ЖНІ́ВЕНЬ (ад слова «жніво»),

восьмы месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц лета на Беларусі. 15 Ж. працягласць дня ў Мінску 14 гадз 56 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам 50,3°, сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 478 МДж/м², радыяц. баланс дадатны (252 МДж/м²). На тэр. Беларусі сярэдняя т-ра паветра 15,5—18 °C, у 2-й пал. Ж. магчымы замаразкі на глебе (часам і ў паветры). Звычайна Ж. халаднейшы за ліпень, але прыкладна раз у 5 гадоў бывае наадварот. Адносная вільготнасць паветра ў Ж. не ніжэй за 70%, ападкаў 60—85 мм, у асобныя гады можа быць і больш (149 мм, Бабруйск, Жыткавічы, 1970) ці ападкі зусім не выпадаюць (Лепель, 1939). У сярэднім з ападкамі бывае 14—16 дзён. Частыя ліўневыя дажджы з моцнымі вятрамі выклікаюць паляганне збожжавых культур. У Ж. канчаецца жніво азімых, убіраюць яравыя, лён. З сярэдзіны месяца пачынаецца сяўба азімых жыта і пшаніцы. Даспявае садавіна, у разгары збор брусніц, касцяніц, чаромхі, ажыны. Ж. самы багаты месяц на грыбы. Паступова пачынаюць адлятаць у вырай птушкі: стрыжы, ластаўкі, зязюлі, івалгі, мухалоўкі, валасянкі, пліскі. Збіраюцца ў чароды шпакі, гракі. У канцы Ж. размнажаюцца змеі, яшчаркі, пачынаецца гон у казуль, нараджаюцца зайчаняты (другі прыплод).

т. 6, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХАРЭ́ВІЧ (Марыя Георгіеўна) (н. 28.11.1936, в. Навасёлкі Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1977). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1957, курс К.Саннікава). Працуе ў Нац. т-ры імя Я. Купалы. Актрыса яркаакрэсленага лірыка-драм. плана. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца логікай унутр. жыцця, душэўнай прыгажосцю, шчодрасцю, чысцінёй. Па-мастацку пераканаўча з творчым асэнсаваннем драматургічнага матэрыялу выканала ролі ў нац. рэпертуары: Ганны («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа), Зосі Савіч («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Наталлі Фадзееўны («І змоўклі птушкі» І.​Шамякіна), Ганны («Плач перапёлкі» паводле І.​Чыгрынава), Паліны Іванаўны («Апошні шанц» В.​Быкава), Галі Жураўкі («Пакуль вы маладыя» І.​Мележа), Ганулі Зношчыхі, Альжбеты («Тутэйшыя», «Паўлінка» Я.​Купалы); а таксама ў творах сав., рас., замежнай драматургіі: Камісара («Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага), Браент («Праўду! Нічога, акрамя праўды!!!» Д. Аля), Танкабіке («У ноч зацьмення месяца» М. Карыма), Варвары, Гурмыжскай («Навальніца», «Лес» А.​Астроўскага), Незнаёмай («Безыменная зорка» М.​Себасцьяна), Алены («Дзеці сонца» М.​Горкага), Марыі («Закон вечнасці» Н.​Думбадзе). Знялася ў кінафільмах «Чужая бацькаўшчына», «Я, Францыск Скрына», «Людзі на балоце», «Нядзельная ноч», тэлефільмах «Руіны страляюць», «Тартак», «Ясь і Яніна», «Хам» і інш. Удзельнічае ў тэлепастаноўках і радыёспектаклях («Рыбакова хата» паводле Я.​Коласа і «Хамуціус» А.​Куляшова), Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

М.Г.Захарэвіч.
М.Захарэвіч у ролі Алены.

т. 7, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФІГУРА́ЦЫЯ (ад лац. configuratio наданне формы, размяшчэнне),

1) абрысы, формы, знешні выгляд, а таксама ўзаемнае размяшчэнне, прасторавыя суадносіны якіх-н. прадметаў ці іх частак. Напр., К. воблакаў, К. крышталёў. 2)У астраноміі — бачнае становішча зоркі, планеты ці інш. на нябеснай сферы адносна Зямлі і Сонца. Гл. ў арт. Канфігурацыі планет.

3) У хіміі — канкрэтнае прасторавае становішча атамаў у малекуле хім. злучэння вядомай будовы; адно з асн. паняццяў стэрэахіміі. Разам з паняццем канфармацыі апісвае прасторавую будову малекулы.

К. малекулы змяняецца ў выніку рэакцый хімічных, перагруповак малекулярных, канфармацыйных пераходаў. Прасторавыя ізамеры з рознымі К. наз. канфігурацыйнымі ізамерамі. Адрозніваюць К. абсалютную і адносную. Абсалютная (стэрэахімічная) К. хіральнай малекулы (гл. Хіральнасць) вызначаецца становішчам пэўных замяшчальнікаў адносна цэнтраў упарадкаванасці ў малекуле, апісваецца пры дапамозе спец. стэрэахім. (R-S) наменклатуры хімічнай. Адносная К. вызначае канфігурацыйныя адносіны паміж элементамі хіральнасці, зыходзячы з іх параўнання паміж сабой; адрозніваюць унутры- і міжмалекулярнае параўнанне. Існуюць шматлікія сістэмы вызначэння адноснай К.: цыс-транс-К. (гл. Геаметрычная ізамерыя), D-L-К. (гл. Аптычная ізамерыя) і інш., што абумоўлена рознымі падыходамі да вызначэння правіл параўнання. Адносную К. ўстанаўліваюць рознымі хім. і фізіка-хім. метадамі, абсалютную — метадам рэнтгенаўскага структурнага аналізу. К. малекул улічваюць пры планаванні сінтэзу шматлікіх класаў прыродных злучэнняў — вугляводаў, пептыдаў і бялкоў, антыбіётыкаў, алкалоідаў і інш.

Т.​Т.​Лахвіч.

т. 8, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАША́РА (Міхась) (Міхаіл Антонавіч; 18.11.1902, хутар Падсосна Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. — 7.6.1976),

бел. пісьменнік. Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Быў інструктарам Бел. сялянска-рабочай грамады, рэдагаваў газ. «Наша воля». Зняволены ў віленскую турму на Лукішках. У 1945—49 працаваў у час. «Полымя», «Настаўніцкай газеце». Друкаваўся з 1927. У Вільні выдаў зб-кі вершаў «Малюнкі» (1928), «На сонечны бераг!» (1934), «Напрадвесні» (1935), «З-пад стрэх саламяных» (1937, канфіскаваны), паэм «Вяселле», «Смерць Кастуся Каліноўскага» (абедзве 1934), «Мамчына горка» (1936), п’есы «Вось тут і зразумей...» (1934), «Чорт з падпечча» (1935), «Лёгкі хлеб» (1936). Асн. пафас творчасці — пратэст супраць сац. і нац. ўціску, вера ў свабодалюбівыя сілы народа. Для творчасці 1920—30-х г. характэрна летуценнасць, маральны максімалізм, чуллівасць. Творы ваен. і пасляваен. гадоў склалі зб-кі «Беларусі» (1944), «Праз навальніцы» (1948), «Урачыстасць» (1952), «Мая азёрная краіна» (1962). Аўтар казак у вершах «Зязюльчыны слёзы» (1961), «Зелянушка і Кракатушка» (1964). У 1960—70-я г. працаваў пераважна як празаік: цыкл раманаў пра вызв. барацьбу ў Зах. Беларусі («Крэсы змагаюцца», 1966; «Сонца за кратамі», 1968; «Лукішкі», 1970; «Ішоў дваццаты год», 1973; «І прыйдзе час...», 1975), у якіх шырока выкарыстаў факты з аўтабіяграфіі.

Тв.:

Выбр. лірыка. Мн., 1945;

Выбр. тв. Мн., 1958;

Старонкі летапісу. Мн., 1975.

У.​А.​Калеснік.

М.Машара.

т. 10, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСАРО́ ((Pissarro) Каміль Жакоб) (10.7.1831, в-аў Сент-Томас, ЗША — 13.11.1903),

французскі жывапісец, адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму. Вучыўся ў майстэрні А.​Мельбі, Школе прыгожых мастацтваў і акадэміі Сюіса ў Парыжы (1855—61). Зазнаў уплывы Дж.​Констэбла, К.​Каро, Ж.​Ф.​Міле, у 2-й пал. 1880-х г. — неаімпрэсіянізму і пуантылізму. Майстар пейзажа, у якім праз сціплыя вясковыя ландшафты выяўляў паэзію і прыгажосць прыроды Францыі: «Дарога ў Раканкур», «Сена ў Марлі» (абодва 1871), «Уезд у вёску Вуазен» (1872), «Дарога з Жызора ў Пантуаз, снягі» (1873), «Узараная зямля», «Пейзаж у Пантуазё» (абодва 1874) і інш. З 1890-х г. звяртаўся і да адлюстравання жыцця гар. вуліц: «Вялікі мост, Руан», «Мост Буальдэ ў Руане, захад сонца» (абодва 1896), «Бульвар Манмартр у Парыжы» (1897), «Оперны праезд, эфект снегу», «Плошча Французскага тэатра, эфект дажджу» (абодва 1898), «Сад Цюільры, туман» (1900), «Царква Сен-Жак у Дзьепе» (1901) і інш. Творы вызначаюцца мяккасцю і багаццем колеравай гамы, тонкай перадачай святлаценю, эфектам празрыстасці і вільготнасці паветра. Працаваў таксама ў тэхніках акварэлі, малюнка, афорта і літаграфіі. Іл. гл. да арт. Імпрэсіянізм.

Літ.:

Юденич И.В. Пейзажи Писсарро в Эрмитаже. Л., 1963;

Герман М. Писсарро: [Альбом]. Л., 1973;

Камиль Писсарро: Письма. Критика. Воспоминания современников: Пер. с фр. М., 1974.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 12, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОСТ,

у некаторых рэлігіях устрыманне на пэўны перыяд ад прыняцця ўсякай ежы або асобных яе відаў; адзін з важных сродкаў царк. рэгламентацыі жыцця вернікаў, паглыблення іх рэлігійнасці. Напр., у праваслаўных у П. забараняецца скаромная ежа, асабліва мяса. Харч. забароны ўзыходзяць каранямі ў мінулае, калі ў выніку недахопаў прадуктаў харчавання людзі вымушаны былі самаабмяжоўвацца ў ежы. З часам гэтыя забароны атрымалі рэліг. санкцыю.

Існуюць шматдзённыя і аднадзённыя П. У праваслаўных П. займаюць каля 200 дзён у год. Вял. П., што папярэднічае Вялікадню, доўжыцца 7 тыдняў; пятроў П. — ад 8 да 42 дзён; прачысценскі — 2 тыдні і інш. Аднадзённыя П. прадпісваюцца вернікам па серадах і пятніцах, а таксама ў інш. дні года. На час П. забараняецца браць шлюб, удзельнічаць у свецкіх забавах. У католікаў П. не такі строгі, яны не прытрымліваюцца шматдзённых П., хворым і дзецям дазваляецца ўжываць малочныя стравы Шчыра посцяць у 1-ю сераду перадвелікоднага П., у пятніцу і на пярэдадні Прачыстай, у перадкалядны дзень (на 1-ю, ці посную, куццю). У мусульман важнае месца займае П. ураза, у час якога на працягу месяца рамазан забараняецца прымаць ежу ад усходу да захаду сонца. У іудзеяў побач з грамадскімі П. існуюць індывідуальныя — па зароку, у дзень шанавання памяці бацькоў.

т. 12, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ДЛІХ (Вера Паўлаўна) (12.4.1894, с. Мікалаеўка Сумскага р-на, Украіна — 21.2.1992),

расійская і бел. актрыса, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Расіі (1956). Праф. (1966). Вучылася ў тэатр. школе пры Маск. маст. т-ры (МХТ; 1914—17), у 2-й студыі МХТ. Працавала ў т-рах Яраслаўля, Уладзівастока, з 1932 рэжысёр, з 1943 гал. рэжысёр т-ра «Чырвоны факел» (Новасібірск). У 1960—65 рэжысёр Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі. Адначасова з 1960 выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це. Сцвярджаючы рэалізм у тэатр. мастацтве, дасягала глыбокай і тонкай характарыстыкі вобразаў, праўдзівага раскрыцця псіхалогіі і пачуццяў сцэн. герояў. Асаблівую ўвагу аддавала акцёрскай творчасці, цэласнасці ансамбля. Сярод лепшых пастаўленых спектакляў: «Зыкавы» (1944), «Апошнія» (1948) М.​Горкага, «Звычайны чалавек» Л.​Лявонава (1947), «Гамлет» У.​Шэкспіра, «Чайка» А.​Чэхава (абодва 1952), «Сяло Сцяпанчыкава» паводле Ф.​Дастаеўскага (1956), «Барабаншчыца» А.​Салынскага (1959) і інш.; у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі — «Дванаццатая гадзіна» А.​Арбузава, «Выгнанне блудніцы» І.​Шамякіна (абодва 1961), «Беспасажніца» А.​Астроўскага, «Вернасць» («Чорныя птушкі») М.​Пагодзіна (абодва 1962), «Паварот ключа» («Уладальнік ключоў») М.​Кундзеры (1963), «Антоній і Клеапатра» У.​Шэкспіра (1964), «Дзеці сонца» М.​Горкага (1965).

Літ.:

Баландин Л.А. В театр влюбленные. Новосибирск, 1981;

Бурьян Б.И. Судьба чужая — как своя. Мн., 1982.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 13, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРЫ́НКІН (Уладзімір Максімавіч) (н. 7.6.1939, г. Віцебск),

бел. паэт і перакладчык. Скончыў Рыжскі ін-т інжынераў грамадз. авіяцыі (1961). З 1961 працаваў у Мінскім аэрапорце, з 1970 у Бел. упраўленні грамадз. авіяцыі, у 1982—87 і 1992—99 у Саюзе бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1955. Першы зб. вершаў «Буслы над аэрадромам» (1969). Аўтар вянка санетаў «Вачэй тваіх паляны» (1980), паэм «Дарога ў неба» (1970), «Насустрач веку» (1971), «Сляпы дождж» (1974), «Высокае сонца» (1976), «Узнясенне» (1983), «Астральны знак Скарыны» (1986). Асн. тэмы яго твораў — маленства, апаленае вайной, любоў да роднай зямлі, яе гісторыі, роздум над складанымі праблемамі сучаснасці, пытанні духоўнасці. Піша для дзяцей (кнігі вершаў, скорагаворак і казак «Канікулярная ангіна», 1991; «Падарожжа ў Крайшарад», 1997; фантаст.-прыгодніцкія апавяданні «У карэце па белым свеце», 2000). На бел. мову пераклаў зб-кі вершаў М.​Рубцова «Рускі агеньчык» (1986), М.​Вінграноўскага «Украінскі прэлюд» (1999), паэму Дантэ «Боская камедыя» (1997, Нац. прэмія Італіі 1998; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 2000), паэму Дж.​Байрана «Прароцтва Дантэ».

Тв.:

Гукавы бар’ер. Мн., 1972;

Дазвольце ўзлёт. Мн., 1975;

Чацвёрты разварот. Мн., 1979;

Вугал атакі. Мн., 1983;

Пасадачныя агні. Мн., 1985;

Выратавальны плыт. Мн., 1988;

Размова на парозе. Мн., 1991;

Лосвіда. Мн., 1993;

Апошняе слова. Мн., 1994.

І.​У.​Саламевіч.

У.М.Скарынкін.

т. 14, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎ,

горад у Беларусі, цэнтр Браслаўскага р-на Віцебскай вобл., на паўн. беразе воз. Дрывяты. За 220 км ад Віцебска, 40 км ад чыг. ст. Друя на лініі Варапаева—Друя. 10,7 тыс. ж. (1995).

Упершыню ўпамінаецца ў летапісе Быхаўца і хроніцы М.​Стрыйкоўскага пад 1065. Летапісныя назвы Браславль, Браславль Завельски. З пач. 14 ст. велікакняжацкае ўладанне. У 15 ст. цэнтр Браслаўскага павета Віленскага ваяв. У 1500 атрымаў прывілей на магдэбургскае права, у 1792 — герб: у блакітным полі залатое сонца, на якім блакітны трохвугольнік з чалавечым вокам. У канцы 18 ст. мястэчка, цэнтр воласці Браслаўскага пав. (цэнтр павета г. Відзы). У 1793 утворана Браслаўскае ваяводства. У 1850-я г. ў Б. 220 ж., 60 двароў, у 1913 — 1550 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр павета Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, 4,9 тыс. ж. З 1940 Браслаў — цэнтр раёна Вілейскай вобл. З 27.6.1941 да 6.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў Браславе і раёне 5456 чал. Дзейнічала Браслаўскае патрыятычнае падполле. З 1944 у Полацкай, з 1954 у Маладзечанскай, з 1960 у Віцебскай абл. У 1969 — 4,6 тыс. ж.

Прадпрыемствы харч., лёгкай прамысловасці і сац.-быт. абслугоўвання. Браслаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Арх. помнікі 19 ст.: Браслаўская Мікалаеўская царква, Браслаўскі касцёл, калодзежны шацёр; археал. помнік — гарадзішча. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяраў фашызму.

Ваколіца Браслава.

т. 3, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕНЕ́РА»,

назва серыі савецкіх аўтам. міжпланетных станцый (АМС) для вывучэння Венеры і касм. прасторы, а таксама праграмы іх распрацоўкі і запускаў.

У 1961—83 запушчана 16 «Венер» («Венера-1» 12.2.1961; 20.5.1961 яна прайшла на адлегласці каля 100 тыс. км ад Венеры і выйшла на арбіту спадарожніка Сонца). Пачынаючы з «Венеры-3» АМС складаюцца з арбітальнага адсека і спускальнага апарата. «Венера-3» здзейсніла першы ў свеце палёт касм. лятальнага апарата на іншую планету (16.11.1965 стартавала, 1.3.1966 дасягнула паверхні Венеры). «Венера-4» правяла першыя прамыя даследаванні атмасферы Венеры (1967), «Венера-7» зрабіла першую мяккую пасадку на Венеру (1970). «Венера-4» — «Венера-8» вывучалі размеркаванне ціску, шчыльнасць, т-ру, хім. састаў атмасферы. «Венера-9» — першы штучны спадарожнік Венеры (першая здымка паверхні Венеры, 1975). «Венера-13» і «Венера-14» (1982) перадалі каляровыя панарамы месцаў пасадкі і даследавалі хім. састаў грунту. На «Венеры-15» і «Венеры-16» (1983) замест спускальнага апарата ўстаноўлены радыёлакатар, з дапамогай якога праведзена здымка паўн. паўшар’я Венеры: выяўлены горныя хрыбты, кратэры, пласкагор’і, разломы, шматлікія вынікі тэктанічнай актыўнасці планеты.

Н.​А.​Ушакова.

Да арт. «Венера». Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Венера-5»: 1 — панэль сонечнай батарэі; 2 — арбітальны адсек; 3 — датчык астраарыентацыі; 4 — датчык сонечнай арыентацыі; 5 — рухальная ўстаноўка для карэкцыі арбіты; 6 — мікрарухавікі сістэмы астраарыентацыі; 7 — лічыльнік касмічных часціц; 8 — блікаахоўны экран; 9 — востранакіраваная антэна; 10 — спускальны апарат.

т. 4, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)