дзяржаўны штомесячны бібліяграфічны паказальнік Беларусі. Выдаецца з 1937 у Мінску Нац. кніжнай палатай. Да 1995 уваходзіў у «Летапіс друку Беларусі». Рэгіструе артыкулы, дакумент. матэрыялы, творы маст. л-ры з міжрэгіянальных газет, рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх, а таксама газет т-ваў, асацыяцый, аб’яднанняў, партый, рухаў, незалежных, рэлігійных, газет прыватных заснавальнікаў, дадаткаў да газет і спец. выпускаў, прысвечаных міжнар. падзеям і інш.Бібліягр. апісанне артыкулаў даецца на мове выданняў, у якіх выкарыстана кірылічная ці лац. графіка. Бібліягр. запісы групуюцца па галіновых раздзелах, у якія ўключаюцца часовыя тэматычныя рубрыкі, прысвечаныя падзеям паліт., эканам., культ. жыцця Беларусі і замежжа, юбілеям асоб, арг-цый і г.д. Мае паказальнікі: імянны, геагр., газет, артыкулы якіх зарэгістраваны ў летапісе, моў (акрамя бел. і рускай), на якіх надрукаваны артыкулы, штогадовы (у № 12) паказальнік часовых тэматычных рубрык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁГКІЯ (pulmones),
парны орган паветранага дыхання некат. рыб, наземных пазваночных і чалавека, дзе ажыццяўляецца газаабмен паміж крывёй і паветрам, што ўдыхаецца (кісларод паветра пераходзіць у кроў, дыаксід вугляроду — з крыві ў паветра). Л. называюць таксама органы дыхання некат. беспазваночных (лёгачныя малюскі). Размешчаны ў пярэднім аддзеле поласці цела, у млекакормячых і чалавека — у грудной поласці, якая аддзелена ад брушной поласці грудабрушной перагародкай (дыяфрагмай). Складаюцца з частак (у правым 3, у левым 2), аснову якіх утварае бранхіяльнае дрэва — паслядоўна адгалінаваныя бронхі і бранхіёлы, якія пераходзяць у альвеалярныя хады з альвеоламі. Л. ўкрыты серознай абалонкай — плеўрай. У эмбрыягенезе чалавека і млекакормячых праходзяць шэраг стадый. Л. выконваюць рэспіраторную функцыю, удзельнічаюць у рэгуляцыі згусання крыві, тэрмарэгуляцыі, водна-салявым абмене, імуннай ахове арганізма і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКАЯ МО́ВА,
адна з балтыйскіх моў. Пашырана пераважна ў Літве. Вылучаюць 2 групы гаворак: верхнелітоўскія (аўкштайцкія) і ніжнелітоўскія (жэмайцкія). Аснова літаратурнай Л.м. — сярэднеаўкштайцкі дыялект. У фанетыцы — адрозненне доўгіх і кароткіх галосных, толькі кароткія зычныя, 6 дыфтонгаў, 2 трыфтонгі, рухомы танічны націск; у марфалогіі — 2 роды назоўнікаў (мужч. і жан.), 5 скланенняў, 7 склонаў, прыметнікі 3 родаў, 4 часы дзеясловаў, складаная сістэма дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў; у сінтаксісе — недапасаванае азначэнне, дапаўненне пры непераходных дзеясловах. Пісьменства з 16 ст. на аснове лац. графікі. Літаратурная мова склалася ў канцы 19 — пач. 20 ст. Л.м. ўзаемадзейнічае з бел. мовай. У літаратурнай мове і гаворках ёсць беларусізмы «abrakas» («аброк»), «guzas» («гуж»), у бел. мове адпаведна — літуанізмы, пераважна лексічныя («парсюк», «пуня»), а таксама сінтаксічныя — дзеепрыслоўе ў ролі простага выказніка («каровы пад’еўшы») і інш.
адна з асн. тэарэм квантавай тэорыі паля. Паводле Л.—П.т. ўраўненні захоўваюць свой від, калі адначасова правесці пераўтварэнне зарадавага спалучэння, прасторавай інверсіі і абарачэння часу (замена часу t на -t). Сфармулявана і даказана ням. фізікам Г.Людэрсам і швейц. фізікам В.Паўлі (1955).
Сцвярджае, што калі ў прыродзе адбываецца які-н. працэс, то з той жа імавернасцю можа адбывацца працэс, у якім часціцы заменены на антычасціцы, праекцыі іх спінаў набылі процілеглы знак, а пачатковыя і канцавыя станы працэсу памяняліся месцамі. Устанаўлівае пэўную сувязь паміж характарыстыкамі часціцы і адпаведнай антычасціцы, якія маюць аднолькавыя масы спакою, час жыцця, энергетычныя спектры, а таксама вуглавыя размеркаванні прадуктаў распаду (калі ўзаемадзеянне часціц у канцавым стане слабае), а праекцыі спінаў на зададзеную вось процілеглыя. У доследах адхіленняў ад Л.—П.т. не выяўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА БЯГУ́ЧАЙ ХВА́ЛІ,
электравакуумная прылада для ўзмацнення па магутнасці эл.-магн.ЗВЧ ваганняў, у якой электронны паток узаемадзейнічае з запаволенай бягучай эл.-магн. хваляй. Выкарыстоўваецца ў лініях далёкай сувязі для перадачы вял. колькасці інфармацыі.
Створана амер. вучоным Р.Компфнерам у 1943. Характарызуецца вял. шырынёй паласы частот (дазваляе, напр., перадаваць адначасова ад дзесяткаў да соцень тэлевізійных праграм), малым каэфіцыентам шуму, вял. каэфіцыентам узмацнення. Адрозніваюць Л.б.х. О-тыпу з прамалінейным электронным патокам (найб. пашырана) і М-тыпу, дзе электронны паток рухаецца ў перакрыжаваных пастаянных эл. і магн. палях. Каэфіцыент узмацнення да 50 Дб і больш, дыяпазон частот ад 300 МГц да 300 ГГц, ккдз ад 20 да 60%. Гл.таксамаЛямпа звышвысокачастотная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБІ́ЛЬНЫЯ СІ́ЛЫ,
спецыяльныя воінскія фарміраванні пастаяннай баявой гатоўнасці, прызначаныя для адбіцця раптоўных удараў праціўніка, забеспячэння стратэг. разгортвання ўзбр. сіл дзяржавы (кааліцыі дзяржаў), а таксама для іх узмацнення і вядзення баявых дзеянняў у тыле ворага. Складаюцца з высокарухомых злучэнняў, часцей, падраздзяленняў і інш., гал. характарыстыкай якіх з’яўляецца мабільнасць. М.с. ўваходзяць у склад узбр. сіл многіх краін, у т. л. ў структуры ўзбр. сіл НАТО. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь М.с. створаны ў 1995 на базе часцей паветрана-дэсантных войск у складзе трох мабільных брыгад, падраздзяленняў сувязі і кіравання; на ўзбраенні маюць баявыя машыны дэсанта (БМД), бронетранспарцёры (БТР), баявыя машыны пяхоты (БМП) і інш. тэхніку. Асаблівасць М.с. — у спалучэнні аэрамабільнасці і агнявой моцы мотастралк. часцей і падраздзяленняў.
Літ.:
Вершалович Ю., Каршакевич Д. Мобильные силы ведут бой // Армия. 1997. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЕ АХАЛАДЖЭ́ННЕ,
метад атрымання тэмператур, ніжэйшых за 1 К, шляхам адыябатнага размагнічвання парамагнітных рэчываў (гл.Адыябатны працэс, Парамагнетызм). Прапанаваны П.Дэбаем і У.Ф.Джыёкам; здзейснены ў 1933.
Пры М.а. парамагнітны ўзор, ахалоджаны вадкім геліем, намагнічваюць у магутным мага. полі, пасля выключэння якога ўзор размагнічваецца з прычыны цеплавога руху атамаў, і яго т-ра ва ўмовах цеплаізаляцыі зніжаецца (гл.Магнетакаларычны эфект). Для атрымання т-р ∼10−3 К выкарыстоўваюць солі рэдказямельных элементаў (напр., сульфат гадалінію), а таксамаінш. парамагнітныя рэчывы (напр., хрома-каліевы і жалеза-каліевы галын), у крышт. рашотцы якіх знаходзяцца іоны з недабудаванымі электроннымі абалонкамі і адрозным ад нуля ўласным магн. момантам (Fe+3, Cr+3, Gd+3). Пры выкарыстанні парамагнетызму атамных ядраў (напр., ва ўзоры медзі) атрымліваюць т-ры да 10−6 К. М.а. шырока выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях пры вывучэнні звышцякучасці і звышправоднасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКО́ЎСКІ (Уладзімір Ягоравіч) (7.2.1846, Масква — 21.2.1920),
расійскі жывапісец. Брат К.Я.Макоўскага. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1893). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1861—66) у С.Заранкі; выкладаў у ім (1882—94) і ў Пецярбургскай АМ (1894—1918, з 1895 рэктар). З 1872 чл.Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). У творчасці пераважалі тэмы гар. побыту, камерныя, часта двухфігурныя кампазіцыі сац.-крытычнага зместу: «У прыёмнай у доктара» (1870), «Наведванне бедных» (1874), «Чаканне» (1875), «Асуджаны» (1879), «Крах банка» (1881), «Спатканне» (1883), «На бульвары» (1887) і інш. У некаторых работах блізкі да пленэрнага жывапісу («Тлумачэнне», 1889—91, і інш.). Звяртаўся і да рэв. тэматыкі: «Допыт рэвалюцыянеркі» (1904), «9 студзеня 1905 года на Васільеўскім востраве» (1905) і інш. Ствараў таксама партрэты і графічныя работы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАМАЛЕ́КУЛА (ад макра... + малекула),
малекула палімера. Складаецца з аднолькавых або розных структурных адзінак — састаўных звёнаў (атамаў ці груп атамаў), злучаных паміж сабой кавалентнымі сувязямі ў ланцуг, які характарызуецца колькасцю звёнаў (ступенню полімерызацыі) ці адноснай малекулярнай масай (гл.таксамаВысокамалекулярныя злучэнні).
Асн. стэрэахім. характарыстыкай М. з’яўляецца канфігурацыя. Пэўнай канфігурацыі М. адпавядае набор канфармацый, што ўзнікаюць з-за мікраброўнаўскага цеплавога руху ў выніку абмежаванага вярчэння атамаў (груп атамаў) адносна простых валентных сувязей. Ступень свабоды гэтага вярчэння вызначае гібкасць М. — адну з асн. характарыстык, з якой звязаны каўчукападобная эластычнасць, здольнасць палімераў да ўтварэння надмалекулярных структур, многія фіз. і хім. ўласцівасці палімераў. Лінейныя М. складанай будовы здольныя да ўтварэння другасных структур (упарадкаваны стан М., які ўзнікае ў выніку спецыфічных між- і ўнутрымалекулярных узаемадзеянняў), якія дасягаюць высокай ступені дасканаласці і спецыфічнасці ў М. важнейшых біяпалімераў — бялкоў і нуклеінавых кіслот.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́РХІЯ (ад грэч. monarchia адзінаўладдзе),
форма праўлення, пры якой кіраўніком дзяржавы з’яўляецца манарх. Яго ўлада, як правіла, з’яўляецца пажыццёвай і перадаецца ў парадку прастоланаследдзя. Захоўваюцца 2 гіст. тыпы М. — абсалютная і канстытуцыйная. Абсалютная М. характарызуецца юрыд. і фактычным сканцэнтраваннем усёй паўнаты дзяржаўнай, а таксама духоўнай (рэліг.) улады ў руках манарха. У наш час у свеце 8 краін з абсалютнай М.: ААЭ, Аман, Бахрэйн, Бруней, Ватыкан, Катар, Кувейт, Саудаўская Аравія. Пры канстытуцыйнай М. ўлада манарха абмежавана канстытуцыяй, ёсць выбарны заканад. орган — парламент і незалежныя суды; манарх пазбаўлены права самастойна ажыццяўляць фармальна захаваныя за ім паўнамоцтвы, і ўсе акты, што зыходзяць ад яго імя, патрабуюць ухвалення кабінета міністраў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які нясе адказнасць перад парламентам. Прыкладам такой М. з’яўляецца Вялікабрытанія. Асобая разнавіднасць М. — выбарная, якая спалучае элементы М. і рэспублікі. Такая М. існуе ў Малайзіі.