высокаспецыялізаванае ўтварэнне эпідэрмісу раслін. Складаецца з 2 замыкальных клетак і міжклетніка — вусцейкавай шчыліны, якая падзяляе іх і праз якую ажыццяўляецца газаабмен, неабходны для дыхання раслін, фотасінтэзу і транспірацыі. Ноччу, а таксама ўдзень пры недастатковым водазабеспячэнні шчыліна зачыняецца. Нярэдка да замыкальных клетак прылягаюць 2 ці некалькі калявусцейкавых (т.зв. пабочных), што адрозніваюцца ад асн. клетак эпідэрмісу памерамі і формай. Разам з замыкальнымі яны ўтвараюць т.зв. вусцейкавы апарат. Колькасць (ад некалькіх дзесяткаў да 300 і болей на 1 мм²паверхні ліста), выгляд і размеркаванне спецыфічныя для кожнага віду і служаць важнай таксанамічнай прыкметай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМАКА́ННЕ ПАСЕ́ВАЎ,
гібель азімых культур ад парушэння дыхання пры застоі вады на паверхні глебы. У кліматычных умовах Беларусі найчасцей бывае ўвосень і вясной, радзей пры працяглых адлігах зімой, на слабаводапранікальных глебах у паніжаных месцах, летам пры вял. колькасці ападкаў і выхадзе рэк з берагоў. Залітыя вадой расліны жаўцеюць, назапашваюць у клетках этылавы спірт і інш. рэчывы, якія выклікаюць іх атручэнне і гібель. З азімых культур найчасцей вымакае жыта. Меры барацьбы: вырошчванне ўстойлівых да вымакання сартоў, добрая апрацоўка глебы, ранняя падкормка раслін мінер. ўгнаеннямі і інш. агратэхн. мерапрыемствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЫНЯМЕ́Р,
1) Вышынямер авіяцыйны, альтыметр, прылада для вымярэння вышыні палёту лятальнага апарата над зямлёй. Адрозніваюць бараметрычныя вышынямеры (гл.Анероід) і радыёвышынямеры. Дзеянне бараметрычных вышынямераў заснавана на залежнасці атм. ціску ад вышыні палёту. Паказвае вышыню адносна месца ўзлёту. Радыёвышынямер працуе на прынцыпе адбіцця радыёхваль ад паверхні зямлі. Паказанні адпавядаюць сапраўднай вышыні палёту.
2) Вышынямер лесатаксацыйны, прылада для вымярэння вышыні дрэў і вугла іх нахілу. Заснавана на прынцыпе пабудовы падобных трохвугольнікаў.
3) Вышынямер геадэзічны, прылада для вызначэння перавышэння адных пунктаў над другімі (гарызонтаў): нівелір, тэадаліт, экліметр і інш.геадэзічныя прылады і інструменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАПРАНІКА́ЛЬНАСЦЬ,
уласцівасць матэрыялаў прапускаць паветра і іншыя газы пры наяўнасці перападу ціску. Характарызуецца каэфіцыентам пранікальнасці: аб’ём газу, які праходзіць за 1 с праз адзінку паверхні матэрыялу пры перападзе ціску, роўным адзінцы.
Каэфіцыент пранікальнасці залежыць ад прыроды газу і т-ры. Адна з асн. характарыстык порыстых керамічных матэрыялаў (буд. вырабы, керамічныя фільтры).
Газапранікальнасць уласцівая і бяспорыстым матэрыялам: палімерам, металам, шклу. Газапранікальнасць уплывае на ахоўныя ўласцівасці палімерных пакрыццяў, скорасць акіслення палімераў, абмен рэчываў у жывых арганізмах (гл.Біялагічныя мембраны), якасць вырабаў з палімераў (шыны, пракладкі, раздзяляльныя мембраны, абутак, упакоўкі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМО́НЫ,
сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы: сумесь нітрату амонію NH4NO3 (акісляльнік) і невыбуховага гаручага (торф, драўняная мука, нафтапрадукты, парашкі металаў), якое лёгка акісляецца. Цеплата ўзрыву ў залежнасці ад складу 3—4,2 МДж/кг.
З тонкадысперснага NH4NO3 вырабляюць парашкападобныя Д., з сітаватага грануляванага — грануляваныя: грануліты (гранулы салетры, прамочаныя вадкім гаручым) і ігданіт (94—95% NH4NO3 і дызельнае паліва). Грануляваныя Д. ў параўнанні з парашкападобнымі менш гіграскапічныя і адчувальныя да мех. уздзеянняў. Выкарыстоўваюць для ўзрыўных работ на паверхні і пад зямлёй (акрамя шахтаў, небяспечных на газ і пыл). Гл. таксама Дынаміты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАСАВЫ́ АПАРА́Т,
сукупнасць анатамічных структур, з дапамогай якіх у чалавека і жывёл з лёгачным дыханнем утвараюцца гукі. Складаецца з галасавых звязак — складкі са злучальнай тканкі на ўнутр.паверхні бакавых сценак гартані. Прамежак паміж імі — галасавая шчыліна. Ва ўтварэнні гукаў удзельнічаюць дыхальныя шляхі (трахея, бронхі), а таксама лёгкія. На адценні гукаў уплываюць глотка, насавая поласць з прыдаткавымі пазухамі, ротавая поласць. Паветра з лёгкіх выходзіць праз галасавую шчыліну, ад гэтага звязкі вібрыруюць і ўтвараюць гукавыя хвалі. Змена шырыні галасавой шчыліны і ступені нацягнутасці галасавых звязак уплывае на вышыню і моц гуку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ́КЕР (ням. Düker ад лац. duco вяду),
напорны ўчастак вадавода, які пракладваюць пад рэчышчам ракі або канала, па дне глыбокай даліны або яра, пад дарогай і інш. перашкодамі для пропуску праз іх воднага патоку. Бываюць калодзежнага (шахтавага) тыпу і крывалінейныя, заглыбленыя і ўкладзеныя па паверхні, жалезабетонныя, бетонныя, стальныя і камбінаваныя. Часам маюць смеццезатрымальныя рашоткі, адстойнікі для акумуляцыі наносаў, затворы для аховы ад высокага ўзроўню вады пры рамонце і інш. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах водазабеспячэння і каналізацыі, меліярацыі. гідратэхн. буд-ве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЛІНГТО́НІЯ (Darlingtonia californica),
кветкавая насякомаедная расліна сям. сарацэніевых. Пашырана ў Паўн. Амерыцы (ад паўн. Каліфорніі да паўд. Арэгона). Расце на балоцістых глебах.
Шматгадовая травяністая расліна з карэнішчам і разеткай своеасаблівых гарлачыкападобных лістоў-пастак даўж. да 1 м. Кветкі адзіночныя, пялёсткі жаўтаватыя з чырванаватымі жылкамі. Плод — каробачка. Па краі ліста — цёмна-чырв. раздвоены лістападобны прыдатак. На ўнутр.паверхні ліст мае залозкі, якія выдзяляюць нектар, што прываблівае насякомых. Сценкі лістоў-пастак укрыты валаскамі, якія дазваляюць насякомым рухацца толькі ўнутр ліста, дзе яны гінуць у вадкасці, што выдзяляе расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАФІ́ТЫ [ад гідра... + ...фіт(ы)],
водныя расліны, прымацаваныя да грунту вадаёма і паглыбленыя ў ваду, часта з плаваючым на паверхні лісцем і суквеццямі над вадой (урэчнік, гарлачык і інш.). Як жыццёвая форма гідрафіты адносяцца да крыптафітаў. Растуць па берагах вадаёмаў, па мелкаводдзях, на балотах і забалочаных лугах (т.зв.гелафіты). Адаптаваныя да утылізацыі пажыўных (біягенных) рэчываў, раствораных у водным асяроддзі. У адрозненне ад гідатафітаў іх каранёвая сістэма, мех. тканкі і сасуды, якія праводзяць ваду, добра развітыя. Абагачаюць ваду кіслародам, удзельнічаюць у працэсах самаачышчэння вадаёмаў, з’яўляюцца кормам для жывёл-фітафагаў. Многія гідрафіты — торфаўтваральнікі. Гл. таксама Водныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАФО́БНЫ ЦЭМЕ́НТ,
прадукт тонкага здрабнення партландцэментнага клінкеру (гл.Партландцэмент) разам з гіпсам і гідрафобнымі (воданепрымальнымі) дабаўкамі (асідол, мыланафт, алеінавая к-та і інш.). Дабаўкі (0,1—0,3% ад масы цэменту) утвараюць на паверхні яго часціц тонкія гідрафобныя плёнкі (гл.Гідрафільнасць і гідрафобнасць), якія змяншаюць яго гіграскапічнасць і прадухіляюць ад псавання пры працяглым захоўванні нават у вільготных умовах. Бетоны і растворы на гідрафобным цэменце вызначаюцца меншым водапаглынаннем, большай марозаўстойлівасцю і воданепранікальнасцю, чым на звычайным цэменце. Выкарыстоўваюцца ў аэрадромным і дарожным буд-ве, для абліцоўкі будынкаў і інш.