КРАЯВЫ́ САКРАТАРЫЯ́Т ЦК КПЗБ,

цэнтральны кіруючы орган Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1924—37 (у 2-й пал. 1920-х г. называўся Краявое бюро ЦК КПЗБ). Працаваў у падполлі. Фактычна быў часткай Цэнтральнага Камітэта КПЗБ з 3—4 яго членаў, якія пастаянна знаходзіліся на нелегальнай рабоце ў Вільні, з канца 1920-х г. — у Варшаве. У склад сакратарыята зрэдку ўваходзілі кандыдаты ў чл. ЦК КПЗБ. Працаваў пад кіраўніцтвам Бюро ЦК КПЗБ, агульнае паліт. кіраўніцтва яго дзейнасцю ажыццяўляў Краявы сакратарыят ЦК КПП (знаходзіўся ў Варшаве). Кіраваў Цэнтр. краявой рэдакцыяй, Цэнтр. тэхнікай (падп. друкарні, распаўсюджванне л-ры), акр. к-тамі КПЗБ, ЦК КСМЗБ, ЦК МОПР Зах. Беларусі, некаторымі цэнтрамі бел. нац.-вызв. руху і іх легальнымі выданнямі, вёў парт. касу; падтрымліваў канспіратыўную сувязь з Прадстаўніцтвам ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б у Мінску. У розны час К.с. ЦК КПЗБ узначальвалі члены Бюро ЦК А.А.Альшэўскі, Л.Н.Аранштам, М.С.Арэхва, І.К.Лагіновіч (П.​Корчык), С.​Т.​Мілер, Л.М.Янкоўская; у яго склад уваходзілі члены Бюро і канд. ў чл. ЦК КПЗБ Я.​С.​Бабровіч, Р.​Д.​Вольф, М.І.Гурын-Маразоўскі, Г.М.Дуа, А.У.Канчэўскі, С.​М.​Малько, М.Л.Перавалоцкі, Ф.​Б.​Пірышка, А.​Х.​Раф, Л.І.Родзевіч, А.​М.​Розенштайн і інш.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 8, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛЛЁВА-БУДАЎНІ́ЧЫ КААПЕРАТЫ́Ў,

добраахвотнае аб’яднанне грамадзян з мэтай буд-ва жылых памяшканняў на ўласныя сродкі або з дапамогай крэдытаў, субсідый і інш. форм дзярж. падтрымкі. Кааператыў як юрыд. асоба — уласнік жылых памяшканняў у будынках Ж.-б.к. Яго члены маюць права ўласнасці толькі на паенакапленні ў кааператыве адпаведна ўнесеных сродкаў і кошту іх жылых памяшканняў, а права ўласнасці на жылое памяшканне — пасля аплаты яго поўнай вартасці і юрыд. афармлення гэтага права. Дзейнасць і кіраванне Ж.-б.к. рэгулююцца статутам, які прымаецца на ўстаноўчым сходзе. Вышэйшы орган кіравання — агульны сход, які выбірае праўленне, старшыню, рэвіз. камісію. Першыя Ж.-б.к. ўзніклі ў 19 ст. ў Зах. Еўропе. У БССР пачалі стварацца з 1921. У 1937 ліквідаваны, а іх дамы перададзены ў фонд мясц. органаў улады. Для паскарэння тэмпаў буд-ва ў адпаведнасці з рашэннем урада СССР у 1958 стварэнне Ж.-б.к. адноўлена. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. развіццё набыло новы ўзровень (могуць стварацца ў нарматыўна-явачным парадку, больш дэмакратычна праводзіць сваю дзейнасць і інш.). Развіццё Ж.-б.к. (пры ўмове дзярж. фін. падтрымкі) — адна з перспектыўных форм вырашэння жыллёвага пытання. Гл. таксама Жыллёвы фонд. У.​А.​Вітушка.

т. 6, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАПИ́СКИ СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНОГО ОТДЕ́ЛА РУ́ССКОГО ГЕОГРАФИ́ЧЕСКОГО О́БЩЕСТВА»,

часопіс, орган Паўн.-Зах. аддзела рускага геагр. т-ва. Выдаваўся ў 1910—14 у Вільні на рус. мове. Выйшлі кн. 1—4. Рэдактар Дз.​І.​Даўгяла. Асвятляў дзейнасць аддзела, публікаваў матэрыялы па этнаграфіі, фальклоры, геалогіі, археалогіі, гісторыі, геаграфіі і інш., змяшчаў рэцэнзіі і агляды л-ры. На старонках часопіса публікаваліся М.​Я.​Нікіфароўскі («Напаўпрыказкі і напаўпрымаўкі, якія ўжываюцца ў Віцебскай Беларусі», кн. 1—4), В.​В.​Іваноў («Сялянскае вяселле ў Віцебскай Беларусі», кн. 3), І.​А.​Сербаў («Па Дрыгавіцкай вобласці летам 1911 г.» і «Паездка па Палессі летам 1912 г.», кн. 3—4), М.​Я.​Белацаркавец [«Жніўныя песні ў Барысаўскім павеце (Мінскай губерні)», кн. 3], Б.​Сцепанец [Ф.​А.​Кудрынскі («Сялянскае вяселле ў Паўднёвым Палессі», кн. 1)], Даўгяла («Да гісторыі Паўночна-Заходняга аддзела», кн. 1—2), Е.​Р.​Раманаў («Старажытныя рускія прыказкі», «Па Гродзенскім Палессі», «Альбом мастака Д.​М.​Струкава як вынік экспедыцыі па Паўночна-Заходнім краі ў 1864 г.», кн. 1—3), С.​Ф.​Дабранскі («Масонскія ложы ў Літве», і «Нарысы з гісторыі масонства ў Літве», кн. 2, 4) і інш.

Г.​А.​Пятроўская.

т. 6, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З’ЕЗД НАРОДНЫХ ДЭПУТА́ТАЎ СССР, вышэйшы орган дзярж. улады ў СССР у 1989—91. Склікаўся 1 раз у год. Праведзена 5 з’ездаў, у т. л. 2 нечарговыя. На з’езд выбіралі 2250 дэп.: ад тэр. выбарчых акруг з роўнай колькасцю выбаршчыкаў 750, нац.-тэр. — 750, ад кожнай суверэннай рэспублікі — 32, аўт. — 11, аўт. вобласці — 5, аўт. акругі — 1; ад грамадскіх арг-цый —750 дэп. Дэпутаты разглядалі канстытуцыйныя, паліт., сац. і эканам. пытанні, выбіралі Вярхоўны Савет СССР, Прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта СССР, Старшыню Вярх. Савета СССР і яго 1-га намесніка, К-т канстытуцыйнага нагляду СССР; зацвярджалі Старшыню Вярх. суда СССР, Ген. пракурора СССР, Старшыню Вышэйшага арбітражнага суда СССР; прымалі рашэнні аб правядзенні ўсенар. галасавання (рэферэндуму). З’езд меў права адмяніць акты Вярх. Савета СССР. Акты з’езда (законы СССР і пастановы) прымаліся большасцю галасоў. На 3-м з’ездзе (15.3.1990) Прэзідэнтам СССР абраны М.С.Гарбачоў; з Канстытуцыі СССР скасаваны 6-ы арт. пра кіруючую ролю КПСС і аднапарт. сістэму. Апошні нечарговы з’езд (вер. 1991) аб’явіў пераходны перыяд для фарміравання новай сістэмы дзярж. улады. У снеж. 1991 у сувязі з дэнансацыяй Дагавора 1922 аб утварэнні СССР і стварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў саюзныя органы ўлады спынілі сваю дзейнасць.

т. 7, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІТАРАТУ́РНАЯ СТАРО́НКА»,

літаратурна-мастацкі часопіс; орган Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў Беларусі, дадатак да «Беларускай газеты». Выйшаў 1 нумар у студз. 1934 на бел. мове ў Вільні. Часопіс рыхтавалі В.​Таўлай і Я.​Патаповіч (Я.​Чабор). Змясціў дэкларацыю групы паэтаў [падпісалі Я.​Патаповіч, М.​Васілёк, А.​Рэдзька, П.​Граніт, П.​Пестрак (Звястун), А.​Іверс] да ўсіх пісьменнікаў Зах. Беларусі. З маст. твораў у ёй змешчаны: вершы «Заклік» і «Гэй, арліная мая сіла» М.​Патаповіча, «Я пішу, як магу», «Змяя, катору ўзгадавала» і «Пад гукі струн маёвых» Васілька, «Моладзі» Пестрака, «Вёска» Іверса, «Там, дзе шуміць каласістае гора» М.​Танка (дасланы ім з турмы Лукішкі), «А хто ў полі?» А.​Салагуба, «У вастрозе» А.​Леўскага, «Каваль» П.​Граніта, «Мы» Рэдзькі, «Што ты, Нёман, звіхраваўся?» М.​Ліста (В.​Камянецкага), «Акрыльвай думку ты сваю» Н.​Жальбы (А.​Бяленкі); арг. «На новым этапе» М.​Руніча; урывак з рамана «Кардыян і хам» («Нашто мужыкам школа?») Л.​Кручкоўскага; рэцэнзія (пад крыптанімам Фр. Гр.) «Мастацкая літаратура «Грамады» на аднайменны арт. Салагуба, надрукаваны ў час. «Полымя рэвалюцыі» (1933, № 1). Забаронены ўладамі Польшчы, яго тыраж канфіскаваны, найб. актыўныя супрацоўнікі арыштаваны. Адзіны экзэмпляр «Л.с.» зберагаецца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.

Літ.:

История белорусской советской литературы. Мн., 1977. С. 115—116.

С.​В.​Говін.

т. 9, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛЫН ВАДЗЯНЫ́,

мукамольны млын, які прыводзіўся ў рух энергіяй вады. Будаваўся на беразе ракі ці праточнага возера. Рабочы орган — пастаў з пары круглых апрацаваных камянёў з верт. воссю вярчэння; верхні камень прыводзіўся ў дзеянне ад вадзянога кола (сілай падаючай вады), у наплаўных М.в. (ставіліся на палі, паром ці баржу) — ад плыні (цячэння) вады.

Вядомыя са стараж. часоў (у краінах Усходу, Стараж. Грэцыі і Рыме), калі вынайдзенае для мэт арашэння вадзяное кала было прыстасавана круціць жорны. На Беларусі М.в. вядомы з часоў Кіеўскай Русі, найб. пашыраны ў 16—18 ст. (пераважна колавыя). У канцы 19 ст. пачалі выкарыстоўваць турбінныя М.в., у якіх замест кола ставілася вадзяная турбіна. Для млына звычайна рабілі зрубную, радзей каркасную прамавугольную ў плане пабудову на некалькі паверхаў, накрытую двух- або шматсхільным дахам з драніцы, гонты, саломы. У гарадах, некат. мястэчках, пры княжацкіх дварах, у манастырскіх вотчынах і буйных маёнтках М.в. будавалі з цэглы і каменю. Буйныя млыны часам абсталёўваліся абарончымі прыстасаваннямі, жылымі памяшканнямі, каморамі і крамамі. М.в., як і ветракі, выкарыстоўваліся да 1-й пал. 20 ст. (заменены млынамі спачатку з паравым, пазней з эл. прыводам). Захаваліся як помнікі нар. архітэктуры.

У.​М.​Сацута.

Млын вадзяны ў в. Вузла Мядзельскага раёна.

т. 10, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛЬТКЕ (Moltke) Старэйшы Гельмут Карл Бернхард

(26.10.1800, г. Пархім, Германія — 24.4.1891),

прускі і герм. ваен. дзеяч і тэарэтык. Вучань К.Клаўзевіца. Граф (1870). Ген.-фельдмаршал (1871), ген.-фельдмаршал рас. войск (1872). Скончыў кадэцкі корпус у Капенгагене (1818), Берлінскую ваен. акадэмію (1826). З 1819 у дацкай, з 1822 у прускай арміі. З 1833 у Генштабе. У 1836—39 ваен. саветнік у тур. арміі. У 1855 з дыпламат. місіяй наведаў Расію. У 1858—88 нач. прускага (з 1871 імперскага) Генштаба, які пад кіраўніцтвам М. ператварыўся у гал. орган падрыхтоўкі краіны і ўзбр. сіл да вайны. Ажыццявіў шэраг мерапрыемстваў па рэарганізацыі арміі. У час пераможных войнаў Прусіі з Даніяй (1864), Аўстрыяй (1866) і Францыяй (1870—71) нач. палявога штаба (фактычна галоўнакамандуючы герм. ўзбр. сіламі). Кіраваў стварэннем афіц. гісторыі франка-прускай вайны 1870—71 і займаўся распрацоўкай планаў адначасовых кампаній супраць Францыі і Расіі. У 1867—91 чл. рэйхстага ад партыі кансерватараў. Адзін з ідэолагаў герм. мілітарызму. У сваіх працах праводзіў думку пра непазбежнасць вайны і яе «цывілізуючую» ролю; прыхільнік тэорыі «маланкавай вайны».

Тв. : Рус. пер. — История германо-французской войны 1870—1871. М., 1937; Военные поучения: Оперативная подготовка к сражению. М., 1938.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 10, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА САВЕ́ТА МІНІ́СТРАЎ БССР ПРЫ САВЕ́ЦЕ МІНІ́СТРАЎ СССР (Пастпрэдства БССР),

орган сувязі БССР з урадам СССР. Знаходзілася ў Маскве. Створана паводле пастановы ВЦВК РСФСР у ліп. 1923. Палажэнне аб Пастпрэдстве БССР прынята ЦВК і СНК БССР у кастр. 1924 (новае Палажэнне — у 1948). Асн. задачы Пастпрэдства — правядзенне ў вышэйшых органах СССР прапаноў БССР, забеспячэнне ўдзелу БССР у дзейнасці органаў Саюза, абарона інтарэсаў рэспублікі ў складзе СССР, расшырэнне і ўмацаванне сувязей БССР з саюзнымі рэспублікамі і інш. Функцыі органа абмяжоўваліся пытаннямі, якія ў адпаведнасці з Канстытуцыямі СССР і БССР знаходзіліся ў распараджэнні БССР ці ў сумесным распараджэнні Саюза і рэспублікі (з 1924 т.зв. аб’яднаныя, з 1936 саюзна-рэсп. галіны кіравання). Аб’ём паўнамоцтваў Пастпрэдства ў розныя гады мяняўся ў залежнасці ад аб’ёму правоў БССР як саюзнай рэспублікі (іх звужэння або пашырэння). Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (27.7.1990) прадстаўніцтва стала называцца Пастаянным прадстаўніцтвам СМ БССРвер. 1991 Рэспублікі Беларусь) пры Кабінеце Міністраў СССР. Спыніла існаванне ў снеж. 1991 у сувязі з распадам СССР.

Літ.:

Крохоткин А.М. Постоянные представительства — органы связи Советов Министров союзных республик с Советом Министров СССР // Сов. государство и право. 1962. № 11.

А.​У.​Лібезін.

т. 12, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ САМАПО́МАЧ (БНС),

грамадская нац. арг-цыя на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Створана 22.10.1941 паводле загаду ген. камісара Беларусі В.​Кубэ. БНС узначальвалі І.​Ермачэнка, Ю.​Сабалеўскі. Кіруючы органЦэнтр. рада (Цэнтраль, складалася з 13 аддзелаў-рэфератаў), якой падпарадкоўваліся акруговыя, раённыя і валасныя аддзелы. Паводле статута, БНС ставіла сабе за мэту «памагаць пацярпелым беларусам ад ваенных дзеянняў, бальшавіцкага і польскага праследавання, памагаць адбудаваць зруйнаваны чужынцамі беларускі край, пашыраць і развіваць беларускую культуру». Займалася зборам грашовых і матэрыяльных каштоўнасцяў, прадуктаў харчавання, абутку і зімовай вопраткі, аказвала матэрыяльную дапамогу пацярпелым ад вайны. Кіраўнікі БНС імкнуліся надаць арг-цыі і паліт. функцыі, змяніць зацверджаны акупац. ўладамі статут. У сак. 1943 на з’ездзе Цэнтр. рады і акр. кіраўнікоў БНС прыняты мемарандум, які патрабаваў у ням. улад поўнай аўтаноміі Беларусі, стварэння бел. ўрада і бел. арміі. Падкрэслівалася, што «ўрад абвесціць аддзяленне Беларусі ад СССР і аб’явіць яму вайну як ворагу беларускага народа». Аднак гэта не спадабалася ням. адміністрацыі. У чэрв. 1943 БНС рэарганізавана ў Бел. самапомач, дзейнасць якой была абмежавана зборам ахвяраванняў, матэрыяльнай дапамогай, вярбоўкай новых членаў. У 1942 пры садзеянні БНС ствараўся Беларускі корпус самааховы. 1.3.1944 перададзена ў падпарадкаванне Беларускай цэнтральнай рады.

А.​М.​Літвін.

т. 2, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІСАРЫЯ́Т, Белнацком, Белнаком,

аддзел Нар. камісарыята па справах нацыянальнасцяў РСФСР. Існаваў з лют. 1918 да сак. 1919. Распачаў дзейнасць у Петраградзе паводле дэкрэта СНК РСФСР ад 13.2.1918. З сак. 1918 знаходзіўся ў Маскве. Меў аддзяленні ў Петраградзе, Смаленску, Віцебску, Саратаве. Складаўся з агітацыйна-паліт., культ.-асв., бежанскага, выдавецкага аддзелаў. Працаваў сумесна з беларускімі секцыямі РКП(б). Камісар А.​Р.​Чарвякоў (да мая 1918). Вёў паліт. і культ.-асв. работу сярод беларусаў на тэр. Сав. Расіі, браў на ўлік бел. арг-цыі і ўстановы, эвакуіраваныя ў час 1-й сусв. вайны, адкрываў бел. школы, клубы, выдаваў л-ру на бел. і рус. мовах. Заснаваў у Маскве Беларускі народны універсітэт, удзельнічаў у стварэнні Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве і Беларускага вольна-эканамічнага таварыства ў Петраградзе. Друкаваны органгаз. «Дзянніца». Прымаў удзел у падрыхтоўцы абвяшчэння БССР, у стварэнні Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.

Літ.:

Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;

Калубовіч А. «Айцы» БССР і іхны лёс // Калубовіч А. Крокі гісторыі. Беласток;

Вільня. Мн., 1993;

Скалабан В.В. Издательская деятельность Белорусского национального комиссариата (1918—1920 гг.) // История книги, книжного дела и библиографии в Белоруссии: (Сб. науч. тр.). Мн., 1986.

В.​У.​Скалабан.

т. 2, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)