«ГАРЭ́ЛКА»,

бел. нар. гульня. Удзельнікі (колькасць не абмежаваная, але патрэбны няцотны лік) становяцца парамі ў адну калону. Хто застаўся без пары — вядучы. Ён ідзе ўперадзе калоны і прыгаворвае: «Гары, гары масла, каб не згасла. Званы звіняць, птушкі ляцяць. Апошнія ўздагон!». Пры слове «ўздагон» апошняя пара павінна выбегчы ўперад і ўзяцца за рукі. Вядучы стараецца іх апярэдзіць і схапіць каго-н. за руку. Хто застаецца адзін (без пары), становіцца вядучым, і гульня працягваецца.

Я.Р.Вількін.

т. 5, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЎЗЕ Файфель Ісакавіч

(15.4.1897, г. Слуцк Мінскай вобл. — 18.1.1990),

бел. юрыст. Д-р юрыд. н. (1965). Скончыў Харкаўскі ін-т нар. гаспадаркі (1921). У 1921—29 працаваў у Наркамаце юстыцыі і СНК БССР. З 1923 выкладаў у БДУ, Алма-ацінскім, Мінскім юрыд. ін-тах. У 1966—78 праф. БДУ. Даследаваў праблемы цывільнага і сямейнага права, гісторыю права БССР, кадыфікацыю права БССР.

Тв.:

: Да тэорыі гаспадарчага разліку. Мн., 1933;

Обязательственное право. Мн., 1968.

т. 5, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д ПЛАСТМА́САВЫХ ВЫ́РАБАЎ.

Створаны ў 1936 як арцель «Металабытрамонт». Вырабляў калёсы, падковы, конскую збрую, кухонны посуд, метал. тару, рамантаваў гадзіннікі, веласіпеды, матацыклы і інш. быт. тэхніку. У Вял. Айч. вайну эвакуіраваны ва Ульянаўскую вобл. У 1944 аднавіў вытв-сць. З 1966 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1996): пыласосы, шпрыцы аднаразовыя, гучнагаварыцелі рознапраграмныя, мэбля з лазы, вёдры і тазы, дзіцячыя цацкі, зубныя шчоткі і інш. тавары нар. ўжытку — усяго больш за 100 найменняў.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ДНІЦА,

1) у старажытнарускай архітэктуры вял. памяшканне ў княжацкім палацы або асобная пабудова, дзе жыла грыдзь (малодшая княжацкая дружына), прымалі гасцей, наладжвалі святочныя баляванні.

2) На Беларусі ў 16—18 ст. — жылы пакой для чэлядзі ў сядзібным доме або флігель, які злучаўся з панскімі пакоямі сенцамі, часам уключаў камору; асобныя жылыя будынкі ў традыцыях нар. жылля, з 1 або 2 жылымі пакоямі. Грыдніцай называлі таксама вял. жылыя пакоі ў манастырах, часам — курныя хаты пры корчмах.

т. 5, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУ́ТАРКА ДАНІ́ЛЫ СА СЦЯПА́НАМ»,

ананімны твор бел. л-ры сярэдзіны 19 ст. Упершыню апубл. П.В.Шэйнам у час. «Русская старина» (1886, т. 49). Напісана напярэдадні сялянскай рэформы 1861, у маст.-публіцыстычнай форме рэалістычна паказвала бяспраўнае жыццё сялянства, эксплуатацыю яго памешчыкамі. У творы выявіліся бунтарскія настроі сялянскіх мас. Сваё вызваленне яны спадзяюцца атрымаць ад «цара-бацюхны», але разумеюць, што цар заадно з панамі. Дэмакратызм, праўдзівасць, прастата і даходлівасць, жывая мова робяць твор яркім узорам нар. л-ры.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬРА́С,

Вальра (Walras) Мары Эспры Леон (16.12.1834, г. Эўрэ, Францыя — 5.1.1910), швейцарскі эканаміст, заснавальнік і буйнейшы прадстаўнік матэматычнай школы ў паліт. эканоміі. Праф. Лазанскага ун-та (1870—92). Родапачынальнік (з К.Менгерам і У.Джэвансам) гранічнай карыснасці тэорыі. Асн. твор — «Элементы чыстай палітычнай эканоміі» (ч. 1—2, 1883). Вальрас — стваральнік агульнай стат. мадэлі нар. гаспадаркі, вядомай пад назвай «сістэма агульнай эканамічнай раўнавагі», якая ахоплівала сферу вытв-сці, абмену, капіталу і грошай. У рэгуляванні працэсаў вытв-сці і спажывання адводзіў вял. ролю дзяржаве. У 1950—60-я г. мадэль Вальраса была пераўтворана сродкамі лінейнага праграмавання. Рацыянальны элемент яго мадэлі — пастаноўка экстрэмальнай задачы для нар. гаспадаркі (дасягненне макс. эфекту пры найменшых выдатках) і падыход да цэн як да састаўнога элемента пры адшуканні агульнага оптымуму. Ён лічыў, што «рэдкасць» таксама з’яўляецца элементам вартасці. Паслядоўнікі Вальраса — Г.Касель, А.Афтальён, І.Шумпетэр, В.Парэта.

Тв.:

Théorie mathématique de la richesse sociale. Lausanne, 1883;

Théorie de la monnaie. Paris, 1886;

Etude d’economie sociale, ou Théorie de la réparation de la richesse sociale. Lausanne;

Paris, 1896;

Etudes d’économie politique appliquée. Lausanne, 1896.

т. 3, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРНІКО́ЎСКІ Тодар Міхайлавіч

(1861, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 1930-я г.),

бел. грамадскі, паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў духоўных вучылішчы і семінарыі ў Мінску, тэхнал. ін-це ў Пецярбургу. Працаваў у Сял. пазямельным банку, Зах. экспедыцыі па асушэнні балот і арашэнні паўд. зямель, Мін-ве земляробства і дзярж. маёмасцей Рас. імперыі. У 1-й Дзярж. думе кансультант камісіі па зямельным паляпшэнні гаспадаркі ў Расіі. У 1917—18 скарбнік Мінскага бел. нар. прадстаўніцтва, чл. Рады БНР. Ва ўрадзе БНР на чале з Р.Скірмунтам — дзярж. скарбнік, на чале з Я.Серадой — нар. сакратар гандлю і прам-сці, гаспадаркі, дзярж. кантралёр. У 1919—20 чл. Бел. нац. к-та, старшыня бежанскага к-та і т-ва «Бацькаўшчына» ў Гродне, чл. Цэнтр. бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, скарбнік культ.-асв. т-ва «Заранка», адміністратар Бел. т-ра ў Мінску. Пасля 1921 у Вільні. У 1928—29 рэдактар газ. «Грамадзянін». У 1930 старшыня Бел. праваслаўнага к-та па беларусізацыі царквы. Адзін з арганізатараў культ.-асв. т-ва «Прасвета».

А.М.Сідарэвіч.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДУЭ́Н ДЭ КУРТЭНЭ́

(Baudouin de Courtenay) Іван (Ян Ігнацы Няцыслаў) Аляксандравіч (13.3.1845, г. Радзымін, Польшча — 4.11.1929),

рускі і польскі мовазнавец, заснавальнік казанскай і пецярбургскай лінгвістычных школ. Першы абгрунтаваў тэорыю фанемы і фанетычных чаргаванняў. Акад. Кракаўскай (1887), чл.-кар. Пецярбургскай АН (1897). Скончыў у 1866 Гал. школу (Варшаўскі ун-т). З 1875 праф. Казанскага, з 1883 Юр’еўскага, з 1894 Кракаўскага, з 1900 Пецярбургскага, з 1918 Варшаўскага ун-таў. Працаваў у галіне тыпалагічнага вывучэння моў і выкарыстання колькасных метадаў у лінгвістыцы, даследавання эвалюцыі мовы і ўліку псіхічных фактараў пры аналізе моўных з’яў; вывучаў жывыя нар. гаворкі. У славістычных даследаваннях разглядаў таксама пытанні бел. мовы. Погляды на яе выкладзены і ў рэцэнзіі на працу К.Ю.Апеля «Аб беларускай мове» (1880). Выступаў у абарону правоў нац. меншасцяў, у т. л. і беларусаў. Запісваў і друкаваў (з нотамі) бел. нар. песні («Беларуска-польскія песні з Сакольскага павета Гродзенскай губерні», 1892; «Дадатак да «Беларуска-польскіх песень з Сакольскага павета Гродзенскай губерні», 1895).

Тв.:

Избр. труды по общему языкознанию. Т. 1—2. М., 1963;

Dzieła wybrane. Т. 1—6. Warszawa, 1973—90.

т. 2, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛА́КІРАЎ Мілій Аляксеевіч

(2.1.1837, Ніжні Ноўгарад — 29.5.1910),

рускі кампазітар, піяніст, дырыжор, муз. дзеяч. З 1855 жыў у Пецярбургу. Пад яго кіраўніцтвам на пач. 1860-х г. сфарміравалася «Магутная кучка». Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў бясплатнай муз. школы ў Пецярбургу (1868—73 і 1881—1908), узначальваў Прыдворную пеўчую капэлу (1883—94). Аснова творчасці Балакірава — інстр. музыка (сімф. і фартэпіянная), пераважна праграмная, і рамансы. Паслядоўнік традыцый М.Глінкі, Балакіраў развіваў прынцыпы рус. эпічнага і нар. жанравага сімфанізму. Шырока выкарыстоўваў фальклор рус. і інш. народаў. Збіраў і вывучаў нар. песні («Зборнік рускіх народных песень. 40 песень для голасу з фп.», 1866).

Тв.:

2 сімфоніі (1897, 1908), 3 уверцюры, у тым ліку Уверцюра на тэмы трох рус. песень (1858), сімф. паэмы «Русь» («1000 гадоў», 1864, 2-я рэд. 1887), «У Чэхіі» («Чэшская уверцюра», 1867, 2-я рэд. 1905), «Тамара» (1882) і інш. для арк.;

2 канцэрты для фп. з арк.;

камерна-інстр. ансамблі;

фантазія «Ісламей» (1869), санаты і інш. для фп.;

хары, рамансы;

музыка да драм. спектакляў і інш.

Літ.:

М.А.Балакирев: Летопись жизни и творчества. Л., 1967.

т. 2, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АКАДЭ́МІЯ МАСТА́ЦТВАЎ

(БелАМ),

вышэйшая спецыяльная навучальная ўстанова. Засн. ў 1945 у Мінску як Бел. тэатр. ін-т, з 1953 Бел. тэатр. маст. ін-т, з 1991 — БелАМ. У 1995—96 навуч. г. ф-ты: тэатр., мастацкі, дызайну; 15 кафедраў, 624 студэнты, 120 выкладчыкаў, у тым ліку 12 прафесараў, дактароў навук. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1969, з 1993 асістэнтура-стажыроўка. Рыхтуе кадры для кіно і тэлебачання з 1984. З 1978 працуе студэнцкі тэатр, з 1985 — музей. Пры БелАМ дзейнічаюць Мінскае маст. вучылішча, Мінскі маст. ліцэй. Рэктары: М.А.Гурскі (1945—46), І.П.Прыс (1946—57), А.І.Бутакоў (1957—58), В.К.Цвірка (1958—60), П.В.Масленікаў (1960—64), В.А.Захараў (1964—68), Э.П.Герасімовіч (1968—84), А.В.Сабалеўскі (1984—89), В.П.Шаранговіч (з 1989).

Сярод выпускнікоў: нар. мастакі Беларусі А.Анікейчык, В.Грамыка, Л.Гумілеўскі, А.Кашкурэвіч, В.Шаранговіч, Л.Шчамялёў; засл. дзеячы мастацтваў Б.Герлаван, А.Бараноўскі, Г.Паплаўскі, І.Рэй, У.Савіч, Ю.Тур, У.Тоўсцік, У.Уродніч, І.Міско, С.Вакар, У.Маланкін; нар. артысты Беларусі Г.Аўсяннікаў, С.Акружная, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, А.Дубашынскі, Г.Дубаў, М.Захарэвіч, У.Куляшоў, Б.Луцэнка, В.Тарасаў, Т.Кокштыс, В.Раеўскі; пісьменнікі і мастацтвазнаўцы А.Дудараў, У.Клімовіч, Г.Марчук, М.Раманюк.

Літ.:

Вытокі творчасці: Беларуская акадэмія мастацтваў: [Альбом]. Мн., 1995.

Л.Я.Дзягілеў.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)