НІЖНЕСІЛЕ́ЗСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,

наступальныя дзеянні войск 1-га Укр. фронту (каманд. Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) 8—24 лют.; частка стратэг. наступлення сав. войск у Еўропе ў студз.сак. 1945 у 2-ю сусв. вайну. Падрыхтавана ў ходзе завяршэння Вісла-Одэрскай аперацыі 1945. Мела на мэце: разгром процістаячай групоўкі праціўніка, выхад на рубеж р. Нейсе і захоп зручнага плацдарма для далейшага наступлення. У паласе наступлення абараняліся ням. 4-я танк. і 17-я арміі групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.палк. Ф.​Шорнер), корпус 9-й арм. групы армій «Вісла». Гал. ўдар сав. войскі наносілі з двух плацдармаў на Одэры — на Пн і на Пд ад Брэслаў (Вроцлаў). З левага фланга наносіўся трэці ўдар з плацдарма на ПдЗ ад Опельна (Аполе). У першы дзень наступлення 8 лют. сав. войскі прарвалі абарону праціўніка ў цэнтры і на правым флангу; на левым флангу дзейнічалі менш паспяхова і 10 лют. перайшлі да абароны. Гал. сілы разграмілі падыходзячыя рэзервы праціўніка і да 15 лют. паглыбіліся ў яго абарону на 60—100 км, занялі шэраг гарадоў Ніжняй Сілезіі, акружылі буйныя ням. гарнізоны, якія пазней былі ліквідаваны. Да 24 лют. войскі фронту выйшлі на р. Нейсе на адну лінію з войскамі 1-га Бел. фронту і занялі выгаднае аператыўна-стратэг. становішча для далейшага наступлення на Берлінскім напрамку. Верхнесілезская (Опельнская) групоўка ням.-фаш. войск, што супрацьстаяла фронту, ліквідавана ў ходзе Верхнесілезскай аперацыі 1945.

т. 11, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРДАМА́ЦКІ (Андрэй Пятровіч) (н. 14.1.1956, пас. Джар-Курган Сурхандар’інскай вобл., Узбекістан),

бел. сацыёлаг і філосаф. Д-р сацыёлаг. н. (1992), канд. філас. н. (1983). Скончыў БДУ (1978). З 1978 у БДУ, ін-тах філасофіі і права, сацыялогіі АН Беларусі, Бел. ін-це праблем культуры. З 1993 кіраўнік прыватнай даследчай лабараторыі аксіяметрычных даследаванняў «НОВАК» (новая аксіялогія). Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя праблемы аксіялогіі і паліт. сацыялогіі. Распрацаваў міждысцыплінарную канцэпцыю каштоўнасных арыентацый асобы і сац. групы (філас., культуралагічны, сацыялагічны і сац.-псіхал. аспекты). Аўтар манаграфіі «Аксіяметрыя — навука пра вымярэнне каштоўнасцей» (1992).

Тв.:

Моральная регуляция поведения личности. Мн., 1987.

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРДО́Н (франц. bourdon літар. густы бас),

1) бесперапыннае гучанне аднаго або некалькіх басовых гукаў нязменнай вышыні. Спалучэнне мелодыі з бурдонам — адна са стараж. формаў шматгалосся, уласцівая і бел. песеннаму і інстр. фальклору. Элементы бурдону захоўваюцца ў каляндарных і вясельных песнях некаторых раёнаў Палесся. У інстр. музыцы ўзнікае пры выкананні на варгане, дудзе, цытры, колавай ліры, скрыпцы, балалайцы і інш., што абумоўлена іх канструкцыяй — наяўнасцю адкрытых струн, бурдонных трубак і інш. Сустракаецца ў творчасці прафес. кампазітараў (арганны пункт).

2) Арганны рэгістр лабіяльнай групы сям’і флейтавых. Трубы метал., закрытыя з аднаго канца.

І.​Дз.​Назіна.

т. 3, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКАПЛА́Ў ПАЛА́СА (Pallasea quadrispinosa),

беспазваночная жывёла сям. гамарыдаў атр. бакаплаваў. Пашыраны на Пн Еўропы. Па тэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа арэала віду. Знойдзены ў азёрах Браслаўскай групы, Лукомскім, Доўгае (Глыбоцкі р-н). Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Цела даўж. да 3 см, аранжавае, дугападобнай формы, сціснутае з бакоў, складаецца з 18 сегментаў. Жыве ў алігатрофных і мезатрофных азёрах сярод вышэйшай воднай расліннасці. Корміцца арган. часцінкамі грунту, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі. Размнажаецца круглы год, найб. у асенне-зімовы перыяд. Каштоўны корм для рыб. На Беларусі ахоўваецца ў ландшафтным заказніку Міжазёрны (Віцебская вобл.).

Бакаплаў Паласа.

т. 2, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНЮ́К (Максім Антонавіч) (1895, в. Мацы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 30.7.1961),

ваенны дзеяч, ген.-лейт. (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). З 1915 у арміі, прапаршчык. З кастр. 1917 у Чырв. гвардыі, у грамадз. вайну пам. камандзіра палка, камандзір батальёна, Паўд. групы войскаў 5-й арміі, дывізій. Пасля вайны камандзір стралк. дывізій, нам. ген.-інспектара пяхоты Чырв. Арміі. Чл. ЦВК Узбекістана (1925), ЦВК БССР (1927). У Вял. Айч. вайну камандуючы 2-й, 3-й рэзервовымі і 48-й арміямі, групамі войск Ленінградскага фронту, на інш. камандных пасадах. Пасля вайны да 1947 нам. камандуючага войскамі Львоўскай ваен. акругі.

т. 1, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКЕ́СТР НАРО́ДНЫХ ІНСТРУМЕ́НТАЎ,

тып аркестра, нацыянальна спецыфічны паводле складу муз. інструментаў, характару гучання і спалучэння традыцый нар. інструменталізму і сімф. культуры. Першы аркестр народных інструментаў створаны ў 1896 В.​Андрэевым (Велікарускі аркестр). У 1930-я г. на яго ўзор арганізаваны аркестры ў Арменіі, Казахстане, Узбекістане і інш. У 1930 пачаў сваю дзейнасць Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.​І.​Жыновіча. Прафесіяналізацыя аркестра народных інструментаў абумовіла ўдасканаленне і ўтварэнне сем’яў тых інструментаў, якія склалі аснову іх пэўных нац. разнавіднасцяў (напр., бел. цымбалаў), пабудову аркестраў на ўзор сімфанічнага (падзел інструментаў на групы).

І.​Дз.​Назіна.

т. 1, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЫ́Т (ад прозвішча франц. вучонага Ж.​Б.​Біо),

мінерал класа сілікатаў з групы слюдаў, K(Mg,Fe)3[AlSi3O10](OH,Fe)2. Мае шмат розных прымесяў. Высокажалезісты біятыт наз. лепідамеланам, магнезіяльны — флагапітам.

Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, ліставатыя, лускаватыя. Колер чорны, карычневы, буры. Бляск шкляны. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 2,7—3,3 г/см³. Пародаўтваральны мінерал вывергнутых і метамарфічных горных парод; у пегматытах бываюць крышталі пл. да 7 м². У асадкавых пародах Беларусі трапляецца ўсюды. Выкарыстоўваецца для вызначэння абсалютнага ўзросту горных парод аргонавым і стронцыевым метадамі, вытв-сці змазак, бронзавай фарбы, электраізаляцыйных матэрыялаў, дэкар. цэменту, у аптычным прыладабудаванні.

Біятыт.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАНКІ́ ((Blanqui) Луі Агюст) (7.2.1805, Пюжэ-Тэнье, каля г. Ніцца, Францыя — 1.1.1881),

французскі рэвалюцыянер, камуніст-утапіст. Удзельнік рэвалюцыі 1830 і 1848. У 1835—39 арганізатар і кіраўнік тайных гурткоў «Т-ва сем’яў» і «Т-ва пораў года». У 1839 і 1870 беспаспяхова спрабаваў ажыццявіць пераварот у Францыі. Двойчы прыгавораны да смерці, 37 гадоў быў зняволены. Стваральнік канцэпцыі дыктатуры пралетарыяту; лічыў, што будучаму грамадству павінен папярэднічаць перыяд дыктатуры групы рэвалюцыянераў, якія шляхам адукацыі прывядуць народ да камунізму. Бланкізм зрабіў уплыў на рэв. рух інш. краін, у т. л. Расіі (гл. Народніцтва). Асн. твор. — «Сацыяльная крытыка» (т. 1—2, 1885).

т. 3, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУШНЫ́ ТЫФ,

вострая інфекц. хвароба чалавека з групы кішачных. Суправаджаецца пашкоджаннем лімфатычнага апарату і тонкага кішэчніка, бактэрыяльнай інтаксікацыяй, ліхаманкай, высыпкай. Узбуджальнік (палачка брушнога тыфу) трапляе ў арганізм з ежай, вадой, кантактна-быт. шляхам. Пасля інкубацыйнага перыяду (10—14 дзён) з’яўляюцца слабасць, дрыжыкі, страта апетыту, галаўны боль, бяссонніца, высокая т-ра, трызненне (тыфозны стан), затрымліваецца стул. На 8—9-ы дзень на скуры з’яўляецца высыпка — дробныя ружовыя кропкі, павялічваецца печань і селязёнка, назіраюцца парушэнні дзейнасці цэнтр. нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, кішэчніка, органаў дыхання. Ускладненні: кішачны крывацёк, прарыў сценкі кішэчніка, перытаніт. Пасля хваробы выпрацоўваецца ўстойлівы імунітэт. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 3, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́НСКІ (Антон Пятровіч) (10.6.1906, в. Андрэеўка Чамеравецкага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 14.6.1981),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, пісьменнік. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Камянец-Падольскую саўпартшколу (1926), курсы «Выстрал» (1945) і камандзіраў палкоў (1952). З 1928 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну выконваў спецзаданні ў тыле ворага, з кастр. 1941 камандзір дыверсійнага атрада, які дзейнічаў на чыг. Орша—Барысаў, на Брэсцкім, Баранавіцкім і Лунінецкім чыг. вузлах. З ліст. 1942 ствараў партыз. асобыя атрады і групы ў зах. абласцях Украіны, з 1943 камандзір партыз. злучэння асобага прызначэння. Аўтар кніг-успамінаў.

А.П.Брынскі.

т. 3, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)