БЕЛАПЯТРО́ВІЧ (Ежы) (1740 — 16.3.1812),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Лідскі стражнік (1764), лоўчы (1771), навагрудскі гродскі суддзя (1780), пісар вайсковы літоўскі (1783—87), чл. Пастаяннай рады (1780—84), удзельнічаў у рабоце дэпартамента справядлівасці. У час паўстання 1794 зачытаў на гар. рынку ў Вільні акт аб пачатку паўстання ў ВКЛ. Сябар Вышэйшай літоўскай рады ў Вільні, суддзя крымінальны літоўскі. З утварэннем Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага кіраўнік аддзела вайск. патрэб. За справядлівасць, самаадданае выкананне грамадскіх і службовых абавязкаў яго назвалі «літоўскім Арыстыдам». Увекавечаны ў паэме А.​Міцкевіча «Пан Тадэвуш».

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАХМА́ГІРЫ,

шматслойнае гарадзішча і могільнік у штаце Карнатака на Пд Індыі. Раскопкі далі магчымасць прасачыць змену археал. культур і іх развіццё ў Паўд. Індыі ад эпохі неаліту (каля 2200—1000 да н.э.) да канца 1—2 ст. н.э. У ніжнім пласце знойдзены неалітычныя паліраваныя сякеры, мікраліты, ляпная кераміка, медныя і бронзавыя рэчы; у больш познім — чорна-чырвоная кераміка і т.зв. мегалітычныя пахаванні. Вывучана больш за 300 пахаванняў, шмат з іх абнесены змацаванымі паміж сабой каменнымі плітамі і звычайна абкружаны каменнай муроўкай.

А.​В.​Іоў.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т імя А.​С.​Пушкіна.

Існаваў у 1945—50 у Брэсце. Імя Пушкіна прысвоена ў 1949. Тэрмін навучання 2 гады. Рыхтаваў настаўнікаў 5—7-х класаў агульнаадук. школы. Меў аддзяленні: гісторыка-філал., прыродазнаўча-геагр., фізіка-матэм., падрыхтоўчае, вячэрняе і завочнае. Працавалі кафедры гісторыі, педагогікі і псіхалогіі, прыродазнаўства і геаграфіі, фізікі і матэматыкі, бел. мовы і л-ры, рус. мовы і л-ры, ваен. падрыхтоўкі, марксізму-ленінізму. За час існавання падрыхтаваў 1,8 тыс. настаўнікаў. На яго базе ў 1950 засн. Брэсцкі пед. ін-т (з 1995 Брэсцкі універсітэт).

т. 3, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЁЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мошна, за 2 км на ПдЗ ад г.п. Лёзна. Пл. 0,72 км², даўж. 2,65 км, найб. шыр. 380 м, найб. глыб. 13 м, даўж. берагавой лініі 5,84 км. Пл. вадазбору 9,4 км².

Схілы катлавіны выш. да 3 м, паўн. да 10 м, пераважна разараныя, усх. параслі хмызняком. Берагі пясчаныя, пад хмызняком, на З і У сплавінныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. Выцякае ручай у р. Мошна. Зарастае да глыб. 2,2 м.

т. 3, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІГДО́РЧЫК (Мікалай) (Натан) Абрамавіч (16.11.1874, Мінск — 24.5.1954),

рэвалюцыянер, удзельнік I з’езда РСДРП. Засл. дз. нав. РСФСР (1947). Праф. (1935). Скончыў Кіеўскі ун-т (1898). У 1894—98 удзельнік с.-д. руху ў Кіеве, адзін з кіраўнікоў групы «Рабочая справа» і кіеўскага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа». Рэдактар першых нумароў нелегальнай с.-д. «Рабочей газеты». У 1899 арыштаваны, у 1902 сасланы на 3 гады ў Сібір. У 1924 арганізаваў Ін-т прафес. хвароб (Петраград). Аўтар прац па прафес. гігіене і сац. страхаванні.

М.​В.​Біч.

т. 4, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ РАБО́ЧАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ.

Існавала з 1896 да восені 1897 у Віцебску. Створана ў выніку пераходу мясц. с.-д. гурткоў да масавай агітацыі сярод рабочых. Асновай арг-цыі былі цэхавыя стачачныя касы. На агульным сходзе членаў касы выбіраліся касір, кантралёр і прадстаўнік цэха. Яны ўваходзілі ў міжкасавую сходку, якой праз свайго прадстаўніка кіраваў мясцовы с.-д. камітэт. Віцебская рабочая арганізацыя не выстаўляла паліт. патрабаванняў, задачы абмяжоўвала барацьбой за паляпшэнне эканам. становішча рабочых, каардынацыяй дзейнасці цэхавых арг-цый (стачачных кас). У вер. 1897 уступіла ў Бунд.

М.​В.​Біч.

т. 4, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЛ,

кастрыраваны самец буйн. раг. жывёлы ва ўзросце больш за 2 гады. Выкарыстоўваецца пераважна як мясная, радзей рабочая жывёла. Бычкоў, адабраных для забою на мяса, кастрыруюць ва ўзросце 2—5 месяцаў і адкормліваюць (нагульваюць) да 1,5—2-гадовага ўзросту. Забойны выхад у валоў мясных парод 60% і больш. Валоў, якіх прызначаюць для гасп. работ, кастрыруюць ва ўзросце 8—12 месяцаў і прывучаюць да работы з 2-гадовага ўзросту, запрагаючы парамі. Праз 8—9 гадоў валоў ставяць на адкорм. Ад валоў атрымліваюць каштоўную падэшвенную скуру.

т. 4, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ТЫ (ад лац. votum ахвяра, прынашэнне па абяцанні),

ахвяравальныя рэчы рэліг. ўжытку. Іх прыносілі ў касцёл як падзяку за выздараўленне ці з надзеяй на выздараўленне, як засцярогу ад няшчасця; развешвалі вакол цудатворных абразоў. Вотамі маглі быць малыя прадметы ў форме сэрца, рукі, нагі, вока або ў выглядзе жывёлы, птушкі і г.д. Часам воты аздаблялі залачэннем, гравіроўкай, чаканкай. На Беларусі многія воты з’яўляюцца творамі мастацтва мясц. чаканнага майстэрства 18—19 ст. Разнастайныя калекцыі іх знаходзяцца ў касцёлах фарным у Гродне, Троіцкім у Ружанах (Пружанскі р-н), францысканскім у Пінску.

М.​М.​Яніцкая.

т. 4, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬКЕ́Ж (польск. alkierz),

вуглавая частка будынка або прыбудова, накрытая асобным дахам, якая знадворку выступае за плоскасць сцен. Алькеж атрымаў пашырэнне ў палацава-замкавым дойлідстве і сядзібных дамах Беларусі і Польшчы ў 16—19 ст. Напачатку гэта былі 2 ці 4 вежападобныя прыбудовы ў тарцах дома, накрытыя самастойнымі шатровымі дахамі (ад замкавых вежаў 16—17 ст.). З сярэдзіны 18 ст. відазмяніліся, ператварыліся ў развітыя крылы дома-сядзібы (г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.). Выкарыстоўваліся як спальні ці дапаможныя памяшканні.

Алькеж сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага раёна.

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЭ́НЕЎ-СЛАВЯ́НСКІ (сапр. Агрэнеў) Дзмітрый Аляксандравіч

(19.12.1836, або 1834, Масква — 23.7.1908),

рускі спявак (тэнар), харавы дырыжор. Арганізатар і кіраўнік хору «Славянская капэла» (1868), з якім канцэртаваў па Расіі і за мяжой. У праграмах былі і бел. нар. песні («Чаму ж мне не пець», «Ці не дудка мая» і інш.). Адыграў значную ролю ў прапагандзе слав. муз. фальклору, хоць маст. якасці некат. яго запісаў і апрацовак, адбор нар. песень крытыкаваліся знаўцамі музыкі.

Літ.:

Локшин Д.Л. Замечательные русские хоры и их дирижёры. 2 изд. М., 1963.

т. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)