ГІДРАЭНЕРГЕ́ТЫКА (ад гідра... + энергетыка),

галіна энергетыкі, звязаная з выкарыстаннем мех. энергіі воднага патоку пераважна для выпрацоўкі электраэнергіі. Аснова гідраэнергетыкі — гідраэнергетычныя рэсурсы, якія адносяцца да ўзнаўляльных. Электраэнергія выпрацоўваецца на гідраўлічных электрастанцыях (ГЭС), акумулятыўных і прыліўных ГЭС. Гідраэнергетыка значна менш за інш. віды энергетыкі забруджвае навакольнае асяроддзе, аднак гідратэхн. збудаванні, асабліва плаціны, нярэдка выклікаюць парушэнне экалагічнай раўнавагі.

Са старажытнасці чалавек выкарыстоўвае энергію цякучай вады для прывядзення ў рух вадзянога кола на млынах — першых гідрасілавых установак, якія захаваліся да нашых дзён. Да вынаходства паравой машыны вадзяное кола было асн. рухавіком у вытв-сці на металургічных, лесапільных, ткацкіх і інш. прадпрыемствах. Новае значэнне набыла гідраэнергетыка ў 1-й пал. 19 ст., калі былі вынайдзены гідраўлічная турбіна, электрамашына і спосабы перадачы эл. энергіі на вял. адлегласці. У канцы 19 ст. пачалося асваенне гідраэнергіі на ГЭС у ЗША, Расіі, Германіі, гідраэнергетыка аформілася ў самаст. галіну энергетыкі. У 1913 устаноўленая магутнасць усіх ГЭС Расіі (іх было 78) не перавышала 35 МВт; у ЗША працавала ГЭС Адамс на Ніягарскім вадаспадзе магутнасцю 37 МВт. У 1-й пал. 20 ст. доля гідраэнергетыкі ў сусв. выпрацоўцы электраэнергіі хутка расла, але з 1960 пачала сістэматычна скарачацца.

У 1994 у свеце выпрацавана 12,1 трлн. кВтгадз электраэнергіі, з іх 17% на ГЭС. У некат. краінах доля воднай энергіі ў выпрацоўцы электраэнергіі можа быць значнай. Паводле некаторых даных яна можа быць большай за 90% у Парагваі, Нарвегіі, Гане, Бразіліі і інш. Сярод краін СНД адносна высокую долю ГЭС у вытв-сці электраэнергіі маюць Таджыкістан (97%) і Кіргізія (91%). На Беларусі гідраэнергетыка дае менш за 0,1% выпрацоўкі электраэнергіі (1995). Устаноўленая магутнасць 11 буйных ГЭС у сярэдзіне 1970-х г. дасягала 10 МВт, аднак з развіццём Беларускай энергетычнай сістэмы частка іх закансервавана і перастала дзейнічаць. Найб. значныя з дзеючых ГЭС: Асіповіцкая на р. Свіслач (2250 кВт), Чыгірынская на р. Друць (1500 кВт), Гезгальская на р. Моўчадзь (550 кВт), Лукомская на р. Лукомка (500 кВт). Устаноўленая магутнасць 9 дзеючых ГЭС 6,8 МВт, яны выпрацоўваюць 20 млн. кВтгадз электраэнергіі (1995).

В.​М.​Сасноўскі.

Да арт. Гідраэнергетыка. Чарвакская ГЭС на р. Чырчык у Узбекістане.

т. 5, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ, натуральныя рэсурсы,

кампаненты прыроды, якія выкарыстоўваюцца, ці могуць быць выкарыстаны ў якасці сродкаў вытворчасці і прадметаў спажывання для забеспячэння матэрыяльных і інш. патрэб чалавека; гіст. катэгорыя, звязаная з патрэбнасцямі і магчымасцямі грамадства, развіццём навукі і тэхнікі. Уключаюць сонечную радыяцыю, атмасферу, спрыяльныя кліматычныя ўмовы (т-ра паветра, ападкі), карысныя выкапні, глебы, водныя рэсурсы, натуральную расліннасць, жывёльны свет, ландшафты і інш. Маюць дваісты характар: паводле матэрыяльнай формы іх уласцівасці, генезіс і геагр. размеркаванне маюць прыродныя заканамернасці і вывучаюцца прыродазнаўчымі навукамі; паводле эканам. зместу вызначаюцца ўзроўнем даследаванасці, тэхн. магчымасцямі, сац.-эканам. мэтазгоднасцю выкарыстання. Паводле генезісу вылучаюцца мінер., водныя, зямельныя, біял., кліматычныя рэсурсы. Паводле вычарпальнасці П.р. падзяляюцца на вычарпальныя і невычарпальныя (энергія сонца, ветру, прыліваў і інш.). Вычарпальныя прадстаўлены рэсурсамі, якія ўзнаўляюцца (урадлівасць глебы, біяпрадукцыйнасць расл. і жывёльнага свету) і не ўзнаўляюцца (карысныя выкапні). Могуць пераходзіць з адной катэгорыі ў другую. Паводле магчымасці замены адных рэсурсаў інш. вылучаюцца замяняльныя (метал — пластмасай, керамікай і інш.) і незамяняльныя (атмасферны кісларод для дыхання і інш.); паводле эканам. папаўняльнасці (за кошт з’яўлення новых крыніц, новых тэхналогій) — папаўняльныя і непапаўняльныя рэсурсы. Энергетычныя рэсурсы таксама падзяляюцца на рэсурсы, якія ўдзельнічаюць у пастаянным звароце і патоку энергіі (сонечная і гравітацыйная энергія, зямны магнетызм і інш.), дэпаніраваныя (нафта, вугаль, прыродны газ, торф, гаручыя сланцы) і штучныя крыніцы энергіі (атамная, тэрмаядзерная). Вылучаюць асобна пазнавальна-інфарм. рэсурсы, якія дазваляюць людзям уявіць сучасны і мінулы стан прыродных і прыродна-антрапагенных утварэнняў; рэсурсы прасторы (тэрыторыі, прастораў водных і паветраных) і часу (запас часу, які можа быць выкарыстаны для вырашэння экалагічных праблем). Існуе тэрмін інтэгральны рэсурс планеты — сукупнасць усіх рэсурсаў Зямлі, які дае магчымасць больш поўна ацэньваць іх стан і наяўнасць. На Беларусі ёсць розныя П.р.: спрыяльныя для гаспадарання кліматычныя ўмовы і глебавае покрыва, каля 1/3 тэр. ўкрыта лесам, густая сетка рэк, вял. колькасць азёр, багатых рыбай, радовішчы калійных і каменнай солей, нафты, бурага вугалю, гаручых сланцаў, торфу, сапрапеляў, буд. матэрыялаў, мінер. і прэсных вод і інш.

В.​С.​Аношка.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОНХАЭКТАТЫ́ЧНАЯ ХВАРО́БА (ад бронхі + грэч. ekstasis расцяжэнне),

гнойна-запаленчая дэструкцыя бронхаў, што выклікае іх расшырэнне (бронхаэктазію), парушэнне функцый розных сістэм і органаў, інтаксікацыю. Бывае часовая і ўстойлівая, найчасцей у ніжняй долі левага лёгкага; можа быць двухбаковая. Адрозніваюць бронхаэктазы прыроджаныя і набытыя, лакалізаваныя і дыфузныя, цыліндрычныя, мяшэчкападобныя і пераходныя (верацёнападобнай формы). Прычыны ўзнікнення прыроджанай бронхаэктазіі — парушэнні развіцця бронхалёгачнай сістэмы ва ўлонні маці (могуць спалучацца з заганамі развіцця — заечая губа, стрэлападобнае паднябенне і інш.); набытай — бронхалёгачныя хваробы, закупорка бронха іншародным целам. Праяўляецца бронхаэктатычнай хваробы аднолькава незалежна ад этыялогіі: мокры кашаль са слізіста-гнойнай ці гнойнай макротай (можа мець непрыемны пах), іншы раз крывахарканне, болі ў грудзях, задышка (залежыць ад цяжкасці хваробы), зніжэнне апетыту, дэфармацыя грудной клеткі. Пры гнойнай інтаксікацыі фалангі пальцаў набываюць форму «барабанных палачак», а пазногці — «гадзіннікавых шкельцаў». Лячэнне комплекснае, з выкарыстаннем тэрапеўтычных, а пры неабходнасці хірург. метадаў.

Л.​Р.​Кажарская.

т. 3, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРЫФІКА́ЦЫЯ (ад лац. verus сапраўдны + facio раблю),

праверка, эмпірычнае пацвярджэнне тэарэт. палажэнняў навукі праз супастаўленне іх з аб’ектамі, за якімі вядзецца назіранне, фактычнымі данымі, эксперыментам; прынцып вызначэння навук. асэнсаванасці і ісціннасці выказванняў. Вылучана прадстаўнікамі лагічнага пазітывізму, сфармулявана аўстр. філосафамі М.Шлікам у працы «Усеагульная тэорыя пазнання» (1918) і Л.​Вітгенштэйнам у «Логіка-філасофскім трактаце» (1922); далей развіта ў працах Венскага гуртка. У аснове гэтага прынцыпу ляжыць тэзіс аб тым, што чалавечае пазнанне не можа выйсці за межы пачуццёвага вопыту, а ўсе веды можна звесці да «непасрэдна дадзенага» вяртання да нагляднага ўзроўню пазнавання і ігнаравання ідэальнага характару абстракцый. Усе навук. выказванні павінны задавальняць патрабаванне правяральнасці, або верыфіцыруемасці; любое меркаванне (гіпотэза) можа верыфіцыравацца, г.зн. яго ісціннасць можа быць даказана з дапамогай доследу або лагічнага доказу. У сучаснай л-ры верыфікацыя разглядаецца як вынік шматпланавых узаемаадносін паміж рознымі тэорыямі і данымі іх эксперыментальных праверак.

В.​М.​Пешкаў.

т. 4, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВУ́САЎ (Уладзімір Пракопавіч) (н. 1.1.1921, в. Слабодка Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1954). У 1954—83 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Аформіў мастацкія фільмы: «Палеская легенда» (1957), «Чырвонае лісце» (1958, абодва з А.​Грыгар’янцам), «Строгая жанчына» (1959), «Першыя выпрабаванні» (1960, з Ю.​Булычовым), «Апавяданні пра юнацтва» (1961), «Вуліца малодшага сына» (1962, з У.​Дзяменцьевым), «Рагаты бастыён» (1965), «Чужое імя» (1966), «І ніхто іншы» (1968), «Таму што кахаю» (1974), «Шлюбная ноч» (1980), «Дачка камандзіра» (1981, з У.​Чарнышовым), «Кантрольная па спецыяльнасці» (1982); тэлефільмы: «Побач з вамі» (1967), «Руіны страляюць...» (1973; Дзярж. прэмія Беларусі 1974), «Доўгія вёрсты вайны» (1975), «Лёгка быць добрым» (1976), «Антаніна Брагіна» (1978). Сярод жывапісных работ: «На рацэ» (1958), «На руінах» (1960), «Рэйкавая вайна» (1973), пейзажы «Апошнія дні зімы» (1988) і інш.

У.Белавусаў. Апошнія дні зімы. 1988.

т. 2, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ЎНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,

сінтаксічныя адзінкі ў форме слова ці спалучэння слоў, якія адыгрываюць асноўную ролю ў арганізацыі сказа. Да іх адносяцца дзейнік і выказнік 2-састаўнага сказа і галоўны член 1-састаўнага сказа. Дзейнік і выказнік сінтаксічна раўнапраўныя, узаемазалежныя, прадвызначаюць адзін аднаго і ў сваім аб’яднанні ўтвараюць структурную аснову сказа.

Могуць быць фармальна прыпадобненыя (каардынаваныя): «У небе звінелі жаваранкі» і непрыпадобненыя (некаардынаваныя): «Падрыхтаваць цікавы даклад — справа нялёгкая»; заўсёды цесна звязаны па сэнсе: «Грош цана такой рабоце». Паміж дзейнікам і выказнікам заўсёды існуюць прэдыкатыўныя адносіны; дзейнік звычайна абазначае прадмет, выказнік — адзнаку прадмета, паказвае на час яе выяўлення, суадноснасць выказвання з рэчаіснасцю. Галоўны член састаўнага сказа суадносіцца па форме з дзейнікам або выказнікам 2-састаўнага сказа, але адрозніваецца па значэнні: ён адзін фарміруе прэдыкатыўнае ядро, складае структурную аснову сказа («Раніца. Цішыня»; «Са смагі поўны п’ю карэц халоднага бярозавага соку»).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

Л.​І.​Бурак.

т. 4, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯЛО́Г (ад грэч. dialogos размова, гутарка),

размова паміж дзвюма або некалькімі асобамі; функцыянальная разнавіднасць вуснай мовы. Структура Д. не нарматыўная: памеры яго могуць быць самыя розныя, рэплікі ў ім — таксама (ад маналагічна разгорнутых да ўсечаных). Ужываецца ва ўсіх відах літ. творчасці. У прозе побач з аўтарскай мовай Д. выступае адным са сродкаў слоўнага жывапісу, выконвае характаралагічную ролю. У драме Д. — найважнейшы выяўл. сродак, пры дапамозе якога фарміруецца і развіваецца дзея, выяўляюцца характары. Драматургічны Д. удасканальваўся на працягу многіх стагоддзяў, набыў выключнае багацце «інструментоўкі»: разарванасць, дэфармаванасць знешнелагічных сувязей паміж рэплікамі, іх амбівалентнасць, шматгалоссе (перапляценне рэплік многіх персанажаў), падтэкст і інш. Д. вядомы і як самаст. публіцыст. і філас. жанр («Федр» Платона, «Размова гетэр» Лукіяна, «Размова вольных муляраў» Г.​Э.​Лесінга, «Пляменнік Рамо» Д.​Дзідро, «Сын і маці» Я.​Купалы і інш.). У пераносным сэнсе Д. — перагаворы, свабодны абмен думкамі, напр., паліт. Д.

т. 6, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІНА́НТА [ад лац. dominans (dominantis) пануючы] у фізіялогіі часовы пануючы ачаг узбуджэння ў ц. н. с., які ахоплівае адзін ці некалькі цэнтраў і вызначае характар рэакцый арганізма ў адказ на вонкавыя або ўнутр. раздражняльнікі. Вучэнне аб Д. як агульным прынцыпе работы нерв. цэнтраў, сфармуляваў А.А.Ухтомскі (1911—23). Д. вылучаецца высокай устойлівай узбудлівасцю, здольнасцю прыцягваць, акумуляваць і падсумоўваць сігналы, што паслядоўна паступаюць, а таксама тармазіць рэакцыю інш. нерв. цэнтраў на прызначаныя ім імпульсы. Гэта дазваляе, напр., у працэсе творчай дзейнасці цалкам «паглыбіцца ў працу», сканцэнтраваць на ёй усю ўвагу, адцягнуцца ад пабочных раздражняльнікаў. Д. складаецца пад уплывам рэфлекторнай актыўнасці, уздзеяння гумаральных фактараў і з’яўляецца асновай фарміравання матывацыйных паводзін (харчовых, палавых і інш.). У эксперыменце Д. можа быць створана непасрэдным уздзеяннем на нерв. цэнтры слабым эл. токам або некат. фармакалагічнымі рэчывамі. Д. ў вышэйшых цэнтрах галаўнога мозга з’яўляецца фізіял. асновай шэрагу складаных псіхічных з’яў.

У.​М.​Калюноў.

т. 6, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЖО́Н (франц. donjon),

галоўная шмат’ярусная вежа феад. замка, якая служыла месцам апошняй абароны і сховішчам пры нападзе ворага. Адначасова была назіральным і камандным пунктам у часы ваен. дзеянняў, магла выконваць функцыі аўтаномнай цытадэлі, дзе захоўваўся запас правіянту, ваен. рыштунку. Д. ў Еўропе будавалі ў 9—10 ст., пазней вядомы ўсюды, у т. л. на мусульм. усходзе і ў Закаўказзі На Беларусі былі пашыраны ў 13—17 ст. Вядомы Д. ў Брэсце, Тураве, Гродне, Навагрудку, Полацку, Шклове і інш. Уцалела вежа-данжон у Камянцы (гл. Камянецкая вежа).

Д. размяшчаліся пры гал. браме, непасрэдна каля ўезда ў замак або ў цэнтры ўмацаванняў. У плане маглі быць круглыя, авальныя, прамавугольныя, шматвугольныя. Стральба вялася праз байніцы, разлічаныя на кругавую абарону, з баявых балконаў, верхніх баявых пляцовак з-за зубцоў і праз машыкулі.

Літ.:

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.

М.​А.​Ткачоў.

Данжон.

т. 6, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБРЫ́Д (ад лац. hibrida помесь),

арганізм (або клетка), атрыманы ў выніку скрыжавання разнародных у генетычных адносінах бацькоўскіх форм (відаў, парод, ліній і інш.). Паводле паходжання гібрыды бываюць спантанныя, якія ўзніклі пры выпадковым скрыжаванні, і штучныя, атрыманыя шляхам мэтанакіраванага скрыжавання з падборам бацькоўскіх пар у залежнасці ад задач селекцыі. Гібрыды могуць быць 1, 2, 3-га і г.д. пакаленняў і абазначаюцца лац. літарай F з індэксамі (F1, F2, F3...). Атрыманне гібрыда ляжыць у аснове гібрыдалагічнага аналізу. Прыкметы і ўласцівасці гібрыда перадаюцца ў спадчыну і расшчапляюцца (пераразмяркоўваюцца) у наступных пакаленнях паводле пэўных генет. законаў.

У раслінаводстве адрозніваюць гібрыды: міжродавыя, міжвідавыя, унутрывідавыя, міжлінейныя, міжсартавыя, сорталінейныя, трыплоідныя, несапраўдныя (псеўдагібрыды). Шырока выкарыстоўваюцца міжродавыя гібрыды пшанічна-пырнікавыя і трыцікале, міжлінейныя гібрыды кукурузы, шматлікія міжсартавыя гібрыды культурных раслін, што служаць таксама крыніцай зыходнага матэрыялу для селекцыі. У жывёлагадоўлі гібрыдам прынята называць толькі патомкаў, атрыманых ад скрыжавання розных родаў і відаў. Гл. Гібрыдызацыя.

т. 5, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)