МО́ЎНЫ АПАРА́Т,

сукупнасць органаў цела чалавека з рознай фізіял. функцыяй, якія ўдзельнічаюць ва ўтварэнні гукаў мовы. Складаецца з 2 груп органаў: органы дыхання (лёгкія з бронхамі і трахеяй), якія ствараюць неабходны для ўтварэння гукаў струмень паветра; органы, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у гукаўтварэнні, — актыўныя (рухомыя), здольныя змяняць аб’ём і форму маўленчага тракту і ствараць у ім перашкоды для выдыхаемага паветра, і пасіўныя (нерухомыя) — зубы, цвёрдае паднябенне, поласць носа. Актыўныя органы мовы: гартань — верхняя расшыраная частка трахеі, утвораная шэрагам рухомых храсткоў; галасавыя звязкі ў ёй — мускульныя тканкі, якія могуць мяняць сваю напружанасць, — крыніца голасу, іх ваганні ад выдыхнутага з лёгкіх паветра вызначаюць таксама мелодыку мовы; глотка, якая можа звужацца і расшырацца; язык, здольны выконваць разнастайныя рухі (дзякуючы рухомасці языка і ніжняй сківіцы ўтвараюцца рэзанатарныя поласці рознай формы і аб’ёму, якія вызначаюць фармантную структуру гукаў); губы, здольныя выконваць розныя артыкуляцыі; паднябенная занавеска з т.зв. маленькім язычком, ці увулай, якая пры падняцці закрывае ход у нос і адасабляе такім чынам поласць носа ад глоткі; пры апусканні яна пакідае праход у гэту поласць адкрытым. Усе актыўныя органы пры збліжэнні ці сутыкненні з пасіўнымі (або паміж сабою) утвараюць перашкоду для выдыхнутага паветра. У месцы перашкоды ўзнікае крыніца шуму, патрэбнага для вымаўлення зычных гукаў. Зубы і цвёрдае паднябенне з’яўляюцца толькі месцам дзеяння актыўных органаў. Поласць носа — рэзанатар пры ўтварэнні насавых гукаў.

Літ.:

Зиндер Л.Р. Обшая фонетика. Л., 1960;

Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ БРА́ЦКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Дзейнічала ў 1616—1773 (з перапынкамі) у Магілёве. У 1616 выдадзены «Служэбнік» (2-е выд. 1617), у 1619 — «Евангелле вучыцельнае» Кірылы Транквіліёна Стаўравецкага. Пасля гэтага на нейкі час друкарня спыніла дзейнасць. 19.3.1633 кароль Уладзіслаў IV даў Магілёўскаму правасл. брацтву прывілей на права адкрыцця друкарні і выданне вучэбных і інш. кніг на «рускай» (старабел. і царк.-слав.), грэчаскай, лац. і польск. мовах. У 1636—38 гэта права брацтва, верагодна, перадала Спірыдону Собалю, які ў 1636 выдаў «Буквар языка славенска». У 1676 брацтва атрымала ад караля Яна III Сабескага прывілей на адкрыццё друкарні пры Богаяўленскім манастыры і выданне кніг на «рускай» і польск. мовах. У 1680 друкарню ўзначаліў Максім Вашчанка, які ў 1698 атрымаў на яе прывілей без дазволу брацтва і стаў выдаваць кнігі ад свайго імя. У 1701 брацтва дамаглося пацвярджэння свайго ранейшага прывілея на друкарню. У розны час у друкарні працавалі друкары і гравёры: Васіль Вашчанка (сын Максіма), Фёдар Ангілейка, Афанасій П. (Пігарэвіч ?), М.​Антушкевіч. У канцы 17—18 ст. ў друкарні выдаваліся царк., навуч., палемічныя кнігі: «Псалтыр» (1693), «Акафісты і каноны» (1693), «Малітваслоў» (1695), «Дыоптра» (1698), «Перла мнагацэннае» (1699), «Неба новае» (1699), «Трыфалагіён» (1754), «Часаслоў» (1762) і інш. У апошнія гады дзейнасці друкарня перавыдавала раней надрукаваныя кнігі.

Літ.:

Жудро Ф. История Могилевского Богоявленского братства. Могилев. 1890;

Пічэта У.І. Друк на Беларусі ў XVI і XVII стст. // Чатырохсотлецце беларускага друку. Мн., 1926.

І.​А.​Пушкін.

т. 9, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́ДЗЕЛЬСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 15 — пач. 18 ст. Пабудаваны на месцы гарадзішча 11—14 ст. на востраве воз. Мястра. Складаўся з мураваных вежы, палаца і знешняга абарончага комплексу. Меў круглую ў плане вежу-данжон. Яе знешні дыяметр 17,5 м, унутраны — 10 м, таўшчыня сцен каля 3,5 м. Паводле малюнка з карты ВКЛ (1613) Т.​Макоўскага вежа мела некалькі (верагодна, 5) ярусаў і дасягала выш. 30 м. Па сваіх параметрах яна была блізкая да Камянецкай вежы. У 16 ст. да вежы з З прыбудаваны прамавугольны мураваны палац. Пляцоўка М.з. была абведзена мурам з валуноў на вапне. З усх. боку таўшчыня замкавых муроў 2 м, з астатніх бакоў, прыкрытых возерам, — 1,5—1,7 м. Асн. ўпор у абароне замка рабіўся на 5 мураваных паўкруглых бастэй, разлічаных, відаць, на размяшчэнне тут гармат для стральбы ўздоўж сцен. Бастэі М.з. лічацца самымі раннімі на Беларусі і папярэднічаюць бастыёнам. У паўд.-ўсх. куце замка выяўлены падмурак цыліндрычнай вежы дыяметрам 10 м і сцены 2-метровай таўшчыні. На малюнку Макоўскага зафіксаваны 3 вежы. На замкавым дзядзінцы стаялі гасп. пабудовы, жылыя дамы. У 17 ст. замак дадаткова ўмацаваны ніжнім поясам абароны — земляным валам з бастыёнамі і ровам, які запаўняўся вадой з возера. Бастыён і вал адсутнічалі толькі з усх. боку, дзе да замка блізка падступала возера. Сувязь з берагам ажыццяўлялася па драўляным мосце на палях. М.з. — прыклад спалучэння асаблівасцей зах.-еўрап. фартыфікацыі з мясц. абарончымі элементамі. Разбураны ў час Паўн. вайны 1700—21.

М.​А.​Ткачоў.

т. 11, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НЕС (Mánes),

сям’я чэшскіх жывапісцаў. Нарадзіліся ў Празе.

Антанін (3.11.1784—23.12.1843), пейзажыст, адзін з заснавальнікаў нац. школы жывапісу. У пач. 1800-х г. вучыўся ў Пражскай АМ, з 1836 выкладаў у ёй. Зазнаў уплывы класіцызму і рамантызму. Ствараў абагульненыя інтымна-паэт. краявіды («Пейзаж з Бельведэрам», 1816; «Вялікая ліла», 1829; «Пейзаж з руінамі», «Пейзаж у буру», абодва 1834), віды чэш. гарадоў («Від на Градчаны», 1821; «Від на Бубенеч», каля 1825; «Град Окарж», 1827, і інш.). Іосеф (12.5.1820—9.12.1871), сын Антаніна. Вучыўся ў Пражскай (1835—45) і Мюнхенскай (1843—48) АМ. У ранні перыяд зазнаў уплыў назарэйцаў, пазней рамантызму. У час вандровак па Чэхіі, Славакіі, Германіі і Польшчы рабіў малюнкі нар. тыпаў і касцюмаў. У манум. жывапісных кампазіцыях ствараў абагульнена-гераізаваны вобраз чэш. сялянства (размалёўка цыферблата гадзінніка Старамесцкай ратушы ў Празе, 1864—66, і інш.). Аўтар партрэтаў (К.​Манеса, 1847; Вендулакавай, 1854), пейзажаў («Касцёл у Гмюндэне», 1842; «Лабскі край», 1863; «Ржыпскі край», 1865—66), ілюстрацый (да «краледворскага рукапісу», 1857—59, і інш.). Квіда (17.7.1828—5.8.1880), сын Антаніна. Вучыўся ў Пражскай АМ (1838—51) і ў Дзюсельдорфе ў Б.​Вацье (1870—71). Зазнаў уплыў дзюсельдорфскай школы жывапісу. У шырокай манеры пісаў гіст. кампазіцыі («Гераічная абарона пражскіх студэнтаў супраць шведаў», 1854), жанравыя кампазіцыі («Вясковы дворнік», 1855; «Першы раз у школу», 1873). Аўтар літаграфій («Народнае гулянне ў дзень св. Яна», 1853), ілюстрацый да «Дон-Кіхота» М.​Сервантэса (1865) і інш.

Літ.:

Гривнина А.С. Манес. Л.;

М., 1960;

Й.​Манес и традиция чешского искусства: Кат. выставки. Прага, 1973.

т. 10, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГРА́ЦЫЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА (ад лац. migratio перасяленне),

перамяшчэнне людзей, звязанае звычайна са зменай сталага месца жыхарства. Бывае беззваротная (канчатковая змена пастаяннага месца жыхарства), часовая (перасяленне на даволі доўгі, але абмежаваны тэрмін) і сезонная (перамяшчэнне людзей у пэўны перыяд года), знешняя (іміграцыя, эміграцыя) і ўнутраная (рух сельскага насельніцтва ў горад і наадварот, міжраённае перасяленне і інш.). Вылучаюць таксама спецыфічную маятнікавую міграцыю. Найб. уплывае на развіццё грамадства міграцыя рабочай сілы. Яна ахоплівае перамяшчэнне насельніцтва ў працаздольным узросце і часам называецца працоўнай міграцыяй. Паводле спосабу рэалізацыі М.н. падзяляецца на арганізаваную, якая ажыццяўляецца пры ўдзеле і з дапамогай дзярж. органаў, і неарганізаваную. Працэс М.н. складаецца з трох асн. фаз: фарміраванне патоку мігрантаў у месцах іх выхаду; перасяленне мігрантаў; адаптацыя да новага месца жыхарства. У 1990-я г. ў сувязі з распадам СССР на Беларусі адбывалася значная міграцыя насельніцтва. Колькасць беларусаў на тэрыторыі краіны гал.ч. з прычын міграцыі павялічылася (1999 ў параўнанні з 1989) на 3,2% пры агульным скарачэнні насельніцтва на 1%. Працягвалася перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад, аднак яго тэмпы за гэты перыяд скараціліся ў 5 разоў. Вялікія змены ў патоках міграцыі выклікала таксама Чарнобыльская катастрофа. У выніку да 1999 насельніцтва Гомельскай вобл. скарацілася на 7,4%, Магілёўскай вобл. — на 5,2%, а колькасць жыхароў Мінска павялічылася на 4,6% (у параўнанні з 1989). На Беларусі дамінуе ўнутрырэсп. перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад (за 1970—85 у гарадах асела 1,34 млн. чал.). На працягу года месца жыхарства ў рэспубліцы змяняюць больш за 600 тыс. чал.

т. 10, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЧ хатняя,

глінабітнае або мураванае збудаванне для ацяплення памяшкання, гатавання ежы, выпечкі хлеба; важны элемент абсталявання і арх. вырашэння інтэр’ера жылля.

Вядома са старажытнасці. У Стараж. Рыме выкарыстоўвалі перасоўныя, звычайна метал., багата аздобленыя П. У сярэднявеччы пашыраны стацыянарныя П. купальнага тыпу, вылепленыя з гліны. У 13—14 ст. з’явіліся П. з кафлі, напачатку прамавугольныя, пазней і круглыя. У 18 — пач. 20 ст. П. рабілі ў выглядзе мэблі, абеліскаў, калон, пірамід з актыўным выкарыстаннем арх. дэкору. Разнастайнасцю вылучаюцца П. ў нар. буд-ве. Найб. старадаўнія — П.-каменка і «курная» П. (без коміна). «Белыя» П. (з комінам) рабілі з гліны ці цэглы, часам на драўлянай рубленай аснове з 3—5 вянкоў ці на штандарах. Спецыфіка побыту і матэрыяльнай культуры розных народаў садзейнічалі фарміраванню своеасаблівых тыпаў П. («руская», «галандская», «шведская» і інш.).

У нар. жыллі беларусаў П. адыгрывае вядучую ролю ў арганізацыі інтэр’ера хаты. Яна магла займаць ​1/4 плошчы памяшкання. Да сярэдзіны 19 ст. пераважалі «курныя», з пач. 20 ст. — «белыя» П. З канца 19 ст. каля П. ставілі грубку. П. і асобныя часткі (прыпечак, пячуркі, падпечча, комін і інш.) заўсёды былі актыўнымі элементамі сямейных свят і розных абрадаў. Сучасныя П. маюць меншыя памеры, робяцца з цэглы, часта абліцоўваюцца кафляй або пліткай дэкаратыўнай. Новыя сродкі ацяплення і гатавання ежы звузілі функцыянальнае прызначэнне П. ў сучасным побыце.

Літ.:

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;

Помнікі этнаграфіі. Мн., 1981.

С.​А.​Сергачоў.

Печ з комінам.

т. 12, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́СКІ ДРУК,

від друку, пры якім друкавальныя і прабельныя элементы друкарскай формы знаходзяцца ў адной плоскасці. Заснаваны на выбіральным змочванні друкавальных элементаў тлустай фарбай, а прабельных — водным растворам (дасягаецца хім. апрацоўкай формы). Выкарыстоўваецца для друкавання газет, ілюстраваных часопісаў і кніг, геагр. карт, рэпрадукцыі карцін, упаковачнай прадукцыі і інш.

Паколькі тлушч і вада не змешваюцца, папярэдне ўвільготненыя прабельныя ўчасткі формы не ўспрымаюць фарбу і яна кладзецца толькі на друкавальныя элементы; пры ўвільгатненні формы вада не змочвае слой фарбы, але ўспрымаецца прабельнымі ўчасткамі. Пры друкаванні форму папераменна змочваюць вадой і закатваюць фарбай, якая з формы перадаецца затым на паперу ці інш. матэрыял. Першы спосаб П.д. — літаграфія (вынайдзена ў 1798), якая з сярэдзіны 20 ст. страціла сваё значэнне з пашырэннем плоскага афсетнага друку (вынайдзены ў 20 ст.). Плоскадрукавальная друкарская машына створана ням. вынаходнікам Ф.​Кёнігам у 1811. Да спосабаў П.д. адносіцца таксама фотатыпія (вынайдзена ў 1855). Плоскадрукавальныя машыны літаграфскага і фотатыпнага друку маюць плоскую форманясучую паверхню (талер) і цыліндрычную прыціскальную (друкавальны цыліндр). Гл. таксама Кнігадрукаванне.

Літ.:

Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. 2 изд. М., 1991;

Технология печатных процессов. М., 1989;

Чехман Я.И., Сенкусь В.Т., Бирбраер Е.Г. Печатные машины. М., 1987.

У.​М.​Сацута.

Плоскі друк: а — прынцыповая схема друкавання (1 — друкарская форма, 2 — матэрыял, 3 — Друкавальны цыліндр, 4 — фарба); б — друкарская форма плоскага афсетнага друку (1 — друкавальныя элементы, 2 — прагальныя элементы, 3 — фарба, 4 — водны раствор); в — плоскадрукавальная машына (1 — транспарцёр, 2 — саманаклад, 3 — друкавальны цыліндр, 4 — талер, 5 — фарбавальны апарат; 6 — прыёмны стол).

т. 12, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКУРАТУ́РА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

адзіная цэнтралізаваная сістэма дзярж. органаў, якія ажыццяўляюць пракурорскі нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і інш. нарматыўных актаў мін-вамі і інш. органамі кіравання мясц. прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, юрыд. і службовымі асобамі, грамадзянамі. Сістэму органаў П.Р.Б. узначальвае Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, які назначаецца Прэзідэнтам са згоды Савета Рэспублікі. У сістэму ўваходзяць рэсп. пракуратура, якая з’яўляецца цэнтр. апаратам, пракуратуры абласцей і г. Мінска, раёнаў (гарадоў), ваен., транспартныя і інш. спецыялізаваныя пракуратуры. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці органаў пракуратуры вызначаюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 29.1.1993 і інш. заканадаўчымі актамі. Органы П.Р.Б. ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы незалежна ад органаў дзярж. улады і кіравання. Пракурорскія работнікі не могуць займацца паліт. дзейнасцю.

На Беларусі пракуратура засн. пастановай ЦВК БССР ад 26.6.1922 з адначасовым прыняццем Палажэння аб пракурорскім наглядзе. Напачатку яна існавала на правах аддзела Наркамата юстыцыі і яе ўзначальваў нар. камісар юстыцыі, адказны перад Прэзідыумам ЦВК БССР і падсправаздачны яму. Са снеж. 1922 да 1936 ішоў працэс цэнтралізацыі органаў пракуратуры, ператварэння іх ва ўсесаюзны орган. Канстытуцыя СССР 1936 замацавала новую сістэму органаў пракуратуры, канкрэтызавала задачы і асновы дзейнасці пракурорскага нагляду. Канстытуцыя БССР 1937 аднавіла і ўдакладніла гэтыя палажэнні адносна да Пракуратуры БССР, якая стала састаўной часткай Пракуратуры СССР. З распадам СССР (1991) Пракуратура СССР перастала існаваць. Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь на базе існуючых на Беларусі органаў пракуратуры ўтварыў іх адзіную сістэму — П.Р.Б.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ РЫ́ТМЫ, біярытмы,

цыклічныя ваганні інтэнсіўнасці і характару біял. працэсаў і з’яў, уласцівыя амаль усім жывым арганізмам (ад аднаклетачных да чалавека), ізаляваным органам і тканкам, асобным клеткам. Біялагічныя рытмы накіраваны на падтрымку гамеастазу і адаптацыі, адлюстроўваюць цячэнне часу ў біялагічных сістэмах. Класіфікацыя біялагічных рытмаў заснавана на паняцці цыкла (паслядоўнасці станаў са зваротам да зыходнага) і часу паміж станамі сістэмы, якія паўтараюцца (даўжыні перыяду); яна ўключае дыяпазон перыядаў ад мілісекунды да некалькіх гадоў. Адрозніваюць 5 класаў біялагічных рытмаў: рытмы высокай частаты, ад доляў секунды да 30 мін (асцыляцыі на малекулярным узроўні, рытмы скарачэння сэрца, дыханне, перыстальтыка кішэчніка); рытмы сярэдняй частаты, ад 30 мін да 28 гадз, у т. л. ультрадыянныя (да 20 гадз) і цыркадыянныя, ці калясутачныя (20—28 гадз), якія звязаны з вярчэннем Зямлі вакол восі; мезарытмы: інфрадыянныя (28 гадз — 6 дзён) і цыркасептальныя (каля 7 дзён); макрарытмы з перыядам ад 20 дзён да аднаго года; мегарытмы з перыядам у гады і дзесяткі гадоў. Біялагічныя рытмы класіфікуюць таксама па ўзроўнях арганізацыі біясістэмы: клетачныя, органавыя, арганізмавыя, папуляцыйныя. Біялагічныя рытмы раслін праяўляюцца ў сутачным руху лісця, пялёсткаў, сезонным адраўненні парасткаў, якія зімуюць. Біялагічныя рытмы жывёл выяўляюцца ў перыядычнасці рухальнай актыўнасці, тэмпературы, сакрэцыі гармонаў, праліферацыі клетак, сінтэзе РНК, утварэнні рыбасом і інш. Вызначаны рытмы адчувальнасці клетак, тканак, органаў і арганізма да дзеяння фактараў хім. і фіз. прыроды. З парушэннем часавай арганізацыі фізіял. функцый звязаны шматлікія паталагічныя працэсы. Біялагічныя рытмы вывучае біярытмалогія.

Літ.:

Биологические ритмы: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1984;

Хронобиология и хрономедицина. М., 1989.

А.​С.​Леанцюк.

Да арт. Біялагічныя рытмы. Сярэдняя працягласць некаторых рытмічных працэсаў арганізма чалавека.

т. 3, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛО́НСКАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ.

Дзейнічала ў в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. ў 1899—1908. Рэв. агітацыя сярод сялян праводзілася з 1881 уладальнікамі маёнтка Блонь народнікамі А.В.Бонч-Асмалоўскім і яго жонкай В.І.Вахоўскай. Яна ўзмацнілася пасля ўзнікнення на Міншчыне ў канцы 1890-х г. Рабочай партыі паліт. вызвалення Расіі. У канцы 1899 узнік тайны гурток самаразвіцця і ўзаемадапамогі. Гурток налічваў каля 20 чал., меў б-ку, аказваў матэр. дапамогу сялянам; на сваіх сходах абмяркоўваў паліт. і эканам. праблемы, яго члены знаёміліся з рэв. л-рай, сацыяліст. ідэямі. У 1898—99 у маёнтку Блонь жыла К.А.Брэшка-Брашкоўская, туды прыязджалі С.П.Кавалік, Р.А.Гершуні, Я.К.Судзілоўская, С.К.Мяржынскі, П.В.Румянцаў і інш. У 1901 гурток разгромлены, Бонч-Асмалоўскі з сынам Іванам і М.​Цехановіч высланы. У 1903 вакол селяніна В.​Катка (Федарончыка) сфарміраваўся новы гурток, які знаходзіўся пад уплывам эсэраў. Яго ўдзельнікі распаўсюджвалі сярод сялян антыўрадавыя і антырэліг. погляды. У маі 1903 пасля высылкі Катка дзейнасць гуртка прыпынілася. Аднавілася ў канцы 1904 пасля вяртання са ссылкі Бонч-Асмалоўскага і Цехановіча. У 1905 яны заснавалі суполку Усерас. сял. саюза, у рабоце якой прымалі ўдзел эсэры, прадстаўнікі мінскіх арг-цый РСДРП і Бел. сацыяліст. грамады. Вялася падрыхтоўка сялян-агітатараў. Прадстаўнікі Блонскай сялянскай арганізацыі Бонч-Асмалоўскі, Р.​Гайдук і «Канстанцін» (прозвішча не ўстаноўлена) удзельнічалі ў рабоце Устаноўчага з’езда Усерас. сялянскага саюза (31.7—1.8.1905, Масква). З дапамогай найб. свядомых сялян рэгулярна праводзіліся мітынгі, на якіх збіралася да 500 чал. з навакольных вёсак. З 1906 з узмацненнем паліцэйскага тэрору арг-цыя страціла актыўнасць. Спыніла існаванне ў сувязі з арыштам сям’і Бонч-Асмалоўскіх і найб. актыўных сялян.

З.​В.​Шыбека.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)