ДВУХСТВО́РКАВЫЯ МАЛЮ́СКІ, пласціністашчэлепныя малюскі (Bivalvia, Lamellibranchia),

клас водных беспазваночных малюскаў. 3 надатр., 14 атр., 130 сучасных сям., каля 1 тыс. родаў, 20 тыс. відаў. Пашыраны ў прэсных вадаёмах, саленаватых азёрах, у акіянах і морах Еўразіі, Амерыкі, Афрыкі. Донныя маларухомыя жывёлы. На Беларусі найб. вядомы прадстаўнікі з родаў гарошынкі і шароўкі (каля 30 відаў), бяззубкі і перлаўкі; жамчужніца звычайная занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. 2—3 мм — 1,5 м, маса да 250 кг (трыдакна). Ракавіна з 2 створак (адсюль назва). На спінным баку створкі звязаны эластычнай перамычкай (лігаментам), унутры — 1—2 мышцамі-замыкальнікамі (адуктарамі). У большасці Д.м. патоўшчаны спінны край створак мае выступы (зубы), сукупнасць якіх утварае т.зв. замок. Створкі ракавіны ўнутры высланы 2 скурнымі складкамі — «мантыяй», між імі і целам мантыйная поласць. У некат. Д.м. (жамчужніцы, мідыі, бяззубкі) іншародныя часцінкі, што трапляюць у поласць, абвалакваюцца слаямі перламутру і пераўтвараюцца ў жэмчуг. На брушным баку цела ў большасці Д.м. ёсць мускулісты выраст — нага, у многіх з бісусавай залозай, якая выдзяляе трывалыя ніці (бісус), з іх дапамогай малюск прымацоўваецца да субстрату. Пераважна раздзельнаполыя, апладненне вонкавае. Біяфільтратары. Кормяцца планктонам або дэтрытам. Корм рыб і марскіх жывёл. Аб’екты промыслу і аквакультуры.

Двухстворкавыя малюскі: 1 — марская жамчужніца; 2 — спандылюс прыгожы; 3 — амусіум японскі; 4 — бяззубка вузкая; 5 — шароўка рачная; 6 — шароўка азёрная.

т. 6, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУЦК (летапісны Дрютьск, Дрьтеск, Дрьютск),

старажытны горад Полацкай зямлі. Знаходзіўся каля сучаснай в. Друцк Талачынскага р-на Віцебскай вобл. Узнік на высокім правым беразе р. Друць на адным з адгалінаванняў шляху «з варагаў у грэкі». Паводле сведчання Друцкага евангелля 14 ст., існаваў ужо ў канцы 10 ст. У летапісах упершыню ўпамінаецца пад 1092. З 1-й пал. 12 ст. цэнтр Друцкага княства, якім валодалі нашчадкі полацкага кн. Усяслава Брачыславіча. У 1116 разбураны войскамі паўд.-рус. князёў. З 1180 уцягнуты ў барацьбу смаленскіх князёў з чарнігаўскімі. Найб. росквіту дасягнуў у 1230—40-я г. З 13 ст. ў складзе ВКЛ. З 14 ст. існаваў Друцкі замак.

Новы прамы шлях з Вільні ў Маскву праз Талачын паскорыў заняпад Д.

Дзядзінец стараж. Д. (пл. каля 1 га) быў умацаваны валам і ровам. З Пн да дзядзінца прымыкаў вакольны горад, умацаваны таксама валам і ровам. На абодвух валах знаходзіліся вежы з сістэмай двайных брам і сцены-гародні. За сценамі горада размяшчаўся неўмацаваны пасад. Археал. раскопкі Д. праводзілі ў 1930 А.​Дз.​Каваленя, у 1956—62, 1965, 1967 Л.​В.​Аляксееў.

Л.​В.​Аляксееў.

Знаходкі на дзядзінцы Друцка: 1 — бронзавы крыж-энкалпіён; 2 — сярэбраная падвеска; 3 — касцяная шахматная фігурка; 4 — капавушка; 5 — пісала; 6 — амулет; 7 — шыфернае прасліца з надпісам; 8 — грэбень.
Гарадзішча старажытнага Друцка.

т. 6, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБРУ́ДЖВАННЕ АТМАСФЕ́РЫ,

працэс змены складу атмасферы ў выніку паступлення ў яе забруджвальнікаў (аэразолей, газаў, цвёрдых часцінак і інш.). Негатыўна ўздзейнічае на жывыя арганізмы, прыносіць шкоду матэрыяльным каштоўнасцям. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.а. і забруджванне антрапагеннае. Крыніцы натуральнага З.а. — касмічны пыл, дзейнасць вулканаў, ветравая эрозія глебы, выветрыванне горных парод, зрэдку масавае цвіценне раслін і інш. У атмасферы дамешкі размяркоўваюцца нераўнамерна, у залежнасці ад размяшчэння крыніц забруджвання, метэаралагічных, тапаграфічных і інш. фактараў; маюць значэнне і мясц. атм. працэсы і трансгранічны перанос забруджвальнікаў. Антрапагеннае З.а. абумоўлена інтэнсіўнымі выкідамі і фіз. ўздзеяннямі на атмасферу розных галін гасп. дзейнасці чалавека; асн. забруджвальнікі: аксіды азоту, серы, вугляроду і інш. газападобныя злучэнні, пыл, аэразолі, вуглевадароды. Штогод у атмасферу выкідваецца каля 20 млрд. т вуглякіслага газу CO2, 700 млн. т інш. злучэнняў; тэхнагеннае паступленне CO2 складае каля 150 млн. т.

Канцэнтрацыя забруджвальнікаў паветра ў гарадах большая, чым у аддаленых населеных месцах. Непасрэдна з З.а. звязана ўзнікненне смогу ў буйных гарадах. Да асн. крытэрыяў якасці паветра належаць гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі для населеных месцаў (стандарты якасці паветра). Для аздараўлення павет. басейна ўдасканальваюць тэхналогіі вытв. працэсаў, спосабы газаачысткі, пыла- і попелаўлоўнікаў, герметызацыю абсталявання, удасканальваюць спосабы спальвання паліва, цвёрдае і вадкае паліва замяняюць прыродным газам, ствараюць больш дасканалыя трансп. рухавікі і інш. Барацьба з З.а. — вядучая задача аховы атмасферы.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 6, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМБЕ́ЗІ (Zambezi),

рака на Пд Афрыкі, у Анголе, Замбіі, Намібіі, Зімбабве, Мазамбіку. Даўж. 2660 км, пл. бас. 1330 тыс. км². Пачынаецца на плато Лунда ў Замбіі, каля мяжы з Заірам, упадае ў Мазамбікскі праліў Індыйскага ак. Ад вытоку на працягу 1200 км цячэ па слабанахіленай раўніне, утварае парогі (Катыма, Кебрабаса) і вадаспады (Гонье, Нгамбве, Вікторыя). Да вусця р. Луангва цячэ па горнай мясцовасці ў вузкай (да 40—60 м) скалістай даліне, у ніжнім цячэнні мае ў асноўным шырокую даліну і шырокае рэчышча (да 5—8 км). За 120 км ад вусця ўтварае дэльту з мноствам рукавоў (пл. каля 8 тыс. км²). Гал. прытокі: злева — Кабомпа, Луэна, Кафуэ, Луангва, Шырэ; справа — Лунгвебунгу, Луангінга, Ліньянці (у верхнім і сярэднім цячэнні Кванда). Да бас. З. адносіцца воз. Ньяса (Малаві). Жыўленне пераважна дажджавое. Паводкі са снеж. да красавіка. У сухі сезон сцёк вады скарачаецца больш як у 10 разоў. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 16 тыс. м³/с. Рыбалоўства. Суднаходству перашкаджаюць парогі, асн. суднаходства на тэр. Замбіі і на адным з рукавоў дэльты, дзе размешчаны порт Шындэ (Мазамбік). На З. буйныя ГЭС і вадасх. Карыба і Кабора-Баса. Бас. З. ўпершыню абследаваны англ. падарожнікам Д.Лівінгстанам у 1851—56.

Даліна р. Замбезі.

т. 6, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАТВО́Р,

1) рухомая канструкцыя, якая цалкам або часткова перакрывае адтуліну і дае магчымасць рэгуляваць паступленне праз яе вадкасці, газу і інш. З. ў гідратэхнічных збудаваннях робяцца з металу, жалезабетону, дрэва; бываюць паверхневыя і глыбінныя; плоскія, сегментныя, шандорныя, вальцовыя, сектарныя, дыскавыя і інш. 2) Механізм фатаграфічнага апарата, які аўтаматычна рэгулюе працягласць экспанавання (вытрымку) фотаматэрыялу пры здымцы. Бываюць апертурныя (устанаўліваецца ўнутры аб’ектыва каля апертурнай дыяфрагмы) і факальныя (каля задняй факальнай плоскасці аб’ектыва). У залежнасці ад віду светлавых засланак падзяляюцца на дыскавыя (у т. л. абцюратар), пялёсткавыя, шторныя, ламельныя і інш. 3) Прыстасаванне ў агнястрэльнай зброі, прызначанае для дасылання патрона (артыл. выстралу) у патроннік (камору), запірання канала ствала з боку казённай часткі, выканання выстралу і выкідвання гільзы. Падзяляюцца на неаўтам., паўаўтам. і аўтам.; З. артыл. гармат — на клінавыя (вертыкальныя і гарызантальныя; выкарыстоўваюцца з пач. 17 ст.) і поршневыя (такі З. стварыў рус. вынаходнік У.​С.​Бараноўскі ў 1872).

Схема шторава-шчыліннага фатаграфічнага затвора: 1 — барабан; 2 — святлонепранікальныя шторкі; 3 — тасёмкі шторак; 4 — шчыліна; 5 — плёнка; 6 — гільзы шторак.
Затворы артылерыйскіх гармат: а — клінавы вертыкальны ў гармат малых калібраў (1 — казённік, 2 — клін); б — поршневы ў гармат сярэдніх і буйных калібраў (1 — рукаятка рамы, 2 — поршань; 3 — затворнае гняздо казённіка).

т. 7, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-СІБІ́РСКІ АРТЭЗІЯ́НСКІ БАСЕ́ЙН,

у межах Заходне-Сібірскай раўніны, на тэр. Pacü і Казахстана, буйнейшы ў свеце. Пл. каля 3 млн. км². Ваданосныя комплексы звязаны з асадкавымі адкладамі меза-кайназою і пародамі складкавага фундамента Заходне-Сібірскай пліты. У будове басейна вылучаюць 2 гідрагеал. паверхі, падзеленыя тоўшчай гліністых адкладаў верхняга мелу-эацэну. Верхні паверх прадстаўлены ваданоснымі комплексамі алігацэну, неагену і антрапагену. Глыб. ад 1—2 да 1—20 м і больш, удзельны дэбіт свідравін да 5—7 л/с. Воды ў цэнтр. і паўн. ч. прэсныя (да 1 г/л), у паўд. ч. саланаватыя і салёныя (да 10—15 г/л і больш). Падземныя воды фарміруюцца ў выніку інтэнсіўнага сцёку і ў цеснай сувязі з кліматычнымі фактарамі і гідраграфічнай сеткай тэрыторыі. Ніжні паверх аб’ядноўвае ваданосныя комплексы мелавых і юрскіх адкладаў і прыпаверхневай ч. фундамента, якія залягаюць у цэнтр. ч. на глыб. да 1000—3000 м і больш, на перыферыі басейна — каля паверхні. Удзельны дэбіт свідравін да 1,7—3,5 л/с. Воды ў цэнтр. ч. салёныя (20—30 г/л і больш). Папаўненне запасаў падземных вод ніжняга паверха адбываецца на перыферыі, дзе ваданосныя слаі выходзяць на паверхню. З ваданосным гарызонтам ніжняга паверха звязаны буйныя запасы нафты і газу.

т. 7, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЎЕЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,

помнік архітэктуры пач. 17 ст. Мае рысы ранняга барока. Пабудаваны каля 1600 у г.п. Іўе Гродзенскай вобл. Станіславам Кішкам. У 1631 мсціслаўскі ваявода Мікалай Кішка засн. пры касцёле кляштар бернардзінцаў. Будынкі спалены ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пазней адноўлены. Складаецца з Петрапаўлаўскага касцёла і жылога корпуса (захаваліся зах. і часткова ўсх. крылы будынка), Кляштар аддзелены ад вуліцы насыпам, які меў абарончае значэнне.

Касцёл — трохнефавы двухвежавы храм. Гал. фасад сім. кампазіцыі аздоблены тонкімі пілястрамі і завершаны 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі галоўкамі і фігурным атыкавым франтонам паміж імі. У 2-й пал. 18 ст. гал. фасад часткова перабудаваны. Касцёл асвячоны ў 1787. У 19 ст. да паўн. сцяны касцёла прыбудавана капліца. У інтэр’еры 6 алтароў 2-й пал. 18 ст. Гал. алтар мураваны, двух’ярусны, раскрапаваны калонамі і пілястрамі, размаляваны пад мармур. Сцены і скляпенні размаляваны ў 1-й пал. 20 ст. Жылы корпус пабудаваны каля 1633. Двухпавярховы будынак утвараў прамавугольны ў плане ўнутр. двор. Вуглавыя памяшканні выступалі з агульнага прамавугольнага абрысу плана. У інтэр’еры ўсх. крыла будынка печ, абліцаваная тэракотавай кафляй 17 ст. з раслінным і геам. арнаментам. У 1858 кляштар зачынены.

А.​А.​Ярашэвіч, В.​В.​Церашчатава.

Іўеўскі касцёл і кляштар бернардзінцаў.

т. 7, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЯНЕ́ЦКІЯ ЗА́МКАВА-ПАЛА́ЦАВЫЯ КО́МПЛЕКСЫ.

Існавалі ў 17—19 ст. у г. Камянец Брэсцкай вобл. Пабудаваны недалёка ад Камянецкай вежы на беразе р. Лясная. Комплекс драўляных збудаванняў 1-й пал. 17 ст. быў умацаваны земляным валам і абкружаны вадзяным ровам, праз які з боку Камянца быў мост. У цэнтры дзядзінца стаяў 2-павярховы рэнесансавы палац з аркаднай галерэяй на гал. фасадзе, уваход быў праз двух’ярусную браму. Каля брамы стаялі 2 жылыя флігелі, гасп. пабудовы, за межамі ўмацаванняў на беразе ракі — бровар і вял. 2-павярховы свіран. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. комплекс перабудаваны. Складаўся з дзядзінца і ўмацаванага драўлянай абарончай сцяной «перадзамачча». Дзядзінец быў умацаваны земляным валам і астрогам. У цэнтры знаходзіўся невял. 1-павярховы палац, за ім — жылыя флігелі і гасп. пабудовы. «Перадзамачча» злучалася з дзядзінцам праз вадзяны роў мостам з 2 брамамі. У ніжнім ярусе замкавай брамы была турма, у верхнім — лямус з адкрытай галерэяй. У 18 ст. комплекс перабудаваны ў барочны палацавы комплекс, які захаваў ранейшыя вонкавыя ўмацаванні і 2-ярусную браму. Насупраць брамы стаяў 2-павярховы драўляны палац. Дзверы яго былі аздоблены арнаментальнай разьбой, сцены — шпалерамі, падзеленымі разнымі ліштвамі. Каля брамы размяшчаліся дом аканома, кухня, гасп. пабудовы. У канцы 18 — пач. 19 ст. комплекс заняпаў.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 7, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАКАРУ́М (цюрк. чорныя каменныя горы),

горная сістэма ў Цэнтр. Азіі, Індыі (штат Джаму і Кашмір) і Кітаі. Адна з самых высокіх у свеце. Размешчана паміж Памірам і Куньлунем на Пн, Гімалаямі і Гандысышанем на Пд. Даўж. каля 800 км. Шыр. ад 150 да 250 км. Сярэдняя выш. каля 6000 м, найвыш. 8611 м (г. Чагары). Складаецца з некалькіх паралельных хрыбтоў. Сфарміравана альпійскай складкавасцю. Рэльеф высакагорны, альпійскі, са скалістымі грабянямі, стромкімі схіламі, шматлікімі асыпкамі. Восевая зона складзена з гнейсаў, крышт. сланцаў, мармуру, гранітаў і інш., паўн.-ўсх. частка — з гліністых і вапняковых парод палеазою і мезазою, прарваных інтрузіямі, паўд.зах. частка — з метамарфізаваных вулканагенна-асадкавых ўтварэнняў. Радовішчы серы, праяўленні берылію, малібдэну, золата і інш. Пл. зледзянення 16,3 тыс. км²; буйныя дэндрытавыя ледавікі — Сіячэн (даўж. 75 км), Балтара, Рымо. К. — водападзел паміж бас. рэк Інд і Тарым. Клімат рэзка кантынентальны, суровы. Ападкаў ад 100 да 500 мм за год. На паўн. схілах халодныя пустыні і сухія стэпы, на паўд. (пад уздзеяннем мусонаў) — стэпы, лугі. На выш. 3000—3500 м лясы з хвоі, гімалайскага кедра; па далінах рэк — галерэйныя лясы з вярбы і таполі. Найб. спецыфічныя жывёлы: дзікі, як, антылопа-аронга, антылопа-ада, дзікія аслы, снежны барс і інш. Да выш. 4000 м вырошчваюць ячмень, гарох, люцэрну, у ніжняй ч. — вінаграднікі, сады.

т. 8, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАРНЕ́Т [франц. clarinette ад лац. clarus ясны (гук)],

драўляны духавы язычковы муз. інструмент. Складаецца з дзюбападобнага муштука з прымацаваным да яго трысняговым ці бамбукавым язычком, кароткай пашыранай часткі, верхняга і ніжняга кален з пальцавымі адтулінамі (7) і клапанамі (каля 20) і раструба. Сярод рэгістравых разнавіднасцей найб. пашыраны К. малы (пікала), сапранавыя, альт (басетгорн), бас-кларнет.

Прафес. К. створаны ў Германіі каля 1700 на аснове франц. нар. інструмента шалюмо (тыпу бел. жалейкі). Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент.

На Беларусі паявіўся спачатку ў прафес. практыцы (Нясвіж, Гродна, Шклоў і інш.), з 2-й пал. 19 ст. таксама і ў народнай. У нар. інстр. ансамблях К. актыўна замяняе жалейку ў спалучэнні са скрыпкай і цымбаламі або з гармонікам, скрыпкай і барабанам. Найб. характэрны для Палесся і цэнтр. раёнаў Беларусі. Творы розных жанраў для К. і камерных ансамбляў з К. у складзе стварылі бел. кампазітары Л.​Абеліёвіч, М.​Аладаў, Г.​Вагнер, В.​Войцік, Г.​Гарэлава, Я.​Глебаў, Я.​Дзягцярык, Дз.​Камінскі, П.​Падкавыраў, Р.​Сурус, Л.​Шлег і інш. Класы ігры на К. існуюць у муз. навуч. установах рознага ўзроўню.

Літ.:

Благодатов Г. Кларнет. М., 1965;

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. Мн., 1979.

І.​Дз.​Назіна.

Кларнет.

т. 8, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)