АЦЭТЫЛСАЛІЦЫ́ЛАВАЯ КІСЛАТА́, аспірын,
вытворнае саліцылавай кіслаты, мал. м. 180,2. Бясколерныя крышталі, tпл 141—144 °C, мала раствараецца ў вадзе (1:300), лепш у этылавым спірце (1:7). Атрымліваюць ацыліраваннем саліцылавай кіслаты воцатным ангідрыдам.
Процізапаленчы сродак з анальгетычнымі і гарачкапаніжальнымі ўласцівасцямі, выкарыстоўваецца пры рэўматызме, неўралогіях, ліхаманкавых захворваннях і інш. Хутка ўсмоктваецца са страўніка, звязваецца бялком сывараткі крыві (97%), выводзіцца ў асноўным праз ныркі. Уваходзіць у састаў камбінаваных лекаў (асфен, аскафен, цытрамон).
т. 2, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАВА́ КАРАЛЕ́ВІЧ,
герой стараж. аповесці і нар. казак. Твор пра Баву Каралевіча ўзнік у 12 ст. ў Францыі як рыцарскі раман. Праз Італію і Сербію трапіў на Беларусь, дзе ў 16 ст. перакладзены на бел. мову. На ўсх.-слав. землях «Аповесць пра Баву» шырока бытавала ў вуснай перадачы і набыла рысы нар. казкі. Вядомыя рус., укр., бел. варыянты казкі «Бава Каралевіч». Бел. варыянты запісаны ў Чачэрскім, Бярэзінскім і інш. р-нах.
т. 2, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЦА́НА (Bolzano),
горад на Пн Італіі, ва Усх. Альпах, у сутоку рэк Адыджэ і Ізарка. Адм. ц. правінцыі Бальцана. 101 тыс. ж. (1990). Важны трансп. вузел (чыгункі і аўтамаб. дарогі) на шляхах паміж Італіяй і Германіяй праз перавал Брэнер. Развіты энергаёмістыя галіны прам-сці, выплаўка спец. сталяў, алюмінію, магнію, ферасплаваў. Аўтамаб., хім., дрэваапр., тэкст., абутковая прам-сць. Цэнтр турызму і зімовага спорту. Штогадовыя міжнар. кірмашы. Музеі. Арх. Помнікі 13—16 ст.
т. 2, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ДАЛІ́НА, Грэйт-Валі (Great Valley),
сістэма падоўжных далін, падзеленых кароткімі хрыбтамі, у Паўд. Апалачах, у ЗША. Размешчана паміж хр. Блу-Рыдж і Апалачскім плато. Працягласць з ПнУ на ПдЗ каля 950 км, шыр. 40—60 км. Па Вялікай даліне працякаюць шматлікія рэкі (Камберленд, Тэнесі і інш.). Развіты с.-г. раён (пасевы пшаніцы, кукурузы; гадоўля буйн. раг. жывёлы). Праз Вялікую даліну пракладзены важныя магістралі, якія звязваюць паўн. і паўд. штаты ЗША.
т. 4, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБО́ЎКА (польск. werbować ад ням. werben набіраць),
1) наём людзей на ваен. службу, адзін са спосабаў камплектавання войск. Выкарыстоўвалася са стараж. часоў. Найб. пашырэнне атрымала ў Зах. Еўропе ў 15—18 ст. У шэрагу сучасных замежных краін (ЗША, Вялікабрытанія, ФРГ і інш.), а таксама ў Расіі Узбр. сілы камплектуюцца поўнасцю ці часткова на кантрактнай аснове, г.зн. праз вярбоўку і наёмніцтва.
2) У СССР адзін са спосабаў арганізаванага набору рабочых.
т. 4, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫКТЫЯКАЎЛЁЗЫ,
гельмінтозныя хваробы свойскіх і дзікіх траваедных жывёл, якія выклікаюцца нематодамі з роду Dictyocaulus. Вельмі пашыраны сярод авечак, коз і буйн. раг. жывёлы.
Развіццё гельмінта без удзелу прамежкавага гаспадара. Хварэе пераважна маладняк ва ўзросце да году. Жывёлы заражаюцца праз ваду і корм (пераважна ўлетку на пашы), інвазаваныя лічынкамі нематод. Першыя выпадкі захворвання адзначаюцца ў чэрв.—ліпені, максімальны пік інвазіі прыпадае на жнівень. Хвароба выяўляецца бранхітамі і запаленнем лёгкіх, анеміяй, знясіленнем.
т. 6, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРЫ́ЛАЎКА,
рака ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Бярозаўка (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 32 км. Пл. вадазбору 133 км². Пачынаецца за 1 км на Пд ад в. Забор’е, цячэ ў межах Свянцянскіх град, у нізоўі працякае праз Пятроўскае возера. Даліна трапецападобная, ніжэй воз. Пятроўскае зліваецца з далінай Бярозаўкі, шыр. 300 м — 2 км. Пойма шыр. 100—300 м. Рэчышча ад вытоку на працягу 16 км каналізавана.
т. 5, с. 560
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАХНА́РСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дахнарка (працякае праз возера) за 14 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,47 км², даўж. 890 м, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 1,7 м, даўж. берагавой лініі каля 2,7 км. Пл. вадазбору 73,8 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м, параслі лесам, на Пд разараныя. Берагі пераважна сплавінныя, на Пн забалочаныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Зарастае.
т. 6, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОГНЕПРАВО́ДНЫ ШНУР, бікфордаў шнур,
шнур для перадачы цеплавога імпульсу (пучка іскраў) капсулю-дэтанатару або зараду выбуховых рэчываў праз строга вызначаны прамежак часу з моманту падпальвання. Складаецца з асяродка са спрасаванага дымнага пораху і абалонкі (аплёткі) з некалькіх слаёў нітак, насычаных вільгацеізаляцыйным саставам. Дыяметр 6 мм, скорасць гарэння да 1 см/с (пад вадой на глыб. да 5 м гарыць з большай скорасцю). Выкарыстоўваецца ў ваен. справе і пры выбуховых работах.
т. 4, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬШЫЦА,
возера ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сергуч (цячэ праз возера), за 40 км на У ад г. Докшыцы. На тэр. Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Пл. 3,98 км², даўж. 3,32 км, найб. шыр. 1,9 км, найб. глыб. 2,7 м, даўж. берагавой лініі 9,75 км. Пл. вадазбору 113 км². Схілы катлавіны і берагі нізкія, забалочаныя. Дно плоскае, высланае сапрапелямі, месцамі глеямі. Празрыстасць вады да дна. Моцна зарастае.
т. 4, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)