сукупнасць складаных узаемаадносін жывых арганізмаў паміж сабой і з навакольным асяроддзем, у выніку якіх выжываюць і пакідаюць патомства найб. прыстасаваныя асобіны. Асн. палажэнні тэорыі барацьбы за існаванне распрацаваў англ. вучоны Ч.Дарвін (1859), які адзначыў вял. ролю гэтай з’явы ў эвалюцыі. Паводле Дарвіна, барацьба за існаванне — вынік, з аднаго боку, імкнення арганізмаў да бязмежнага размнажэння, з другога — абмежаванасці прыродных рэсурсаў, неабходных для існавання асобін дадзенага віду. Тэрмін «барацьба за існаванне» Дарвін прапаноўваў разумець у шырокім і метафарычным сэнсе: словам «барацьба» ён абазначаў канкурэнцыю, а словам «існаванне» — не толькі захаванне жыцця дадзенай асобіны, але і яе поспех ва ўзнаўленні патомства. Сав. вучоны І.І.Шмальгаўзен барацьбу за існаванне адносіў да гал. фактараў эвалюцыі. Асн. формы барацьбы за існаванне — гэта адносіны арганізмаў з фіз. ўмовамі жыцця, узаемаадносіны паміж асобінамі розных відаў (міжвідавыя), узаемаадносіны паміж істотамі аднаго віду (унутрывідавыя). Яны цесна пераплятаюцца паміж сабой. Важнейшай формай барацьбы за існаванне Дарвін лічыў унутрывідавую канкурэнцыю, паколькі асобіны аднаго віду маюць найб. блізкія жыццёвыя патрэбнасці. Вынікам барацьбы за існаванне на аснове спадчыннай зменлівасці арганізмаў з’яўляецца натуральны адбор, гал. фактар відаўтварэння. Сацыял-дарвінізм спрабаваў выкарыстаць канцэпцыю барацьбы за існаванне для тлумачэння і апраўдання супярэчнасцяў і канфліктаў у чалавечым грамадстве.
Літ.:
Современные проблемы эволюционной теории. Л., 1967;
Шмальгаузен И.И. Факторы эволюции. 2 изд. М., 1968;
Галл Я.М. Борьба за существование как фактор эволюции. Л., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,
міжнародная салідарнасць людзей розных нацый і рас, аснова іх сумеснага выжывання на планеце, узаемнага даверу, узаемаразумення, узаемапранікнення культур, каштоўнасцей, ведаў, тэхналогій. І. адмаўляе тэзіс пра існаванне «вышэйшых» і «ніжэйшых», «лепшых» і «горшых» народаў. У сучасным свеце І. знаходзіць сваё ідэйнае, паліт. і арганізац. афармленне ў выглядзе выяўлення салідарнасці інтарэсаў, мэт і дзеянняў, што практычна існуюць у кожным грамадстве. У 2-й пал. 19—20 ст. на сусв. грамадска-паліт. падзеі і на жыццё шматлікіх краін значны ўплыў аказваў І. міжнар. рабочага, сацыяліст. і камуніст. руху (тэарэт. распрацаваны ў працах К.Маркса, Ф.Энгельса і У.І.Леніна), што склаўся на аснове с.-д. і сацыяліст. руху, адыграў станоўчую ролю ў пашырэнні ў розных краінах свету сац. заканадаўства, у рэфармаванні некат. бакоў грамадскага жыцця, палітыкі, асветы. Актывізацыя міжнар. сувязей паміж ліберальнымі, кансерватыўнымі, клерыкальнымі паліт. партыямі і аб’яднаннямі пасля 2-й сусв. вайны суправаджаецца стварэннем адпаведных форм і прынцыпаў міжнар. салідарнасці. На працягу многіх дзесяцігоддзяў у свеце дзейнічаюць анархісцкія, фашысцкія, тэрарыст. арг-цыі, якія таксама кіруюцца сваімі кодэксамі І. У апошняй чвэрці 20 ст. інтэнсіўна фарміруецца экалагічны І., гал. змест якога — забеспячэнне шляхам развіцця эканам. свядомасці адзінства дзеянняў шматлікіх грамадска-паліт. аб’яднанняў, партый, а таксама ўрадаў з мэтай абароны прыроднага асяроддзя ад разбуральных уплываў сучаснай цывілізацыі. І. як прынцып міжнар. адзінства роўных суб’ектаў грамадска-паліт.жыцця супрацьстаіць касмапалітызму, а таксама нацыяналізму і этнацэнтрызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАНТЫЛІ́ЗМ (лац. infantilis дзіцячы ад infans які не гаворыць),
затрымка ў развіцці арганізма чалавека, захаванне ў дарослага марфал., фізіял. і псіхічных рысаў, уласцівых больш ранняму ўзросту. Выяўляецца ў нясталасці эмацыянальна-валявой сферы пры нармальным і нават паскораным фіз. і разумовым развіцці. Характэрнымі рысамі індывіда, якому ўласцівы І. (інфантыла) з’яўляюцца несамастойнасць рашэнняў і дзеянняў, адчуванне неабароненасці, капрызнасць, зніжаная крытычнасць у адносінах да сябе, розныя кампенсацыйныя рэакцыі (напр., фантазіраванне, што замяшчае рэальныя ўчынкі, эгацэнтрызм) і інш. Прычыны І.: інфекц. захворванні (туберкулёз, сіфіліс, малярыя, розныя паўторныя інфекцыі), інтаксікацыі, арган. захворванні, непаўнацэннае харчаванне, авітамінозы, дрэнныя гігіенічныя ўмовы жыцця, прыроджаныя канстытуцыянальныя асаблівасці. Адрозніваюць агульны І. (затрымка развіцця ўсяго арганізма) і частковы І. (затрымка ў развіцці асобных органаў і сістэм). Прыкметы: пры агульным І. захоўваюцца дзіцячыя прапорцыі, склад цела кволы, грудная клетка доўгая, вузкая, косці тонкія, сэрца маленькае, ціск крыві паніжаны, другасныя палавыя прыкметы выяўлены слаба, супраціўляльнасць інфекц. захворванням зніжана. Пры частковым І. вылучаюць псіхічны І. (няўстойлівасць настрою і ўвагі, лёгкая ўнушальнасць, крыўдлівасць, боязь новага, бесклапотнасць і легкадумнасць паводзін спалучаюцца з эгацэнтрызмам і дзіцячай патрабавальнасцю), палавы І. (мізэрная расліннасць пад пахамі і на лабку, у жанчын — недаразвіццё малочных залоз і маткі, месячныя нерэгулярныя, нярэдка бясплоднасць, у мужчын — недаразвіццё вонкавых і ўнутр. палавых органаў, прастаты, адсутнасць палавой цягі, парушэнне палавых функцый) і інш. Лячэнне; стварэнне спрыяльных умоў жыцця і лячэнне захворванняў, якія справакавалі І.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТУМБРЫ́ЗМ (ісп. costumbrismo ад costumbre нораў, звычай),
кірунак у літаратуры і выяўл. мастацтве Іспаніі і Лац. Амерыкі 19 ст. Узнік з цікавасці рамантыкаў да нар. побыту, стаў паваротам да рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці. Перадаваў уздым нац. самасвядомасці, імкненне да выяўлення асаблівасцей нар.жыцця, часта з ідэалізацыяй патрыярхальных нораваў і звычаяў. У літаратуры распрацоўваў пераважна жанр нарыса, развіваўся ў рамане, драматургіі, паэзіі. Прадстаўнікі ісп. К.: С.Міньяна (крытычныя нарысы «Лісты прастадушнага гультая», 1820), Р. дэ Месанера Раманас, М.Х. дэ Лара, С.Эстэбанес Кальдэрон, Х.Самоса, С.Лопес Пелегрын, М.Лафуэнтэ-і-Самальёа і інш. У 1843 пісьменнікі-кастумбрысты апублікавалі калектыўны зб. «Іспанцы, якія стварылі вобраз саміх сябе». У Лац. Амерыцы ўзнік у 1840-я г.: Х.Х.Вальеха (Чылі), Х. дэ Дзьёс Рэстрэпа, Т.Караскілья (Калумбія), Ф.Парда-і-Альяга, Р.Пальма (Перу), Х.Б.Маралес, М.Пайна, Г.Прыета (Мексіка). У выяўленчым мастацтве развіваўся ў графіцы і жывапісе краін Лац. Амерыкі. У яго аснове — імкненне да дакумент. дакладнага адлюстравання прыроды, характэрных рыс і маляўнічых асаблівасцей нар.жыцця і побыту, часта звязанае з навук. вывучэннем краіны. Часам этнагр. матывы ператвараліся ў ідылічныя жанравыя сцэны. Школы кастумбрыстаў склаліся на Кубе (В.П. дэ Ландалусе, Ф.Міяле), Калумбіі (Р.Торэс Мендэс), Аргенціне (К.Марэль), Уругваі (Х.М.Беснес-і-Ірыгоен), Чылі (М.А.Кара), Мексіцы (Х.А.Ар’ета) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЗКАЕў мастацтве,
эстэтычная катэгорыя, якая служыць для ацэнкі мізэрных з’яў быцця і маст. выяўлення бездухоўнасці ў грамадскім жыцці. У дачыненні да чалавечых учынкаў з’яўляецца крайняй ступенню агіднага і мае выразны маральна-этычны змест. Суадносіцца з камічным, процілеглае ўзнёсламу.
Для стараж., у т. л. антычнай, маст. свядомасці ўзнёслае і Н., як прыгожае і агіднае, мелі абс. характар, які пазбаўляў іх дынамікі і ўзаемапераходнасці. Сярэдневяковая хрысц. эстэтыка выпрацавала іерархію эстэт. каштоўнасцей: на яе вяршыні змяшчаўся боскі свет, а каля яе падножжа — нізкае матэрыяльнае быццё. Чалавек у гэтай іерархіі займаў прамежкавы стан, і ў яго душы адбывалася барацьба паміж узнёсла-духоўным і матэрыяльна-нізкім. Рэнесансавае мастацтва праўдзіва адлюстравала складанасць жыцця, у якім узнёслае і Н. нярэдка суіснуюць або мяняюцца месцамі. Тэарэтыкі класіцызму абгрунтоўвалі паняцце высокага і нізкага стыляў, якія былі маст. адпаведнікамі «высокага» (арыстакратычнага) і «нізкага» (простанароднага) ладаў жыцця. У л-ры крытычнага рэалізму значнае месца заняло праўдзівае выяўленне пачварных, нізкіх з’яў грамадскага быцця.
У гісторыі бел.маст. культуры катэгорыя Н. разам з камічным і агідным выявілася ў фальклоры, у чарадзейных казках. Фальклорны прыём травестацыі (зніжэнне афіц. высокага, перавод яго ў «матэрыяльна-цялесны план» па-майстэрску выявілі ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». В.Дунін-Марцінкевіч, пісьменнікі рэв.-дэмакр. кірунку (Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас і інш.) напоўнілі паняцце Н. глыбокім сац. гучаннем, выкарыстоўвалі яго для крытыкі негатыўных з’яў у жыцці грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРОДАКАРЫСТА́ННЕ,
сукупнасць усіх форм і відаў выкарыстання прыродных рэсурсаў, уздзеяння чалавецтва на геаграфічную абалонку Зямлі і мерапрыемстваў па захаванні прыродна-рэсурснага патэнцыялу ў грамадскай вытворчасці. Паводле накіраванасці і эфектыўнасці ўздзеяння на прыроду П. падзяляюць на рацыянальнае і нерацыянальнае. Рацыянальнае П. забяспечвае эканомную эксплуатацыю прыродных рэсурсаў і ўмоў, раўнавагу паміж эканам. развіццём грамадства і ўстойлівасцю навакольнага асяроддзя, захаванне здароўя людзей, ахову і ўзнаўленне эстэт. уласцівасцей ландшафтаў, урадлівасці глебы, чысціні паверхневых і падземных вод, расліннага покрыва, жывёльнага свету і інш. Нерацыянальнае П. выклікае зніжэнне якасці і спусташэнне прыродных рэсурсаў, узнаўленчых сіл прыроды, пагаршэнне і забруджванне навакольнага асяроддзя. Бывае таксама інтэнсіўнае П. — эксплуатацыя прыродных рэсурсаў з хуткасцю, блізкай да хуткасці іх самааднаўлення (для аднаўляльных рэсурсаў), або эксплуатацыя значнай ч. агульнага запасу неаднаўляльных рэсурсаў; і экстэнсіўнае П., калі аднаўляльныя прыродныя рэсурсы выкарыстоўваюцца з хуткасцю значна меншай, чым хуткасць іх самааднаўлення, а неаднаўляльныя — выкарыстоўваюцца ў нязначнай ч. ад іх агульнага запасу. Таксама П. — комплексны навуковы кірунак, які вывучае агульныя прынцыпы рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў грамадствам, узаемаадносіны паміж прыроднымі рэсурсамі і ўмовамі жыцця і дзейнасці чалавека, аптымізацыю гэтых адносін і мерапрыемствы па захаванні і ўзнаўленні асяроддзя жыцця. П. ўключае элементы прыродазнаўчых, грамадскіх і тэхн. навук, дзе гал. значэнне мае аналіз антрапагенных уздзеянняў на прыроду з пункту гледжання захавання прыроды і здароўя людзей. Гл. таксама Прыродаахоўныя нормы, Прыродных рэсурсаў кадастр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
характэрная для ўсіх жывых арганізмаў уласцівасць узнаўлення сабе падобных, якая забяспечвае бесперапыннасць і пераемнасць жыцця. Адрозніваюць 3 асн. формы: бясполае размнажэнне (у прасцейшых — дзяленне папалам, шызаганія, у вышэйшых раслін — з дапамогай спор), вегетатыўнае размнажэнне (у шматклетачных арганізмаў шляхам адасаблення ч. цела і аднаўлення іх ад цэлага індывідуума, пачкаванне) і палавое размнажэнне (двухполае, г.зн. у выніку апладнення, і аднаполае нявіннае — партэнагенез). З-за адсутнасці палавога працэсу бясполае і вегетатыўнае Р. часта мае агульную назву — бясполае Р., хаця прырода і паходжанне іх неаднолькавыя: пры бясполым Р. асобіна развіваецца з адной клеткі, не дыферэнцыраванай паводле полу, а пры вегетатыўным — новай асобіне даюць пачатак шматклетачныя зачаткі рознага паходжання. Палавому Р. шматклетачных папярэднічае ўтварэнне гамет (шляхам меёзу), якія зліваюцца пры апладненні ў зіготу, і спадчынная інфармацыя, што знаходзіцца ў ДНК храмасом, аб’ядноўваецца. На працягу жыцця Р. бывае аднаразовае (такія арганізмы наз. монацыклічнымі і звычайна прыносяць шматлікае патомства) і шматразовае (поліцыклічныя арганізмы менш пладавітыя). Для жыццёвага цыкла многіх відаў жывёл характэрна чаргаванне розных форм Р., якое спалучаецца з чаргаваннем марфалагічна розных пакаленняў: палавое і бясполае, двухполае і партэнагенез, двухполае і вегетатыўнае. Чаргаванне палавога (гаметафіт) і бясполага (спарафіт) пакаленняў бывае і ў раслін. На інтэнсіўнасць Р. ўплываюць умовы навакольнага асяроддзя — т-ра, даўж. светлавога дня, ежа і інш. У вышэйшых жывёл дзейнасць органаў Р. знаходзіцца пад кантролем нерв. сістэмы і эндакрынных залоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЯНАФІ́ЛЫ,
прадстаўнікі аднаго з кірункаў рас. грамадскай і філас. думкі 1840—50-х г., якія выступалі з абгрунтаваннем ідэі асаблівага, адметнага ад зах.-еўрап. шляху гіст. развіцця Расіі. Ідэйна супрацьстаялі заходнікам, якія сцвярджалі, што Расія павінна развівацца шляхам засвойвання зах.-еўрап.паліт. сістэмы, сац. ін-таў і эканам. ладу. Філас. канцэпцыю С., якая ўяўляла сабой рэліг.-філас. вучэнне, распрацоўвалі А.С.Хамякоў, Х.В.Кірэеўскі, К.С.Аксакаў, Ю.Ф.Самарын і інш. У аснове ідэй С. — гістарыясофскае абгрунтаванне самабытнасці Расіі і яе сац.-эканам. ўкладу, абвяшчэнне праваслаўя адзіна сапраўдным хрысціянствам. Паводле С., сапраўдная вера, што прыйшла на Русь з усх. царквы, абумовіла асаблівую гіст. місію рус. народа. С. ідэалізавалі дапятроўскую Русь, якая ўяўлялася ім гарманічным грамадствам без супярэчнасцей і ўнутр. канфліктаў, арган. адзінствам народа і ўлады. Паводле С., Пётр I парушыў гарманічнае развіццё Расіі, у выніку чаго дзяржава прэваліруе над народам, а інтэлігенцыя і дваранства пад уплывам зах.-еўрап. культуры адарваліся ад нар.жыцця. С. заклікалі інтэлігенцыю да збліжэння з народам, вывучэння яго жыцця, традыцый і культуры. Для эстэт. і літ.-крытычных поглядаў С. характэрна крытыка «чыстага мастацтва» і абгрунтаванне неабходнасці ўласнага шляху развіцця рус.маст. культуры. С. лічылі, што маст. творчасць павінна адлюстроўваць абшчыннасць, патрыярхальную ўпарадкаванасць нар. быту, рэлігійнасць рус. чалавека. Ідэі С. паўплывалі на развіццё рус.філас. і рэліг.-містычнай думкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯДУ́ЛЯ (Змітрок) (сапр.Плаўнік Самуіл Яфімавіч; 23.4.1886, в. Пасадзец Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 3.11.1941),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў яўр. пачатковай школе і духоўнай семінарыі. У 1912—15 у Вільні; працаваў у выдавецкім т-ве і газ. «Наша ніва». З 1915 — у Мінску, з 1920 працаваў у газ. «Савецкая Беларусь», час. «Зоркі», «Наш край». Уваходзіў у літ. аб’яднанне «Маладняк», пасля — ва «Узвышша». Першая публікацыя — абразок «Пяюць начлежнікі» («Наша ніва», 23.9.1910). Друкаваўся таксама ў час. «На берегах Невы» (Пецярбург) і «Молодые порывы» (Вільня). Першая кніга — зборнік лір. імпрэсій-мініяцюр «Абразкі» (1913), жанрава блізкіх да вершаў у прозе. У іх рамантычна-эмацыянальнае ўспрыманне жыцця, паэтызацыя бел. вёскі, яе побыту, асуджэнне сац. несправядлівасці. У рэаліст. апавяданнях Бядулі — праблемы бел. сялянства, яго сац. становішча («Пяць лыжак заціркі», «Умарыўся», «Злодзей», «Чараўнік» і інш.), нац. інтэлігенцыі, мастацтва, лёсу маладых талентаў у цяжкіх сац. і быт. умовах («На каляды к сыну», «Велікодныя яйкі» і інш.). Вастрынёй сац. тэматыкі вызначаліся таксама і вершы гэтага перыяду. Матывы смутку, тугі і роспачы ў вершах антываен. накіраванасці («Ад крыві чырвонай», «Вайна», «Не мы...», «І сотнямі тысяч» і інш.). 1920—30-я г. — перыяд ідэйна-творчага росту пісьменніка. Пашырэнне тэматычнага дыяпазону, імкненне да эпічнасці ў адлюстраванні складаных з’яў рэчаіснасці, каларытныя малюнкі жыцця і побыту бел. вёскі канца 19 — пач. 20 ст. выявіліся ў зб-ках паэзіі «Пад родным небам» (1922), «Буралом» (1925), «Паэмы» (1927), зб-ках апавяданняў «На зачарованых гонях» (1923), «Апавяданні» (1926), фалькл.-рамант. аповесці «Салавей» (1927), сац.-псіхал. рамане «Язэп Крушынскі» (кн. 1—2, 1929—32; 2-я напісана пад уплывам вульгарнага сацыялагізму), аўтабіягр. аповесцях «Набліжэнне» (1935) і «У дрымучых лясах» (1939). У яго творах — сучаснае і гіст. мінулае Беларусі, спалучаны рамант.-пафаснае адлюстраванне рэв. эпохі, эпохі прыгоннага права і сац. працэсаў грамадскага жыцця перыяду індустрыялізацыі і калектывізацыі вёскі. Выступаў як публіцыст, аўтар твораў для дзяцей, перакладчык. Даследаваў пытанні этнаграфіі і фальклору («Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных казках і песнях», 1924), пісаў літ.-крытычныя артыкулы, нарысы (кн. «Дзесяць», 1930).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫГА́Н (Ян) (Іван Аляксеевіч; 16.11.1905, в. Труханавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 18.9.1992),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1985). Вучыўся ў Слуцкім с.-г. тэхнікуме, БДУ (1928—32). У 1924—27 працаваў у слуцкай акруговай газ. «Вясковы будаўнік», заг.Нар. дома ў Расонах, у газ. «Чырвоная Полаччына», у 1933—36 у газ. «Літаратура і мастацтва». У 1936 рэпрэсіраваны, высланы ў Кемераўскую вобл. У 1946 вызвалены, працаваў на прамысл. прадпрыемстве ў г. Фергана (1946—48), у Эстоніі (1948—49). У 1949 зноў арыштаваны і высланы ў Сібір. Рэабілітаваны ў 1954. З 1955 працаваў у Дзярж. выд-ве Беларусі, з 1959 у час. «Полымя», у 1967—75 заг. рэдакцыі ў «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі». У 1975—85 адказны сакратар К-та па Дзярж. прэміях Беларусі ў галіне л-ры, мастацтва і архітэктуры. Літ. дзейнасць пачаў у 1924 з вершаў. Быў чл.літ. аб’яднанняў «Маладняк», «Літаратурна-мастацкая камуна». Першае апавяданне «Таіса» (1927) напісана пад уплывам прыгодніцка-рамант. тэндэнцый, характэрных маладнякоўскай прозе. Аповесць «Затока ў бурах» (1929) — гіст. і псіхал. праўдзівы малюнак з жыццябел. народа ў часы 1-й сусв. вайны і пазней. С. — адзін з пачынальнікаў бел. нарыса: «Новая зямля» (1929), зб-кі «Шугае сонца» (1930), «Недапісаны профіль» (1932). Зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1935) — сведчанне пашырэння ідэйна-тэматычных даляглядаў пісьменніка, замацаванне прынцыпу аўтабіяграфізму як гал. структурнага кампанента сюжэта, вытоку лірызму, сродку выяўлення асабістай далучанасці да сучаснасці. У зб-ках «Апавяданні» (1956), «Наталя» (1957), «Няпрошаная сляза» (1958), «Скажы адно слова» (1961) тэма захавання і памнажэння духоўных набыткаў чалавека. Памяць як гал. сувязны гісторыі вызначае змест і сюжэтна-кампазіцыйны лад кніг «Свая аповесць» (1964) і «Кругі» (1969) — уклад пісьменніка ў развіццё сучаснай маст.-дакумент. «спавядальнай» прозы. У зб-ках маст.-дакумент. артыкулаў і мемуараў «Ранішнія росы» (1965), «Некалькі хвілін чужога жыцця» (1979) постаці выдатных дзеячаў бел. л-ры, мастацтва і культуры ў злітнасці з эпохай і індывідуальнымі адметнасцямі. Лексічнае багацце, выкарыстанне скарбаў роднай мовы, інтанацыйная разнастайнасць фразы — характэрныя адзнакі стылю пісьменніка. Пісаў эсэ, маргіналіі, літ.-крытычныя арт. па пытаннях культуры творчасці, мовы. На бел. мову пераклаў раманы «Энергія» Ф.Гладкова, «Тры вымярэнні» Н.Агнёва, «Цусіма» А.Новікава-Прыбоя, «Выбранае» І.Буніна (1958), «Сустрэча з мінулым» К.Федзіна (1978), паасобныя творы А.Астроўскага, І.Бабеля, М.Булгакава, М.Горкага, А.Ганчара, Ю.Яноўскага, Э.Крустэна, Л.Промет, Ф.Тугласа, А.Упіта, Р.Ралана і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1976 за ўдзел у стварэнні Бел.Сав. Энцыклапедыі.
Тв.:
Выбр тв.Т. 1—2. Мн., 1975;
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1985.
Літ.:
Сабаленка Р. Пад дажджом і сонцам. Мн., 1966;
Гардзіцкі А. Дыялогі. Мн., 1968;
Андраюк С. Вывяраючы жыццём. Мн., 1976;
Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;
Жураўлёў В.П. Структура твора. Мн., 1978;
Смолкін М. Кругі жыцця: Літ. партрэт Янкі Скрыгана // Полымя. 1975. №11;
Васілевіч А. «Некалькі хвілін чужога жыцця...» // Там жа. 1980. №11;
Лялько Х. Тварыць хараство // Маладосць. 1985. №11.