насычаныя ацыклічныя вуглевадароды агульнай формулы C5H12. Існуюць 3 ізамеры: П. нармальнай будовы, ці нармальны пентан CH3(CH2)3CH3, ізапентан (CH3)2CHCH2CH3 (2-метылбутан), неапентан (CH3)4C (2,2-дыметылпрапан).
Нармальны і ізапентан бясколерныя лёгкакіпячыя вадкасці (tкіп 36,07 °C і 27,85 °C адпаведна), неапентан — газ (tкіп 9,5 °C). Раствараюцца ў арган. растваральніках, не раствараюцца ў вадзе. П. ёсць у газавым кандэнсаце, нафце, прадуктах перапрацоўкі сланцавай смалы, з якіх іх вылучаюць рэктыфікацыяй. Выкарыстоўваюць нармальны П. у арган. сінтэзе (напр., для атрымання ізапентану, амілавых спіртоў і іх эфіраў), як растваральнік; ізапентан як кампанент высокаактанавых бензінаў (тэхн. мае актанавы лік 90), сыравіну для атрымання ізапрэну. Гл. таксама Насычаныя злучэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЎНА,
возера ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Сергуч (цячэ праз возера), за 42 км на У ад г. Докшыцы. У межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Пл. 4 км², даўж. 3,45 км, найб.шыр. 1,75 км, найб.глыб. 2 м, даўж. берагавой лініі больш за 9 км. Пл. вадазбору 186 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы невыразныя, забалочаныя, пад лесам. Берагі нізкія, забалочаныя, на З сплавінныя. Дно плоскае сапрапелістае. Востраў пл. 0,07 км², ёсць сплавінныя астравы. Мінералізацыя вады каля 120 мг/л, празрыстасць да дна. Дыстрофнае. Поўнасцю зарастае падводнай расліннасцю. Рака Сергуч злучае П. з азёрамі Манец і Вольшыца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫАПУЛІ́ДЫ (Priapulida),
рэліктавая група (клас) ніжэйшых чарвей тыпу першаснаполасцевых чарвей. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн.г. назад). 7 родаў, 11 відаў. Пашыраны ва ўмераных акіянскіх водах. і на вял. глыбіні ў экватарыяльнай зоне. Жывуць у пясчаных норках. Перамяшчаюцца ўсвідроўваннем у грунт.
Даўж. ад 2 мм да 20 см. Цела чэрвепадобнае, нерасчлененае, унутр. поласць (цэлом) запоўнена поласцевай вадкасцю. Пярэдняя ч. цела (хабаток) уцягваецца ўнутр. Мускулатура развітая, моцная. Кішэчнік прамы, скразны. Крывяноснай сістэмы няма. Дыхаюць паверхняй цела, у некат. ёсць хваставыя шчэлепныя прыдаткі. Нерв. сістэма складаецца з каляглоткавага кольца і брушнога цяжа. Драпежнікі. Раздзельнаполыя, некат. маюць лічынку з двухстворкавым панцырам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНЫ РУХАВІ́К,
разнавіднасць рэактыўнага рухавіка, дзе ў якасці рабочага цела выкарыстоўваюцца толькі тыя рэчывы і крыніцы энергіі, што ёсць на рухомым апараце (лятальным, наземным, падводным). Калі ў рухавіку выкарыстоўваецца паветра, што забіраецца з навакольнага асяроддзя, ён наз.паветрана-рэактыўным рухавіком.
Паводле віду энергіі, якая пераўтвараецца ў кінетычную энергію рэактыўнага струменя, адрозніваюць хімічны ракетны рухавік, электрычны ракетны рухавік, ядзерны ракетны рухавік, а таксама гібрыдны ракетны рухавік (разнавіднасць хім. Р.р.). Ва ўсіх Р.р. рэактыўная цяга ствараецца за кошт рабочага цела, у хімічных — крыніцы энергіі і рабочага цела сумешчаны ў ракетным паліве. Для ядз. і эл. Р.р. характэрны раздзельныя паасобныя крыніцы энергіі і рабочага цела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДНАСЦЬ ДА ЭЛЕКТРО́НА,
здольнасць атама, малекулы далучаць электрон з утварэннем адмоўнага іона. Колькасна роўная энергіі іанізацыі адмоўнага іона (X−); вымяраецца ў электрон-вольтах (гл.Іанізацыі патэнцыял). Найб. Р. да э. (3—4 эВ) маюць атамы галагенаў. Для шэрагу хім. элементаў блізкая да нуля ці адмоўная, гэта азначае, што не існуе ўстойлівых адмоўных іонаў гэтых элементаў. Для малекул Р. да э. звычайна мае значэнні ад 0 да 4 эВ, але ёсць малекулы са значна большымі значэннямі Р. да э. (напр., для малекулы гексафтарыду плаціны Р. да э. роўная 7 эВ). Малекулы з высокімі значэннямі Р. да э. — моцныя акісляльнікі, з дапамогай якіх былі атрыманы хім. злучэнні інертных газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБО́ЗА,
монацукрыд з групы альдапентоз, C5H10O5. Існуе ў выглядзе аптычна актыўных D- і L-формах. Уваходзіць у састаў рыбануклеінавых к-т, нуклеатыдаў, нуклеазідаў, некат. каферментаў, бактэрыяльных поліцукрыдаў, вітаміну B12.
Бясколерны парашок, добра раствараецца ў вадзе, не раствараецца ў эфіры. Пры ўзнаўленні Р. ўтвараецца 5-атамны спірт рыбітол, які ўваходзіць у састаў рыбафлавіну і некат. каферментаў. Свабодная Р., што ёсць у ежы, не засвойваецца арганізмам чалавека і большасці млекакормячых. Манафосфарны эфір Р.-5-фасфат з’яўляецца прамежкавым прадуктам пентозафасфатнага цыкла абмену вугляводаў, сінтэзуецца ў цытаплазме жывёльных клетак і выкарыстоўваецца ў сінтэзе нуклеатыдаў. У раслінах Р.-5-фасфат удзельнічае ў рэакцыях фотасінтэзу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЗУС-ФА́КТАР, Rh-фактар,
адзін з антыгенаў, які ёсць у эрытрацытах чалавека і малпы макака-рэзус. Выяўлены ў 1940 К.Ландштайнерам і аўстр. вучоным А.Вінерам у крыві людзей з дапамогай сывараткі жывёл, імунізаваных эрытрацытамі макакі-рэзуса (адсюль назва). Паводле хім. прыроды — ліпапратэід. Перадаецца ў спадчыну і застаецца нязменным на працягу жыцця. Р.-ф. ў еўрапеоідаў назіраецца ў 85%, у мангалоідаў — 99%. Па наяўнасці або адсутнасці Р.-ф. вылучаюць рэзус-станоўчыя і рэзус-адмоўныя арганізмы. Пры пераліванні рэзус-адмоўным асобам рэзус-станоўчай крыві або пры рэзус-канфліктнай цяжарнасці (маці — рэзус-адмоўная, плод — рэзус-станоўчы) магчымы ўскладненні (напр., гемалітычная хвароба нованароджаных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́МУЭЛЬСАН ((Samuelsson) Бенгт Інгемар) (н. 21.5.1934, г. Хальмстад, Швецыя),
шведскі біяхімік. Чл. Шведскай каралеўскай АН, замежны чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў мед. каледж Лундскага ун-та. З 1958 у Каралінскім ін-це (з 1972 праф., з 1982 рэктар), у 1967—72 праф. Стакгольмскага каралеўскага вет. каледжа. Вылучыў і ўстанавіў хім. структуру і біяхім. якасці некат. простагландзінаў і звязаных з імі біялагічна актыўных рэчываў. Паказаў іх утварэнне з арахідонавай к-ты, а таксама, што арахідонавая к-та і ферментатыўныя сістэмы ўтварэння простагландзінаў ёсць ва ўсіх ядз. клетках жывёльных арганізмаў. Нобелеўская прэмія 1982 (разам з С.Бергстрэмам і Дж.Р.Вейнам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІВАГРА́К, сіваваронка (Coracias),
род птушак сям. сіваваронкавых атр. ракшападобных. 8 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. Жывуць у лесастэпах, лясах, на ўзлесках, каля высечак, у парках і гаях, саваннах, на акультураных землях. На Беларусі 1 від — С. звычайны, або ракша (C. garrulus), нар. назвы краска, сінюга; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела С. звычайнага да 35 см, маса да 190 г. Апярэнне зеленавата-блакітнае з яркім адлівам. На крылах і хвасце ёсць цёмна-сінія ўчасткі. Спіна рыжавата-карычневая. Сярэдняя пара пёраў хваста цёмна-бурая з ліловым напылам. Дзюба моцная, крыху кручкаватая. Корміцца буйнымі жукамі, прамакрылымі, радзей дробнымі пазваночнымі. Нясе 4—6 яец. Зімуе ў Афрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛЕРАТЫНІЁЗЫ,
хваробы раслін, што выклікаюцца грыбамі, у цыкле развіцця якіх ёсцьсклероцыі. Найб. шкаданосныя белая гніль агуркоў, морквы, пятрушкі, сельдэрэю, лубіну, фасолі і інш. культур, рак канюшыны (гл.Рак раслін). На Беларусі пашыраны таксама С. азімых збожжавых, узбуджальнік якога (склератынія злакавая) пашкоджвае жыта, пшаніцу, цімафееўку, лісахвост і інш.
Паразіт заражае пасевы азімых увосень і зімуе ў тканках раслін у выглядзе грыбніцы. Вясной на лісці хворых раслін паяўляецца шараваты, камякаваты налёт міцэлію. Пазней унутры сцёблаў пад эпідэрмісам і каля асновы лісця ўтвараюцца склероцыі, якія ўвосень прарастаюць і заражаюць пасевы азімых.