яшчары (Pholidota), атрад млекакормячых. Вядомы з плейстацэну (каля 2 млн.г. назад). 1 сям., 1 род, 7 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх.Азіі і Паўд. Афрыцы. Жывуць у лясах, саваннах. Большасць відаў наземныя, ёсць дрэвавыя формы. Актыўныя ўначы. Пры небяспецы скручваюцца ў шар.
Даўж. цела да 88 см, хваста да 80 см, маса да 27 кг. Цела зверху і з бакоў укрыта вял. рагавымі пласцінкамі. Канечнасці пяціпальцыя, з вял. кіпцюрамі. Морда падоўжаная. Язык чэрвепадобны, ліпучы, даўж. да 40 см; з яго дапамогай П. кормяцца мурашкамі і тэрмітамі. Нараджаюць 1, зрэдку 2—3 дзіцяняці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-КІТА́ЙСКАЕ МО́РА,
паўзамкнёнае мора на З Ціхага ак., каля берагоў Усх.- і Паўд.-Усх.Азіі, паміж п-вамі Індакітай і Малака, а-вамі Калімантан, Палаван, Лусон і Тайвань. Пл. 3537 тыс.км². Найб.глыб. 5560 м. Найб. залівы — Бакбо (Танкінскі), Сіямскі. Найб.в-аў Хайнань. Т-ра вады на паверхні ў лют. 20—27 °C, у жн. 28—29 °C. Салёнасць 32—34‰. Летам і восенню часта ўзнікаюць тайфуны. Прылівы няправільныя, сутачныя і паўсутачныя (да 4 м). Рыбалоўства (тунцы, селядзец, сардзіны і інш.). Гал. парты: Бангкок (Тайланд), Хашымін, Хайфон (В’етнам), Сянган, Гуанчжоў (Кітай), Маніла (Філіпіны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́РЫЯ (франц. prairie ад лац. pratum луг),
1) прыродная падзона лесастэпу са значным увільгатненнем ў Паўн. Амерыцы. Працягваецца ўздоўж усх. падножжаў Скалістых гор у ЗША і Канадзе. П. былі пашамі, дзе пасвіліся бізоны; цяпер б.ч. іх пад ворывам (вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, бавоўнік). Пашырана эрозія глеб. Падобныя ландшафты характэрны для тропікаў усх. раёнаў Паўд. Амерыкі і Усх.Азіі.
2) Група фармацый травяністай (высакатраўнай) расліннасці ўнутраных ч.Паўн. Амерыкі (ЗША і Канада) стэпавага або радзей лесастэпавага тыпу з перавагай дзернавінных злакаў (кавыль, танканог, барадач, вейнік, бізонава трава і інш.). Таксама — травяністая расліннасць мезафільнага характару з перавагай двухдольных (разнатраўе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРЭ́СТУП, брыёнія (Bryonia),
род кветкавых раслін сям. гарбузовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і, Зах. і Сярэдняй Азіі, на Каўказе.
На Беларусі 2 віды П.: белы (B. alba) і двухдомны (B. dioica). Вырошчваюцца ў садах, агародах; часта дзічэюць.
Шматгадовыя травы з клубнепадобнымі каранямі і пераважна лазячымі (да апоры прымацоўваюцца вусікамі) сцёбламі. Лісце 5-лопасцевае або глыбокараздзельнае, часам суцэльнае. Кветкі аднаполыя, дыяметрам да 1,5 см, правільныя, зеленавата-жоўтыя, у пазушных суквеццях. Плод — шарападобная ягада. П. белы і двухдомны — ядавітыя, карані выкарыстоўваюцца як лек. сродак. Інсектыцыдныя, фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЧА́НКІ, пясчанкавыя (Gerbillinae),
падсямейства хамяковых атр. грызуноў. Каля 15 родаў, 102 віды. Пашыраны пераважна ў пустынях Азіі, Афрыкі, Паўд.-Усх. Еўропы. Жывуць калоніямі, у норах. Многія віды — шкоднікі с.-г. культур, пашаў, могуць разбураць насыпы дарог і інш. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў клешчавага сыпнога тыфу, скуранога лейшманіёзу, чумы і інш.інфекц. хвароб.
Даўж. да 20 см, маса да 100 г. Вушы кароткія, закругленыя. Хвост даўжэйшы за цела, укрыты кароткімі густымі валаскамі, на канцы кутасік. Афарбоўка пясчана-жоўтая ці карычневая, знізу белая. Кормяцца раслінамі і насякомымі. Нараджаюць 5—6, зрэдку да 12 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБО́ВЫЯ ЛЯСЫ́, дубровы,
дубнякі (Quercus),
група фармацый карэнных шыракалістых лясоў, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду дуб. Пашыраны ў Еўропе, Усх.Азіі, на Д.Усходзе, у Паўн. і Паўд. Амерыцы, пераважна ў горных і перадгорных раёнах. У Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропе Д.л. створаны пераважна дубам звычайным, або летнім (Q. robur), і скальным, або зімовым (Q. petraea), у Паўд. Еўропе і Міжземнамор’і — каменным (Q. ilex) і коркавым (Q. suber), на Каўказе — грузінскім (Q. iberica), ва Усх.Азіі і на Д.Усходзе — зубчастым (Q. dentata) і мангольскім (Q. mongolica), у Паўн. Амерыцы — чырвоным (Q. rubra), паўночным (Q. borealis) і балотным (Q. palustris). На Беларусі дрэвастоі Д.л. складаюцца ў асноўным з дубу звычайнага — чыстыя і з дамешкам ясеню, клёну, грабу, ліпы, ільмы, хвоі, елкі, бярозы, асіны, вольхі чорнай, часта з выразным 2-м ярусам. Яны займаюць 4% агульнай плошчы лясоў. Найб. пашыраны ў паўд., зах. і цэнтр. раёнах. Пашырэнне Д.л. і іх фітацэнатычная структура маюць выразныя занальныя асаблівасці. Вылучаюць 3 геабат. падзоны ў напрамку з Пн на Пд: яловых, ялова-грабавых і грабавых дуброў. Пераважаюць кандамінантныя фітацэнозы: у цэнтр.ч. — ялова-дубова-грабавыя, на Пд — дубова-грабавыя, хваёва-дубова-грабавыя, ясянёва-дубова-грабавыя, ліпава-клянова-дубова-грабавыя. Найб. пашыраныя тыпы Д.л.: кіслічныя, чарнічныя, арляковыя, сніткавыя, поймавыя, вострыцавыя, папарацевыя, крапіўныя. Сярэдні ўзрост 40 гадоў. Д.л. маюць важнае прыродаахоўнае, сан.-гігіенічнае і эстэт. значэнне, даюць высакаякасную драўніну для розных галін прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́РЫЙ,
імя цароў дынастыі Ахеменідаў у стараж.-перс.Ахеменідаў дзяржаве.
Дарый I Вялікі (550—486 да н.э.), цар у 522—486 да н.э. Стаў правіць пасля забойства Гаўматы. У выніку ліквідацыі ў 522—521 паўстанняў у Вавілоніі, Персіі, Мідыі, Маргіяне, Эламе, Егіпце, Парфіі, Сатагідыі і скіфскіх плямён у Сярэдняй Азіі, заваявання персамі ў 519—512 Фракіі, Македоніі і паўн.-зах.ч. Індыі аднавіў магутнасць дзяржавы Ахеменідаў. Каб палепшыць кіраванне дзяржавай, каля 519 ініцыіраваў правядзенне адм.-фін. і інш. рэформаў: падзел дзяржавы на 20 адм.-падатковых акруг (сатрапій) на чале з цывільнымі намеснікамі (сатрапамі), увядзенне агульнадзярж. манетнай адзінкі (гл.Дарык), рэарганізацыя кіравання арміяй (военачальнікі сталі незалежнымі ад сатрапаў і падпарадкоўваліся непасрэдна цару), наладжванне рэгулярнай паштовай службы і інш. У 513—511 здзейсніў няўдалы паход супраць скіфаў. Пры Д. I актывізаваліся знешні гандаль і буд-ва, пачаліся грэка-персідскія войны.
Дарый II Нот (?—404 да н.э.). цар у 424—404 да н.э. Сын Артаксеркса I. Правіў ва ўмовах аслаблення магутнасці дзяржавы Ахеменідаў (сепаратызм і міжусобіцы сатрапаў, антыперс. паўстанні паміж 411—408 да н.э. ў Малой Азіі, Мідыі, Егіпце).
Дарый III Кадаман (каля 380 — ліп. 330 да н.э.), апошні ахеменідскі цар [336—330 да н.э.]. Да ўступлення на прастол быў сатрапам Арменіі. У канцы 335 заваяваў Егіпет. Пасля разгрому сваёй арміі войскамі Аляксандра Македонскага пры р. Гранік (334), Ісе (333) і Гаўгамелах (331) уцёк у Бактрыю, дзе забіты сатрапам Бесам.
Аўдыенцыя ў Дарыя I Вялікага. Рэльеф са скарбніцы у Персеналі. 6—5 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬФА́РТАВА МУ́ХА (Wohlfahrtia magnifica),
насякомае сям. шэрых мясных мух. Пашырана на Пд Еўропы, у Паўн. Афрыцы, Цэнтр. і Сярэдняй Азіі. Трымаецца кветак, трупаў жывёл. На Беларусі зрэдку трапляецца ў паўд. раёнах.
Даўж. 9—14 мм, цела папяляста-шэрае, вусікі і ногі чорныя. Адкладае жывых лічынак (даўж. каля 1 мм) у адкрытыя раны і слізістыя абалонкі млекакормячых, зрэдку на чалавека (вушы, вочы, рот, нос). Лічынкі разбураюць навакольныя тканкі, трапляюць у лобныя пазухі, насавую, гаймараву поласці і выклікаюць цяжкія захворванні — міязы; развіваюцца 3—5 сут, потым вывальваюцца з ран і акукліваюцца ў глебе. За год да 6 пакаленняў. Часта бываюць прычынай гібелі жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАО́З (Varroosis),
вараатоз (Varroatosis), эктапаразітная хвароба пчол і пячатнага расплоду. Выклікаецца кляшчом Varroa jacobsoni. Трапляецца ў многіх краінах Паўд.-Усх.Азіі, Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Еўропы, у т. л. на Беларусі. Пры масавым пашырэнні прыводзіць да вял.эканам. страт.
Крыніца інвазіі — хворыя сем’і, раі і зрэзаны трутневы расплод. Пашырэнню хваробы садзейнічаюць перамяшчэнне пчальнікоў, купля і продаж пчол. Клешч праходзіць поўны цыкл развіцця на кукалках пчол на працягу 8—9 сут і пашкоджвае дарослых насякомых. Пры вараозе назіраецца гібель недаразвітых кукалак пчол, нараджэнне нежыццяздольных трутняў і пчол з рознымі пачварнасцямі. Скарачаецца тэрмін жыцця матак, пашкоджаныя сем’і адстаюць у развіцці. Вясной і восенню хварэе пераважна пчаліны расплод, а ўлетку — трутневы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКО́ВЫ ДАЎГАНО́СІКзвычайны
(Bothynoderes punctiventris),
жук сям. даўганосікаў. Пашыраны ў Сярэдняй і Паўд. Еўропе і часткова ў Азіі. Асабліва шмат на Пд лесастэпавай і Пн стэпавай зон. Ёсць на Беларусі.
Даўж. цела 9—16 мм. Жукі чорнага колеру, густа ўкрытыя бясколернымі або белавата-шэрымі лусачкамі. Наўскасяк надкрылаў ідзе чорная перарывістая паласа, на канцы кожнага надкрыла белы бугарок. Лічынка белая, бязногая, С-падобна выгнутая, даўж. 27—30 мм. Кукалка жаўтавата-белая, даўж. 11—15 мм. Жук зімуе ў глебе на глыб. 12—30 см пераважна на бураковых палях. Наносяць шкоду пасевам буракоў: абгрызаюць семядолі і маладое лісце; лічынкі пашкоджваюць карані.