ПІ́ВА,

слабаалкагольны пеністы напітак з хмелевай гаркавасцю, які вырабляюць шляхам спіртавога браджэння піўнога сусла. Асн. сыравіна — ячменны піваварны солад (светлы, цёмны, карамельны, палены і інш.), хмель, вада, дрожджы. Для некат. гатункаў П. солад часткова замяняюць рысавай, кукурузнай ці ячменнай мукой, цукрам. П. мае ў сабе 5—7% алкаголю, 0,3—0,4% вуглекіслаты, 4—10% лёгказасваяльных вугляводаў, амінакіслоты, вітаміны, дубільныя і мінер. рэчывы і інш. Вызначаецца высокай каларыйнасцю (100 г — 1470—1890 кДж).

Асн. этапы піваварэння: прыгатаванне соладу, атрыманне піўнога сусла, браджэнне і выспяванне сусла, фільтраванне і разліў П. Для атрымання соладу ячмень замочваюць і прарошчваюць, у зернях адбываюцца складаныя біяхім. працэсы, узмацняецца ферментатыўная актыўнасць, утвараюцца прадукты гідролізу бялкоў, крухмалу, назапашваюцца араматычныя і смакавыя рэчывы. Зялёны солад высушваюць (у залежнасці ад т-ры і працягласці сушкі атрымліваюць цёмны ці светлы солад) і адбіваюць расткі. Гатовы сухі солад мае салодкі смак і характэрны пах. Для атрымання экстракту (піўнога сусла) солад здрабняюць, заціраюць з вадой, фільтруюць, вараць з хмелем, асвятляюць, астуджваюць. Піўное сусла зброджваюць спец. расамі дражджэй у брадзільных чанах 7—8 дзён. Даброджванне (вытрымка) зялёнага піва адбываецца ў зачыненых чанах пад ціскам вуглякіслага газу ў 0,5—0,7 атм, пры т-ры 0—2 °C 11—100 дзён. Гатовае П. фільтруюць і разліваюць.

Светлае П. вырабляюць з светлага соладу, яно мае пэўныя хмелевыя гаркавасць і пах. Цёмнае П. гатуюць з цёмнага соладу, для яго характэрна сярэдняя хмелевая гаркавасць і соладавы смак. На Беларусі вырабляюць светлыя гатункі П. («Лёгкае», «Крыніца», «Люкс», «Лідскае», «Народнае», «Світанак» і інш.) і цёмныя («Леў», «Портэр», «Спадчына», «Старажытнае», «Траецкае», «Чорны прынц» і інш.) Гл. таксама Піваварная прамысловасць.

Н.​М.​Котава.

т. 12, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧАЛА́ МЕДАНО́СНАЯ (Apis mellifera),

насякомае надсям. пчаліных атр. перапончатакрылых. «Грамадскія» насякомыя, жывуць пчалінымі сем’ямі. Пашыраны паўсюдна. Даюць мёд, пчаліны воск, пропаліс, пчаліны яд, пяргу, матачнае малачко.

Цела (даўж. да 15 мм. у маткі да 25 мм) мае хіцінавае покрыва, складаецца з галавы, грудзей і брушка. Мае 2 складаныя і 3 простыя вокі, якія добра адрозніваюць жоўты, сіні, сіне-зялёны, фіялетавы, пурпуровы колеры, ультрафіялетавае выпрамяненне, таксама формы прадметаў. Ніжнія сківіцы і губа пераўтвораны ў хабаток. У галаве і часткова ў грудзях размешчаны залозы — слінныя і тыя, што выпрацоўваюць лічынкавы корм (матачнае малачко). Задняя пара ног мае кошычкі, у якіх пчала можа несці да 40 мг пылку. На 3—6-м сегментах брушка знаходзяцца васковыя залозы. У канцы брушка ў маткі і рабочай пчалы ёсць орган абароны — джала, злучанае з дзвюма залозамі. якія выдзяляюць пчаліны яд. Органы стрававання: глотка, стрававод, мядовы валлячок (умяшчае да 65 мг нектару). сярэдняя кішка і задні аддзел. Корм дарослых пчол — мёд, пярга; матку ў час адкладвання яец кормяць матачным малачком. Да палавога размнажэння здольныя матка і трутні. У час вылету матка спароўваецца з некалькімі (5—9) трутнямі. Сперма захоўваецца ў арганізме маткі ўсё жыццё, але апладняюцца не ўсе яйцы. З аплодненых яец развіваюцца маткі і рабочыя пчолы, з неаплодненых — трутні. Ператварэнне поўнае.

Пчала меданосная: 1 — простыя вочкі; 2 — вусікі; 3 — складанае вока; 4 — язычок; 5 — першая пара ног; 6 — другая пара ног; 7 — кошычак; 8 — трэцяя пара ног; 9 — шчотачка; 10 — джала; 11 — брушка; 12 — заднія крылы; 13 — пярэднія крылы; 14 — грудзі; 15 — галава.

т. 13, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКАНУ́Р,

касмадром у Казахстане, у Карагандзінскай вобласці. Створаны ў 1955. Мае некалькі стартавых комплексаў, тэхн. пазіцый і вымяральных пунктаў. З Байканура запушчаны першы ў гісторыі чалавецтва штучны спадарожнік Зямлі (1957), здзейсніў палёт першы касманаўт Ю.​А.​Гагарын (1961); стартавалі пілатаваныя касм. караблі («Усход», «Узыход», «Саюз» і інш.), арбітальныя станцыі («Салют», «Мір»), шматлікія штучныя спадарожнікі Зямлі і міжпланетныя касм. апараты.

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АШЭ́Т»

(Hachette),

«Лібрэры Ашэт» (La Librairie Hachette), французскае акцыянернае т-ва па выданні і распаўсюджванні кніг і перыяд. друку. Створана ў 1919 у Парыжы на базе кнігавыдавецкай і гандл. фірмы Л.​Ашэта (засн. ў 1826). Выдае штодзённыя газеты «France-soir» («Вячэрняя Францыя»), «Paris-Presse-L’Intransigeant» («Незалежная парыжская прэса») і інш. Мае філіялы ў краінах Зах. Еўропы і Афрыкі.

т. 2, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАШЛАКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Захаравіч; нарадзіўся 27.4.1951, в. Баштан Гомельскага р-на),

бел. паэт. Скончыў Гомельскі ун-т (1973). Настаўнічаў. Друкуецца з 1968. Аўтар зб-каў лірыкі «Начны паром» (1987), «Дні мае залатыя» (1993), у якіх шчыра, з любоўю да роднага краю ўзнімае праблемы экалогіі, гіст. памяці, маралі. Паэма «Лілея на цёмнай вадзе» (1994) — балючыя радкі пра чарнобыльскую трагедыю.

т. 2, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАГРАПРАМТЭ́ХНІКА»,

рэспубліканскае аб’яднанне па вытворча-тэхн. абслугоўванні сельскай гаспадаркі Беларусі. Створана ў 1991 у Мінску. Мае 6 абл. падраздзяленняў і 118 раённых (Райаграпрамтэхніка). Для рамонту і абслугоўвання с.-г. тэхнікі ёсць спецыялізаваныя прадпрыемствы, вырабляе с.-г. тэхніку і тавары шырокага ўжытку. Выконвае работы па дагаворах з калгасамі і саўгасамі па рамонце аўтамотатэхнікі, механізацыі жывёлагадоўчых фермаў, трансп. абслугоўванні і інш.

т. 2, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ПРЫВА́ТНАЕ АГЕ́НЦТВА НАВІ́Н (БелаПАН),

інфармацыйнае агенцтва. Засн. прыватнымі асобамі ў кастр. 1991 у Мінску ў складзе аднайм. кампаніі. Супрацоўнічае з буйнейшымі сродкамі масавай інфармацыі Беларусі, Прыбалтыкі, Расіі, а таксама Польшчы, Чэхіі, Германіі, ЗША. Мае шырокую сетку ўласных карэспандэнтаў па ўсёй Беларусі, карэспандэнцкія пункты ў Вільні, Маскве і Кіеве. Падтрымлівае цесныя сувязі з укр. інфарм. агенцтвам УНІАН.

т. 2, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,

штомесячны навукова-тэарэтычны і грамадска-публіцыстычны часопіс. Выходзіць з кастр. 1991 у Мінску на бел. і рус. мовах. Знаёміць чытачоў з сучаснай навук., пед., грамадскай думкай па розных галінах ведаў. Мае пастаянныя раздзелы: «Навука», «Эканоміка», «Улада», «Паліталогія», «Суверэнітэт», «Духоўны свет», «Мараль», «Экалогія» і інш. На старонках часопіса выступаюць буйнейшыя бел. і замежныя вучоныя, дзеячы культуры, педагогі, палітыкі.

т. 2, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССИЯ»,

штотыднёвая грамадска-палітычная газета. Выдаецца з лют. 1995 у Мінску на рус. мове. Асвятляе грамадска-паліт. падзеі на Беларусі і за яе межамі, аналізуе эканам. становішча краіны. Закранае пытанні культуры, асветы. Друкуе матэрыялы на гіст., маральна-этычныя, сямейна-быт. тэмы. Мае рубрыкі: «Лёсы людскія», «Так і жывём», «Жанчыны Беларусі», «Побач з цікавым суразмоўцам», «Крымінал» і інш.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЭРМІ́ЧНАЯ Я́МА, Бекары яма,

збудаванне для абеззаражвання трупаў жывёл (акрамя тых, што загінулі ад сібірскай язвы). Будуецца з вільгацетэрмаўстойлівага матэрыялу, мае герметычную накрыўку і адтуліны для прытоку паветра, глыб. 9—10 м. Размяшчаецца біятэрмічная яма не бліжэй як за 1 км ад населеных пунктаў і вадаёмаў. З цягам часу ў ёй утвараецца аднародны кампост, прыдатны на ўгнаенне.

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)