КУЛЕ́Ш (Сямён Васілевіч) (н. 25.8.1937, в. Кажан-Гарадок Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне земляробства і глебазнаўства. Д-р с.-г. н (1991). Скончыў БСГА (1961). З 1965 у Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства. Навук. працы па павышэнні ўрадлівасці цяжкіх дзярнова-падзолістых глеб на аснове біятэхналогій, выкарыстанні розных матэрыялаў — структураўтваральнікаў глебы.

Тв.:

Повышение продуктивности тяжелых почв. Мн., 1984;

Агротехника сельскохозяйственных культур на мелиорированных землях. 2 изд. Мн., 1985 (разам з М.​Я.​Коржычам, І.​Э.​Лявутам).

т. 8, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІ́СЫ (ад франц. coulisse выемка) у сельскай гаспадарцы, палосы з двух ці некалькіх радкоў высокасцябловых раслін (кукурузы, сланечніка, сорга і інш.), што высяваюць у кулісным папары ці ў пасевах розных культур для назапашвання снегу або аховы пасеваў ад сухавею. Размяшчаюць К. перпендыкулярна напрамку пануючых вятроў, бо яны зніжаюць скорасць ветру і павышаюць адносную вільготнасць прыземнага слоя паветра. К. бываюць адна-, двух-, трохрадковыя ці палосныя (да 16 і болей метраў), кратныя шыр. машын, што іх апрацоўваюць.

У.​П.​Лярэднеў.

т. 9, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПРЫ́Т (ад лац. cuprum медзь),

чырвоная медная руда, мінерал класа прыродных аксідаў, аксід медзі, Cu2O. Прымесі: цынк, свінец, жалеза, волава, кадмій і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Агрэгаты шчыльныя, зярністыя і зямлістыя. Колер чырвоны розных адценняў. Бляск алмазны або паўметалічны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 6,1 г/см³. Трапляецца ў верхніх акісленых частках медзяносных жыл, дзе асацыіруе з ліманітам, самароднай меддзю, азурытам, малахітам і хрызаколай. Руда медзі. Радовішчы ў Расіі (Урал), ФРГ, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, ЗША і інш.

Купрыт.

т. 9, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНОТАБІЁТЫ (ад грэч. gnōtos вядомы + біёта),

жывёлы, вырашчаныя ва ўмовах поўнай стэрыльнасці, свабодныя ад мікраарганізмаў, вірусаў і макрапаразітаў. Ідэю пра магчымасць жыцця без мікробаў выказаў Л.Пастэр (1885). У канцы 1940-х г. амер. і яп. вучоныя распрацавалі дыеты і апаратуру, стварылі штучныя ўмовы для развіцця і размнажэння безмікробных жывёл. Выкарыстанне гнотабіётаў (марскіх свінак, мышэй, трусоў, парасят, цялят, авечак і інш.) у розных галінах эксперым. біялогіі і медыцыны прывяло да фарміравання ў 1960-я г. самаст. навук. кірунку — гнатабіялогіі.

т. 5, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖАНО́ЦКАЯ СПРА́ВА»,

часопіс у Заходняй Беларусі. Орган Аб’яднання бел. жанчын імя А.​Пашкевіч (Цёткі). Выдаваўся ў сак.ліст. 1931 у Вільні на бел. мове. Узнімаў актуальныя пытанні жыцця, побыту, грамадскага становішча жанчын Зах. Беларусі, інфармаваў пра паліт. і грамадскія падзеі, жаночы рух у розных краінах свету, змяшчаў літ. матэрыялы. Садзейнічаў пашырэнню нац. свядомасці бел. жанчын, яднаў іх на грунце грамадскай працы і агульнаасв. задач. Меў рубрыкі «Парады маці», «Пытанні і адказы», «Наша пошта» і інш.

А.​С.​Ліс.

т. 6, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ГА (англ. jig),

1) старадаўні нар. танец кельцкага паходжання. Спачатку парны танец (у маракоў пашыраны як сольны танец жартоўнага характару). У 17—18 ст. папулярны салонны танец у краінах Зах. Еўропы. Пазней бытаваў пераважна ў народзе. Муз. памер ​6/8, ​9/8, ​12/8. Тэмп хуткі.

2) 3 17 ст. муз. п’есы розных тыпаў (у асн. 3-, 6-, 9-, 12-дольныя); заключная частка сюіты. Муз. форма «Ж.» выкарыстана ў балеце «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага; у сюітах многіх бел. кампазітараў.

т. 6, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТЫ́ ВЕК,

у старажытных уяўленнях многіх народаў самая ранняя пара існавання чалавецтва, калі людзі заставаліся вечна маладыя, не ведалі турбот і засмучэнняў, былі падобныя да багоў, але падуладныя смерці, якая прыходзіла да іх як салодкі сон, З.в. называюцца таксама час росквіту культуры, мастацтва, л-ры, навукі і інш. Адпаведна гіст. працэсам развіцця ў розных краінах перыяды З.в. не супадаюць храналагічна і тыпалагічна. Для Беларусі некат. даследчыкі З.в. называюць 16—1-й пал. 17 ст., што прыпадае на бел. Адраджэнне.

т. 6, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУЧЭ́ННЕ ВАЙСКО́ВАЕ,

ваеннае фарміраванне, якое складаецца з некалькіх часцей або злучэнняў меншага складу, звычайна розных родаў войск (сіл), спец. войск (службаў), а таксама часцей (падраздзяленняў) забеспячэння і абслугоўвання. Існуюць З.в. пастаяннай і непастаяннай (часовай) арганізацыі. У залежнасці ад складу і задач, якія належыць вырашаць, адрозніваюць аператыўныя (напр., авіяносныя ўдарныя злучэнні ў ВМС ЗША), аператыўна-тактычныя (армейскія, стралк., механізаваныя, танк., кавалерыйскія і інш. карпусы, часам эскадры надводных караблёў), у гады 2-й сусв. вайны тактычныя (розныя дывізіі, брыгады і інш.).

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТО́ГРАФ [ад грэч. pan (pantos) усё + ...граф],

прылада для перачэрчвання карт, планаў, рысункаў змененага, звычайна больш дробнага маштабу. Бываюць розных памераў і канструкцый, у т. л. падвесныя, на колцах і інш. Падвесны П. дае больш высокую дакладнасць копій. П. складаецца з 4 папарна паралельных лінеек, злучаных шарнірамі. Суадносіны маштабаў арыгінала і копій мяняюцца перамяшчэннем лінеек.

Пантограф: AB, CD, AE, BF — папарна паралельныя лінейкі; A — нерухомая кропка; у кропцы F — арыгінал схемы; у кропцы K — зменшаная копія.

т. 12, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯНЬКО́ВА (Раіса Канстанцінаўна) (н. 24.2.1942, в. Васілёўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1998). Скончыла Кастрамскі с.-г. ін-т (1970). З 1970 у БСГА. Навук. працы па праблемах эканоміка-матэм. мадэліравання сістэм і працэсаў АПК. Распрацавала навук. і тэарэтычна-метадалагічныя асновы адаптацыі агр. фарміраванняў да рыначнай сістэмы гаспадарання, удасканалення вытв. адносін у розных галінах гаспадаркі.

Тв.:

Модельная программа адаптации аграрных формирований районного АПК к рыночной системе хозяйствования. Горки, 1998.

т. 9, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)