МЁРТВАГА МО́РА РУ́КАПІСЫ,

пісьмовыя помнікі на іўрыце, арамейскай, грэч. і інш. мовах, знойдзеныя каля зах. ўзбярэжжа Мёртвага мора. Першыя М.м.р. знайшлі пастухі-арабы ў 1947. У ходзе археал. раскопак у 1940—60-х г. адкрыты шматлікія сховішчы стараж. рукапісаў на папірусе, скуры, медзі і інш. матэрыялах. Большая іх частка знойдзена ў Вадзі-Кумране у 11 пячорах. Яны датуюцца 2 ст. да н.э. — 68 н.э. Рэшткі рукапісаў складаюцца з больш чым 40 тыс. фрагментаў каля 800 твораў. Уключаюць дакананічныя спісы б.ч. кніг Старога Запавета, тлумачэнні біблейскіх тэкстаў, апакрыфічныя творы, а таксама дакументы гасп. дзейнасці, якія належалі радыкальнай іудзейскай секце — верагодна, секце есеяў. Найб. вядомыя помнікі: Статут, гімны, Дамаскі дакумент, скрутак вайны. Рукапісы пячораў Іудзейскай пустыні (Вадзі-Мурабаат і інш.) уяўляюць сабой дакументы гасп. дзейнасці канца 1 — пач. 2 ст. н.э. і архівы паўстання Бар-Кохбы 132—135; рукапісы Масады — апошняга ўмацавання іудзейскіх паўстанцаў у час Іудзейскай вайны 66—73 н.э. — уключаюць каля 800 надпісаў гасп. характару на чарапках (астраконах) на іўрыце і грэч. мове. Да М.м.р. адносяць таксама шэраг дакументаў ранневізант. і араб. перыядаў (4—8 ст.) на сірыйска-палесцінскай, грэч. і араб. мовах. Фрагментарнасць рэшткаў рукапісаў перашкаджае аднаўленню першапачатковых тэкстаў, таму значная іх частка не апублікавана.

Літ.:

Амусин И.Д. Рукописи Мертвого моря. М., 1960;

Яго ж. Находки у Мертвого моря. М., 1965;

Яго ж. Тексты Кумрана. М., 1971;

Лившиц Г.М. Происхождение христианства в свете рукописей Мертвого моря. Мн., 1967;

Старкова К.Б. Литературные памятники Кумранской общины. Л., 1973.

т. 10, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМЯ́НЦАЎСКІ ГУРТО́К,

група вучоных гісторыкаў і археографаў, якая ўпершыню ў гісторыі рас. навукі ў шырокіх маштабах пачала выяўленне і збор дакумент. помнікаў па гісторыі Расіі ў айчынных і замежных архівах і бібліятэках. Існаваў з 1810-х г. да 1826. Засн. ў Пецярбургу М.​П.​Румянцавым. Уваходзілі М.М.Бантыш-Каменскі, А.​Ф.​Маліноўскі, К.​Ф.​Калайдовіч, І.​І.​Грыгаровіч і інш. Амаль усе члены гуртка былі членамі Камісіі друкавання дзярж. грамат і дагавораў. На сродкі Румянцава і з яго дапамогай выдадзены падрыхтаваныя членамі гуртка археаграфічныя працы, летапісы, помнікі л-ры, даследаванні па гісторыі рус. і слав. народаў; «Збор дзяржаўных грамат і дагавораў» (т. 1—4, 1813—28), «Старажытныя расійскія вершы, сабраныя Кіршам Данілавым» (2-е выд., 1818), «Звесткі аб працах Швайпольта Фіёля, старажытнага славянскага друкаршчыка» (1820) — адно з першых рас. даследаванняў па гісторыі кнігадрукавання, «Іаан Экзарх Балгарскі» Калайдовіча (1824), «Помнікі расійскай славеснасці XII ст.» (1821) і інш. Члены гуртка цікавіліся таксама археалогіяй, нумізматыкай, этнаграфіяй, мовамі народаў Расіі. Вял. работу па зборы, вывучэнні і публікацыі дакументаў па гісторыі Беларусі праводзілі Грыгаровіч (падрыхтаваў «Беларускі архіў старажытных грамат», склаў «Слоўнік заходнерускай гаворкі») і Калайдовіч — аўтар навук. апісання і кароткага слоўніка бел. мовы. Намаганнямі членаў гуртка ў навук. ўжытак уведзены шматлікія дакументы і матэрыялы, сфармуляваны прынцыпы публікацыі гіст. крыніц і ўзоры іх навук. апісання, зроблены першыя спробы гіст.-літ. і лінгвістычнай распрацоўкі помнікаў. Гурток распаўся пасля смерці Румянцава.

Літ.:

Козлов В.П. Колумбы российских древностей. 2 изд. М., 1985.

С.​А.​Кузняева.

т. 13, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ДКІЯ І ЗНІКА́ЮЧЫЯ ВІ́ДЫ,

жывёлы і расліны, якія сустракаюцца ў невялікай колькасці, на абмежаванай плошчы і якім пагражае небяспека вымірання. Уключаюцца ў Міжнар. або нац. Чырвоныя кнігі, з’яўляюцца ахоўнымі жывёламі і ахоўнымі раслінамі. Для аховы і ўзнаўлення папуляцый Р. і з.в. выдзяляюцца прыродныя тэр. з розным рэжымам аховы — запаведнікі, нац. паркі, заказнікі і г.д., прымаюцца заканадаўчыя акты на нац. і міжурадавых узроўнях, заключаюцца міжнар. пагадненні.

Паводле класіфікацыі, прапанаванай у Чырв. кнізе МСАП, усе Р. і з.в. для вызначэння стану папуляцыі і аховы падзелены на 5 катэгорый: 1-я — знаходзяцца пад пагрозай знікнення і выратаванне іх немагчыма без ажыццяўлення спец. мер; 2-я — колькасць адносна высокая, але хутка скарачаецца; 3-я — колькасць стабільная, але невысокая, могуць знікнуць пры неспрыяльных зменах асяроддзя; 4-я — колькасць і стан не вызначаны; 5-я — адноўленыя, але не падлягаюць прамысл. выкарыстанню, за папуляцыямі неабходны пастаянны кантроль.

На Беларусі пад уплывам антрапагенных фактараў за апошнія 100—150 гадоў зніклі шматлікія расліны і жывёлы, у т. л. ядрушка духмяная, рабчык рускі, адоніс вясновы, шпажнік балотны, лён жоўты, сярэднееўрап. лясны кот, хахуля, ружовы пелікан, коўпіца, стрэпет, бялуга, балт. і рус. асятры, кумжа, ласось, сіг і інш. У Чырвоную кнігу Беларусі (выд. ў 1993) уключаны 182 віды жывёл, 180 — раслін, 17 — грыбоў, 17 — лішайнікаў. Вял. колькасць Р. і з.в. жывёл Беларусі (асабліва птушак) маюць міжнар. і еўрап. ахоўны статус, занесены ў Чырв. кнігу МСАП, у т. л. белавежскі зубр, сапсан, вяртлявая чарацянка, белавокі нырок.

В.​І.​Кіцікаў.

т. 13, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЧРАЗВЁРСТКА, харчовая развёрстка,

сістэма нарыхтовак с.-г. прадуктаў у Сав. Расіі ў перыяд грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22, ч. палітыкі «ваеннага камунізму» і адна з праяў харчовай дыктатуры. Выклікана неабходнасцю забяспечваць харчаваннем прамысл. цэнтры і Чырв. Армію ва ўмовах харч. крызісу і нежадання сялян добраахвотна прадаваць хлеб па цвёрдых (фіксаваных) цэнах за грошы, абясцэненыя інфляцыяй. Ажыццяўлялася з 2-й пал. 1918 у Вяцкай, Калужскай, Тульскай, Віцебскай губ., дэкрэтам СНК ад 11.1.1919 пашырана на інш. губерні. Яе правядзенне ўскладалася на харчкамы, харчармію, харчатрады і мясц. Саветы. Паводле Х. сялян абавязвалі здаваць дзяржаве ўсе лішкі хлеба і інш. прадуктаў па цвёрдых цэнах. Фактычна ўлады забіралі ў сялян і ч. неабходнага ім харчу. У большасці выпадкаў харчы забіралі бясплатна (пазычалі) або за абясцэненыя папяровыя грошы. Такія рэквізіцыі побач з недахопам прамысл. тавараў шырокага ўжытку выклікалі масавую незадаволенасць сялян і іх выступленні супраць сав. улады. Нягледзячы на спробы ўлад ускласці ўвесь цяжар Х. на заможных сялян, б.ч. збожжа давалі найб. шматлікія серадняцкія гаспадаркі. Такія сілавыя метады нарыхтоўкі вялі да ўтойвання збожжа і скарачэння пасяўных плошчаў. З 1916 пасяўныя плошчы на Беларусі скараціліся на 36,5%, а ў асобных паветах Гомельскай губ. — на 51%. Пасля заканчэння грамадз. вайны захаванне Х. выклікала ўзмацненне супраціўлення сялян, абвастрыла паліт. становішча. У сак. 1921 Х. заменена харчпадаткам.

Літ.:

Гимпельсон Е.Г. «Военный коммунизм»: политика, практика, идеология. М., 1973;

Кабанов В.В. Крестьянское хозяйство в условиях «военного коммунизма». М., 1988;

Павлюченков С.А. Крестьянский Брест, или Предыстория большевистского нэпа. М., 1996.

А.​В.​Юнцэвіч.

т. 16, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІЯТЭРАПІЯ І КУРАРТАЛОГІЯ

Фізіятэрапія. Першы фізіятэрапеўтычны кабінет на Беларусі арганізаваны ў 1916, хоць асобныя даследаванні ўплыву фіз. фактараў на арганізм чалавека праводзіліся і ў 19 ст. (Я.​А.​Наркевіч-Ёдка і інш.). З адкрыццём Бел. інстытута фізіятэрапіі (1924) даследаванні набылі сістэмны характар, а фізіятэрапеўтычная служба пачала фарміравацца як галіна практычнай медыцыны. У наш час фізіятэрапеўтычную дапамогу (святлолячэнне, электра-, магніта-, механатэрапію, вода- і бальнеалячэнне, інгаляцыйную тэрапію і інш.) аказваюць у фізіятэрапеўтычных аддзяленнях, якія функцыянуюць ва ўсіх лячэбна-прафілактычных і санаторна-курортных установах Беларусі. Штогод лячэнне атрымліваюць больш за 5 млн. хворых.

Курарталогія (уключае ў сябе бальнеалогію, бальнеатэрапію, кліматалогію і клімататэрапію, таласатэрапію і курартаграфію) фарміравалася паступова, а курортныя фактары з лячэбнымі мэтамі доўгі час выкарыстоўваліся бессістэмна і эмпірычна. Вывучэнне мінеральных крыніц Беларусі пачалося ў 18 ст. У 1778 С.​Элі даследаваў і апісаў Шклоўскую серна-жалезістую крыніцу, у 1786 А.​Меер-Міхееўскі — крыніцу пад Крычавам. Некалькі мінеральных крыніц выявіў В.​М.​Севяргін. Рэгулярнае выкарыстанне мінеральных вод пачалося ў 1-й пал. 19 ст., першы курорт засн. ў 1855 каля в. Баркоўшчына на беразе Доўжыцкага возера (існаваў да Вял. Айчыннай вайны). Сістэматычнае і планавае асваенне курортных фактараў у рэспубліцы пачалося ў 1920-я г. Уклад у іх вывучэнне і развіццё санаторна-курортнай справы зрабілі І.​П.​Антонаў, П.​В.​Астапеня, М.​Ф.​Казлоў, І.​В.​Казлоўскі, Я.​Ф.​Калітоўскі, Э.​С.​Кашыцкі, А.​В.​Кудзельскі, Л.​Х.​Хасін, Б.​В.​Шалькевіч і інш. У 1925 адкрыты санаторый «Баркоўшчына», у 1934 — Барысаўскі санаторый, у 1936 — Бабруйская курортная лячэбніца. У пасляваенны час праводзілася мэтанакіраваная разведка мінеральных вод і лячэбных гразей і на іх базе ствараліся санаторна-курортныя ўстановы: санаторыі «Нарач» (1963), «Крыніца» (1966), «Лётцы» (1964) і інш. Адначасова пашыралася сетка дамоў адпачынку, санаторыяў-прафілакторыяў і інш. санаторна-курортных устаноў. У наш час на Беларусі функцыянуе 71 санаторый і пансіянат з лячэннем, 109 санаторыяў-прафілакторыяў і 15 дамоў адпачынку, у якіх штогод папраўляюць здароўе больш за 500 тыс. чалавек.

Навук. даследаванні па фізіятэрапіі і курарталогіі праводзяцца пераважна ў Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі; на кафедрах фізіятэрапіі, курарталогіі і мед. рэабілітацыі ў Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі; у мед. універсітэтах. Бел. вучонымі адкрыты і вывучаны шматлікія крыніцы мінеральных вод і лячэбных гразей, даследавана эфектыўнасць фізіятэрапеўтычных метадаў і курортных фактараў у прафілактыцы хвароб, лячэнні і рэабілітацыі хворых; распрацаваны шматлікія метады лячэння фізічнымі фактарамі, вывучаны фізіка-хім. і лекавыя ўласцівасці прыродных фактараў, прапанаваны дзесяткі фізіятэрапеўтычных апаратаў. Найб. значны ўклад у развіццё фізіятэрапіі і курарталогіі зрабілі Г.​Е.​Багель, В.​А.​Кобрык, Д.​А.​Маркаў, Л.​А.​Пірагова, У.​С.​Улашчык і створаная ім бел. фізіятэрапеўтычная школа. Спецыялісты ў галіне фізіятэрапіі і курарталогіі аб’яднаны ў Бел. навук. мед. таварыства фізіятэрапеўтаў і курартолагаў (засн. ў 1948, з 1948 старшыня Маркаў, з 1976 Улашчык). З мэтай укаранення навейшых дасягненняў у галіне фіз. і курортнай тэрапіі ў мед. практыку праводзяцца нарады таварыства і яго філіялаў у абласцях, канферэнцыі, семінары. Асновы фізіятэрапіі і курарталогіі выкладаюцца ў вышэйшых і сярэдніх мед. навучальных установах. Падрыхтоўку і ўдасканаленне ўрачоў па фіз. і курортнай тэрапіі праводзіць створаная ў 1977 кафедра фізіятэрапіі і курарталогіі Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Літ.:

Кашицкий Э.С., Улащик В.С. Курортные факторы Белоруссии. Мн., 1977;

Шалькевич Б.В., Хасин Л.Х. Курорты и места отдыха Белоруссии. Мн., 1984;

Улащик В.С. Популярная физиотерапия. Мн., 2003;

Улащик В.С., Лукомский И.В. Общая физиотерапия. Мн., 2003.

У.​С.​Улашчык.

т. 18, кн. 2, с. 577

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ РЫ́ТМЫ, біярытмы,

цыклічныя ваганні інтэнсіўнасці і характару біял. працэсаў і з’яў, уласцівыя амаль усім жывым арганізмам (ад аднаклетачных да чалавека), ізаляваным органам і тканкам, асобным клеткам. Біялагічныя рытмы накіраваны на падтрымку гамеастазу і адаптацыі, адлюстроўваюць цячэнне часу ў біялагічных сістэмах. Класіфікацыя біялагічных рытмаў заснавана на паняцці цыкла (паслядоўнасці станаў са зваротам да зыходнага) і часу паміж станамі сістэмы, якія паўтараюцца (даўжыні перыяду); яна ўключае дыяпазон перыядаў ад мілісекунды да некалькіх гадоў. Адрозніваюць 5 класаў біялагічных рытмаў: рытмы высокай частаты, ад доляў секунды да 30 мін (асцыляцыі на малекулярным узроўні, рытмы скарачэння сэрца, дыханне, перыстальтыка кішэчніка); рытмы сярэдняй частаты, ад 30 мін да 28 гадз, у т. л. ультрадыянныя (да 20 гадз) і цыркадыянныя, ці калясутачныя (20—28 гадз), якія звязаны з вярчэннем Зямлі вакол восі; мезарытмы: інфрадыянныя (28 гадз — 6 дзён) і цыркасептальныя (каля 7 дзён); макрарытмы з перыядам ад 20 дзён да аднаго года; мегарытмы з перыядам у гады і дзесяткі гадоў. Біялагічныя рытмы класіфікуюць таксама па ўзроўнях арганізацыі біясістэмы: клетачныя, органавыя, арганізмавыя, папуляцыйныя. Біялагічныя рытмы раслін праяўляюцца ў сутачным руху лісця, пялёсткаў, сезонным адраўненні парасткаў, якія зімуюць. Біялагічныя рытмы жывёл выяўляюцца ў перыядычнасці рухальнай актыўнасці, тэмпературы, сакрэцыі гармонаў, праліферацыі клетак, сінтэзе РНК, утварэнні рыбасом і інш. Вызначаны рытмы адчувальнасці клетак, тканак, органаў і арганізма да дзеяння фактараў хім. і фіз. прыроды. З парушэннем часавай арганізацыі фізіял. функцый звязаны шматлікія паталагічныя працэсы. Біялагічныя рытмы вывучае біярытмалогія.

Літ.:

Биологические ритмы: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1984;

Хронобиология и хрономедицина. М., 1989.

А.​С.​Леанцюк.

Да арт. Біялагічныя рытмы. Сярэдняя працягласць некаторых рытмічных працэсаў арганізма чалавека.

т. 3, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з 20.8.1941 да 26.11.1943 у г. Гомель і прыгарадзе пад кіраўніцтвам Гомельскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б. Аб’ядноўвала больш за 40 груп (каля 400 чал.). Найб. актыўныя групы: на падшыпнікавым (кіраўнік В.​І.​Сухаў), паравозавагонарамонтным (М.​В.​Півавараў) з-дах, паравозным дэпо (А.​Ц.​Брыкс), чыг. вузле (Ф.​С.​Варонін), лесакамбінаце (М.​Д.​Жызнеўскі, Р.​М.​Каралёў), тлушчакамбінаце (Е.​І.​Каленікаў), у пашпартным стале (Н.​Я.​Заўгародні), у Навабеліцы (А.​В.​Мацвіенка, Ф.​С.​Кусцін, В.​Ц.​Папоў). Адной з першых пачала дзейнасць група Ц.С.Барадзіна, члены якой наладзілі друкаванне антыфаш. лістовак, бланкаў дакументаў, правялі шэраг дыверсій, перадавалі сав. ваеннапалонным у лагер адзенне, прадукты, лістоўкі, арганізоўвалі іх уцёкі. У ліст. 1941 створаны аператыўны цэнтр для каардынацыі дзейнасці падп. груп, наладжана сувязь з Гомельскім камсамольска-маладзёжным падполлем. Падпольшчыкі вялі антыфаш. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі сав. газеты і зводкі Саўінфармбюро, уладкоўвалі сваіх людзей у акупацыйны апарат, учынялі дыверсіі на прадпрыемствах, чыгунцы і інш. месцах. Выкарыстоўваючы звесткі падпольшчыкаў, сав. авіяцыя рабіла налёты на скопішчы варожых войск, ваен. тэхнікі ў Гомелі, Рэчыцы, Жлобіне. У маі 1942 і лютым 1943 фашысты правялі шматлікія арышты і расстрэлы. За час акупацыі загінуў кожны трэці падпольшчык Гомеля. Барадзіну, І.П.Кожару і Е.І.Барыкіну прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У Гомелі на магілах падпольшчыкаў пастаўлены помнікі, на пл. Працы запалены Вечны агонь.

Літ.:

Кожар И.П., Рудак А.Д., Романовский В.Ф. Сильные духом // Герои подполья. 2 изд. М., 1970. Вып. 2;

Михайлашев Н.А. Невидимый фронт // Неман. 1968. № 2;

Рудак А.Д. Экзамен на зрелость. Мн., 1981.

Л.​В.​Аржаева.

т. 5, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць калій. Найб. пашыраныя К.з. — солі неарган. кіслот. Большасць з іх бясколерныя крышт. рэчывы, добра растваральныя ў вадзе. Амаль 90% прадуктаў перапрацоўкі прыродных К.з. (сільвін, сільвініт, каініт) выкарыстоўваюць як мінеральныя ўгнаенні.

Калію галагеніды: брамід KBr, ёдыд К.І. выкарыстоўваюць для вырабу святлоадчувальных фотаматэрыялаў і ў медыцыне; хларыд KCl — найб. пашыранае з калійных угнаенняў. Калію гексацыянафераты (II, III): гексацыянаферат (II) K4[Fe(CN)6]3H2O (жоўтая крывяная соль), гексацыянаферат (III) K3[Fe(CN)6] (чырв. крывяная соль) — крышталі адпаведнага назве колеру. Выкарыстоўваюць як рэагенты ў аналіт. хіміі: жоўтую крывяную соль — пры вырабе пігментаў, фарбаванні шоўку, у вытв-сці цыяністых злучэнняў, ферытаў, каляровай паперы, для утылізацыі радыеактыўнага цэзію. Таксічныя. Калію дыхрамат (хромпік) K2Cr2O7 — аранжава-чырв. крышталі. Моцны акісляльнік. Выкарыстоўваюць у запалкавай прам-сці, піратэхніцы. Таксічны: растворы разбураюць скурнае покрыва. Калію карбанат (паташ) K, CO3, выкарыстоўваюць у вытв-сці вадкага мыла, тугаплаўкага і хрусталёвага шкла. Калію нітрат KNO3 выкарыстоўваюць як угнаенне (гл. Калійная салетра), для вырабу чорнага пораху і піратэхн. саставаў, у вытв-сці запалак, шкла, для кансервавання мясных прадуктаў. Калію перманганат KMnO4 — цёмна-фіялетавыя крышталі, раскладаюцца з вылучэннем кіслароду пры т-ры вышэй за 240 °C. Выкарыстоўваюць як акісляльнік у арган. сінтэзе, антысептычны сродак у медыцыне. Калію сульфат K2SO4 утварае шматлікія падвойныя солі, у т. л. галын. Выкарыстоўваюць як бясхлорнае калійнае ўгнаенне і для атрымання інш. солей калію. Калію хларат (берталетава соль) KClO3, моцны акісляльнік. Выкарыстоўваюць у вытв-сці выбуховых рэчываў, запалак, для атрымання кіслароду ў лабараторных умовах. Каліюцыянід (цыяністы калій) KCN выкарыстоўваюць для цыянавання і ў гальванатэхніцы. Высокатаксічны: выклікае ўдушша ў выніку паралічу тканкавага дыхання.

А.​П.​Чарнякова.

т. 7, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЭ́ЛА (позналац. capella, італьян. cappella капліца),

1) у архітэктуры — каталіцкая ці англіканская шліца ў выглядзе невял. збудавання або памяшкання для богаслужэнняў, малітваў адной сям’і, захавання рэліквій і інш. Будавалася асобна (Сіксцінская капэла) ці размяшчалася ў храмах (у бакавых нефах ці вакол хораў — «вянок капэл» у гатычнай архітэктуры), замках, палацах.

2) У музыцы — харавы выканальніцкі калектыў. З 15 ст. К. наз. царк. хары, што спявалі без суправаджэння (адсюль спевы a cappella). У 16—17 ст. з развіццём інстр. музыкі К. ператварыліся ў мяшаныя ансамблі або аркестры пры дварах магнатаў. Сярод буйнейшых К. — Сіксцінская капэла ў Ватыкане, імператарская Прыдворная пеўчая капэла (з 1990 Санкт-Пецярбургская акадэмічная капэла імя М.​І.​Глінкі). На Беларусі з 17 ст. існавалі К. пры дварах магнатаў і калегіумах, асабліва пашыраны ў 2-й пал. 18—19 ст. (гл. Прыгонныя аркестры і капэлы). У асноўным гэта былі аркестры з групай салістаў-вакалістаў, якія складаліся з замежных музыкантаў і прыгонных, падрыхтаваных у мясц. муз. школах. Найбольшыя з іх — Гродзенская капэла Тызенгаўза, Гродзенская капэла езуіцкай бурсы, Нясвіжская капэла Радзівілаў, Слонімская капэла Агінскага. Бел. харавыя прафес. К. 20 ст.: Беларуская дзяржаўная капэла, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь. Працуюць шматлікія самадзейныя, у т. л. народныя, хар. К. К. наз. таксама аркестры асаблівага складу (ваен. К., джазавая К., Кіеўская К. бандурыстаў), некат. сімф. аркестры (Дрэздэнская, Берлінская К. і інш.). У цэнтр. і зах. раёнах Беларусі «капэлямі» ці «аркестрамі» называюць нар. інстр. ансамблі вял. складу. К. наз. і творчыя маст. аб’яднанні, дзейнасць якіх накіравана пераважна на адраджэнне старадаўняй музыкі (гл. Дзяржаўная акадэмічная сімфанічная капэла Расіі, «Беларуская капэла», «Гродзенская капэла»).

т. 8, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБА́РДЫЯ (Lombardia),

гістарычная і адм. вобласць на Пн Італіі, самая вял. па плошчы і колькасці насельніцтва ў краіне. Уключае 9 правінцый: Бергама, Брэшыя, Варэсе, Крэмона, Кома, Мантуя, Мілан, Павія, Сондрыо. Пл. 23,8 тыс. км². Hac. каля 9 млн. чал. (1995). Адм. і прамысл. цэнтр — г. Мілан. На Пн Ламбардскія Альпы (выш. да 4049 м) і Перадальпы, астатняя ч. Паданская раўніна. Клімат пераходны ад міжземнаморскага да ўмеранага, у гарах умераны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Найб. эканамічна развітая вобласць Італіі. Прам-сць сканцэнтравана ў асн. у Мілане і яго прыгарадах: маш.-буд. (радыёэлектронная, электратэхн., выпуск энергасілавога абсталявання, станкоў, прылад, аўтамабіляў, самалётаў і інш.), хім. (мінер. ўгнаенні, фарбавальнікі, сінт. каўчук, пластмасы і інш.), тэкст., швейная, харчовая. Асноўны с.-г. раён краіны. Апрацоўваецца каля 1,5 млн. га, у т. л. каля 60% пад ворывам, каля 30% пад лугамі і пашай, 10% пад садамі і вінаграднікамі. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, рыс, кармавыя культуры, агародніну. Жывёлагадоўля пераважна малочнага кірунку. Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Развіты турызм. Шматлікія курорты, цэнтры зімовых і водных відаў спорту.

Стараж. назва Л. — Інсубрыя (ад назвы кельцкага племя інсубраў). У 2 ст. да н.э. заваявана Рымам. У 5—7 ст. н.э. на Л. нападалі остготы, Візантыя, лангабарды (адсюль назва Л.). З 8 ст. ў складзе імперыі Каралінгаў. З 10 ст. ў «Свяшчэннай Рымскай імперыі», у 11—13 ст. існавалі самакіравальныя гар. камуны, у 14—15 ст. усталяваліся тыранічныя рэжымы. Пазней належала ісп. і аўстр. Габсбургам, напалеонаўскай Францыі, з 1815 пад аўстр. панаваннем, уваходзіла ў склад Ламбарда-Венецыянскага каралеўства. З 1859 у складзе Італіі.

І.​Я.​Афнагель.

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)