БІЯТЛО́Н (ад бі... + грэч. athlon спаборніцтва, барацьба),
від спорту, сучаснае зімовае двухбор’е: камбінацыя лыжнай гонкі са стральбой з вінтоўкі на некалькіх агнявых рубяжах (стоячы і лежачы). Праводзяцца індывід. гонкі на 7,5 і 15 км (жанчыны) і 10 і 20 км (мужчыны); камандныя эстафеты 3 × 7,5 км (жанчыны) і 4 × 7,5 км (мужчыны). У гонках на 15 і 20 км за кожны промах на агнявых рубяжах да асн. часу, які паказаў у гонцы спартсмен, дадаецца 1 штрафная мінута. У гонках на 7,5 і 10 км і ў эстафетах за промахі прадугледжаны штрафныя кругі (да 250 м). У эстафетных гонках пры стральбе прадугледжаны таксама па 3 запасныя патроны.
Біятлон вядомы з 1920-х г. у Скандынавіі і альпійскіх краінах як гонкі ваен. патрулёў з кіданнем гранат і стральбой. У 1950-я г. трансфармаваўся ў сучасны від спорту і стаў пашыраны ў інш. краінах. З 1948 дзейнічае Міжнар. саюз сучаснага пяцібор’я і біятлона (УІМБ). У праграме Алімпійскіх гульняў з 1960, у жанчын з 1992, чэмпіянаты свету з 1958, праводзяцца спаборніцтвы на Кубкі свету, Еўропы.
На Беларусі развіваецца з 1961. Гал.спарт. база — «Раўбічы», дзе праводзіліся чэмпіянаты свету, этапы Кубка свету і інш.міжнар. спаборніцтвы па біятлоне. З бел. майстроў біятлона найб. поспеху дасягнула С.Парамыгіна. У складзе зборнай СССР чэмпіёнамі свету па біятлоне былі бел. спартсмены Ю.Калмакоў (1974), у спаборніцтвах юніёраў В.Талкачоў (1969), М.Правалоцкі (1976). Жаночая каманда Беларусі (І.Какуева, Парамыгіна, Н.Пермякова, Н.Рыжанкова) — чэмпіён свету 1994 ў каманднай гонцы, пераможца этапаў Кубка свету. Мужчынская зборная Беларусі (П.Івашка, А.Папоў, А.Рыжанкоў, В.Сашурын) — чэмпіён свету 1996 у каманднай гонцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКАГАЛІ́ЗМ, алкагалізм хранічны,
хвароба, якая ўзнікае ад празмернага і частага ўжывання спіртных напіткаў; выяўляецца ў псіхічнай і фізічнай залежнасці ад алкаголю, сацыяльнай і маральнай дэфармацыі асобы, у псіх., неўралагічных і саматычных расстройствах. Развіваецца часцей у 25—40 гадоў. Адзначаецца і спадчынная схільнасць. Першая стадыя хваробы на фоне працяглага быт. п’янства цягнецца 3—6 гадоў. Характарызуецца стратай ірвотнага рэфлексу, псіх. залежнасцю (неабходнасць спіртнога, каб палепшыць настрой або зняць напружанне), стратай колькаснага кантролю над выпітым, ап’яненнем з частковым забываннем падзей. Асн. асаблівасць другой стадыі — фізічная залежнасць з пахмельным сіндромам, пры якім узнікаюць цяжкія псіх. і самата-вегетатыўныя перажыванні. Каб палепшыць стан, хворы пахмяляецца. Могуць быць і алкагольныя псіхозы. Адзначаны таксама змены асобы з сац. дэградацыяй, парушэннямі ўвагі, памяці. На трэцяй стадыі хворы п’янее ад нязначнай дозы спіртнога, часта пераходзіць на сурагаты. Адсутнічаюць усе формы кантролю, хворы становіцца бесклапотным і лагодным. Узнікаюць неўралагічныя расстройствы, пагаршаецца агульны стан здароўя. Лячэнне: выпрацоўка адмоўнай рэакцыі на алкаголь з дапамогай лякарстваў, псіхатэрапія і інш.
Сістэма барацьбы з п’янствам і алкагалізмам у Рэспубліцы Беларусь уключае комплекс выхаваўчых, санітарна-асветных, адм. і мед. мерапрыемстваў, якія спалучаюцца з мерамі грамадскага і дзярж. ўздзеяння супраць тых, хто не жадае выконваць маральныя і прававыя ўстанаўленні грамадства. Паводле дзеючага заканадаўства асобы, якія ўчынілі ў стане ап’янення правапарушэнні і злачынствы, не вызваляюцца ад адм. ці крымін. адказнасці. Учыненне злачынства ў стане ап’янення лічыцца акалічнасцю, якая абцяжвае адказнасць. Да хранічнага алкаголіка, які ўчыніў злачынства, адначасова з пакараннем за яго суд можа прызначыць яму прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Асоба, якая ў выніку злоўжывання алкаголем ставіць сваю сям’ю ў складанае матэрыяльнае становішча, па рашэнні суда можа быць абмежавана ў дзеяздольнасці, і над ёю ўстанаўляецца апякунства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАСАЦЫЯЛО́ГІЯ,
1) вучэнне, паводле якога развіццё грамадства зводзіцца да канкурэнцыі расавых тыпаў; адна з антыгуманных біялагізатарскіх канцэпцый у антрапалогіі. Створана ў канцы 19 ст.франц. вучоным Ж.В. дэ Лапужам і ням. О.Аманам, якія спрабавалі даказаць, што псіхічныя асаблівасці брахікефалаў (кароткагаловых) больш нізкія ў параўнанні з доліхакефаламі (доўгагаловымі). Прадстаўнікі антрапасацыялогіі лічаць, што вышэйшыя псіхічныя якасці ўласцівыя толькі т.зв. арыйскаму — доўгагаловаму светлавалосаму тыпу, пашыранаму ў Паўн. і Цэнтр. Еўропе. Адкрыты Ч.Дарвінам прынцып барацьбы за існаванне паміж біял. відамі яны пераносілі на гісторыю чалавецтва, якую разглядалі як барацьбу асобных рас. Сцвярджэнне, што гісторыя чалавецтва падпарадкоўваецца не сацыяльным, а біял. законам, паўтарае і амер. вучоны, стваральнік сацыябіялогіі Э.Уілсан, які лічыць, што гуманітарныя і сац. навукі можна разглядаць як спецыялізаваныя раздзелы біялогіі.
2) Адзін з кірункаў у сацыялогіі. Узнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. на аснове тэорыі аб арыйцах як вышэйшай расе. Найб. развіццё атрымала ў Германіі. Новыя сацыялагічныя факты разглядае з пункту погляду антрапал. вучэння пра чалавека, яго цялесную арганізацыю і абумоўленыя антрапаметрыяй псіхічны стан, пачуцці, мысленне, волю, памяць, іх змены пад уздзеяннем культуры, індустр. тэхналогіі і ўласнай культуратворнай дзейнасці чалавека. Агульнатэарэт. пачатак антрапасацыялогіі — гэта фіксацыя адрознення чалавека ад жывёл. Неразвітасць у чалавека прыродных сродкаў самазабеспячэння стала ў прадстаўнікоў антрапасацыялогіі вядучым метадалаг. прынцыпам аналізу грамадскага жыцця. Сваю «недастатковасць» чалавек кампенсуе культурай, а адсутнасць прыроджаных генет. праграм паводзін папаўняе праграмамі сац. наследавання. Культура, паводле антрапасацыялогіі, гэта біялагічна неабходны працэс ператварэння знешняй прыроды ў жыццёвае асяроддзе. «Акультураная» прырода ўключае прылады працы, тэхніку, тэхналогію, сродкі камунікацыі і «сац. парадкі» (грамадскія ін-ты). Праблемамі антрапасацыялогіі з’яўляюцца таксама антрапал. змены сучаснага чалавека, што прынеслі з сабой тэхнізацыя, індустр. грамадства, навук.-тэхн. прагрэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНІ́ЦКАЕ ПО́ЛЕ,
месца значных гіст. падзей каля в.Буйнічы Магілёўскага р-на. У час Налівайкі паўстання 1594—96 тут адбыўся бой паміж казацка-сял. атрадам С.Налівайкі і войскам ВКЛ. У снеж. 1595 атрад Налівайкі ўзяў штурмам Магілёў. Супраць яго сабрана 18-тыс. войска, якое ўзначаліў рэчыцкі староста М.Буйвід. Паўстанцы (больш за 2 тыс.чал.) на Буйніцкім полі абгарадзіліся радамі вазоў, утварыўшы т.зв. табар, і прынялі бой, цэлы дзень адбівалі атакі войска, нанеслі яму значныя страты. Вечарам з-за недахопу сіл паўстанцы адышлі на Быхаў.
У Вял.Айч. вайну Буйніцкае поле — месца жорсткіх баёў у час Магілёва абароны 1941. Ням. камандаванне, плануючы прарвацца ў Магілёў з ПдЗ (з боку Бабруйска), сканцэнтравала на гэтым напрамку 3-ю танк. дывізію і пях. часці. Ім процістаяла 172-я стралк. дывізія (ген.-м. М.Ц.Раманаў) і апалчэнцы. На Буйніцкім полі трымалі абарону 388-ы стралк. полк (палк. С.Ф.Куцепаў), 340-ы лёгкі артыл. полк (палк. І.С.Мазалаў) і батальён нар. апалчэння (камісар П.Е.Цярэнцьеў). З 10 ліп. праціўнік вёў масіраваную бамбардзіроўку і артыл. абстрэл, 12 ліп.сав. артылерыя, апярэдзіўшы атаку праціўніка, агнём па скопішчы танкаў нанесла ворагу значныя страты. Праціўнік накіраваў на сав. пазіцыі праз Буйніцкае поле 170 танкаў. Бой працягваўся 14 гадзін, было знішчана 39 танкаў. Свае пазіцыі сав. войскі ўтрымлівалі да 22 ліпеня. На Буйніцкім полі 13—14 ліп. знаходзіўся карэспандэнт газ. «Известия» К.Сіманаў, які апісаў баі ў рамане «Жывыя і мёртвыя». Паводле завяшчання Сіманава яго прах развеяны над Буйніцкім полі. Тут пастаўлены помнік у гонар воінаў 388-га стралк. палка, мемарыяльны знак на ўшанаванне памяці Сіманава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛАСІПЕ́ДНЫ СПОРТ,
від спорту, які ўключае гонкі на шашы, трэку, па перасечанай мясцовасці (велакрос), велабол і фігурную язду на веласіпедах; састаўная частка велатурызму і трыятлона. Шашэйныя гонкі бываюць адна- і шматдзённыя, індывід. (гоншчык стартуе адзін), камандныя (каманды стартуюць па чарзе) і групавыя (агульны старт для ўсіх спартсменаў). На трэку (веладроме) праводзяцца гонкі індывідуальныя, камандныя, парныя і групавыя, за лідэрам (матацыклістам), на тандэмах (двухмесны веласіпед); па форме адрозніваюць гонкі: праследавання, з ходу і з месца, з выбываннем, з прамежкавымі фінішамі і інш. Фігурная язда (выкананне розных фігур на спец. веласіпедах) найб. развіта ў цыркавым мастацтве.
Першыя афіц. спаборніцтвы па веласіпедным спорце адбыліся ў 1869 (гонка Руан—Парыж, 120 км) на драўляных веласіпедах. Праводзяцца чэмпіянаты свету па гонках на трэку (з 1893, у закрытых памяшканнях з 1929), на шашы (з 1921), па велакросу (з 1950). У праграме Алімпійскіх гульняў (гонкі на шашы і трэку) з 1896. Дзейнічае Міжнар. саюз веласіпедыстаў (з 1900). Спаборніцтвы праводзяцца сярод аматараў і прафесіяналаў. Найб. вядомая і прэстыжная гонка ў прафесіяналаў «Тур дэ Франс» (з 1903). На Беларусі першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1894 (Віцебск). У 1890-х г. вядомым веласіпедыстам быў М.Дзявочка з Мінска. Першы чэмпіянат Беларусі па гонках на шашы і перасечанай мясцовасці (1937) выйграў Б.Бальшакоў. Сярод бел. велагоншчыкаў алімпійскія чэмпіёны У.Камінскі (1976), А.Логвін (1980), чэмпіёны свету Камінскі (1977), І.Сумнікаў (1985) — у шашэйнай гонцы, чэмпіёны свету на трэку М.Колюшаў (1965, 1967), В.Быкаў (1967, 1969), В.Моўчан (1982), пераможцы ў складзе каманды СССР на Велагонцы міру А.Дахлякоў (1965, 1966 і 2-е месца ў асабістым заліку), Б.Ісаеў (1976, 1980), Л.Дзежыц (1980), Логвін (1981, 1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РА,
прыняцце якіх-небудзь ідэй, ведаў, меркаванняў, палажэнняў і інш. без непасрэднага эмпірычнага і рацыянальнага абгрунтавання. У філасофіі — стан суб’екта, цесна звязаны з духоўным светам асобы. Узнікае на аснове пэўнай інфармацыі пра аб’ект. Выяўляецца ў ідэях ці вобразах, суправаджаецца эмоцыяй упэўненасці і шэрагам іншых пачуццяў і служыць матывам, стымулам, устаноўкай і арыенцірам чалавечай дзейнасці. Паводле У.Салаўёва, вера — гэта прызнанне чаго-небудзь сапраўдным з такой рашучасцю, якая перавышае сілу знешніх фактычных і фармальна-лагічных доказаў. І.Кант трактаваў веру як пазіцыю розуму, які прымае тое, што з’яўляецца недаказальным, але неабходным для абгрунтавання маральнага імператыву. У псіхалогіі — асаблівы стан псіхікі, калі чалавек цалкам і безагаворачна прымае пэўныя звесткі, з’явы, падзеі або ўласныя ўяўленні, якія могуць стаць у далейшым асновай яго «я», вызначаць некаторыя яго ўчынкі, разважанні, нормы паводзін. У выніку практычнай дзейнасці, тэарэт. пазнання, лагічных разважанняў, адчуванняў, уяўленняў і валявых намаганняў чалавек фарміруе ў сваёй свядомасці вобразы рэчаіснасці, уяўленні пра свет і сваё месца ў ім. Калі чалавек не ў стане асэнсаваць тую ці іншую з’яву, ён або прымае яе на веру, або адмаўляецца ў пэўнай форме ад пазнання. У рэлігіі вера — прыняцце Бога як першакрыніцы ўсяго існага, стваральніка свету, жыцця на зямлі і самога чалавека, прыняцце пэўных сцверджанняў (догматаў) і рашучасць прытрымлівацца іх насуперак усім сумненням. Асновы такой веры значна глыбей, чым веды і мысленне, у адносінах да якіх вера — першапачатковы фактар і таму мацней за іх. Тэалогія лічыць рэліг. веру неад’емнай уласцівасцю чалавечай душы, божым дарам. Для пераадолення супярэчнасцей паміж розумам і верай артадаксальная тэалогія выкарыстоўвае максіму Аўгусціна Блажэннага і Ансельма Кентэрберыйскага «верую дзеля таго, каб разумець», якая з’яўляецца зыходным пунктам для пабудовы паслядоўнасці фармальна-лагічных вывадаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШАЗНА́ЎСТВА,
галіна літаратуразнаўчай навукі, якая вывучае структуру вершаванай мовы. Сучаснае вершазнаўства даследуе таксама рытм, інтанацыю ў празаічных творах.
Узнікненне вершазнаўства як навукі звязана з развіццём у розных л-рах пісьмовай паэзіі, якая аддзялілася ад музыкі. Першапачаткова вершазнаўства было проста сістэмай пэўных нормаў і правіл, па якіх павінны былі пісацца вершы. У 19 ст. яно становіцца даследчыцкай навукай. Адным з асн. метадаў яе з’яўляецца статыстыка: выдзяленне гукавых з’яў верша, якія могуць быць абавязковымі, пануючымі або толькі пераважаючымі. Асн. раздзелы: метрыка (даследуе асаблівасці рытміка-інтанац. будовы вершаванага радка), строфіка (вывучае прынцыпы і прыёмы аб’яднання рытмараду ў адно завершанае цэлае) і фоніка (устанаўлівае заканамернасці гукавой арганізацыі паэт. мовы).
На Беларусі першыя тлумачэнні асн. формаў і тэрмінаў ант. метрыкі далі Л.Зізаній (1596) і М.Сматрыцкі (1619). Пазней Сімяон Полацкі (1629—80) распрацаваў асн. прынцыпы сілабічнага верша, увёў паняцце «стихи краесогласнии» ў значэнні вершаванай мовы. Зараджэнне новай бел. л-ры, збіральніцкая дзейнасць фалькларыстаў і этнографаў у 19 ст. ўзмацнілі цікавасць да формаў нар. верша (працы І.Насовіча, Я.Карскага). Вял. ўвагу вершаванай структуры аддаваў М.Багдановіч, які ўпершыню ў бел. вершазнаўстве вылучыў прынцып адзінства формы і зместу, а ў літ. аглядах паказаў непасрэдную сувязь рытму са змястоўнасцю і эстэт. дзейснасцю паэт. твораў. Багдановіч развіваў разнастайныя страфічныя і метрычныя формы дзеля павышэння культуры творчасці, узмацнення ідэйна-эстэт. ўплыву л-ры на чытача. У пасляваен. перыяд з’явіліся навуч. дапаможнікі, тэрміналагічныя слоўнікі, манаграфіі і артыкулы па асобных праблемах вершазнаўства, сярод якіх працы І.Ралько «Беларускі верш» (1969) і «Вершаскладанне» (1977), М.Грынчыка «Шляхі беларускага вершаскладання» (1973).
Літ.:
Грынчык М.М. Беларускае вершазнаўства і перспектывы яго развіцця // Бел. літаратура. 1979. Вып. 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў цэнтр. Беларусі (пераважна на ПнЗ Мінскай і ПнУ Гродзенскай абл.), які бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Зазнаў уплыў гар. касцюма, што выявілася ў прыёмах крою і пашыву, шырокім выкарыстанні крамных тканін. У жаночы гарнітур уваходзілі кашуля, спадніца, фартух, гарсэт (у будні замест яго надзявалі безрукаўку-сканцэрку). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, з сярэдзіны 19 ст. — з гесткай, аздаблялі паскам расліннага ці геам. чырвона-чорнага арнаменту на грудзях, плячах і каўняры. Узоры клетак і паскаў на спадніцы (з 4 прамавугольных, пазней трапецападобных полак) утвараліся за кошт чорных, цёмна-сініх, шэрых, жоўтых прасновак і прокідак утку. Спадніцу-андарак ткалі ў буйнарапортныя зялёна-вішнёвыя клеткі ці аднаго сіняга, чорнага колеру (спадніца-рудляк). Фартух аднаполкавы, белы льняны ці паркалёвы або цёмны з крамных тканін; упрыгожвалі гафтам, нашыўкамі стужак, маршчэннем. Гарсэт (шнуроўка) з чорнай або цёмна-сіняй шарсцянкі ці аксаміту кроілі з баскай у 6—8 кліноў. Жаночыя галаўныя ўборы: намітка, белая палатняная або разнаколерная з фабрычнай шарсцянкі хустка і вялікая тканая або вязаная з воўны хустка-ахінанка, каптур. Традыцыйную жаночую вопратку — бурнос і паўбурнос, расшыраныя ўніз, аздаблялі нашыўкамі гладкіх і зубчыкавых паскаў чорнага аксаміту, тасьмы ў спалучэнні з машынным штапам. Святочнай вопраткай былі суконныя капоты. Мужчынскі гарнітур складаўся з кашулі, нагавіц, сіняй ці чорнай камізэлькі (доўгай са стаячым каўняром ці кароткай), аздобленай нашыўкамі, трохвугольнай шыйнай хустачкі (каляшыйнік), галаўнога ўбору. У віленскім строі шмат відаў мужчынскай вопраткі, што адрозніваліся якасцю тканін, кроем, маст. афармленнем. У халодную восень і вясну насілі армяк, сярмягу, чуйку, бурку, якія шылі з валенага сукна, узімку — непацягнутыя або пацягнутыя кажухі.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Вілейскі строй. Дзяўчына ў зімовай вопратцы (бурнос). Вёска Каралеўцы Вілейскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць сродкаў вылічальнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння, прызначаная для рашэння пэўнага класа задач. Бывае адна- і многапрацэсарная (функцыі працэсара могуць выконваць асобныя вылічальныя машыны). Па прызначэнні вылічальныя сістэмы адрозніваюць спецыялізаваныя і універсальныя; па складзе працэсараў — аднародныя і неаднародныя; паводле тыпу сувязей — з інфармацыйна звязанымі працэсарамі, звязанымі толькі па кіраванні і з сувязямі абодвух тыпаў. Вылічальная сістэма ўключаецца непасрэдна ў контур збору інфармацыі, яе апрацоўкі і выдачы кіроўных уздзеянняў ці інфармацыі для прыняцця рашэнняў. Для сучасных вылічальных сістэм характэрны дыялогавы рэжым (зносіны гукаслыхавыя і зрокавыя); паралельная апрацоўка патокаў інфармацыі; праграмаванне на мовах высокага ўзроўню, блізкіх да натуральных; значны ўзровень штучнага інтэлекту і інш.
Да аднапрацэсарнай вылічальнай сістэмы адносіцца ЭВМ «Мінск-32» (гл.Вылічальная машына «Мінск»), якая забяспечвае выкананне адначасова да 4 рабочых праграм; да яе «павольнага» канала сувязі можна далучыць да 104 вонкавых прылад, да «хуткага» — да 32 накапляльнікаў інфармацыі на магн. барабанах, дысках, стужках і інш. Многапрацэсарная вылічальная сістэма мае не менш як 2 працэсары (або выліч. машыны): адзін з іх (асн.) выконвае вылічэнні, прадугледжаныя алгарытмам задачы, астатнія (дапаможныя) апрацоўваюць інфармацыю, не прадугледжаную асн. алгарытмам, выконваюць неасн. вылічэнні і інш. Аднародныя вылічальныя сістэмы характарызуюцца ідэнтычнасцю ўсіх працэсараў, напр., 3-машынная вылічальная сістэма «Мінск-222» (складаецца з машын «Мінск-2» і «Мінск-22»), вылічальная сістэма «Эльбрус» характарызуецца размеркаваным кіраваннем, агульнай памяццю і універсальнай сістэмай сувязей паміж працэсарамі. Найб. цяжкім рэжымам работы спецыялізаваных вылічальных сістэм з’яўляецца рэжым рэальнага часу, калі вылічэнні адбываюцца ў тэмпе, які забяспечвае пэўны вонкавы працэс, напр. у сістэмах кантролю і кіравання тэхнал. працэсамі, лятальнымі апаратамі, інш.трансп. сродкамі. Гл. таксама Электронная вылічальная машына, Вылічальны цэнтр.
Літ.:
Илюкович А.А., Свирид Г.П. Основы вычислительных систем. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ ДЫНА́МІКА,
раздзел гідрааэрамеханікі, які вывучае рух газападобных і вадкіх асяроддзяў з улікам сціскальнасці і іх узаемадзеянне з цвёрдымі целамі. Сучасная газавая дынаміка вывучае таксама цячэнне газаў пры высокіх т-рах, што суправаджаецца хім. (дысацыяцыя, гарэнне і інш.) і фіз. (іанізацыя, выпрамяненне і інш.) працэсамі. Да газавай дынаміцы адносяцца таксама радыяцыйная газавая дынаміка, дынаміка плазмы, дынаміка выбуху і дэтанацыі, дынамічная метэаралогія і інш. Газавая дынаміка цесна звязана з тэрмадынамікай.
Газавая дынаміка займаецца вывучэннем сіл, якія дзейнічаюць на самалёт, снарад, ракету, на лапаткі турбін, вызначэннем найбольш прыдатных (абцякальных) формаў гэтых цел, разлікам соплаў, дыфузараў, эжэктараў, эксперым. даследаваннямі ў аэрадынамічных трубах, мадэляваннем на ЭВМ і інш.Тэарэт. разлікі пераносяцца на натуру метадамі падобнасці тэорыі. Найб. важная характарыстыка газавых патокаў — лік Маха: М = ν/a (ν — скорасць газу, а — скорасць гуку ў газе). Пры скарасцях газаў, меншых за скорасць гуку ў газе (М<1), сціскальнасць газу надае патоку толькі якасныя змены, а пры скарасцях газу, большых за скорасць гуку ў газе (М>1), рух цела суправаджаецца ўзнікненнем ударнай хвалі і рэзкім ростам супраціўлення руху. Вялікі ўклад у развіццё газавай дынамікі зрабілі вучоныя: расійскі С.А.Чаплыгін, савецкія С.А.Хрысціяновіч, А.А.Дарадніцын, Л.І.Сядоў, ням. Л.Прандтль, Т.Маер, англ. Дж.І.Тэйлар і інш.
На Беларусі даследаванні па газавай дынаміцы пачаліся ў 1960-я г. ў АН Беларусі і БДУ. Вынікі даследаванняў па газавай дынаміцы выкарыстоўваюцца ў фізіцы плазмы, балістыцы, ракета- і турбамашынабудаванні і інш.
Літ.:
Абрамович Г.Н. Прикладная газовая динамика. Ч. 1—2. 5 изд. М., 1991;
Зельдович Я.Б., Райзер Ю.П. Физика ударных волн и высокотемпературных гидродинамических явлений. 2 изд. М., 1966.