1097,

з’езд 6 князёў Кіеўскай Русі ў г. Любеч (на Дняпры, Украіна, на мяжы з Рэспублікай Беларусь), якія сабраліся, каб спыніць міжусобіцы, аб’яднаць сілы для барацьбы з полаўцамі. З’езд устанавіў прынцып спадчыннасці княжацкіх уладанняў: «кожны няхай трымае вотчыну сваю». Паводле пастановы з’езда Святаполк Ізяславіч атрымаў Кіеў, Тураў, Пінск, Берасце (Брэст) і тытул вял. князя; Уладзімір Манамах — Пераяслаўскае княства, Суздальска-Растоўскую зямлю, Смаленск, Белавозера; Алег Святаславіч і Давыд Святаславіч — Северскую зямлю з Чарнігавам, Разань, Мурам, Тмутаракань; Давыд Ігаравіч — Уладзімір Валынскі з Луцкам; Васілька Расціславіч (з братам) — Церабоўль, Чэрвень, Перамышль. Полацкія князі (Усяслаў Брачыславіч і яго сыны) не ўдзельнічалі ў Л.з. 3 таго часу Руская зямля больш не лічылася адзіным уладаннем княжацкага дома Рурыкавічаў, а стала сукупнасцю асобных «вотчын». Л.з. не спыніў усобіц. Адразу пасля з’езду яго ўдзельнікі Давыд Ігаравіч і Святаполк заманілі да сябе і асляпілі церабоўльскага князя Васільку, што прывяло да новых міжусобіц.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 9, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНО́Е ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

сукупнасць законаў і інш. нарматыўных актаў, якія рэгулююць лясныя адносіны па выкарыстанні і ахове лясоў. Асноўны заканад. акт Л.з. Беларусі — Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Юрыд. нормы рэгулявання лясных адносін змяшчаюцца таксама ў актах, што выдаюцца ўрадам краіны, мін-вамі і ведамствамі, мясц. Саветамі дэпутатаў і іх выканаўчымі і распарадчымі органамі. Л.з. мае на мэце рэгуляванне праваадносін, накіраваных на рацыянальнае выкарыстанне лясоў, ахову іх прыродных багаццяў, аднаўленне і павелічэнне іх прадукцыйнасці для задавальнення патрэб нар. гаспадаркі і насельніцтва ў драўніне і інш. лясной прадукцыі; для ўзмацнення водаахоўных, кліматарэгулюючых, санітарна-гігіенічных, аздараўленчых і інш. якасцей лясоў. Л.з. заснавана на канстытуцыйным прызнанні лясоў агульным здабыткам народу, устанаўленні на іх дзярж. уласнасці. Яно рэгулюе адносіны па дзярж. кіраванні лясамі: улік лясоў і вядзенне дзярж. кадастра, планаванне выкарыстання і аховы лясоў, лесаўпарадкаванне, распараджэнне лясным фондам, аднаўленне лясоў і лесаразвядзенне, кантроль непасрэдна за станам, выкарыстаннем і аховай лясоў, вырашэнне спрэчак аб лесакарыстанні. Значная частка Л.з. прысвечана лесакарыстанню. За парушэнне Л.з. крымін. і адм. заканадаўства прадугледжвае меры адказнасці.

т. 9, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГМА (грэч. magma густая мазь),

расплаўленая, пераважна сілікатная маса, што ўзнікае ў зямной кары або верхняй мантыі Зямлі. У растворы М. прысутнічаюць злучэнні хім. элементаў, сярод якіх пераважаюць кісларод, крэмній, алюміній, жалеза, магній, кальцый, натрый і калій, а таксама лятучыя кампаненты (вада, аксіды вугляроду, серавадарод, вадарод, фтор, хлор і інш.). Асн. фактары ўтварэння магматычнага расплаву: радыягеннае цяпло, раптоўнае змяншэнне ціску пры ўзнікненні глыбінных разломаў, узыходныя цеплавыя патокі. Перыядычна М. ўтварае ачагі ў межах розных паводле саставу і глыбіннасці зон Зямлі (напр., у астэнасферы, у зонах сутыкнення і пасоўвання літасферных пліт). Па колькасці аксіду крэмнію М. падзяляюць на ультраасноўную, асноўную, сярэднюю і кіслую. Трапляюцца таксама М. шчолачная, сульфідная і інш. Пры вулканічным вывяржэнні (гл. Вулкан, Вулканізм) М. выліваецца ў выглядзе лавы, больш вязкая (кіслая) утварае ў жаролах вулканаў экструзіўныя купалы або разам з газамі выкідваецца ў выглядзе попелу. Пры хуткім застыванні на паверхні або дыферэнцыраванай крышталізацыі на глыбіні пры паступовым зацвярдзенні ўтварае комплекс магматычных горных парод. Гл. таксама Магматызм.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 9, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГО́ЛЬСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ,

найбуйнейшая дзяржава на тэр. Індыі ў 16—18 ст. Назва ад кіруючай дынастыі Вялікіх Маголаў. Заснаваў Бабур у 1527, фактычны стваральнік — падзішах Акбар [1556—1605], які ўсталяваў сваю ўладу над Паўдн. Індыяй ад Гуджарата да Бенгаліі і ч. Афганістана. Пры ім М.і. дасягнула найб. росквіту. Джахангір [1605—27] і Шах-Джахан [1627—58] прадоўжылі заваяванне Дэкана. Пры Аўрангзебе [1658—1707] М.і. значна пашырылася і ўключала амаль усю Індыю (без крайняга поўдня). З гэтага часу пачаўся заняпад дзяржавы. Цяжкія падаткі і бясконцыя войны прывялі да паўстанняў сікхаў у Пенджабе, джатаў каля Дэлі, маратхаў на чале з Шываджы ў Дэкане, што падарвала ваен. магутнасць М.і. У 1739 іранскі шах Надзір разбіў армію Вял. Маголаў і разрабаваў Дэлі, пасля чаго М.і. канчаткова распалася. З яе вылучыліся дзяржавы Хайдарабад, Ауд, Бенгалія; амаль увесь Дэкан увайшоў у склад маратхскіх княстваў. У 1803 англічане авалодалі Дэлі і ператварылі падзішаха Шах-Алама II у пенсіянера Ост-Індскай кампаніі. Апошні магольскі падзішах Бахадур-шах II пазбаўлены свайго тытула пасля задушэння Індыйскага народнага паўстання 1857—59.

т. 9, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГУ́ТНАСЦЬ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ,

фізічная велічыня, якая характарызуе скорасць пераўтварэння або перадачы электраэнергіі. У эл. ланцугах пастаяннага току магутнасць роўная здабытку напружання і току: у ланцугах пераменнага току адрозніваюць імгненную, актыўную, рэактыўную і поўную магутнасць.

Імгненная М.э. (у дадзены момант часу) зменьваецца на працягу кожнага паўперыяду эл. ваганняў і роўная здабытку імгненных значэнняў напружання і току. Сярэдняе за паўперыяд значэнне імгненнай магутнасці наз. актыўнай магутнасцю, а велічыня, што характарызуе скорасць перадачы энергіі ад крыніцы да прыёмніка і назад — рэактыўнай магутнасцю. Поўная М.э. роўная здабытку дзейных значэнняў перыядычнага эл. току ў ланцугу і напружання на яго клямарах. Поўная S, актыўная P і рэактыўная Q магутнасці звязаны суадносінамі: S2 = P2+Q2. Для 3-фазных ланцугоў магутнасці S, P і Q вызначаюцца як сума магутнасцей асобных фаз. Адзінкі М.э.: актыўнай — ват, рэактыўнай вар (вольт-ампер рэактыўны), поўнай — вольт-ампер.

М.​А.​Караткевіч.

Магутнасць электрычная пераменнага току: P — актыўная; Q — рэактыўная; S — поўная; φ — вугал зруху фаз паміж напружаннем і токам.

т. 9, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭЛІ́РАВАННЕ ЭКАНО́МІКА-МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ,

апісанне эканам. працэсаў і з’яў у выглядзе эканоміка-матэм. мадэлей. Адной з першых у гісторыі эканам. навукі была мадэль узнаўлення, распрацаваная франц. вучоным Ф.​Кенэ ў 18 ст. У 20 ст. першая агульная мадэль эканомікі сканструявана Дж. фон Нейманам. Значны вопыт пабудовы эканоміка-матэм. мадэлі назапашаны вучонымі былога СССР у развіцці нар. гаспадаркі краіны, асабліва — перспектыўнага. Вылучаюць 2 асн. групы эканоміка-матэм. мадэлей: мадэлі, якія паказваюць пераважна сац. аспекты эканомікі (звязаны з прагназаваннем і планаваннем даходаў і спажывання насельніцтва, дэмаграфічных працэсаў), і мадэлі, што адлюстроўваюць пераважна вытв. аспект эканомікі (доўгатэрміновага прагнозу зводных паказчыкаў эканам. развіцця; міжгаліновыя мадэлі нар.-гасп. планавання, галіновыя аптымальнага планавання і размяшчэння вытв-сці, аптымізацыі структуры вытв-сці ў галінах). Адрозніваюць таксама мадэлі статычныя (апісваюць момантавы стан эканомікі) і дынамічныя (паказваюць развіццё аб’екта мадэліравання). Паводле спосабу пабудовы адрозніваюць аналітычныя (у выглядзе формул), лікавыя (у выглядзе лікавых прыкладаў), матрычныя (у выглядзе табліц), сеткавыя (у форме графаў) і інш.

т. 9, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)