ПАТЭ́НТ [ад лац. patens (patentis) адкрыты, яўны],
1) дакумент, які сведчыць аб прызнанні заяўленага аб’екта вынаходствам, прыярытэце вынаходства, аўтарстве і выключным праве на вынаходства. Выдаецца кампетэнтным дзярж. органам. На Беларусі П. выдаецца аўтару або яго правапераемнікам на 20 гадоў.
2) У шэрагу краін П. — спец. дазвол на занятак пэўнымі відамі прадпрымальніцкай дзейнасці. Купля П. ў дзяржавы вызваляе прадпрымальніка (звычайнаіндывід.) ад далейшай уплаты падаткаў (на вызначаны перыяд).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНА́ТЫ,
у старажытнарымскай міфалогіі багі-захавальнікі і апекуны хатняга ачага, пазней — усяго рым. народа. Разам з ларамі (з якімі іх часам атаясамлівалі) П. былі сімваламі роднага дому. Кожная сям’я мела звычайна двух П., іх выявы змяшчалі каля ачага. Месцам знаходжання агульнадзярж. П. лічыўся храм Весты ў Рыме, дзе вярх. жрэц прыносіў ім ахвяры. У пераносным сэнсе П. — хатні ачаг, родны дом (адсюль выраз «вярнуцца да сваіх пенатаў»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМА́ЦТВА,
шлюб, пры якім мужчыну прымалі ў дом і ў сям’ю жонкі і цесця, калі іх двор не меў свайго сына-наследніка. Пашыраная сац.-эканам. з’ява дарэв. побыту бел. сялянства. У прымы звычайна ішлі беззямельныя або тыя сыны, якім не ставала зямельнага надзелу. Прававое становішча зяця-прымака залежала ад галавы сям’і. Прымак мог стаць сапраўдным гаспадаром, калі яго брала да сябе ўдава, у якой не было сына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАССВІДРО́ЎКА,
шматлязовы металарэзны інструмент для чыставой апрацоўкі адтулін. Складаецца з рабочай часткі, шыйкі, хваставіка, мае звычайна 6—12 зубоў, што надае ёй высокую ўстойлівасць і павышаную ў параўнанні са свердлам жорсткасць. Бываюць для машыннай (выкарыстоўваюць на станках) і ручной апрацоўкі. Паводле формы адтуліны адрозніваюць цыліндрычныя, канічныя і ступеньчатыя; паводле формы зубоў — з прамымі і вінтавымі зубамі; паводле канструкцыі — суцэльныя, зборныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДНІКО́ВЫ ГАЗ,
гаручы газ, што вылучаецца звычайна ў кам.-вуг. шахтах. Бясколерны, лягчэйшы за паветра. Асн. кампанент — метан, мае таксама азот, вадарод, інертныя і інш. газы. Утвараецца ў радовішчах карысных выкапняў з арган. рэчываў пры гніенні, пад уздзеяннем цяпла, ціску, часам радыяцыі. У сумесі з паветрам выбухованебяспечны. Наяўнасць Р.г. ў рудніковай атмасферы (дапушчальная канцэнтрацыя 0,5—2% па аб’ёме) зніжае канцэнтрацыю кіслароду і можа прывесці да ўдушша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ПАР (галанд. roeper ад roepen крычаць),
адрэзак трубы звычайна круглага або прамавугольнага сячэння з плаўна павялічвальнымі папярочнымі памерамі. Прыстаўлены вузкім канцом да крыніцы гуку, Р. узмацняе яго (канцэнтруе гукавую энергію ў напрамку сваёй восі), а накіраваны шырокім канцом на прымаемы гук — канцэнтруе яго каля прыёмніка гуку (напр., вуха). Р. найчасцей выкарыстоўваюцца ў рупарных гучнагаварыцелях і мегафонах (прызначаны для ўзмацнення гучання галасу ў месцах з павышаным узроўнем шуму).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯТРА́К, ветраны млын,
вытворчая пабудова для памолу зерня з выкарыстаннем энергіі ветру. Былі пашыраны ў многіх краінах Еўропы з 12—13 ст., звычайна мураваныя. На Беларусі вядомы з 16 ст., найб. пашыраны ў 18 — пач. 20 ст., драўляныя. Вярчальны момант ад парных крылаў (звычайна 4), умацаваных на гарыз. вале, праз зубчатыя колы перадаваўся на верт. вал і камяні паставоў. Бываюць ветракі стрыжнёвыя (казловыя, слупавыя) і шатровыя. У стрыжнёвых высокі абшыты дошкамі квадратны ў плане каркас з 2-схільнай страхой (часта з залобкам з боку крылаў) паварочваўся вакол цэнтр. слупа, умацаванага на крыжавіне з тоўстага бярвення — козлах. Больш дасканалыя і магутныя шатровыя ветракі (пашыраны пераважна на У Беларусі) мелі высокі стацыянарны зрубны ці каркасны 8-гранны або круглы аб’ём і рухомую верхнюю частку — шацёр, які разам з крыламі пры дапамозе дышля ставілі супраць ветру. Сустракаліся (пераважна на З і Пн Беларусі) і невял. сядзібныя ветракі (казлоўкі), у т. л. на колах — для перавозкі з месца на месца. Выкарыстоўваліся да сярэдзіны 20 ст.
Я.М.Сахута.
Вятрак з в. Шчолкава Валагодскай вобл. (Расія).Вятрак з в. Русіно Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІНТЭ́Т (італьян. quintetto ад лац. quintus пяты),
1) ансамбль з 5 выканаўцаў (інструменталістаў ці вакалістаў). Інстр. К. можа складацца з аднародных або разнародных інструментаў. Пашыраны К. смыковы (смыковы квартэт і 2-я віяланчэль або 2-і альт), фп. (смыковы квартэт і фп.), духавых інструментаў (квартэт драўляных духавых і валторна).
2) Муз. твор для 5 інструментаў або пеўчых галасоў. Інстр. К. як жанр камернай музыкі склаўся ў творчасці І.Гайдна і В.А.Моцарта. Звычайна пішацца ў санатнай цыклічнай форме. У музыцы 19—20 ст. значна пашыраны фп. К., для якога характэрна кантрастнае супастаўленне тэмбраў фп. і стр. смыковых інструментаў. У сусв.муз. класіку ўвайшлі фп. квінтэты Ф.Шуберта, Р.Шумана, І.Брамса, С.Франка, С.Танеева, Дз.Шастаковіча. У бел. музыцы пачынальнік жанру М.Аладаў (2 К., 1-ы ў 1925). Фп. К. пісалі таксама П.Падкавыраў, У.Чараднічэнка. К. для інш. складаў стварылі У.Дамарацкі («Партыта» для К. медных духавых), У.Каральчук (К. для 2 труб, валторны, трамбона і тубы), А.Літвіноўскі (п’еса для стр. К. «U1»). Вакальныя К. звычайна ўваходзяць у оперы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНЕМА́ТЫКА,
раздзел механікі, у якім вывучаюцца геам. ўласцівасці руху цел без уліку іх масы і сіл, што на іх дзейнічаюць. Звычайна падзяляецца на К. часціцы (матэрыяльнага пункта) і К. цвёрдага цела Асн. задачы К. — знаходжанне траекторый, скарасцей, паскарэнняў часціц і цел.
Становішча пункта (ці цела) адносна пэўнай сістэмы адліку вызначаецца ўраўненнямі, якія выражаюць залежнасць каардынат gi ад часу t[gi=gi(t)] і наз. законамі руху, дзе i — колькасць ступеней свабоды. Звычайна гэтыя законы задаюцца ў каардынатнай [x=x(t), y=y(t), z=z(t)] або вектарнай
формах, дзе x, y, z — каардынаты пункта, — яго радыус-вектар. Функцыі, якія вызначаюць законы руху, адназначныя (аб’ект не можа займаць розныя становішчы ў адзін і той жа момант часу) і двойчы дыферэнцавальныя (паколькі ў кожны момант існуюць скорасці vi = dgi/dt і паскарэнні w = d2gi/dt2. У агульным выпадку рух часціцы апісваецца 3 ураўненнямі, а рух цвёрдага цела — 6. Заканамернасці К. выкарыстоўваюць пры разліках перадачы рухаў у кінематыцы механізмаў і пры рашэнні задач дынамікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́НКА,
гіганцкі электрычны іскравы разрад у атмасферы, які праяўляецца звычайна яркай успышкай святла і суправаджаецца громам; асн. прыкмета навальніцы. Найб. часта ўзнікае ў кучава-дажджавых воблаках, пры гэтым М. могуць праходзіць у саміх воблаках або паміж імі і зямлёй. Найб. тыповая лінейная М. — множны іскравы разрад з разгалінаваннямі, даўж. 1—10 км, дыям. некалькі сантыметраў, існуе ад 0,1 с да 1 с, т-ра 25000 °C і больш. Звычайна М. мае некалькі паўторных разрадаў, зрэдку некалькі дзесяткаў (зацяжная М.). Шаравая М. сфероіднай формы, каля паверхні зямлі, дыям. да 10—50 см, рухаецца павольна, падпарадкоўваецца плыням паветра, існуе да 1—2 мін, знікае з выбухам або без яго. Плоская М. — эл. разрад на паверхні воблака, не мае лінейнага характару. Пацеркападобная М. — разрад у выглядзе ланцуга з кропак, якія свецяцца. Лінейная і шаравая М. могуць быць прычынай пажару, пашкоджанняў ліній сувязі і электраперадач, гібелі людзей і хатняй жывёлы. Пабудовы ад удару М. засцерагаюць маланкаадводамі. На Беларусі ў мінулым блізкі ўдар М. ў зямлю, наземныя прадметы, жывёлу або чалавека называўся перуном.