БЕНГА́ЛІЯ,

гістарычная вобласць у Індыі, у бас. ніжняга цячэння Ганга і дэльты Ганга і Брахмапутры. У старажытнасці розныя часткі Бенгаліі вядомыя пад назвай Анга, Ванга, Гауда і інш. Агульная назва Бенгаліі з’явілася каля 10—12 ст. У 8 — пач. 13 ст. на тэр. Бенгаліі існавалі дзяржавы на чале з дынастыямі Палаў, пазней Сенаў. На пач. 13 ст. Бенгалія ўключана ў Дэлійскі султанат. У сярэдзіне 14 ст. стала незалежная. У 1575 заваявана Вялікімі Маголамі. На пач. 18 ст. на тэр. Бенгаліі ўзнікла самаст. дзяржава. У 1757 падпарадкавана англ. Ост-Індскай кампаніяй. У 1905 падзелена англ. ўладамі на адасобленыя тэр., у 1911 зноў аб’яднана. У 1947 у сувязі з падзелам Брыт. Індыі на самаст. дзяржавы Індыю і Пакістан Зах. Бенгалія адышла да Індыі, Усх. Бенгалія — да Пакістана. У 1971 на тэр. Усх. Бенгаліі створана дзяржава Бангладэш.

т. 3, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)