АЎТАРЫТЭ́Т
(ням. Autorität ад лац. auctoritas улада, уплыў),
ідэйнае і сац.-псіхал. ўздзеянне адной асобы або групы (арг-цыі, партыі) на інш. асобу або групу, нават народ; адна з формаў ажыццяўлення ўлады. Аўтарытэт праяўляецца ў здольнасці яго носьбітаў (асоб, груп) уплываць, не прыбягаючы да прымусу, на паводзіны і погляды інш. людзей у якой-н. галіне дзейнасці або грамадскага жыцця ў цэлым. Уздзеянне носьбітаў аўтарытэту абумоўлена іх высокай кампетэнтнасцю, ведамі, вопытам, маральнымі якасцямі. У залежнасці ад сферы і спосабу ўплыву адрозніваюць аўтарытэт палітычны, маральны, рэліг. і інш. формы, у якіх аўтарытэт рэалізуецца, і сіла яго ўздзеяння залежаць ад узроўню развіцця культуры грамадства.
В.М.Пешкаў.
т. 2, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)