СІМАНО́ВІЧ Давід Рыгоравіч (н. 26.6.1932, г. Нароўля Гомельскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1955). Працаваў настаўнікам, у газ. «Віцебскі рабочы», у 1961—94 на Віцебскім абл. тэлебачанні. Друкуецца з 1948. Піша на рус. мове. Першая кніга паэзіі — «Вясновая казка» (1959). У паэт. зб-ках «Чэрвень-рака» (1962), «Раўнадзенства» (1966), «Мінуты» (1969), «Станцыя трывогі і любові» (1972), «Пісьмо табе» (1975), «Сустрэчныя цягнікі» (1978), «Сілуэты дзён» (1981), «Верасні» (1990) памяць мінулай вайны, роздум пра сённяшні дзень, філас. асэнсаванне мінулага і сучаснага. Кнігі нарысаў і эсэ «Падарожная Аляксандра Пушкіна» (1977), «Праз даль часоў» (1984) пра вядомых людзей, чые жыццёвыя і творчыя шляхі праходзілі праз Беларусь. Піша для дзяцей (зб-кі вершаў «Чароўны луг», 1959; «Зялёны конік», 1968). Аўтар тэлеп’ес «Якаў Свярдлоў» (паст. 1963), «Восеньскі букет. І.​Рэпін у Здраўнёве» (паст. 1964), сцэнарыяў тэлефільмаў. Перакладае на рус. мову творы бел. паэтаў. Асобныя яго вершы пакладзены на музыку.

Тв.:

Избранное. Мн., 1995;

Солнечный хмель. Мн., 1982;

Имею честь принадлежать. Витебск, 1999;

Душа за облако цеплялась...: Лирика любви. Витебск, 2001;

Мой Шагал, или Полет любви: Стихи, переводы Витебск, 2001.

т. 14, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЮРКІ́ЗМ,

слова, запазычанае з цюркскіх моў.

Частка лексічных сродкаў цюркскага паходжання захавалася ў бел. мове ад стараж.-рус. эпохі: «арда», «атаман», «баскак», «басурман», «бісер», «ярлык». Большасць Ц. запазычана ў перыяд самаст. развіцця старабел. мовы (14—17 ст.) у выніку гандл., дыпламат. і інш. кантактаў бел. насельніцтва з цюркскімі народамі (у асн. з татарамі, якія перасяляліся на Беларусь пераважна з Крыма) і праз пасрэдніцтва суседніх моў — рус., укр. і польскай. З 15—17 ст. у бел. мове ўжываюцца Ц. быт. характару: «аршын», «атлас», «барсук», «барыш», «буланы», «бурка», «казак», «капшук», «караван», «каўпак», «кафтан», «кілім», «кішэнь», «кумыс», «кутас», «магарыч», «мячэць», «нагайка», «саф’ян», «султан», «тафта», «харч», «чапрак», «шаравары» і інш. Слоўнікі бел. мовы фіксуюць шэраг устарэлых Ц.: «апанча», «армяк», «казна», «камка», «кісцень», «таф’я». Некаторыя Ц. перайшлі ў разрад гістарызмаў. «бунчук», «есаул», «калчан», «ківер», «мурза», «сагайдак», «тамга», «янычар», «ясыр». У сучасную бел. мову Ц. запазычваюцца праз рус. мову. Гэта пераважна экзатызмы (гл. Экзатычная лексіка): «акын», «бархан», «басмач», «гюрза», «калым», «кізіл», «кішлак», «кунак», «саксаул».

Літ.:

Булыка А.М. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.

А.​М.​Булыка.

т. 17, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ПІСЫ ВО́ЙСКА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА, попісы шляхты,

вайсковыя мерапрыемствы па рэгістрацыі і падліку ўзбр. ненайманых сіл дзяржавы. Першы попіс, матэрыялы якога захаваліся, праведзены згодна з ухвалай Віленскага сойма 1528. Паводле гэтай ухвалы землеўласнікі з 8 службаў выстаўлялі ў войска 1 вершніка; усяго ўлічаны 19 842 коннікі. Статут ВКЛ 1529 больш дэтальна вызначыў абавязкі шляхты па ўдзеле ў попісах і зазначыў, што дробная шляхта, якая не мае падданых і вял. уладанняў, павінна асабіста адпраўляцца ў войска. Віленскі сойм 1563 пастанавіў, каб шляхта выстаўляла ў войска 1 конніка з 10 службаў. Статут ВКЛ 1566 вызначыў, што шляхта збіраецца ў войска па павятовых харугвах, пад кіраўніцтвам маршалкаў, у цэнтр. паветах ваяводстваў — кашталянаў. У час Лівонскай вайны 1558—83 каля Краснага Сяла (цяпер в. Краснае Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.) з 26.6.1567 да лют. 1568 быў праведзены попіс, які зафіксаваў 27 776 коннікаў. Статут ВКЛ 1588 устанавіў, што попісы праводзяцца ў час збору шляхты на вайну. Верагодна, попіс быў праведзены ў 1601, вядомы яго вынікі па Віленскім ваяв. Соймавая канстытуцыя 1607 вызначыла, што павятовыя попісы павінны праходзіць кожны год паводле норм пастановы Віленскага сойма 1563. Канстытуцыя 1613 устанавіла, што попісы павінны адбывацца 8 вер. праз 2 гады пры гарадах, замках і каралеўскіх дварах (месцах, дзе звычайна праходзілі суды і соймікі). У цэнтр. павеце ваяводства шляхта павінна была з’яўляцца перад ваяводам, кашталянам і харунжым, у інш. паветах — перад маршалкам, харунжым і войскім. Канстытуцыя 1650 устанавіла, што попісы будуць адбывацца праз 4 гады на свята св. Міхала (29 вер.), а Генеральная канфедэрацыя ВКЛ 1764 вызначыла, што попісы павінны адбывацца праз 2 гады. Адзіным даволі поўным спісам шляхецкіх родаў ВКЛ з’яўляецца попіс 1765, бо ён праведзены на ўсёй тэр. дзяржавы. Дакументацыя попісаў — каштоўная крыніца па сац.-эканам., вайсковай гісторыі ВКЛ, генеалогіі, гіст. геаграфіі.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 12, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РАП,

шкілет галавы пазваночных жывёл і чалавека; таксама храстковая капсула, якая ахоўвае мозг у галаваногіх малюскаў. У пазваночных утвораны храстком і (або) косцю.

Ч. жывёл змяняецца ў ходзе эвалюцыі, што абумоўлена прагрэсіўным развіццём галаўнога мозга і органаў пачуццяў, заменай жабернага дыхання лёгачным і зменай спосабаў харчавання пры выхадзе арганізма з воднага асяроддзя на сушу. Адрозніваюць Ч. восевы і вісцэральны. Восевы або мазгавы — пярэдні працяг восевага шкілета тулава, які разрастаецца вакол галаўнога мозга, органаў нюху і ўнутр. вуха. Вісцэральны, або тваравы Ч. — шкілет пярэдняга аддзела кішэчніка (глоткі). Сярод сучасных пазваночных найб. прымітыўна пабудаваны Ч. у кругларотых. У касцявых рыб мазгавы Ч. укрыты накладнымі касцямі. У птушак і млекакормячых рэзка павялічваецца аб’ём чарапной поласці. Для Ч. многіх млекакормячых характэрна ўтварэнне комплексных касцей (напр., скроневай).

Ч. чалавека складаецца з 23 касцей: 8 парных — цемянныя, скроневыя, верхнясківічныя, ніжнія насавыя ракавіны, паднябенныя, скулавыя, слёзныя, насавыя; 7 няпарных — лобная, патылічная, клінападобная, рашэцістая, сашнік, ніжнясківічная, пад’язычная. Дзве апошнія косці сучленены з Ч. рухома, астатнія нерухома, праз швы. У дзяцей да года ў месцы злучэння касцей Ч. ёсць перапончаты прамежак — цемечка. Праз шматлікія каналы і адтуліны асновы (ніжняй часткі) Ч. праходзяць чэрапнамазгавыя нервы і крывяносныя сасуды, а праз вял. патылічную адтуліну поласць Ч. злучаецца са спіннамазгавым каналам. Тваравы Ч. (складаецца з 14 дробных касцей) утварае касцявы шкілет верхніх аддзелаў органаў дыхання (нос) і стрававання (рот, глотка), у ім размешчаны органы слыху, зроку, нюхальная ч. носа. Паводле асаблівасцей будовы Ч. чалавека вызначаюць антрапалагічныя тыпы.

Літ.:

Сперанский В.С., Зайченко А.И. Форма и конструкция черепа. М., 1980;

Ромер А.Ш., Парсонс Т.С. Анатомия позвоночных: Пер. с англ. Т. 1. М., 1992.

А.​С.​Леанцюк.

Чэрап чалавека. Косці: 1 — насавая; 2 — слёзная; 3 — рашэцістая; 4 — лобная; 5 — цемянная; 6 — скроневая; 7 — клінападобная; 8 — скулавая; 9 — ніжнясківічная; 10 — верхнясківічная.

т. 17, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНЫЯ СІСТЭ́МЫ АДЗІ́НАК,

сістэмы адзінак, у якіх вытворныя адзінкі вызначаюцца праз абмежаваную колькасць асноўных. У лік асн. выбіраюцца гал. чынам адзінкі даўжыні, масы і часу. Ідэя стварэння абсалютных сістэм адзінак належыць К.Ф.Гаўсу (за асн. адзінкі прыняў міліметр, міліграм і секунду). Да абсалютных сістэм адзінак адносяцца сістэма адзінак СГС (сантыметр, грам, секунда) і натуральныя сістэмы адзінак. Гл. таксама Адзінкі фізічных велічынь, Сістэмы адзінак.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУЧА́ЛЬНАЯ ПРАГРА́МА,

апісанне працэсу праграмаванага навучання, якое змяшчае навуч. матэрыял, заданні для яго засваення, указанні па іх выкананні і кантролі. У залежнасці ад парадку падачы інфармацыі бывае лінейная або разгалінаваная. Афармляецца ў выглядзе невял. раздзелаў навуч. матэрыялу з кантрольнымі пытаннямі і ўказаннямі. Фіксуецца на кінаплёнцы, дыяпазітывах, у форме кнігі (праграмаваны падручнік), запісваецца на магн. плёнку (для ўзнаўлення праз магнітафон), уводзіцца ў памяць ЭВМ.

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІСЕКТРЫ́СА (ад бі... + лац. seco рассякаю) вугла, прамая, што праходзіць праз вяршыню вугла і дзеліць яго папалам. Усе пункты бісектрысы роўнааддаленыя ад бакоў вугла. Бісектрыса трохвугольніка — адрэзак бісектрысы аднаго з вуглоў гэтага трохвугольніка паміж яго вяршыняй і процілеглай стараной, якую ён дзеліць на адрэзкі, прапарцыянальныя бакавым старанам. Бісектрысы ўсіх вуглоў трохвугольніка перасякаюцца ў адным пункце — цэнтры ўпісанай акружнасці.

Бісектрысы трохвугольніка.

т. 3, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЙНАЯ, Буйная,

рака ў Беларусі, у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. і Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток Нёмана. Даўж. 27 км. Пл. вадазбору 78 км².

Пачынаецца на ПнУ ад в. Антонева Стаўбцоўскага р-на, на працягу ніжніх 10 км каналізаваная. У ніжнім цячэнні ў час разводдзя праз групу азёраў Юзкавічы магчымы пераліў у р. Чорная. У пойме меліярац. каналы.

т. 3, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ЖЫНКА,

рака ў Беларусі, у Валожынскім р-не Мінскай вобл., правы прыток Іслачы (бас. Нёмана). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 168 км².

Пачынаецца каля в. Брылькі на зах. схілах Мінскага узв., цячэ праз г. Валожын. Асн. прыток р. Рачоўка. Рэчышча ў вярхоўі слабазвілістае, у ніжнім цячэнні на працягу 22 км каналізаванае. Берагі стромкія, ніжэй ад г. Валожын абрывістыя. У пойме сетка меліярац. каналаў.

т. 3, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́ГА»,

драўляная, парусна-паравая зверабойная шхуна (пабудавана ў 1873; водазмяшчэнне 360 т), на якой рус.-швед. навук. арктычная экспедыцыя Н.А.Э.Нордэншэльда ў 1878—79 упершыню прайшла Паўночна-Усходнім праходам уздоўж паўн. ўзбярэжжа Еўропы і Азіі з З на У з Атлантычнага ак. ў Ціхі ак. Абагнуўшы Еўразію, «Вега» праз Суэцкі канал вярнулася ў Швецыю (з адным зімаваннем за 200 км ад Берынгава м.).

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)