ВА́ЙЧКУС (Vaičkus) Юозас (16.4.1885, в. Застаўчай Мажэйкскага р-на, Літва — 7.4.1935),

літоўскі тэатр. дзеяч; адзін з заснавальнікаў літ. прафес. т-ра. У 1905 стварыў вандроўную аматарскую трупу (з 1911 Вандроўны т-р Вайчкуса), з якой гастраліраваў па Літве. У час вучобы ў студыі Александрынскага т-ра ў Петраградзе стварыў там у 1916 Літоўскую драм. студыю, якая стала першым прафес. т-рам. У Вільнюсе, Каўнасе ставіў п’есы П.​Вайчунаса, Ю.​Жэмайтэ, Л.​Талстога, А.​Чэхава, Г.​Ібсена. З 1920 рэжысёр Драм. т-ра Т-ва творцаў літ. мастацтва (з 1922 Дзярж. т-р), дзе паставіў «Агні Іванавай ночы» Г.​Зудэрмана, «Карэн Борнеман» Я.​Бергстрэма. У 1923—32 жыў у ЗША. У 1932 стварыў у Каўнасе студыю кіно і т-ра, т-ва «Ліетфільм».

т. 3, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДЗЬКА Генадзь Браніслававіч (н. 29.9.1955, г. Сянно Віцебскай вобл.),

бел. акцёр, рэжысёр. Скончыў Далёка-ўсходні ін-т мастацтваў (1977, г. Уладзівасток), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1991). У 1980—82 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.​Дуніна-Марцінкевіча. З 1982 у Нац. т-ры імя Я.​Купалы. Створаныя ім вобразы каларытныя, адметныя дакладным асэнсаваннем драматургічнага матэрыялу. Сярод лепшых роляў: Усходні Вучоны («Тутэйшыя» Я.​Купалы), Драгун («Парог» А.​Дударава), Малюцін («Апошні журавель» Дударава і А.​Жука), Мужык («Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева), Флар’яна («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі), Тарцюф («Тарцюф» Мальера). Ажыццявіў пастаноўкі: «Смех лангусты» Дж.​Марэла, «Звон — не малітва» І.​Чыгрынава (1992), «Гульня ў джын» Д.​Кобурна (1933). Стваральнік і кіраўнік т-ра «Бульвар смеху» (1995).

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́КІ Аляксей Дзянісавіч (25.2.1889, г. Днепрапятроўск, Украіна — 1.10.1955),

расійскі рэжысёр, акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1949). Праф. (1948). З 1910 у МХТ, з 1911 у 1-й студыі МХТ (пазней МХТ 2-і); у 1944—52 у Малым т-ры. Пастаўленыя ім спектаклі вызначаліся выразнасцю, сакавітасцю фарбаў, гумарам, жыццялюбствам, філас. глыбінёй: «Блыха» (1925) і «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» (1935) паводле М.​Ляскова, «Глыбокая правінцыя» М.​Святлова (1935), «Цені» М.​Салтыкова-Шчадрына (1953). Педагог яўр. секцыі Бел. драм. студыі ў Маскве. Кіраўнік пастаноўкі «Недарэчнасць» К.​Фіна ў БДТ-2 і кансультант пастаноўкі «Гісторыя пяці хвастоў» Л.​Левіна ў БДТ-3 (1934). Здымаўся ў кіно: «Адмірал Нахімаў», «Кутузаў» і інш. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1949 (двойчы), 1950.

т. 6, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ РАБО́ЧЫ ТЭА́ТР імя Цэнтральнага савета прафесійных саюзаў Беларусі.

Існаваў у 1928—33 у Мінску. Створаны з драм. гуртка бухгалтарскіх курсаў як Бел. рабочы т-р («Наш тэатр»), у 1930 перайменаваны ў т-р імя ЦСПСБ. З мая 1930 працаваў як вандроўны. Дырэктар М.​Красінскі, рэжысёр Ф.​Ждановіч, з 1930 В.​Галаўчынер. Т-р выступаў сярод рабочых пераважна ў аддаленых раёнах. Асн. месца ў рэпертуары займалі актуальныя на той час п’есы: «Босыя на вогнішчы» паводле М.​Чарота, «На стыку» Ц.​Гартнага, «Будні» І.​Гурскага, «Шляхамі рознымі» У.​Стэльмаха, «Гірт з воўчага логу» Я.​Райніса, «Князь Мсціслаў Удалы» І.​Прута, «Стрэл» А.​Безыменскага, «Чынгісбуд» К.​Федзіна, «Слухайце, ныцікі!» А.​Майскага, аперэта «Кухня святасці» Я.​Цікоцкага.

С.​А.​Пятровіч.

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЙМЕК (Dejmek) Казімеж (н. 17.5.1924, г. Ковель, Украіна),

польскі акцёр і рэжысёр. У 1947 дэбютаваў як акцёр. У 1949—61 і 1975—79 дырэктар Новага т-ра (Лодзь), у 1962—68 — Нац. т-ра ў Варшаве. У 1969—71 працаваў за мяжой. У 1972—74 у Вялікім (Лодзь) і Драм. (Варшава) т-рах. З 1981 дырэктар Т-ра Польскага (Варшава). У 1993—95 міністр культуры і мастацтва Польшчы. Сярод пастановак: «Лазня» У.​Маякоўскага (1954, 1983, г. Эсен, Германія), «Жыццё Іосіфа» М.​Рэя (1958, 1965, 1985), «Кардыян» Ю.​Славацкага (1965, 1967), «Намеснік» Р.​Гохута (1966), «Аперэтка» В.​Гамбровіча (1975), «Вызваленне» (1982) і «Вяселле» (1985, 1992) С.​Выспянскага, «Амбасада» (1988) і «Партрэт» (1990) С.​Мрожака. Ставіў оперныя спектаклі. Дзярж. прэмія Польшчы 1984.

т. 6, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛЬВЯРО́ВІЧ (Zelwerowicz) Аляксандр (14.8.1877, г. Люблін, Польшча —18.6.1955),

польскі акцёр, рэжысёр, педагог. Дэбютаваў на сцэне ў 1896, працаваў пераважна ў Варшаве (Тэатр польскі, 1912—54, з перапынкамі), Лодзі і Кракаве. Быў дырэктарам т-раў у Лодзі, Варшаве, Вільні (1929—31, Тэатр на Пагулянцы). Выканаўца характарных роляў у камедыйным і драм. рэпертуары: Шамбелян («Пан Явяльскі» А.​Фрэдры), Дамазы («Пан Дамазы» Ю.​Блізінскага), Арган («Прытворна хворы» Мальера), Маёр («Фантазіі» Ю.​Славацкага), Парфірый («Злачынства і пакаранне» паводле Ф.​Дастаеўскага) і інш. Сярод пастановак: «Пан дэ Пурсаньяк» Мальера (1918), «Дзяды» А.​Міцкевіча (1915, 1927). Здымаўся ў кіно. Выкладаў у Драм. школе пры кансерваторыі, тэатр. ін-це, Вышэйшай тэатр. школе ў Варшаве. Дзярж. прэміі Польшчы 1950, 1951. Аўтар успамінаў «Гутаркі старога камедыянта» (1958).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́РВІНГ (Irving) Генры [сапр. Бродрыб

(Brodribb) Джон Генры; 6.2.1838, Кейнтан, графства Сомерсет, Вялікабрытанія — 13.10.1905], англійскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Акцёрскую дзейнасць пачаў у 1856 у т-рах Эдынбурга, Манчэстэра, Ліверпуля, Глазга і інш. З 1866 у Лондане. Акцёр з выразнай мімікай, сцэнічным тэмпераментам. У 1867 звярнуўся да ўвасаблення вобразаў У.​Шэкспіра: Петручыо («Утаймаванне свавольніцы»),

Макбет, Атэла, Рычард III (аднайм. п’есы) і інш.; роля Гамлета (аднайм. п’еса) вылучыла І. ў шэраг лепшых акцёраў Вялікабрытаніі. У 1878—98 сумесна з Э.Тэры кіраваў т-рам «Ліцэум». Адрадзіў на англ. сцэне драматургію Шэкспіра. Пастаноўкі вылучаліся яркай відовішчнасцю, гіст. дакладнасцю, трактаваліся ў духу сентыменталізму. Пад яго рэд. выдадзены сцэнічныя тэксты Шэкспіра.

Літ.:

Терри Э. История моей жизни: Пер. с англ. Л.;

М., 1963.

т. 7, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАТО́ЗАЎ (сапр. Калатазішвілі) Міхаіл Канстанцінавіч

(10.1.1904, Тбілісі — 26.3.1973),

грузінскі і расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1969). У 1931—34 слухач Дзярж. акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе. У кіно з 1923, з 1928 рэжысёр. Дырэктар Тбіліскай кінастудыі (1936), упаўнаважаны К-та па справах кінематаграфіі СССР у ЗША (1943—45), нач. Гал. ўпраўлення па вытв-сці маст. фільмаў (1945—48). Творчасці ўласцівы яркая паэт. вобразнасць, імкненне да перадачы пластыкі выявы, вострых ракурсаў, эфектаў асвятлення. Сярод фільмаў: «Соль Сванетыі» (1930, дакументальны), «Змова асуджаных» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951; прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Адданыя сябры* (1954, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Ляцяць журавы» (1957, Вял. прыз 11-га Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1958), «Чырвоная палатка» (1970, італа-сав.).

Літ.:

Кремлев Г. Михаил Калатозов. М., 1965.

т. 7, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЙТАР Навум Барысавіч (Нохум Борухавіч; 9.1.1891, г. Бярдзічаў Жытомірскай вобл., Украіна — 29.8.1966),

бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1945).

Скончыў Вольныя рэжысёрскія майстэрні У.​Меерхольда (1925). Працаваў у т-рах Масквы, Ленінграда, Кіева, Адэсы, Харкава. У 1940—57 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Творчасці ўласцівы манум. героіка, наватарства ў спалучэнні з яркай тэарэт. формай, лаканізм сродкаў, сатырычная вастрыня, глыбокае раскрыццё характараў. Сярод пастановак: «Несцерка» В.​Вольскага (1941), «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага (1942), «Проба агнём» К.​Крапівы (1943), «Позняе каханне» (1944) і «Гарачае сэрца» (1955) А.​Астроўскага, «Рэвізор» М.​Гогаля (1945), «Ганна Лучыніна» К.​Транёва (1954), «Крэпасць над Бугам» С.​Смірнова (1956), «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.​Дастаеўскага (1957). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Г.​П.​Маркіна.

т. 9, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКІН Пётр Аляксандравіч (25.7.1903, г. Саратаў, Расія — 16.8.1958),

расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Вышэйшыя майстэрні тэатр. мастацтва (Саратаў, 1924). З 1925 акцёр і рэжысёр т-раў Расіі. З 1949 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Акцёр шырокага дыяпазону. Спалучаў эмацыянальнасць і глыбокі псіхалагізм з мяккім лірызмам, камедыйнасцю і яркай пластычнай выразнасцю. Ролі ў Брэсцкім т-ры: Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Калібераў («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Каспар («Салаўі пяюць на волі» паводле З.​Бядулі), Круціцкі («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.​Астроўскага), Дорн («Чайка» А.​Чэхава), Бяссеменаў («Мяшчане» М.​Горкага), Гарнастаеў («Любоў Яравая» К.​Транёва) і інш. Паставіў спектаклі: «Зыкавы» М.​Горкага, «Навальніца» Астроўскага (абодва 1952), «Блудны сын» Э.​Ранета (1958) і інш.

т. 10, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)