КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л «ЛЯЎКІ́» Засн 4.8.1945 ва ўрочышчы Ляўкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл., дзе на дачы ў 1935—41 жыў і працаваў Я.Купала. Тут паэт напісаў т.зв. ляўкоўскі цыкл вершаў («Алеся», «Хлопчык і лётчык», «Лён» і інш.). Размешчаны ў будынку б. канторы Копыскага лясніцтва (літ. экспазіцыя) і дачы паэта (мемар. экспазіцыя). Устаноўлена мемар. дошка (1972). У 1962—72 філіял працаваў на грамадскіх пачатках. У 1977 і 1982 яго экспазіцыя абноўлена і значна пашырана, у яе склад уключана дача паэта (адноўлена ў 1981). Уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Агульнаяпл. экспазіцыі 246 м², каля 550 экспанатаў, у т. л. 287 асн. фонду. У гісторыка-літ. частцы адлюстраваны дарэв. і найб. шырока сав. перыяды жыцця і творчасці паэта, прадстаўлены копіі архіўных дакументаў, фотаздымкі, выданні твораў Я.Купалы, успаміны пра яго, вершы, прысвечаныя Ляўкам. Экспануюцца творы жывапісу мастакоў І.Давідовіча, А.Кроля, Х.Ліўшыца, Я.Ціхановіча, графіка Э.Агуновіча, М.Басалыгі, А.Кашкурэвіча, Г.Паплаўскага, Л.Рана, В.Шаранговіча, скульптура У.Летуна, С.Селіханава. У мемар. экспазіцыі адноўлены інтэр’ер пакоя, у якім жыў паэт, зберагаюцца яго рэчы. Ляўкам прысвяцілі свае творы паэты П.Броўка, К.Камейша, Г.Каржанеўская, Г.Пашкоў, Я.Сіпакоў і інш., укр. паэт Т.Масэнка, мастакі А.Волкаў, А.Кашкурэвіч, Ю.Пучынскі, Я.Ціхановіч, А.Шаўчэнка і інш. Тут праводзяцца святы бел. паэзіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУГ,
расліннае згуртаванне (біягеацэноз) шматгадовых траў, прыстасаваных да ўмоў сярэдняга ўвільгатнення. Травы нармальна развіваюцца ўвесь перыяд вегетацыі, без летняга перапынку, характэрнага для стэпаў. Займаюць каля 150—200 млн.га ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я (пераважна ў Еўропе) і ў Новай Зеландыі. Адрозніваюць мацерыковыя (сухадольныя ўвільгатняюцца атм. ападкамі, нізінныя — атм. ападкамі і грунтавымі водамі), заліўныя (на тэрасах рачных далін) і горныя (таксама высакагорныя). Агульная ўласцівасць Л. — утварэнне травастою і дзярніны (паверхневы слой глебы з каранямі і карэнішчамі траў). Маса падземных органаў раслін у 3—5 і болей разоў перавышае масу надземных. Характэрны травастой — асаковыя, бабовыя, злакі (мятлюжкакветныя), разнатраўе. Большасць прыродных Л. узнікае на месцы былых лясоў, балот, там, дзе кліматычныя і глебавыя ўмовы спрыяюць шматгадовым травам, а не дрэвам і кустам. Прыродныя Л. — важная крыніца каштоўных кармавых, харч., лек., меданосных, тэхн. раслін, рэзерват генет. фонду траў. Штучныя (сеяныя) Л. ўзнікаюць у выніку дзейнасці чалавека (напр., арашэнне стэпаў). Для павышэння прадукцыйнасці іх акультурваюць (ачышчаюць ад кустоў, падразаюць купіны, уносяць угнаенні і інш.). Выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы. На Беларусі Л. ўзніклі пераважна на месцы высечаных лясоў і хмызнякоў, з іх заліўных — 5,2%, мацерыковых — 94,8% (1996—97). Больш за 20 відаў рэдкіх лугавых раслін занесены ў Чырв. кнігу Беларусі: дрэмлік, касач сібірскі, першацвет веснавы, шпажнік чарапіцавы, ятрышнік мужчынскі і інш.
Літ.:
Санько П.М. Естественные луга Белоруссии, их характеристика и оценка. Мн., 1983;
Мееровский А.С., Касьянчик С.А. Опыт высокоэффективного использования пойменных лугов. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ АБЛАСНА́Я БІБЛІЯТЭ́КАА.С.Пушкіна.
Засн. ў 1899 у Мінску ў сувязі са 100-годдзем з дня нараджэння А.С.Пушкіна. Адкрыта 25.12.1900. Ў 1909 ганаровым членам б-кі выбраны Л.М.Талстой. У 1938 атрымала статус абласной. У 1941 мела. 150 тыс.экз. кніг. У Вял.Айч. вайну разрабавана ням. фашыстамі, у 1944 адноўлена. На 1.1.1999 мае: 12 аддзелаў, 4 сектары, 2 актавыя залы, 6 чытальных, разлічаных на 650 чытачоў (агульная, перыяд. выданняў, л-ры па мастацтве, бел. і краязнаўчай л-ры, тэхн. і с.-г. л-ры, замежнай л-ры), а таксама філіял — дзіцячую б-ку імя Я.Маўра; універсальны фонд складае 713 тыс.экз., у т. л. кніг, нот, карт, 710 назваў перыяд. выданняў, выяўл. матэрыялаў, аўдыёвізуальных дакументаў і інш.; больш за 50 тыс. чытачоў. З 1993 дзейнічае электронны каталог. Сярод рэдкіх выданняў камплекты часопісаў «Исторический вестник», «Современник», «Русская мысль», прыжыццёвыя поўныя зборы твораў А.С.Пушкіна, В.А.Жукоўскага, С.М.Салаўёва і інш. Выпускае штоквартальна інфарм.зб. «Бібліятэчны веснік». Супрацоўнічае з культ. цэнтрамі замежных краін на Беларусі. Пры б-цы адкрыта франка-бел. зала інфармацыі, сумесна з ін-там Гётэ (ФРГ) праводзяцца дні ням. культуры, створаны клуб «Кніга і мы». З 1999 працуе Пушкінскі інфарм.-асв. цэнтр, фарміруецца база даных «Пушкініяна», фонд аўдыёвізуальных дакументаў, ствараецца зводны каталог дарэв. выданняў і публікацый Пушкіна і л-ры пра яго. Сумесна з Нац.навук.-асв. цэнтрам імя Ф.Скарыны падрыхтаваны зб. «А.С.Пушкін і Беларусь» (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РНАЕ СУІСНАВА́ННЕ,
тып узаемаадносін паміж дзяржавамі, які прадугледжвае ўзаемную адмову ад выкарыстання сілы і пагрозы сілай, недатыкальнасць дзярж. межаў, неўмяшанне ва ўнутр. справы, павагу да правоў і асн. свабод чалавека, раўнапраўе і правы народаў выбіраць шлях свайго развіцця, супрацоўніцтва паміж дзяржавамі на аснове ўзаемнай выгады, добрасумленнае выкананне абавязацельстваў па міжнар. праве. З’яўляецца формай суіснавання дзяржаў у пераходныя гіст. перыяды, калі ў некат. краінах адбываецца змена сац.-паліт. ладу грамадства. Паліт. сутнасць М.с. характарызуе паліт. кампраміс, у адпаведнасці з якім ажыццяўляюцца міждзярж. падыходы да міжнар. праблем (напр., агульная зацікаўленасць у развіцці эканам. і гандл. сувязей, паліт. кантактаў, абмежаванні гонкі ўзбраенняў, неабходнасць абароны ад агульнага ворага і г.д.) Гал. сэнс палітыкі М.с. — пошук і ўсталяванне балансу сумесных жыццёвых інтарэсаў дзяржаў. Бандунгская канферэнцыя 1955 абвясціла 5 прынцыпаў М.с. (хіндзі «панча шыла») як аснову Праграмы мірнага супрацоўніцтва дзяржаў Азіі і Афрыкі незалежна ад сац., эканам. і паліт. ладу. Аднак захоўваюцца асн.гіст. прычыны неабходнасці М.с. — імкненне народаў і дзяржаў да сцвярджэння свайго права на сац., цывілізацыйную і культ. своеасаблівасць. Існуе таксама пункт погляду, паводле якога М.с. разглядаецца як асаблівая форма класавай барацьбы пралетарыяту ў міжнар. адносінах, што вяліся шляхам мірнага спаборніцтва ў эканоміцы, палітыцы і інш. сферах грамадства, акрамя ідэалогіі, дзе кампрамісы і супрацоўніцтва паміж антаганістычнымі сістэмамі выключаліся. Міжнар.-прававы падмурак М.с. ў сучасных умовах складаюць Статут ААН, Дэкларацыя 1970 аб прынцыпах міжнар. права, Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе 1975 і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУДЖАХІ́ДЫ, муджахіддзіны,
маджахеды (араб. тыя, хто вядзе джыхад). У новы і найноўшы час назва членаў шэрагу рухаў і арг-цый у мусульм. краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу. Найб. вядомыя іранскія і афганскія М. Іранскія М. — удзельнікі канстытуцыйнага руху ў час Іранскай рэвалюцыі 1905—11, у найноўшы час — чл. Арг-цыі свяшчэнных воінаў ісламу (муджахіддзінаў). Іх ідэалогія ўяўляла сабой сумесь ідэй шыізму і марксізму; барацьбу супраць класавага прыгнёту яны разглядалі як джыхад. З 1971 вялі партыз. барацьбу супраць рэжыму шаха Мухамеда Рэза Пехлеві, пасля перамогі Іранскай рэвалюцыі 1978—79 былі адной з гал.паліт. сіл Ірана. Насуперак Р.Хамейні яны адхілялі прэтэнзіі шыіцкага духавенства на ўладу, выступалі за паліт. плюралізм. У 1981—85 падвергліся рэпрэсіям, у выніку б.ч. іх арг-цый у Іране спыніла існаванне. Афганскія М. — агульная назва чл. арг-цый, якія з 1978 вялі барацьбу супраць улады Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА), з 1979 і сав. войск. У 1985 арг-цыі, якія аб’ядноўвалі пераважна мусульман-сунітаў, стварылі «сяміпартыйны саюз». Найб. значныя з іх Ісламская партыя Афганістана на чале з Г.Хекмаціярам і Ісламская супольнасць Афганістана на чале з Б.Рабані. Прадстаўнікі мусульман-шыітаў аб’ядналіся ў «васьміпартыйны саюз», на базе якога ў 1990 створана Партыя ісламскага адзінства Афганістана на чале з А.Мазары. Пасля падзення ў крас. 1992 рэжыму НДПА пачалася барацьба за ўладу паміж рознымі групоўкамі М., у якой найб. поспехаў дасягнуў рух «Талібан», які ў 1994—99 усталяваў кантроль над б.ч.тэр. Афганістана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАПРАВО́Д,
комплекс збудаванняў для перапампоўкі сырой нафты з раёнаў нафтаздабычы да месцаў перапрацоўкі. Складаюцца з трубаправодаў, нафтаперапамповачных станцый, сродкаў сувязі, дапаможных збудаванняў. Адрозніваюць Н. мясцовыя (на промыслах падаюць нафту на невял. адлегласці — ад месца здабычы да пунктаў збору і падрыхтоўкі), магістральныя (транспартуюць нафту на далёкія адлегласці — да месцаў перапрацоўкі), унутраныя (на нафтаперапр. з-дах).
Дыяметр труб Н. 60—1220 мм, рабочы ціск 0,7—8 МПа, скорасць руху нафты 0,9—2,6 м/с. Магістральныя Н бываюць даўжынёй некалькі тысяч кіламетраў (напр., Н. «Дружба» больш за 5 тыс.км, 1-я нітка яго ўведзена ў 1964, 2-я — у 1974). Трубаправоды магістральных Н. укладваюцца ў грунт, для засцярогі ад карозіі ўкрываюцца бітумнай масцікай, маюць таксама эл. сродкі засцярогі. Трубаправоды і інш. збудаванні для перамяшчэння прадуктаў перапрацоўкі нафты (бензіну, газы, дызельнага паліва і інш.) наз.нафтапрадуктаправодамі.
На тэр. Беларусі агульная працягласць магістральных Н. рознага дыяметра (630, 720, 820, 1020 мм) у аднаніткавым вылічэнні складае 2,9 тыс.км. Па мясцовых Н. нафта ад усіх радовішчаў (іх больш за 40) перапампоўваецца да ўстаноўкі прамысл. падрыхтоўкі нафты, дзе яна праходзіць абязводжванне, абяссольванне, сепарацыю і падаецца ў Н. «Дружба». Праз сістэму магістральных Н. «Дружба» расійская нафта транспартуецца ў краіны СНД (Украіна, Беларусь), Прыбалтыкі (Літва, Латвія — порт Вентспілс), Усх. і Зах. Еўропы (Польшча, Германія, Венгрыя, Чэхія, Славакія, Югаславія).
В.А.Вядзернікаў.
Схема магістральнага нафтаправода: 1 — нафтавы промысел; 2 — пункт збору і падрыхтоўкі нафты; 3 — помпавая станцыя; 4 — калодзеж з рэгулявальнымі прыстасаваннямі; 5 — размеркавальны пункт; 6 — нафтаперапрацоўчы завод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЦКІ РАЁН,
на ПнЗ Магілёўскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,4 тыс.км². Нас. 28,1 тыс.чал. (1996), гарадскога 37,2%. Сярэдняя шчыльн. 20 чал/км². Цэнтр — г.п.Бялынічы. 199 сельскіх нас. пунктаў. 8 сельсаветаў: Вішоўскі, Галоўчынскі, Запольскі, Ланькаўскі, Лебядзянкаўскі, Машчаніцкі, Цяхцінскі, Эсьмонскі.
Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 207 м (каля в. Ясная Паляна). Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, сілікатныя пяскі, гліны. Сярэдняя т-растудз. -7,3 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 657 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Рэкі: Друць (з прытокамі Вабіч, Няропля, Малыш з Ліпаўкай, Аслік), Клява. Азёры: Чорнае, Заазерскае, Няропля, Падазерышча, Карманоўскае. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 30,7% тэр. раёна, пераважна хваёвыя, бярозавыя і яловыя; балотамі занята 7,2% тэрыторыі. Гідралагічны заказнік Заазер’е.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 65,9 тыс.га, з іх асушаны 14,1 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 5 саўгасаў, аграгандл. прадпрыемства «Друць». Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры і бульбу. Прадпрыемствы харч. (крухмал, сыры), дрэваапр. (дзелавая драўніна, піламатэрыялы), камбікормавай (тэхн. тлушч, травяная мука) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Магілёў—Асіповічы, аўтадарогі Мінск—Магілёў, Бялынічы—Шклоў. У раёне 12 сярэдніх, 5 базавых, 10 пач. школ, ПТВ, цэнтр. дзіцячая школа мастацтва, 21 дашкольная ўстанова, 28 клубаў, 29 б-к, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 18 фельч.-ак. пунктаў. 2 музеі: мастацкі імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі і краязнаўчы. Выдаецца газ. «Зара над Друццю».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНСКІ РАЁН,
на У Мінскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,9 тыс.км². Нас. 34,8 тыс.чал. (1996), гарадскога 38%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Беразіно, 218 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Багушэвіцкі, Брадзецкі, Бярэзінскі, Высакагорскі, Дзмітравіцкі, Каменнаборскі, Капланецкі, Ляжынскі, Мачаскі, Пагосцкі, Паплаўскі, Сялібскі, Ушанскі, Якшыцкі.
Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пласкахвалістая і раўнінная. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 190,3 м (каля в. Мікулічы). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны. Сярэдняя т-растудз. -6,8 °C, ліп. 18,1 °C. Ападкаў 639 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб.р. Бярэзіна з прытокамі Уша, Жорнаўка, Уса, Манча, Брусята, Клява. Пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя, тарфянабалотныя глебы. Пад лясамі 50% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя лясы.
На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 76 тыс.га, з іх асушана 19,9 тыс.га. У раёне 20 калгасаў і 1 саўгас. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (ячмень, авёс, жыта, пшаніцу) і кармавыя культуры, грэчку, бульбу. Прадпрыемствы паліўнай (брыкет), харч. (сыр, спірт, пладова-агароднінныя кансервы), лёгкай (швейныя вырабы), ільноапр. і дрэваапр. прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Мінск—Магілёў, а таксама з Беразіно на Барысаў, Клічаў, Новалукомль. Суднаходства на Бярэзіне. У раёне 21 сярэдняя, 7 базавых, 2 пач. школы, гімназія, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 29 дашкольных устаноў, 22 клубы, 33 б-кі, 5 бальніц, 13 фельч.-ак. пунктаў. Помнік архітэктуры — касцёл сярэдзіны 19 ст. ў в. Багушэвічы. Выдаецца газ. «Сцяг Леніна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́СКІ РАЁН,
на ПдЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 22,6 тыс.чал. (1996), гарадскога 37%. Сярэдняя шчыльн. 17 чал. На 1 км². Цэнтр — г. Глуск. 106 сельскіх нас. пунктаў, 9 сельсаветаў: Бярозаўскі, Завалочыцкі, Казловіцкі, Калаціцкі, Каткаўскі, Кіраўскі, Клятнянскі, Слаўкавіцкі, Хваставіцкі.
Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Прыпяцкага Палесся. Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 140—160 м, найвыш. пункт 177,9 м (каля в. Горнае). Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, буд. пяскі, цагельныя гліны. Сярэдняя т-растудз. -6,5 °C, ліп. 18,1 °C. Ападкаў 601 мм за год. Вегетацыйны перыяд 192 сут. Найб.р. Пціч з прытокамі Зарудзеча, Ліса, Бежыца, Даколька з Ольніцай; невял. азёры Выгада і Дзікае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 53% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя лясы. Асн. балотныя масівы — Даколька, Барбарова, Дзікае Балота і інш.
Агульная плошча с.-г. ўгоддзяў 50,5 тыс.га, з іх асушаных 21 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 3 саўгасы, 31 фермерская гаспадарка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, ільнаводства, рыбагадоўля. Пасевы збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. (пладова-агародніннай, масласыраробнай), дрэваапр. (мэблевай) прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Слуцк — Бабруйск, Бабруйск — Глуск — Любань, Глуск — Акцябрскі. У раёне 11 сярэдніх, 5 базавых, 3 пач., 2 муз., дзіцяча-юнацкая і санаторная школы. 14 дашкольных устаноў, 27 клубаў, 26 б-к, 3 бальніцы, 20 фельд.-ак. пунктаў, 2 амбулаторыі, паліклініка. Помнік архітэктуры — Казьмадзям’янаўская царква (1814) у в. Гарадок. Выдаецца газ. «Радзіма».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦІЕ́, агіяграфія,
від рэліг. л-ры, апавяданне пра жыццё духоўнай ці свецкай асобы, кананізаванай хрысціянскай царквой.
Ж. ўзніклі ў Рымскай імперыі ў першыя стагоддзі хрысціянства. Складваліся па пэўнай схеме, вызначаліся ўмоўнасцю, дыдактыкай, царк.-рэліг. фантастыкай (прывіды, цуды). Услаўлялі аскетызм, цярплівасць, рэліг. фанатызм і былі сродкам царк. і паліт. прапаганды. Некаторыя ўвабралі сюжэты дахрысц. міфаў, сярэдневяковых навел, анекдотаў і самі сталі крыніцай легенд, духоўных вершаў, народных драм. У Кіеўскую Русь перайшлі ў 10—11 ст. з Візантыі (гл. ў арт.Візантыя, раздз. Літаратура) і шырока бытавалі на землях усх. славян у зб-ках Мінеі-чэцці (пашыраныя), пралогі (кароткія) і пацерыкі (у іх аснове займальныя эпізоды з жыцця манахаў). Арыгінальныя Ж. ў Кіеўскай Русі з’явіліся ў 11 ст.: княжацкія з паліт. тэндэнцыяй (такі від Ж. невядомы ў Візантыі) — Ж. Барыса і Глеба (11 ст.), Вольгі, Уладзіміра (12 ст.), Аляксандра Неўскага (13 ст.), Дзмітрыя Данскога (14 ст.); царкоўныя — «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Жыціе Аўрамія Смеленскага», «Кіева-Пячэрскі пацярык» і інш.
Арыгінальныя бел. Ж. вядомы з канца 12—13 ст. — «Жыціе Ефрасінні Полацкай», «Сказанне пра віленскіх пакутнікаў Іаана, Антонія, Яўстафія». Іх аўтары не прытрымліваліся візант. схемы, звярталіся да гіст. фактаў, уключалі эмац.-псіхал. маналогі, бытавыя замалёўкі. З перакладных папулярных на Беларусі былі «Жыціе Аляксея, чалавека божага» і зб.«Жыціі святых». Вядомы таксама Чэцці камянецкая і жыровіцкая (15 ст.), слуцкая (16 ст.), супрасльскія рукапісная і друкаваная «Мінея агульная» (17 ст.), пралогі і пацерыкі (віленскія, супрасльскія і інш. 15—17 ст.). У Ж. шмат каштоўнага гіст. матэрыялу, яны маюць вял. пазнавальнае значэнне.