прыродная вобласць у Паўд.Амерыцы, Перу, Балівіі, Чылі і Аргенціне. Уяўляе сабой высакагорныя пустыні і сухія стэпы на высокаўзнятых пласкагор’ях Цэнтр. Андаў паміж Зах. і Цэнтр. Кардыльерамі. Выш. 3500—4600 м. У рэльефе пераважаюць слабахвалістыя раўніны і плоскія катлавіны, запоўненыя вулканічнымі, абломкавымі і азёрна-ледавіковымі адкладамі. Клімат высакагорна-трапічны з халаднаватым дажджлівым летам і халоднай сухой зімой. Сярэднія т-ры ліст. 5—10 °C, ліп. 2—6 °C. Ападкаў ад 1000 мм за год на Пн, да 100—200 мм на Пд і З. Характэрны рэзкія змены надвор’я і моцныя вятры. П. — вобласць унутранага сцёку (найб.р. Дэсагуадэра). Найб. азёры Тытыкака і Паапо. Развіты саланчакі. Глебы ад высакагорна-стэпавых да чырвона-бурых пустынных, часта саланчаковыя. Расліннасць пераважна ксерафільная, разрэджаная, з дзернавінных злакаў (кавыль, аўсяніца, вейнік і інш.), падушкападобнага хмызняку (льярэта і інш.), асобных кактусаў, салянак, трапляюцца нізкарослыя дрэвы (палілепіс, тола і інш.). Пашавая жывёлагадоўля (развядзенне авечак, мулаў, лам); у бас. азёр Тытыкака і Паапо — пасевы збожжавых, бульбаводства. П. вылучаюць таксама як вышынны ландшафтны пояс Цэнтр. Андаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНД (ад назвы стараж.слав. племя венды ці венеды),
вендская сістэма (перыяд), вендскі комплекс, верхняе, самае маладое падраздзяленне пратэразою, якое папярэднічала кембрыйскай сістэме (перыяду). Доўжыўся ад 650 да 570 млн. гадоў назад. Вылучаны рус. геолагам Б.С.Сакаловым у 1950 на ПнЗУсх.-Еўрап. платформы як вендскі комплекс або серыя. У 1991 у межах СССР венду нададзены ранг сістэмы або перыяду. Адклады венду пашыраны таксама на Сібірскай платформе. Стратыграфічныя аналагі венду ёсць у Паўд. Кітаі, Канадзе, Аўстраліі, Паўд.Амерыцы, на Брытанскіх а-вах.
На Беларусі адклады венду трапляюцца на глыб. ад 80 да 800 м, займаюць каля 80% тэр., маюць магутнасць да 400—500 м. Залягаюць на пародах рыфею або крышт. фундамента, перакрыты ніжнекембрыйскімі або больш маладымі адкладамі фанеразою. Складзены ў ніжняй ч. з тэрыгенных парод вільчанскай серыі — тылітаў (стараж. марэны), пясчанікаў, глін вільчанскага (лапландскага) покрыўнага зледзянення. Сярэднюю ч. венду ўтвараюць вулканічныя (базальты, андэзідацыты, трахідацыты), вулканагенныя і вулканагенна-асадкавыя (туфы, туфіты, туфапясчанікі і інш.) пароды валынскай серыі. Верхнюю, валдайскую серыю, складаюць асадкавыя пароды — пясчанікі, алеўраліты, гліны. У тоўшчах і пластах абломкавых парод венду значныя запасы падземных водаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНЯ (Cerasus),
род дрэвавых і кустовых раслін сям. ружавых. Каля 150 відаў у Еўропе, Цэнтр. Азіі, Паўн.Амерыцы. У культуры найб. пашырана вішня звычайная (Cerasus vulgaris), да якой належыць большасць сартоў, якія культывуюцца. На Беларусі ў садоўніцтве выкарыстоўваюць таксама вішню лямцавую, або кітайскую (Cerasus tomentosa), і чарэшню, для азелянення — вішню японскую (Cerasus japonica), вішню куставую, або вішарнік (Cerasus fruticosa). Плады большасці відаў маюць харч. і лек. значэнне. Растуць хутка. Святлалюбныя, засуха- і газаўстойлівыя. Размнажаюцца дзікарослыя віды насеннем, садовыя формы — прышчэпкамі, каранёвымі парасткамі і зялёнымі чаранкамі.
Вішня звычайная — дрэва выш. 5—7 м або кустападобныя формы выш. 3—4 м. Форма кроны набліжаецца да круглай. Лісце эліпсоіднае, чаргаванае, кветкі пераважна белыя, сабраныя па 2—4 у парасонападобныя суквецці, плады — сакаўныя касцянкі рознай велічыні ад ружовай (сарты групы амарэляў) да амаль чорнай (сарты групы грыётаў, або марэляў) афарбоўкі. У пладах 6—20% вугляводаў, 0,8—2,4 арган. кіслот, 0,15—0,88% дубільных рэчываў, вітаміны C, групы B. Выкарыстоўваюць іх свежыя і кансерваваныя, перапрацоўваюць на варэнне, джэм, кандытарскія вырабы. Меданос. Добра расце на лёгкіх сугліністых і супясчаных глебах, непатрабавальныя да ўмоў вырошчвання. Раянаваныя сарты: Любская, Сеянец №1, Навадворская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́ФЕРСАН ((Jefferson) Томас) (11.4.1741, Шадвел, штат Віргінія, ЗША — 4.7.1826),
дзеяч амерыканскага нац.-вызв. руху, адзін з заснавальнікаў ЗША, паліт. філосаф, асветнік. Адвакат, плантатар. Член заканад. сходу брыт. калоніі Віргінія (1769—74), выступаў за вызваленне неграў-рабоў. У вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83дэп. 2-га Кантынент. кангрэса (1775—76, 1783), распрацаваў праект Дэкларацыі незалежнасці 1776 (у ёй значнае месца адвёў канцэпцыі правоў чалавека); член заканад. сходу (1776—79) і губернатар штата Віргінія (1779—82), падрыхтаваў «Статут аб рэлігійнай свабодзе». Пасланнік ЗША у Францыі (1785—89). Лідэр (разам з П.Генры) антыфедэралістаў. Ініцыіраваў прыняцце кангрэсам ЗША закону аб забароне рабства на ПнЗ краіны (1787). Дзярж. сакратар ЗША у 1-м урадзе Дж.Вашынгтона (1790—93). Віцэ-прэзідэнт (1797—1801) і прэзідэнт ЗША (1801—09). У часы прэзідэнцтва Дж. скасаваны антыдэмакр. законы папярэдняга ўрада Дж.Адамса аб іншаземцах і здрадзе, скарочаны ўзбр. сілы і дзярж. апарат, набыта Луізіяна (1803), устаноўлены дыпламат. адносіны з Расіяй (1808—09) і інш. Садзейнічаў развіццю архітэктуры і сістэмы адукацыі ў ЗША, у т. л. буд-ву Віргінскага ун-та ў г. Шарлатсвіл (1817—26).
Літ.:
Печатнов В.О. Гамильтон и Джефферсон. М., 1984;
Согрин В.В. Джефферсон: Человек. мыслитель, политик. М., 1989.
Т.Джэферсан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАВЫЯ (Picidae),
сямейства птушак атр. дзятлападобных. 38 родаў, 213 відаў. Пашыраны ў трапічнай і ўмеранай зонах, акрамя палярных абласцей, Мадагаскара, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Новай Гвінеі і Палінезіі. Найб. разнастайныя ў Паўд.Амерыцы. Жывуць пераважна ў дрэвавых і кустовых насаджэннях. 4 віды і 8 падвідаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 10 відаў: жаўна, круцігалоўка, зялёны дзяцел, трохпальцы дзяцы, вялікі, сярэдні і малы стракатыя, сівы, беласпінны, сірыйскі; у Чырв. кнізе зялёны і трохпальцы.
Даўж. 8—56 см. Большасць Дз. прыстасавана да жыцця на дрэвах. Ногі кароткія, з доўгімі пальцамі і вострымі кіпцюрамі. Долатападобная дзюба, трывалы чэрап, моцныя мышцы шыі, жорсткае рулявое пер’е хваста, якое служыць апорай пры лажанні па дрэвах, дазваляюць дзяўбці драўніну ў пошуках корму і выдзёўбваць дуплы для гнёздаў. Язык чэрвепадобны, тонкі, далёка высоўваецца для захопу корму Некаторыя Дз. маюць слабую дзюбу і мяккі хвост (круцігалоўкі, дзяцелкі). Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, мурашкамі. насеннем, пладамі, сокам дрэў. Гняздуюцца ў дуплах дрэў і вял. кактусаў, жыхары пустынь — у норах або сярод камянёў. Нясуць 2—12 яец.
Да арт.Дзятлавыя. Дзятлы: 1 — вялікі стракаты; 2 — сярэдні стракаты; 3 — малы стракаты; 4 — беласпінны; 5 — сірыйскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЕПАДО́БНЫЯ, пласціністадзюбыя (Anserformes),
атрад вадаплаўных птушак. 2 сям.: паламедэі (Anhimidae, 2 роды, 3 віды; жывуць у Паўд.Амерыцы па ўзбярэжжах мелкаводных вадаёмаў) і качыныя (43 роды, 147 відаў, пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды). У сям. качыных 3 падсям.: паўлапчатыя гусі, гусіныя (лебедзі, казаркі, гусі, дрэвавыя качкі) і качыныя (крахалі, пяганкі, качкі). У Чырв. кнізе МСАП 15 відаў гусепадобных. На Беларусі 30 відаў з сям. качыных, з іх 14 відаў гняздуюцца, 11 пралётных, 5 выпадкова залётных. У Чырв. кнігу занесена 8 відаў: белавокі нырэц, свіязь, шылахвостка, вялікі і даўгадзюбы крахалі, звычайны гогаль (гл.Гогаль), лебедзь-шыпун, чырвонаваллёвая казарка.
Даўж. цела гусепадобных 38—180 см, маса ад 300 г (чырок-траскунок) да 13 і больш кг (лебедзь-шыпун). Цела ўкрыта густым пухам і пер’ем і змазваецца сакрэтам копчыкавай залозы. Афарбоўка разнастайная, розная ў самцоў і самак. Шыя доўгая, ногі кароткія, з плавальнай перапонкай. Дзюба падоўжаная, плоская. Большасць відаў — манагамы. Гняздуюцца парамі. Гнёзды каля вады на беразе або на вадзе сярод расліннасці, зрэдку ў дуплах дрэў і інш. Нясуць 2—15 яец. Вывадкавыя птушкі. Корм раслінны і жывёльны. Многія — аб’екты палявання, птушкагадоўлі. Гл. таксама Гусі свойскія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛО́ТНІЦТВА,
выраб рэчаў з каштоўных металаў; від ювелірнага мастацтва. Шырока вядома ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Амерыцы, краінах Усходу, сярэдневяковых Індыі і Кітаі, краінах Еўропы 15—18 ст. На Беларусі вядома з часоў жал. веку (7—6 ст. да н.э. — 8—9 ст.н.э.). Найб. пашырана як гар. рамяство ў 12—18 ст.Бел. майстры-злотнікі валодалі рознымі тэхнікамі апрацоўкі (ліццё, коўка, чаканка, гравіраванне) і аздаблення металаў, пераважна серабра (залачэнне, чарненне, зярненне, пацініраванне). Выраблялі посуд, абклады кніг і абразоў, крыжы, дарахавальніцы і інш. Шэдэўр З. часоў сярэдневякоўя — крыж Ефрасінні Полацкай работы Лазара Богшы (1161). У 16—17 ст. майстэрні і цэхі злотнікаў існавалі ў Віцебску, Брэсце, Кобрыне, Гродне, Магілёве, Нясвіжы, Слуцку і інш. У 2-й пал. 17 ст. больш за 50 бел. злотнікаў, пераважна з Віцебска, Полацка, Магілёва, працавалі ў Залатой, Сярэбранай і Аружэйнай палатах Маскоўскага Крамля, у т. л. П.Заборскі, В.Карпаў, М.Логінаў, Я.Магілёвец і інш. Яны выраблялі посуд, абклады абразоў і кніг, зброю. Пашырэнне мех. апрацоўкі металаў у сярэдзіне 19 ст. прывяло да заняпаду 3.
Я.М.Сахута.
Да арт.Злотніцтва. Абклад абраза. Пач. 17 ст.Да арт.Злотніцтва. Пацір з Навагрудка. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ V (Karl V; 24.2.1500, г. Гент, Бельгія — 21.9.1558),
прынц Нідэрландаў [1506—55], герцаг Бургундыі (з 1515), кароль Іспаніі [Карл 1; 1516—56], кароль Сіцыліі [Карл IV; 1516—56], герм. кароль [1519—56] і імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» [1530—56], палкаводзец. З дынастыі Габсбургаў. Сын нідэрл. прынца Філіпа Прыгожага, унук Максіміляна I. Выхоўваўся ў Нідэрландах. Атрымаў у спадчыну ад бацькі Бургундыю і Нідэрланды (1506), ад дзеда па мацярынскай лініі Фердынанда II Арагонскага (Фердынанда V Католіка) ісп. прастол (1516). 28.6.1519 выбраны герм. каралём. У знешняй палітыцы паспяхова сапернічаў з франц. каралём Францыскам I за панаванне ў Італіі (гл.Італьянскія войны; пасля адной з іх у 1530 каранаваны як імператар), садзейнічаў спыненню прасоўвання туркаў у Еўропу (у 1529 дайшлі да Вены), здзейсніў паспяховы ваен. паход у Туніс (1535) і няўдалы ў Алжыр (1541), у час яго праўлення канкістадорамі заваяваны Мексіка (1521) і Перу (1533), што паклала пачатак стварэнню ісп.калан. імперыі ў Амерыцы; імкнуўся да стварэння сусв. імперыі Габсбургаў. Ва ўнутр. палітыцы праследаваў пратэстантаў (гл.Вормскі эдыкт 1521), аднак у выніку свайго паражэння ў т. зв. Шмалькальдзенскіх войнах (1552) і пасля заключэння Аўгсбургскага рэлігійнага міру 1555 адрокся ад улады ў Нідэрландах (1555), Іспаніі і Сіцыліі (1556) на карысць сына Філіпа II, а ў імперыі (1556) — брата Фердынанда I.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ПЕР ((Cooper) Джэймс Фенімор) (15.9.1789, г. Берлінгтан, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 14.9.1851),
амерыканскі пісьменнік; пачынальнік гіст. жанру ў амер. л-ры. Вучыўся ў Іельскім ун-це. У 1806—10 служыў на флоце. У 1826—33 жыў у Еўропе. Першы раман «Перасцярога» (1820). Гіст. раман «Шпіён» (1821) пра вайну за незалежнасць у Паўн.Амерыцы 1775—83. Рамант. паэтызацыя мора ў раманах «Лоцман» (1823), «Чырвоны карсар» (1827), «Марская чараўніца» (1830). У цэнтры нац. эпапеі з 5 раманаў («Піянеры», 1823; «Апошні з магікан», 1826; «Прэрыя», 1827; «Следапыт», 1840; «Зверабой», 1841) праблемы ўзаемастасункаў прыроды, чалавека і цывілізацыі. Пенталогія вызначаецца рысамі прыгодніцкай, гіст. і філас. прозы, дасканалай распрацоўкай індзейскай тэмы, якой упершыню нададзена трагічнае гучанне. Аўтар сатыр. рамана «Манікіны» (1835), «Еўрапейскіх нататкаў» (т. 1—5, 1836—38) і інш. У 1840-я г. апублікаваў каля 20 раманаў. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Г.Далідовіч, Я.Саламевіч.
Тв.:
Бел.пер. — Апошні з магікан, або Аповесць пра 1757 год. Мн., 1996;
Зверабой, або Першая сцяжына вайны. Мн., 1997;
Рус пер. — Собр. соч.Т. 1—7. М., 1982.
Літ.:
Боброва М. Джеймс Фенимор Купер. Саратов, 1967;
Шейнкер В. Исторический роман Джеймса Купера... Иваново, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́МІНГІ,
млекакормячыя жывёлы падсям. палёвак, сям. хамяковых атр. грызуноў. 4 роды: Л. лясныя (Myopus); балотныя, ці мышападобныя (Synaptomys); сапраўдныя (Lemmus) і капытныя (Dicrostonyx); каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.Амерыцы. Найчасцей сустракаюцца Л. капытны (D. torquatus); сібірскі, ці обскі (L. sibiricus), і нарвежскі (L. lemmus). Жывуць у лясах і тундрах. На Беларусі вядомы з геал. адкладаў ранняга плейстацэну (Л. сібірскі і 3 падвіды Л. капытнага). Іх рэшткі выяўлены ў Аршанскім, Баранавіцкім, Віцебскім, Гродзенскім, Дубровенскім, Лёзненскім р-нах. Маюць палеагеагр. і стратыграфічнае значэнне.
Даўж. цела да 16, хваста да 2,7 см, маса да 75 г. Афарбоўка аднатонная шэра-карычневая або стракатая; зімой больш светлая або белая. У Л. капытнага кіпцюры на пярэдніх лапах бліжэй да зімы разрастаюцца («капыты»). Кісці і ступні шырокія, падэшвы пакрыты шэрсцю. Актыўныя ўвесь год. Расліннаедныя, часам паядаюць дробных беспазваночных. Нараджаюць 1—9 (звычайна 4—6) дзіцянят 2—4 разы за лета. У тундры размнажаюцца прыкладна з 4-гадовай перыядычнасцю ў вял. колькасці (да 300 асобін на 1 га), робяць далёкія міграцыі. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў шэрагу вірусных захворванняў. Л. — асн. корм пясца, колькасць якога залежыць ад колькасці Л.
П.Ф.Каліноўскі.
Лемінгі: 1 — сібірскі; 2 — нарвежскі; 3 — капытны (а — зімой, б — летам).