ТЭРМАМАГНІ́ТНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

ферамагнітныя сплавы з моцнай залежнасцю магнітнай індукцыі ад т-ры; від магнітамяккіх матэрыялаў. Гэта ўласцівасць выяўляецца паблізу Кюры пункта сплаваў, дзе цеплавы рух часціц рэчыва дэзарыентуе іх магн. моманты. Адрозніваюць 3 асн. групы Т.м.: медна-нікелевыя, жалеза-нікелевыя і найб. пашыраныя жалеза-нікелевыя, легіраваныя хромам, алюмініем ці марганцам, дыяпазон рабочых т-р якіх ад -60 да 170 °C. На аснове апошніх створаны шматслойныя Т.м. з лепшымі магн. характарыстыкамі. Т.м. выкарыстоўваюць як тэрмакампенсатары і тэрмарэгулятары магн. патоку ў вымяральных прыладах.

т. 16, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗАЕ́МНА АДНАЗНА́ЧНАЯ АДПАВЕ́ДНАСЦЬ у матэматыцы,

адпаведнасць паміж элементамі 2 мностваў, пры якой кожнаму элементу 1-га мноства адпавядае адзін пэўны элемент 2-га мноства, а кожнаму элементу 2-га мноства — адзін пэўны элемент 1-га мноства. У.а.а. — прыватны від функцыі ці адлюстравання, калі дадзеная функцыя і адваротная ёй з’яўляюцца адназначнымі. Калі паміж 2 мноствамі можна ўстанавіць У.а.а., то гэтыя мноствы наз. эквівалентнымі. Напр., мноствы цэлых і іх квадратаў эквівалентныя, таму што адпаведнасць n→n​2 з’яўляецца У.а.а.

т. 16, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛВА́ (араб.),

цукрысты кандытарскі выраб слаіста-валакністай будовы; від усх. прысмакаў. Вырабляюць вымешваннем гарачай карамелістай масы, узбітай з пенаўтваральнікам (адвар мыльнага кораня ці салодкі), з масай абсмажаных і расцёртых ядзер алейных зерняў ці арэхаў. У залежнасці ад выкарыстаных алейных зерняў бывае кунжутная, арахісавая, арэхавая, сланечнікавая і інш. Выпускаюць Х. з дабаўкамі ваніліну, какосавай стружкі, какава-парашку, разынак, глазураваную шакаладам. Мае вял. колькасць тлушчу (25—30%), цукру (25—45%), бялку (8—10%) і нізкую вільготнасць. Энергет. каштоўнасць 100 г Х. — 545 ккал.

т. 16, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЦЬМА́ (Lavatera),

род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 1 від — Х. турынгенская, або сабачая ружа (L.thuringiaca). Трапляецца па сухіх схілах, уздоўж дарог, каля жылля. Інтрадукавана Х. трохмесячная (L. trimestris).

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, выш. 25—150 см, кусты, часам дрэвы. Лісце чаргаванае, глыбокалопасцевае. Кветкі пазушныя, ружовыя ці пурпурныя, рэдка жоўтыя, адзіночныя або ў канцавых гронка- ці коласападобных суквеццях. Плод — каробачкападобны. Лек., фарбавальныя, меданосныя. кармавыя і дэкар. расліны.

Хацьма: 1 — дрэвападобная; 2 — турынгенская.

т. 16, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЧО́ТКІ (Acanthis),

род птушак сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. 6 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Амерыцы, Паўн. і Паўд.-Усх. Азіі, Афрыцы. На Беларусі трапляюцца канаплянка, у перыяд зімовага вандравання Ч. звычайная (A. flammea) і вельмі рэдкі залётны від Ч. горная (A. flavirostris).

Даўж. да 16 см, маса да 25 г. Ч. звычайная мае бура-шэрае з ружаватым на грудзях і брушку апярэнне, чырв. «шапачку» і надхвосце. Кормяцца пераважна насеннем і дробнымі насякомымі.

Чачоткі. Самцы: 1 — звычайная; 2 — тундраная, або попельная; 3 — горная.

т. 17, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́БЕЛЬНІК (Comarum),

род кветкавых раслін сям. ружавых. 2 віды. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 1 від — Ш. балотны (C. palustre), нар. назвы балотная ружа, ракаўнік, бацяновы ножкі. Трапляецца на нізінных балотах і забалочаных лугах, па берагах рэк і азёр.

Ш. балотны — шматгадовая травяністая расліна з доўгім паўзучым карэнішчам. Сцябло прыўзнятае, у верхняй ч. ўкрытае валаскамі і залозкамі. Лісце доўгачаранковае, няпарнаперыстае. Кветкі цёмна-чырв. па 2—5 у шчыткападобным суквецці. Плод — шматарэшак. Лек., меданосная, дубільная і фарба вальная расліна.

Шабельнік балотны.

т. 17, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧЫТАЛІ́СНІК (Hydrocotyle),

-род кветкавых раслін сям. парасонавых. Больш за 500 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 1 від — Ш. звычайны (H. vulgaris), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца па берагах вадаёмаў, на забалочаных месцах, тарфяніках.

Ш. звычайны — шматгадовая травяністая расліна з тонкім паўзучым, даўж. 10—100 см сцяблом, што ўкараняецца ў вузлах. Лісце акруглае, плоскае, шчытападобна прымацаванае ў цэнтры пласцінкі да доўгага прамастойнага чаранка (адсюль назва). Кветкі дробныя, непрыкметныя, белыя ці чырванаватыя, у галоўчатых парасоніках. Плод — віслаплоднік.

Дз.​І.​Траццякоў.

Шчыталіснік звычайны.

т. 17, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЎКО́МІЯ (Eucommia),

род кветкавых раслін сям. эўкоміевых. 1 від — Э. вязалістая, або кітайскае гутаперчавае дрэва (E. ulmoides). Пашырана пераважна ў горных субтрапічных лясах Кітая. Культывуецца ў краінах з умерана цёплым кліматам (у Кітаі з ранняга сярэдневякоўя).

Лістападнае двухдомнае дрэва выш. да 20 м. Лісце чаргаванае, зубчастае, падобнае да лісця вяза. Кветкі ў суквеццях. Плод аднанасенны, крылаты. Усе ч. Э., акрамя драўніны і насення, пранізаныя млечнікамі, якія напоўнены гугай — асн. кампанентам гутаперчы. Цвёрдая, жаўтаватая драўніна выкарыстоўваецца для вырабаў. Тэхн., лек., дэкар. расліна.

т. 18, кн. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯСТРАБІ́НАЯ САВА́ (Surnia ulula),

птушка сям. савіных атр. совападобных. Пашырана на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Жыве ў лесатундры і тайзе. На Беларусі вельмі рэдкі, нерэгулярна залётны зімою від.

Даўж. 36—41 см, маса 250—370 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне спіны бурае з белымі плямамі, знізу светлае з цёмнымі папярочнымі палоскамі, як у ястрабаў (адсюль назва). Тваравы дыск белы. Хвост ступеньчаты, закруглены. Нясе 3—4 яйцы. Корміцца мышападобнымі грызунамі, радзей птушкамі. Іл. гл. да арт. Савіныя.

т. 18, кн. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМАЛЁЎКА дэкаратыўная, арнаментальныя ці сюжэтныя кампазіцыі, выкананыя фарбамі на розных частках арх. збудаванняў (манум.-дэкар. Р.), рэчах хатняга ўжытку (мэбля, посуд і інш.), ювелірных вырабах, творах маст. і сувенірнага прызначэння і інш.; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. З глыбокай старажытнасці ў многіх народаў свету вядома Р. па кераміцы, дрэве, метале, лаках і інш. (гл. Жостаўская размалёўка, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Растоўская фініфць, Фядоскінская мініяцюра, Хахламская размалёўка). На Беларусі манум.-дэкар. Р. вядома з 11 ст. (фрэскі на сценах храмаў), з 16 ст. адзін з найб. пашыраных відаў манументальнага жывапісу. З 15 ст. вядома Р. па шкле (гл. Шкло мастацкае), з 17 ст. — батык. У 18 ст. Р. дэкарыравалі вырабы Свержанскай фаянсавай мануфактуры і Целяханскай фаянсавай мануфактуры. Р. эмалямі па метале і фарфоры (фініфць) аздаблялі дэталі абкладаў кніг, крыжы, літургічны посуд і інш. Здаўна ў побыце беларусаў вядомы пісанкі. З канца 19 ст. Р. вылучылася ў самаст. від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных мастацкіх промыслаў, ёю аздаблялі інтэр’еры жылля, хатняе начынне, мэблю. У 1-й пал. 20 ст. пашырылася Р. па дрэве, паперы, тканіне, шкле (гл. Агоўскія куфры, Агоўская размалёўка, Давыд-Гарадоцкія куфры, Лідскія куфры, Нарачанска-дзісенскія дываны). З 2-й пал. 20 ст. размаляваныя рэчы дэкар.-прыкладнога і сувенірна-маст. характару (насценныя пано, кухонныя наборы, куфэркі, цацкі і інш.) выпускаюць прадпрыемствы маст. прам-сці (гл. Мастацкіх вырабаў вытворчасць), ствараюць нар. майстры. Манум.-дэкар. Р. пашырана ў інтэр’ерах грамадскіх будынкаў.

Літ.:

Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст. Мн., 1986;

Сахута Е.М., Говор В.А. Художественные ремесла и промыслы Белоруссии. Мн., 1988;

Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Размалёўка. Лекіф з выявай Афрадыты з лебедзем. Каля 490 да н.э.
Да арт. Размалёўка. П.​Пучкоў. Куфэрак «Від на храм Хрыста Збавіцеля, 1920 г.». Фядоскіна. Расія. 1994.
Да арт. Размалёўка. Коўш. Беларусь. 16 ст.
Да арт. Размалёўка. І.​Баранюк. Паляўнічы страляе ў аленя. Гуцульская кафля. Пач. 20 ст.
Да арт. Размалёўка. А.​Макоўчык. Размалёўка па шкле. Бярозаўскі раён Брэсцкай вобл. 1960-я г.
Да арт. Размалёўка. Дз.​Цубер. Куфэркі. Горад Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1987.
Да арт. Размалёўка. Я.​Драздовіч. Дыван 1930-я г.

т. 13, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)