КАМП’Е́НСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1918 Заключана 11.11.1918 у канцы першай сусветнай вайны 1914—18 у Камп’енскім лесе (каля станцыі Рэтонд, Францыя) паміж Германіяй (кіраўнік дэлегацыі М.Эрцбергер) з аднаго боку, і Францыяй, Вялікабрытаніяй, ЗША і інш. краінамі антыгерм. кааліцыі — з другога (ад імя саюзнікаў падпісана маршалам Францыі Ф.Фошам). Прадугледжвала спыненне ваен. дзеянняў, вывад герм. войск з левабярэжжа Рэйна і стварэнне дэмілітарызаванай зоны на яго правым беразе, капітуляцыю герм. войск ва Усх. Афрыцы, адмову Германіі ад палажэнняў Бухарэсцкага мірнага дагавора 1918, Брэсцкага міру 1918 і інш. Было заключана на 36 дзён, але неаднаразова прадаўжалася і дзейнічала да набыцця сілы Версальскага мірнага дагавора 1919.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РЫНСКІ БОЙ 1942,
бой партызан атрада Д.Ф.Райцава і А.П.Дзіка супраць ням.-фаш. захопнікаў у раёне вёсак Курына, Платы і р.п. Ноўка Суражскага р-на Віцебскай вобл. 28 сак. ў Вял.Айч. вайну. Пасля разгрому 27 сак. партызанамі М.Ф.Сільніцкім і М.І.Купчанкам групы гітлераўцаў, якія рабавалі насельніцтва ў в. Вусава, атрад карнікаў (каля 350 чал.) на наступны дзень з гарматамі і мінамётамі накіраваўся супраць партызан. У час бою партызаны прычынілі ворагу значныя страты, але да фашыстаў падаспела падмацаванне (200 чал.), і партызаны былі вымушаны адысці. У в. Курына на магілах загінуўшых партызан І.С.Лапікава і Сільніцкага помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТАЛЯ́Н (ад лац. castellum замак),
пасада ў Польшчы і ВКЛ. У Польшчы ў 12—13 ст. К. — намеснік князя або караля на пэўнай тэрыторыі з цэнтрам у замку. Ажыццяўляў адм.-вайсковую і суд. ўладу над залежным насельніцтвам. Пасля з’яўлення ў пач. 14 ст. старостаў страціў рэальную ўладу, але меў гарантаванае месца ў каралеўскай радзе, пасля ў Сенаце. Існавалі да 1831. У ВКЛ уведзены ў 1413 у Вільні і Троках, у 1566 — у інш. ваяводскіх гарадах. Уваходзілі ў Раду ВКЛ, з 1569 у Сенат Рэчы Паспалітай. К. не меў акрэсленых функцый, у службовай іерархіі займаў месца пасля ваяводы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЛЮШКАПАДО́БНЫЯ (Gasterosteiformes),
атрад касцістых рыб. 9 сям., каля 55 родаў, больш за 200 відаў. Вядомы з эацэну. Пашыраны пераважна ў тропіках, у прыбярэжных марскіх водах, некат. віды — у прэснай вадзе. На Беларусі 2 роды, 2 віды: колюшка трохіголкавая (Gasterosteus aculeatus) і колюшка дзевяцііголкавая (Pungitius pungitius).
Даўж. ад 3 см да 1,8 м, маса ад некалькіх грамаў да 3,4 кг. Спінных плаўнікоў 1—2, першы ў выглядзе асобных калючак. Брушныя плаўнікі з 1—7 прамянёў, у некаторых адсутнічаюць. Луска ктэноідная, у многіх К. цела ўкрыта касцявымі пласцінкамі. Рыла звычайна трубкападобнае. Некат. К. ў перыяд размнажэння робяць гнёзды. Планктафагі, але могуць знішчаць ікру і лічынак інш. рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЁНСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1831 і 1834,
узброеныя выступленні рабочых і рамеснікаў, занятых у шаўкаткацкай вытв-сці г. Ліён (Францыя) у перыяд Ліпеньскай манархіі. Паўстанне 1831 пачалося 21 ліст. ў адказ на адмову ўладальнікаў мануфактур павысіць заработную плату і прыняць новыя расцэнкі. 23 ліст. паўстанцы авалодалі горадам, але 1—3 снеж. былі пераможаны ўрадавымі войскамі. Паўстанне 1834 мела пераважна рэсп. характар, было накіравана на заваяванне дэмакр. свабод і абарону правоў працоўных. Пачалося 9 крас. як пратэст супраць забароны рабочых асацыяцый і расправы ўлад над удзельнікамі стачкі (лют. 1834). Праходзіла пад кіраўніцтвам Аб’яднанага к-тарэсп.-дэмакр. арг-цый на чале з Ш.Лагранжам. 15 крас. жорстка задушана войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАНСКІ ДАГАВО́Р 1915,
сакрэтнае пагадненне паміж Вялікабрытаніяй, Расіяй і Францыяй з аднаго боку і Італіяй з другога. Падпісана 26 крас. ў Лондане. Вызначаў умовы ўступлення Італіі, якая раней уваходзіла ў Траісты саюз, у 1-ю сусв. вайну 1914—18 на баку Антанты. Паводле дагавора Італія абавязалася не пазней чым праз месяц аб’явіць вайну Аўстра-Венгрыі і выступіць (без вызначэння дакладнага тэрміну) супраць «усіх... ворагаў» Антанты. У абмен на такую згоду Італіі дэкларавалася перадача некаторых тэрыторый у Адрыятычным і Эгейскім морах, М. Азіі, Афрыцы і інш. Пасля заканчэння вайны на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 Італія дамагалася поўнага выканання ўмоў Л.д., але саюзнікі адхілілі многія яе прэтэнзіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЯ АБЛО́ГА 1651.
Праводзілася ўкр. Казакамі 3—9.6.1651 у час народна-вызваленчай вайны 1648—54. Палкоўнік М.Нябаба накіраваў да Гомеля каля 8 тыс. казакоў (сярод іх было шмат бел. сялян). 3 чэрв. казакі падышлі да Гомеля, пяхота (3 тыс.чал.) выкапала шанцы, конніца разгрупавалася па вёсках. На дапамогу абаронцам і для дастаўкі харчавання Я.Радзівіл паслаў некалькі соцень чалавек. У ноч на 5 чэрв. пачаўся штурм горада, але абаронцы адкінулі казакоў ад агароджы. Няўдала для казакоў скончыліся і ўсе наступныя 15 штурмаў, праведзеных атрадамі Літвіненкі і Паповіча. 9 чэрв. казакі атрымалі загад Нябабы вяртацца і спешна адышлі ад Гомеля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАВІД (Горэвід),
нераскрыты псеўданім бел. паэта канца 19 ст. Аўтар вершаў «Палякам у дзень 3-га мая» (нап. 1891, у сотую гадавіну польскай канстытуцыі») і «Я клічу вас...» (апубл. 1909), у якіх заклікаў бел. народ абудзіцца, «ланцугі цемрачы парваці». Творы Горавіда — адзін з прамых зваротаў да бел.нац. свядомасці. Паэт перажываў з-за недастатковай масавасці бел.нац. руху, але верыў, што самасвядомасць і адчуванне сваёй гісторыі не загінулі ў народзе. Грамадз. ідэалы паэта агульнадэмакратычныя, хоць і не зусім акрэсленыя. Выдатная тэхніка верша, звароты да гісторыі сведчаць пра высокую культуру аўтара.
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX ст. 2 выд. Хрэстаматыя. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРА́ФА (Giraffa camelopardalis),
млекакормячае сям. жырафавых атр. парнакапытных. Пашырана ў Афрыцы на Пд ад Сахары, у адкрытых стэпах (саваннах) з рэдкімі дрэвамі і кустамі. Жыве невял. групамі па 7—15 (зрэдку болей) асобін.
Буйная жывёла, тулава кароткае, на высокіх нагах (пярэднія даўжэйшыя за заднія); шыя вельмі доўгая, але шыйных пазванкоў 7, як у большасці млекакормячых. Выш. цела да 6 м, маса да 1800 кг (самцы большыя за самак). Мае 1 або 2 пары рожак, укрытых скурай з валаскамі. Афарбоўка светла-жоўтая з цёмнымі плямамі. Нараджае 1 дзіцяня. Корміцца лісцем і галінкамі дрэў, найчасцей акацый. Захавалася пераважна ў нац. парках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМНЕЗЯЛЁНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны ўмераных шырот, якія зімуюць з зялёным лісцем. Адрозніваюць: уласна З.р. (пераважна адналетнікі і некат. шматгадовыя расліны — метлюжок цыбульны, віды эрэмурусу і інш.), у якіх зялёнае лісце перазімоўвае пад снегам і адмірае вясной пасля ўтварэння новага, і летне-зімнезялёныя расліны (суніцы, кісліца, многія лугавыя злакі), якія захоўваюць зялёнае лісце круглы год, але працягласць жыцця кожнага іх ліста (у адрозненне ад вечназялёных раслін) менш за 1 год. На Беларусі з З.р. растуць: у лясах — суніцы лясныя, падлеснік еўрапейскі, кісліца звычайная, дабраполь жоўты, падалешнік еўрапейскі; на лугах — панікніца рачная, гарлянка паўзучая, аўсяніца (лугавая і чырвоная), цімафееўка лугавая, вострыца дзірваністая, некат. асокі.