ТЭРМО́ГРАФ (ад тэрма... + ...граф),

прылада для бесперапыннай рэгістрацыі тэмпературы паветра. Адчувальныя элементы Т.: біметал. пласціна, вадкасны тэрмометр або тэрмометр супраціўлення. Найб. пашыраны Т. з выгнутай біметал. пласцінай, якая дэфармуецца пры змене т-ры. Перамяшчэнне канца пласціны перадаецца стрэлцы з пяром і фіксуецца на дыяграмнай стужцы ў выглядзе крывой. На метэаралагічных станцыях Т. ўстанаўліваюць у будцы для самапісцаў на выш. 2 м над паверхняй зямлі.

т. 16, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗГАРА́ЛЬНЫЯ САСТА́ВЫ,

сумесі для падпальвання піратэхнічных саставаў і цвёрдага ракетнага паліва. Лёгка загараюцца ад параўнальна малога цеплавога імпульсу. Вызначаюцца высокай цеплатой згарання; т-ра гарэння У.с. павінна не менш чым на 200 °C перавышаць т-ру ўзгарання матэрыялу, што падпальваюць. Маюць гаручае (звычайна парашкі металаў — тытану, цырконію, магнію), акісляльнік (найб. пашыраны калію нітрат KNO3), сувязнае (каніфоль, каўчукі, эпаксідныя смолы і інш.). Вырабляюцца ў выглядзе гранул, таблетак, шашак.

т. 16, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЭ́ЛСІ,

восеньскі сорт яблыні амер. паходжання. Пашыраны ў Расіі, краінах Прыбалтыкі, на Беларусі, Украіне і інш.

Дрэвы нізкарослыя. Крона высокакруглаватая або шырокапірамідальная, рэдкая. Плады сярэдняга памеру, круглавата-канічнай формы, гладкія. Скурка тонкая, зеленавата-жоўтая з паласатым румянцам. Мякаць белаватая, часам з чырв. пражылкамі, сакаўная, кісла-салодкая. Пладаносіць шчодра і рэгулярна з 4—6-га года. Ураджай у вер., захоўваецца да сярэдзіны лютага.

Уэлсі, сорт яблыні.

т. 16, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУКО́ЗА,

монацукрыд у саставе алігацукрыдаў, глікапратэідаў, глікаліпідаў і мукаполіцукрыдаў. Прысутнічае ў расл., жывёльных, бактэрыяльных клетках. Найб. пашыраны L-ізамер Ф. (уваходзіць у састаў сываратачных імунаглабулінаў, антыгенаў груп крыві, шэрагу гармонаў, напр., фалікуластымулявальнага гармону).

Малекулярная маса 164,2. Добра раствараецца ў вадзе. L- і D-Ф. ўтвараюць адкрытую альдэгідную і некалькі цыклічных форм. Удзельнічае ў працэсах міжклетачнага ўзаемадзеяння, звязвання біялагічна актыўных злучэнняў з рэцэптарамі клетак.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕЛА́ТНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, унутрыкомплексныя злучэнні,

клас комплексных злучэнняў, у якіх цэнтральны атам (ці іон) звязаны з двума і больш атамамі ліганду, у выніку чаго ўтвараецца некалькі гетэрацыклаў. Найб. пашыраны Х.з. металаў. Характарызуюцца высокай устойлівасцю. Некат. Х.з. (хларафіл, гемаглабін, вітамін B12 і інш.) адыгрываюць важную ролю ў працэсах жыццядзейнасці. Выкарыстоўваюцца пры аналізе і раздзяленні хім. элементаў, для вывядзення цяжкіх і радыеактыўных металаў з арганізма і інш.

т. 17, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭЗАЛЬПІ́НІЯ (Caesalpinia),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках. Як дэкар. расліны культывуюць Ц.​Джыліса (C. gilliesii) і японскую (C. japonica).

Вечназялёныя або лістападныя дрэвы і кусты (часам ліяны). Лісце двойчы парнаперыстае з прылісткамі. Кветкі ў гронках. Плод — струк. Драўніна шчыльная, чырв. або чорная, выкарыстоўваецца ў прам-сці. З некаторых відаў атрымліваюць дубільныя і фарбавальныя рэчывы. Тэхн., дэкар. расліны.

Цэзальлінія японская.

т. 17, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭРАТАДО́Н (Ceratodon),

род брыевых імхоў сям. дытрыхавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 1 від — Ц. пурпурны (C. purpureus). Трапляецца на розных субстратах: глебе, вогнішчах, камянях, укрытых гумусам, гнілой драўніне і інш.

Ц. пурпурны — шматгадовая, двухдомная, лістасцябловая расліна, утварае зялёныя або карычняватыя дзярнінкі. Сцёблы выш. 1—3 см. прамастойныя, шматразова аблісцелыя. Лісце прамаадыходнае. ланцэтнае, завостранае. Каробачка нахіленая, прадаўгавата-яйцападобная, на ножцы. Каўпачок шапачкападобны.

т. 17, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРО́ТНІК (Rhynchospora),

род кветкавых раслін сям. асаковых. Каля 200 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках Амерыкі. На Беларусі 1 від — Ч. белы (R. alba). Трапляецца па берагах зарослых азёр, на тарфяных балотах, забалочаных лугах.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 40 см. Утвараюць дзярнінкі. Сцёблы аблісцелыя, 3-гранныя. Лісце вузкае. Кветкі двухполыя, у каласках, суквецці галоўчатыя або пучкападобныя, з некалькіх каласкоў. Плод — арэшак.

Чаротнік белы.

т. 17, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧОП звычайны

(Zingel, або Aspro zingel),

рыба сям. акунёвых атр. акунепадобных. Пашыраны ў р. Дунай і яго прытоках і ў р. Днестр.

Даўж. да 40—48 см. Цела верацёнападобна-цыліндрычнае, шаравата-жоўтае, на баках 4 цёмна-бурыя паласы. Грудзі голыя, бруха і часткова галава ўкрыты луской. Покрыўная косць заканчваецца шыпам. Задні край перадпокрыўкі зубчасты. Бакавая лінія працягваецца і на хваставы плаўнік. Корміцца беспазваночнымі і дробнай рыбай.

Чоп.

т. 17, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭККРЫ́ННЫЯ ЗАЛО́ЗЫ, эккрынавыя залозы (ад грэч. ek з, ад + krinō аддзяляю),

разнавіднасць потавых залоз чалавека і жывёл. З’яўляюцца вытворнымі эпідэрмісу. Э.з. паверхні цела ўдзельнічаюць у тэрмарэгуляцыі. Размешчаны на ступнях і далонях прыматаў і на безвалосых падушачках лап многіх млекакормячых. У чалавека — асн. тып потавых залоз, пашыраны па паверхні цела (каля 3 млн.). Ад апакрынных залоз адрозніваюцца тым, што пачынаюць функцыянаваць у раннім узросце.

т. 18, кн. 1, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)