ТРЫ́ЕР (ад франц. trier адбіраць, сартаваць),

машына для ачысткі насення асн. культуры ад дамешкаў і сартавання па даўжыні ачышчанага насення. Бывае часткай (рабочым органам) зернеачышчальных машын. Найб. пашыраны цыліндрычныя і дыскавыя Т.

Рабочы орган цыліндрычных Т. — ячэйкавыя цыліндры. У цыліндрах з дробнымі ячэйкамі (кукольных) адбіраюцца кароткія зярняты і дамешкі, у цыліндрах з ячэйкамі большага дыяметра (аўсюжных) — доўгія зярняты і дамешкі. Пры вярчэнні цыліндра адбываецца раздзяленне насення па фракцыях і ачыстка яго ад дамешкаў. Дыскавыя Т. найб. выкарыстоўваюцца на млынах і ў хлебапякарных пунктах. Ёсць спецыялізаваныя Т. — для кукурузы, лёну і інш.

В.​М.​Кандрацьеў.

Трыер: а — трыерны блок (1 — трыерны цыліндр, 2, 3 — размеркавальнікі пярэдні і задні); б — схема работы (1 — жолаб, 2 — цыліндр з ячэістай паверхняй, 3 — шнэк).

т. 15, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)