АГРАНО́МІЯ (ад агра... + грэч. nomos закон),

комплекс навук. і практычных прыёмаў па вырошчванні с.-г. культур. Асн. раздзелы сучаснай аграноміі: земляробства, раслінаводства, насенняводства, аграхімія, селекцыя, фітапаталогія і інш.

Ад зараджэння земляробства развівалася як галіна практычнай дзейнасці і вопыту чалавека. Навук. асновы ў Еўропе закладзены ў 17—18 ст., на Беларусі — у 1840-я г. ў Горы-Горацкай земляробчай школе. У сярэдзіне 19 ст. аграномія становіцца комплекснай навукай, з яе вылучаюцца аграхімія і с.-г. мікрабіялогія, пазней — глебазнаўства. Развіццё аграноміі ў многім абавязана франц. вучонаму Ж.​Бусенго — заснавальніку першай у Зах. Еўропе доследнай станцыі ў Эльзасе (1857). Значная роля ў станаўленні і развіцці аграноміі належыць А.​Ц.​Болатаву, І.​М.​Комаву, А.​Тэеру, Ю.​Лібіху, В.​В.​Дакучаеву, В.​Р.​Вільямсу, К.​А.​Ціміразеву, Дз.​М.​Пранішнікаву, І.​У.​Мічурыну, М.​І.​Вавілаву, бел. вучоным А.​В.​Саветаву (упершыню ў сусв. практыцы звязаў развіццё сістэм земляробства з сац.-эканам. ўмовамі, даў класіфікацыю сістэм земляробства і іх гісторыю), І.​А.​Сцебуту, М.​В.​Рытаву, В.​С.​Ластоўскаму. Істотны ўклад у развіццё агранамічных ведаў зрабілі працы амер. селекцыянера Л.​Бёрбанка па стварэнні новых формаў пладовых, дэкар. і інш. с.-г. раслін. У Зах. Еўропе і ЗША паспяхова развівалася ў 20 ст. хімізацыя земляробства, селекцыя і насенняводства с.-г. культур.

Шырокія агранамічныя даследаванні на Беларусі пачаліся, калі былі створаны с.-г. н.-д. ін-ты і доследныя станцыі (1920-я г.). Праблемы аграноміі распрацоўваюцца ў НДІ (земляробства і кармоў, глебазнаўства і аграхіміі, аховы раслін, бульбаводства, пладаводства, агародніцтва, меліярацыі і лугаводства), Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі, Акадэміі агр. навук, Бел. аграрным тэхнічным ун-це, а таксама ў с.-г. ВНУ, на абл. і галіновых с.-г. доследных станцыях. Дастасавальна да ўмоў рэспублікі бел. вучонымі (Я.​К.​Аляксееў, А.​К.​Кедраў-Зіхман, І.​С.​Лупіновіч, Ц.​М.​Годнеў, В.​І.​Шэмпель, В.​Ф.​Купрэвіч, П.​П.​Рагавой, М.​А.​Дарожкін, С.​Г.​Скарапанаў, П.​І.​Альсмік, М.​Дз.​Мухін, Т.​Н.​Кулакоўская і інш.) рэкамендаваны мерапрыемствы па павышэнні ўраджайнасці с.-г. культур, навукова абгрунтаваныя севазвароты, спосабы рацыянальнага выкарыстання ўгнаенняў і апрацоўкі глебы. Складзены глебавыя карты гаспадарак, картаграмы кіслотнасці і забяспечанасці глебаў фосфарам і каліем. Прызнанне за межамі рэспублікі атрымалі многія высокаўраджайныя, устойлівыя да хвароб сарты с.-г. раслін бел. селекцыі. Пасля Чарнобыльскай катастрофы актуальнасць набыло вывучэнне наяўнасці і міграцыі радыенуклідаў у глебах, тэхналогій і спосабаў вядзення с.-г. вытворчасці на забруджаных радыенуклідамі глебах.

Літ.:

Повышение плодородия почв и производительной способности земель в интенсивных системах земледелия. Мн., 1981. С. 3—11;

Антонов Е.А. Становление и современное состояние научно-аграномического знания. Харьков, 1992.

т. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРО́ДНІЦТВА,

1) галіна раслінаводства па вырошчванні агароднінных культур. Адрозніваюць агародніцтва адкрытага — на палях, агародах (дае асн. збор прадуктаў і насенне) і ахоўнага — у цяпліцах, парніках і пад больш простымі ўкрыццямі (ліквідуе сезоннасць у забеспячэнні насельніцтва свежай агароднінай) грунту. У многіх краінах свету з’яўляецца прыярытэтнай галіной сельскай гаспадаркі.

На прамысл. аснове вядзецца ў ЗША Нідэрландах, Францыі, Іспаніі, Італіі, Германіі, Японіі і інш. Характарызуецца шырокім асартыментам культур, выкарыстаннем дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу (селекцыя, стварэнне гетэрозісных гібрыдаў, гідрапонная тэхналогія з малааб’ёмнымі субстратамі і пажыўнымі растворамі і інш.). У Зах. Еўропе і ЗША па індустр. тэхналогіях культывуецца больш за 40 агароднінных культур, у Японіі — больш за 160. З краін СНД адносным развіццём агародніцтва вылучаюцца Малдова, Украіна, Азербайджан, а таксама Краснадарскі край, Растоўская, Маскоўская і некаторыя інш. вобласці Расіі. На Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. таварнае агародніцтва пашырылася ў Пінскім, Рэчыцкім, Лепельскім, Дзвінскім, Чэрыкаўскім, Мсціслаўскім і інш. паветах, а таксама каля Гомеля і Магілёва. За межы Беларусі вывозілі пераважна капусту. У 1993 у рэспубліцы вырашчана 1048 тыс. т агародніны, 45 тыс. т атрымана ў закрытым грунце [каля 400 га зімовых і вясенніх (плёначных) цяпліц]. Агародніцтва мае больш высокую канцэнтрацыю ў прыгарадных зонах Мінска, Гомеля, Магілёва, Брэста і інш. На Беларусі пад агародніннымі культурамі 73,6 тыс. га (1994).

2) Навука пра біялогію агароднінных культур і спосабы іх вырошчвання. У 19 ст. на сусв. выстаўках поспех мелі сарты рус. вучонага Я.​А.​Грачова. Найб. падрабязнае апісанне агароднінных раслін зроблена франц. вучоным Д.​Буа (1927). Значная роля ў развіцці агародніцтва належыць працам Р.​І.​Шрэдэра, М.​В.​Рытава, У.​І.​Эдэльштэйна, М.​І.​Вавілава і інш. На Беларусі даследаванні пачаліся ў 19 ст. ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це, значна пашырыліся пасля стварэння Бел. плодаагародніннай доследнай станцыі (1931) і арганізацыі Бел. НДІ пладаводства, агародніцтва і бульбы (1958), вядуцца ў Бел. НДІ агародніцтва, Гродзенскім с.-г. ін-це, Бел. с.-г. акадэміі, на абл. с.-г. доследных станцыях.

Выведзена каля 100 сартоў і гібрыдаў памідораў, белакачаннай капусты, сталовых буракоў, гароху, агуркоў, цыбулі рэпчатай і інш. агароднінных раслін. Распрацавана агратэхніка вырошчвання агародніны ва ўмовах Беларусі (Л.​А.​Скрыпнічэнка, П.​С.​Шастапал, Б.​А.​Юргенс, І.​І.​Цішкевіч, У.​П.​Пярэднеў, А.​А.​Аутка, Т.​С.​Якубіцкая, А.​А.​Казіміраў, П.​С.​Жукава, М.​Ф.​Сцяпура, К.​А.​Шуін, Ю.​М.​Забара, П.​Я.​Півень), распрацаваны сістэмы ўгнаенняў для асн. культур, схемы элітнага насенняводства.

Праблемы сучаснага агародніцтва: распрацоўка перспектыўных тэхналогій вытв-сці агародніны; вывядзенне сартоў інтэнсіўнага тыпу, устойлівых да хвароб і шкоднікаў; распрацоўка сістэм угнаення агароднінных культур у севазвароце на розных тыпах глебаў і новых аграпрыёмаў.

Літ.:

Интенсивное плодоовощеводство. Горки, 1992;

Шуин К.А. Овощеводство. Мн., 1987.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЕБЯРЭ́ЗІНСКАЯ НІЗІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я на Пд Віцебскай і Пн Мінскай абласцей, у бас. верхняга цячэння р. Бярэзіна (прыток Дняпра). Мяжуе на ПнЗ са Свянцянскімі градамі, на ПнУ — з Ушацка-Лепельскім узв. і Чашніцкай раўнінай, на Пд — з Мінскім і Аршанскім узвышшамі, на З — з Нарачана-Вілейскай нізінай. Працягнулася з Пн на Пд на 105 км, з З на У на

15—100 км. Абс. вышыні рэльефу пераважна 160—180 м, змяншаюцца на Пд да 155 м пры ўпадзенні р. Гаўя ў Бярэзіну. Пл. каля 2,5 тыс. км².

Верхнебярэзінская нізіна прымеркавана да Беларускай антэклізы, на ПдУ — да Аршанскай упадзіны. У платформавым чахле пераважаюць асадкавыя пароды пратэразою. У тоўшчы антрапагену (магутнасцю да 180 м) найб. пашыраны ледавіковыя ўтварэнні бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў. Асн. рысы сучасны рэльеф набыў пры дэградацыі ледавіка Ашмянскага стадыялу і ў выніку дзейнасці расталых вод паазерскага зледзянення.

У рэльефе Верхнебярэзінскай нізіны пашыраны зандравыя раўніны і азёрна-алювіяльныя нізіны. Каля краю паазерскага ледавіка, які з Пн падступаў да Верхнебярэзінскай нізіны, намнажаліся водна-ледавіковыя пясчаныя адклады раўніны. На спадзіста-хвалістай паверхні іх трапляюцца дэльты водна-ледавіковых патокаў (на Пн), тэрмакарставыя западзіны і эолавыя формы — дзюны, грады, узгоркі выш. да 5—7 м. На Пд Верхнебярэзінскай нізіны расталыя ледавіковыя воды падпруджваліся Барысаўскай градой, утваралася вял. возера. Пазней возера спушчана Бярэзінай, на яго месцы ўзнікла затарфаваная нізіна з рэшткавымі азёрамі. Найб. высокія ўчасткі рэльефу — спадзістахвалістыя марэнныя раўніны і канцовамарэнныя, моцна згладжаныя грады, увалы і ўзгоркі дняпроўскага зледзянення, што ўзнімаюцца над забалочанай нізінай на 30—40 м. Даліна Бярэзіны перасякае Верхнебярэзінскую нізіну з ПнЗ на ПдУ, яна сфарміравалася пасля адступання паазерскага ледавіка, слаба выпрацавана; мае надпоплаўную тэрасу выш. 3—4 м. Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял. Гал. рэкі: Бярэзіна з прытокамі Поня, Гайна з Цной і Усяжай (справа), Чарніца, Сергуч, Вял. Рэчка, Жартайка (злева); Лукомка і Эса, вярхоўі Ушачы (бас. Зах. Дзвіны); Бярэзінская водная сістэма. На Верхнебярэзінскай нізіне шмат азёр — Межужол, Медзазол, Палік, Плаўна, Манец, Бярэшча, Вольшыца, Вокана, Домжарыцкае, Лукомскае і Сялява. Сярэднія т-ры студз. -7,2 °C, ліп. 17,2 °C, ападкаў 623 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя на водна-ледавіковых пясках і марэнных супесках і суглінках, дзярнова-падзолістыя глеяватыя, тарфяна-балотныя, поймавыя дзярновыя забалочаныя. Пад лесам каля 42% тэр., пераважаюць хваёвыя, каля даліны Бярэзіны бярозава-асінавыя і асінава-альховыя. Вялікія балоты ў асноўным нізінныя, бязлесныя або парослыя рэдкалессем з бярозы пушыстай і хвоі, часткова меліяраваныя. Пад ворывам 20% тэр. У межах Верхнебярэзінскай нізіны Бярэзінскі біясферны запаведнік, частка гідралагічнага заказніка Галубіцкая пушча.

Н.​К.​Кліцунова.

Верхнебярэзінская нізіна ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці.

т. 4, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЯНЁМАНСКАЯ НІЗІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі, у Гродзенскай і на З Мінскай абласцей, уздоўж р. Нёман ад г. Стоўбцы да г. Гродна. Мяжуе на Пн з Сярэднянёманскай нізінай і Лідскай раўнінай, на ПнУ з Ашмянскім і Мінскім узвышшамі, на У і ПдУ з Капыльскай градой і прылеглымі раўнінамі, на Пд і З з Навагрудскім, Слонімскім, Ваўкавыскім і Гродзенскім узвышшамі Паўд.-Зах. адгалінавання Бел. грады (гл. карту да арт. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі). Працягнулася з З на У на 160 км, з Пн на Пд ад 15 да 55 км. Вышыні рэльефу вагаюцца ад 160 м на У да 94 м на З.

Верхнянёманская нізіна прымеркавана да Цэнтральнабеларускага масіву. Крышт. фундамент перакрыты адкладамі верхняга пратэразою, мелу, палеагену, неагену і антрапагену. Магутнасць тоўшчы антрапагенавых адкладаў пераважна 70—120 м, у ледавіковых лагчынах да 180—200 м, найб. развіты ледавіковыя ўтварэнні бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў, адклады александрыйскага і муравінскага міжледавікоўяў. У ледавіковыя эпохі на Верхнянёманскай нізіне існавалі вял. прыледавіковыя азёры. У час паазерскага зледзянення было Скідзельскае прыледавіковае возера, пасля спуску якога Нёман атрымаў сцёк у Балтыйскае мора.

Рэльеф Верхнянёманскай нізіны пераважна эразійна-акумулятыўны. Пашыраны ледавікова-азёрная нізіна паазерскага веку (на Скідзельскім участку) і водна-ледавіковая нізіна сожскага веку (на Любчанскім участку). Спадзіста-хвалістая паверхня нізіны мае эолавыя формы выш. да 5—10 м (грады, пагоркі, дзюны), лагчыны сцёку, каля рэк — яры і лагчыны, абразійныя ўступы былых берагоў прыледавіковых азёр; месцамі забалочаныя, з азёрнымі катлавінамі. Ёсць участкі азёрна-алювіяльнай нізіны (пры ўпадзенні р. Бярэзіна ў р. Нёман) і марэннай раўніны. Вылучаюцца глыбока ўрэзаныя даліны Нёмана (да 20—45 м) і яго прытокаў з шырокімі забалочанымі поймамі, шматлікімі старыцамі, тэрасамі, з якіх найб. выразныя 2 узроўні — выш. 4—9 м і 8—12 м. Карысныя выкапні: легкаплаўкія і цэментныя гліны, мел, торф. Сярэдняя т-ра студз. ад -5,1 °C на З да -6,5 °C на У, ліп. 17,7—18 °C, ападкаў 540—613 мм за год. Гал. рака — Нёман з прытокамі Сула, Уса, Бярэзіна, Гаўя, Дзітва, Лебяда, Котра і інш. (справа), Уша, Сэрвач, Моўчадзь, Шчара, Зальвянка, Рось, Свіслач і інш. (злева). Найб. воз. Кромань. Глебы дзярнова-слабаападзоленыя пясчаныя і супясчаныя ў спалучэнні з тарфяна-балотнымі і поймава-лугавымі. Верхнянёманская нізіна ў межах падзоны грабава-дубова-цемнахвойных лясоў. Лясістасць 35%, хваёвыя, ялова-хваёвыя і мяшаныя лясы, дубровы. У поймах алешнікі і хмызняковыя зараснікі чаргуюцца з лугамі і забалочанымі ўчасткамі. На тэр. Верхнянёманскай нізіны біял. заказнікі Налібоцкі і Ліпічанская пушча.

В.​Р.​Сінякова.

Верхнянёманская нізіна ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці.

т. 4, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛГА (у старажытнасці Ра, у сярэднія вякі Ітыль),

рака ў еўрапейскай ч. Расіі, адна з самых вял. рэк на зямным шары, буйнейшая ў Еўропе. Даўж. 3530 км, пл. бас. 1360 тыс. км². Пачынаецца на Валдайскім узв., цячэ да г. Казань амаль у шыротным, а потым у мерыдыянальным напрамку. Упадае ў Каспійскае м., утварае вял. (пл. 19 тыс. км²) дэльту.

Выток Волгі — крыніца каля в. Волга-Вярхоўе ў Калінінскай вобл. У вярхоўях Волгі працякае цераз Верхняволжскія азёры (найб. — Сцерж, Усялуг, Пена, Волга), сцёк якіх рэгулюецца плацінай (бейшлотам); ніжэй — каскад ГЭС (з вадасховішчамі): Іванькаўская, Угліцкая, Рыбінская, Горкаўская, Чэбаксарская, Волжская (Самарскае вадасх.), Саратаўская, Волжская імя XXII з’езда КПСС (Валгаградскае вадасховішча). У раёне Рыбінск—Яраслаўль і ніжэй г. Кастрама цячэ ў вузкай даліне сярод высокіх берагоў, перасякае Угліцка-Данілаўскае і Галіцка-Чухломскае ўзвышшы, далей — уздоўж Унжанскай і Балахнінскай нізін. У сярэднім цячэнні, ніжэй упадзення Акі, цячэ ўздоўж паўн. краю Прыволжскага узв., даліна асіметрычная. Правы бераг ракі высокі, левы — нізінны. У ніжнім цячэнні, пасля ўпадзення Камы, да Валгаграда асіметрычнасць даліны захоўваецца. Каля г. Тальяці Волга з У агінае Жыгулёўскія горы і ўтварае Самарскую Луку. У выніку стварэння вадасховішчаў рэжым Волгі ў значнай ступені зарэгуляваны. Ніжэй Валгаграда рака цячэ ў сваіх натуральных берагах. Волга прымае каля 200 прытокаў, найбольшыя: Ака, Сура, Свіяга (справа); Малога, Вятлуга, Кама, Самара, Вял. Іргіз (злева). Жыўленне снегавымі (80% гадавога сцёку), грунтавымі (30%) і дажджавымі (10%) водамі. Для рэжыму Волгі характэрны веснавое разводдзе (Крас.—чэрв.), летняя і зімовая межані, дажджавыя паводкі ўвосень і часткова летам. Ледастаў з канца ліст. ў верхнім і сярэднім цячэнні да пач. Крас., у ніжнім з пач. снеж. да сярэдзіны сакавіка. Сярэднегадавы расход вады каля г. Валгаград 7240 м³/с, у вусці — 7710 м³/с. Па берагах Волгі Астраханскі запаведнік, Волжска-Камскі і Жыгулёўскі запаведнікі, прыродныя нац. паркі Марый Чодра і Самарская Лука. Волга злучана з Балтыйскім м. Волга-Балтыйскім водным шляхам, з Белым м. — Паўночна-Дзвінскай воднай сістэмай і Беламорска-Балтыйскім каналам, з Азоўскім і Чорным марамі — Волга-Данскім суднаходным каналам, з р. Масква — Масквы імя каналам. Буйнейшая трансп. артэрыя еўрап. ч. Расіі, выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і арашэння. У Волзе каля 70 відаў рыб, з іх 40 прамысловых (вобла, селядзец, лешч, судак, сазан, сяўруга, сом, бялуга, асетр і інш.). Рэгулярнае суднаходства ад г. Ржэў (3256 км). Важнейшыя прамысл. цэнтры і парты: Цвер, Рыбінск, Яраслаўль, Кастрама, Ніжні Ноўгарад, Чэбаксары, Казань, Ульянаўск, Тальяці, Самара, Саратаў, Валгаград, Астрахань. Турызм. З абвастрэннем экалагічных праблем Волгі ў 1989 пачаў дзейнасць Камітэт выратавання Волгі.

Літ.:

Кублицкий Г.И. На Волге широкой. М., 1986;

Рыжавский Г.Я. Бассейн верхней Волги. М., 1981.

В.​П.​Кісель.

На Волзе.

т. 4, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕБРАІ́СТЫКА,

комплекс філал. дысцыплін, якія даследуюць іўрыт і тэксты на ім; раздзел семіталогіі. Да пач. 16 ст. аўтарамі гэтых даследаванняў былі выключна яўрэі, якія выкарыстоўвалі метады араб. граматыкаў. Лічаць, што гебраістыка вылучылася ў асобную дысцыпліну ў пач. 10 ст. Першыя лінгвістычныя творы, прысвечаныя мове іўрыт, — працы Саадзі Гаона «Збор слоў», «Кнігі аб мове», працы І.​Д.​Хаюджа (каля 950 — каля 1000). Гебраістыка інтэнсіўна развівалася ў канцы 10 — сярэдзіне 12 ст. Большасць твораў таго часу напісана ў Іспаніі на араб. мове. У іх завершана лексічнае і граматычнае апісанне іўрыту. У 12 ст. вывучэнне іўрыту выйшла за межы араб. свету. Кніга І.​Райхліна «Элементы мовы іўрыт» (1506) — першая праца па гебраістыцы, напісаная хрысціянінам і адрасаваная хрысціянам. З 16 ст. гебраістыка стала часткай еўрап. культуры. Адным з цэнтраў даследаванняў па гебраістыцы была Галандыя. Першым на лац. мове трактат аб граматыцы іўрыту напісаў Б.Спіноза («Кароткі нарыс граматыкі мовы іўрыт», 1677). Буйнейшы прадстаўнік гебраістыкі 19 ст. — ням. даследчык Г.Ф.​В.​Гезеніус (1786—1842). Асаблівасць гебраістыкі 20 ст. — вызваленне яе ад уплыву тэалогіі і вяртанне да сваіх гуманістычных вытокаў. Асаблівую актуальнасць даследаванне розных этапаў развіцця іўрыту набыло ў сувязі з практычнымі задачамі адраджэння іўрыту як размоўнай і пісьмовай мовы ў навейшы час. Работа над поўным слоўнікам мовы іўрыт вялася з 1908 па 1959. Пачынаў яе Э.​Бен-Іехуда, прадоўжылі А.​Эвен-Шашан («Новы слоўнік», 1947—58), Я.​Кнаані («Скарбонка мовы іўрыт», т. 1—15, 1960—80) і інш. У Расіі да 1917 гебраістыка развівалася пераважна на семіталагічным аддзяленні ф-та ўсх. моў Пецярбургскага ун-та, часткова ў духоўных акадэміях і семінарыях. У Маскве цэнтрам семіталогіі быў Лазараўскі ун-т усх. моў (з 1921 Маскоўскі ун-т усходазнаўства). Вял. ўклад у гебраістыку зрабіў вядомы ўсходазнавец, семітолаг, даследчык яўр. гісторыі і л-ры ўраджэнец г. Навагрудка А.Я.Гаркаві. У 1882 створана Рас. Палесцінскае т-ва, у публікацыях якога («палесцінскі зборнік») змешчаны каштоўныя работы па гебраістыцы. Пасля 1917 на кафедры семіталогіі Ленінградскага ун-та і ў Ін-це ўсходазнаўства акад. П.​К.​Какоўцаў заснаваў школу гебраістаў. У ліку яе буйнейшых прадстаўнікоў былі ўсходазнаўцы І.​Д.​Амусін (1910—84; ураджэнец Віцебска), І.​Н.​Віннікаў (1897—1973; ураджэнец г. Хоцімск), Г.​М.​Глускіна (н. 1922, ураджэнка г.п. Парычы, з 1990 жыве ў Ізраілі). У Беларусі значны ўклад у развіццё гебраістыкі зрабіў Г.М.Ліўшыц.

Літ.:

Амусин И.Д. Рукописи Мертвого моря. М., 1961;

Яго ж. Находки у Мертвого моря М., 1965;

Глускина Г. Иегуда Альха Альхаризи и его сборник макам «Тахкемони» // Ариэль: Журн. современного израильского искусства и лит. 1992. № 10;

Лившиц Г.М. Происхождение христианства в свете рукописей Мертвого моря. Мн., 1967.

Э.​Р.​Іофе.

т. 5, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕНІСЕ́Й (па-эвенкійску Іаанэсі літар. вялікая вада, рака),

рака ў Сібіры, у Краснаярскім краі (вярхоўі ў Рэспубліцы Тува), Расія. Адна з самых вялікіх рэк на зямным шары (7-е месца). Утвараецца пры зліцці Вялікага Енісея (Бій-Хем) і Малога Енісея (Ка-Хем) каля г. Кызыл. Даўж. 3487 км (ад вытокаў Малога Е. 4102 км), пл. бас. 2580 тыс. км². Упадае ў Енісейскі зал. Карскага м.

Цячэнне Е. падзяляецца на 3 ч.: верхняе (ад зліцця Бій-Хема і Ка-Хема да ўпадзення р. Абакан), сярэдняе (паміж рэкамі Абакан і Ангара), ніжняе (ад р. Ангара да вусця). У вярхоўі Е. цячэ па ўзгорыстым стэпе Тувінскай катлавіны пад назвай Верхні Е. (Улуг-Хем). Рэчышча падзелена на асобныя рукавы і пратокі, спакойныя плёсы чаргуюцца з перакатамі. Ад упадзення р. Хемчык на працягу 280 км Е. праразае хрыбты Зах. Саяна. Даліна тут вузкая. месцамі каньёнападобная, шыр. да 100 м. У рэчышчы шмат камяністых перакатаў і парогаў. Пры выхадзе Е. ў Мінусінскую катлавіну даліна расшыраецца, шмат астравоў. Паміж гарадамі Мінусінск і Краснаярск у адгор’ях Усх. Саяна даліна звужаецца, ніжэй Краснаярска даліна расшыраецца пасля ўпадзення р. Ангара, левы бераг нізінны, правы ўзвышаны. Пры перасячэнні адгор’яў Енісейскага кража Е. утварае Казачынскі і Асінаўскі парогі. Ніжэй г. Дудзінка цячэ па Паўн.-Сібірскай нізіне. У нізоўях разбіваецца на рукавы: шырыня рэчышча да 15—20 км, глыб. больш за 15 м. Асн. прытокі: Оя, Туба, Мана, Кан, Ангара, Падкаменная Тунгуска, Ніжняя Тунгуска, Курэйка (справа), Абакан, Сым, Турухан (злева). Жыўленне снегавое, дажджавое і грунтавое. Для б.ч. Е. характэрна высокае веснавое разводдзе і ўстойлівая асенне-зімовая межань, частыя летнія дажджавыя паводкі, у вярхоўях — вяснова-летняе разводдзе. Ледастаў у ніжнім цячэнні 3 канца кастр. да канца мая — пач. чэрв.; у сярэднім цячэнні з пач. ліст. да канца крас. — сярэдзіны мая; у горнай ч. з канца ліст. — снеж. да канца красавіка. Е. — самая мнагаводная рака Расіі. Сярэднегадавы расход вады каля г. Ігарка 18 100 м³/с, у вусці — 19 800 м³/с.

На Е. Саяна-Шушанская, Майнская і Краснаярская ГЭС з вадасховішчамі. Суднаходства на вадасховішчах і ад г. Краснаярск да вусця. Для праводкі суднаў з ніжняга б’ефа ў Краснаярскае вадасховішча і назад пабудаваны суднапад’ёмнік. Да г. Ігарка (973 км ад вусця) паднімаюцца марскія судны. Рыбныя промыслы (асетр, сцерлядзь, омуль, селядзец, нельма, бялуга і інш.). У бас. Е. запаведнікі Саяна-Шушанскі і Слупы. Гал. гарады і парты: Кызыл, Саянагорск, Мінусінск, Абакан, Дзіўнагорск, Краснаярск, Енісейск, Ігарка, Дудзінка.

Літ.:

Гнедовский Б.В., Добровольская Э.Д. Вверх по Енисею. М., 1980;

Колесов А.Н. По Енисею. 3 изд. Красноярск, 1990.

В.​П.​Кісель.

т. 6, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГІМО́НТ II Аўгуст

(1.8.1520, Кракаў — 7.7.1572),

вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1548—72, фармальна з 1529], у ВКЛ Жыгімонт III Аўгуст. Сын Жыгімонта I Старога і Боны Сфорцы. На сейме ВКЛ у кастр. 1529 Ж. II абраны вял. князем пры жыцці бацькі (г. зн. другім вял. князем). 18.12.1529 на польск. сейме Жыгімонт I дамогся абрання сына польск. каралём (каранаваны 20.2.1530). Рэальная ўлада засталася ў руках бацькі. Для ўстанаўлення сяброўскіх адносін са «Свяшчэннай Рымскай імперыяй» Жыгімонт I у 1543 арганізаваў шлюб Ж. II з эрцгерцагіняй Лізаветай, дачкой наследніка імператарскага трона Фердынанда (памерла ў 1545). У 1544 Ж. II фактычна пачаў кіраванне ў ВКЛ, куды Жыгімонт I не прыязджаў, але захоўваў сваё вяршэнства. У 1547 Ж. II ажаніўся з Барбарай Радзівіл. У выніку шлюбу браты Барбары М.Радзівіл Руды і М.Радзівіл Чорны занялі кіруючае становішча ў ВКЛ, пэўны час Ж. II знаходзіўся пад іх уплывам. Супраць шлюбу былі Жыгімонт I, Бона і значная частка польск. магнатаў. Пасля смерці бацькі ў 1548 Ж. II стаў паўнапраўным вял. князем і каралём. Ён заключыў тайны трактат аб узаемнай дапамозе з каралём Чэхіі і Венгрыі Фердынандам Габсбургам. Гэты саюз прадоўжаны, калі ў 1553 Ж. II ажаніўся з эрцгерцагіняй Кацярынай, сястрой сваёй першай жонкі. У далейшым адышоў ад саюзу з Габсбургамі. Знешняя палітыка Ж. II была накіравана на захаванне мірных адносін з суседнімі краінамі. Прусія заставалася васальнай дзяржавай у дачыненні да польск. караля. Адносіны са Швецыяй палепшыліся, калі там у 1568 трон заняў Юхан III, швагер Ж. II. Лівонская вайна 1558—83 выявіла небяспеку з боку Маскоўскай дзяржавы і падштурхнула да заключэння Люблінскай уніі 1569, стварэння Рэчы Паспалітай. Унутр. палітыка Ж. II была накіравана на ўзмацненне правоў сярэдняй шляхты. Садзейнічаў правядзенню валочнай памеры. Пачаў буд-ва ваенна-марскога флоту Польшчы і стварыў Марскую камісію. У час кіравання Ж. II у ВКЛ і Польшчы пашырылася Рэфармацыя ў розных яе галінах. Праводзіў палітыку талерантнасці ў адносінах да ўсіх канфесій. Прывілеем 1563 ураўнаваў паліт. правы правасл. шляхты ВКЛ з каталіцкай. Зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1566. Пад націскам кіраўніцтва каталіцкай царквы згадзіўся на допуск езуітаў у Польшчу (1564) і ВКЛ (1569), што стала пачаткам контррэфармацыі ў гэтых краінах. Быў мецэнатам, на праўленне Ж. II прыпадае росквіт культуры эпохі Адраджэння ў ВКЛ. На Ж. II скончылася мужчынская лінія дынастыі Ягелонаў.

Літ.:

Kolankowski L. Zygmunt August, wielki książę Litwy, do rołu 1548. Lwów, 1913;

Cynarski S. Zygmunt August. Wrocław etc., 1988;

Sucheni-Grabowska A. Zygmunt August, król polski i wielki książę litewski (1520—1562). Warszawa, 1996.

А.​П.​Грыцкевіч.

Жыгімонт II Аўгуст.

т. 6, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛА́ЎЕ,

горад абл. падпарадкавання ў Мінскім р-не, на аўтадарозе Мінск—Маладзечна, на р. Свіслач пры ўпадзенні яе ў Заслаўскае вадасх. За 27 км ад Мінска, чыг. ст. Беларусь на лініі Мінск—Маладзечна, 13,7 тыс. ж. (1997).

Паводле археал. даследаванняў, у 10 ст. на правым беразе р. Свіслач існавала неўмацаванае паселішча крывічоў, на процілеглым беразе — пагост (велікакняжацкі адм.-гасп. пункт). Каля 985 на ПдЗ ад іх узнікла гарадзішча «Замэчак», якое на мяжы 11—12 ст. насельніцтва пакінула пасля ўзвядзення дзядзінца на месцы правабярэжнага паселішча. Паводле летапіснага падання, у 10 ст. кіеўскі кн. Уладзімір Святаславіч заснаваў туг горад для жонкі кн. полацкай Рагнеды Рагвалодаўны і сына Ізяслава Уладзіміравіча, у гонар якога названы. Верагодна, з пач. 12 ст. быў цэнтрам удзельнага Ізяслаўскага княства. У летапісах З. (Изяславль, Жеславль, Жаславль) упамінаецца пад 1127 у сувязі з паходам на Полацкую зямлю вял кн. кіеўскага Мсціслава Уладзіміравіча. У сярэдзіне 12 ст. горад і княства сталі аб’ектам барацьбы паміж полацкімі і мінскімі князямі. У канцы 13 ст., верагодна, увайшло ў склад ВКЛ. З 1345 прыватнаўласніцкі горад, належаў кн. Яўнуту, нашчадкі якога зваліся князямі Заслаўскімі. У 1539 З. належала Глябовічам, з 1569 у складзе Мінскага пав. Былы дзядзінец у 16 ст. ператвораны ў рэзідэнцыю ўладальнікаў З. (гл. Заслаўскі замак). У канцы 16 ст. тут пабудаваны кальвінскі збор. З 1678 горадам валодалі Сапегі, з 1753 — Пшаздзецкія. У канцы 17—18 ст. цэнтр Заслаўскага графства, паводле прывілея 1772 атрымала права на 4 кірмашы ў год. У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў З. былі цагельня і суконная ф-ка. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці. У 1873 праз яго пракладзена Лібава-Роменская чыгунка, адкрыта ст. Ізяслаў. У 1904—3 тыс. ж., 2 школы, бальніца, аптэка, пошта, 2 царквы (захавалася Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква), Заслаўскі фарны касцёл. У 1924—59 цэнтр Заслаўскага раёна БССР, з 27.9.1938 гар. пасёлак, з 14.8.1985 горад абл. падпарадкавання. З 28.6.1941 да 4.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў З. і раёне загубілі 3938 чал. У 1977—6,5 тыс. чал. Стараж. частка горада, археал. і арх. помнікі ўключаны ў Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік.

Працуюць карданажна-паліграф. ф-ка, з-ды драбільна-сартавальны, жалезабетонных вырабаў, асфальтавы, малочны, хлебазавод. Брацкія магілы сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму, памятны крыж у гонар 1000-годдзя хрысціянства на Беларусі. Памятны камень (1985) з нагоды 1000-годдзя горада. Помнікі архітэктуры: Заслаўскі фарны касцёл, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква. Помнік археалогіі гарадзішча Замэчак. На тэр. З. існаваў Заслаўскі музей рамёстваў і народных промыслаў.

Да арт. Заслаўе. Памятны крыж на гарадзішчы Замэчак.

т. 6, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬНАВО́ДСТВА,

галіна сельскай гаспадаркі па вырошчванні лёну. З высакаякаснага валакна вырабляюць ільняную тканіну, ніткі, адзенне, з валакна ніжэйшых гатункаў — мяшочную і ўпаковачную тканіну, вяроўкі, шпагат. З семя атрымліваюць ільняны алей; ільняная макуха — корм жывёле. Адходы перапрацоўкі лёну ідуць на ўпакоўку, з кастрыцы вырабляюць тэрма- і гукаізаляцыйныя пліты, паперу. На Беларусі І. адна з найважнейшых галін земляробства. Перапрацоўкай лёну займаюцца ільняная прамысловасць і прам-сць пач. апрацоўкі лёну (гл. Ільноапрацоўка).

І. вельмі стараж. галіна. За некалькі тысячагоддзяў да н.э. лён для вырабу тканін вырошчвалі ў Індыі, Егіпце, Закаўказзі (Калхіда, Ленкарань). На Усх.-Еўрап раўніну І. прыйшло ў пач. 2-га тыс. да н.э. З 10—13 ст. лён-даўгунец стаў асн. прадзільнай культурай усх. славян. У сусв. земляробстве найб. пашыраны алейны лён, які займае 3-е месца сярод алейных культур (пасля бавоўніку і соі). І. сканцэнтравана пераважна ў еўрап. краінах (Расія, Украіна, Польшча, Чэхія, Славакія, Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Вялікабрытанія), а таксама ў Японіі, Турцыі і Аргенціне.

На Беларусі лён здаўна быў гал. сыравінай для вырабу адзення і таварам для экспарту. Да канца 19 ст. І. грунтавалася на ручной працы. Больш пал. пасеваў размяшчалася ў паўн. ч. краіны. Валавыя зборы льновалакна павялічваліся пераважна за кошт пашырэння пасяўных плошчаў. У 1931 на Бел. занальнай доследнай станцыі пачата селекцыя лёну. У даваен. часы Беларусь спецыялізавалася на вырошчванні лёну. У 1940 у параўнанні з 1913 плошча пад ім павялічылася ў 2,8 разы. Максімальнага ўзроўню дасягнула ў 1956—340 тыс. га. Далейшаму развіццю І. спрыялі механізацыя — выкарыстанне льноўборачных і льноапрацоўчых машын, мінер. угнаенняў, укараненне раянаваных высокапрадукцыйных сартоў. Размяшчэнне пасеваў лёну на Беларусі склалася гістарычна. Найб. іх канцэнтрацыя ў Віцебскай, на Пн Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абл., дзе халаднаватае і вільготнае лета са значнай колькасцю пахмурных дзён, спрыяльныя для культуры сугліністыя і супясчаныя глебы. Дынаміку развіцця льнаводства гл. ў табл.

Выкарыстоўваюцца найб. прадукцыйныя раянаваныя сарты лёну: айчынныя К-6, Аршанскі 2, Аршанскі 72, Светач, Магілёўскі 1; галандскі Белінка. Даследаваннямі тэхналогій перапрацоўкі лёну займаецца Рэсп. навук.-вытв. аб’яднанне «Лён Беларусі», па вырошчванні культуры і вывядзенні новых сартоў — Земляробства і кармоў Беларускі НДІ. З пач. 1990-х г. у І. назіраецца заняпад.

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Ільнаводства. Квітнеючы лён.
Да арт. Ільнаводства. На льняным полі.
Развіццё льнаводства ў Рэспубліцы Беларусь
Паказчыкі 1960 1970 1980 1990 1997
Пасяўная плошча, тыс. га 270,2 261,1 234,3 149,0 73,6
Ураджайнасць ільновалакна, ц/га 3,1 3,9 4,0 3,5 3,6
Валавы збор ільновалакна, тыс. т 84,4 102,1 60,5 52,0 26,1
Продаж ільновалакна, тыс. т 76,9 98,7 51,3 52,0 25,9

т. 7, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)