БУРЫМЕ́ (ад франц. bouts rimés рыфмаваныя канцы),

верш, напісаны на загадзя вядомыя рыфмы. Узнік у Францыі ў 1-й пал. 17 ст. як форма салоннай «лёгкай паэзіі», чыста літаратурная забава. З 20 ст. становіцца пераважна эстрадным жанрам. Прынцып бурыме пакладзены ў аснову некаторых бел. нар. песень: назвы ўсіх дзён тыдня прадвызначылі рыфмы, а разам з тым і арганізавалі вершаваныя радкі жартоўнай песні «Ад панядзелка да панядзелка».

т. 3, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУХТУ́ЕЎ (Міхаіл Арцёмавіч) (23.11.1925, пас. Кара-Хаш Таджынскага р-на Рэспублікі Тува — 25.6.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). З чэрв. 1944 на 1-м Бел. фронце. Сяржант Бухтуеў вызначыўся ў баі за ст. Чорныя Броды Акцябрскага р-на Гомельскай вобл.: экіпаж танка, дзе ён быў механікам-вадзіцелем, сваёй падпаленай машынай тараніў і вывеў са строю браняпоезд праціўніка. Загінуў у час тарана.

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ШМА (Міхаіл Іванавіч) (н. 19.7.1951, в. Дзяляцічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. фармаколаг. Д-р мед. н. (1991). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1974). З 1977 у Ін-це біяхіміі АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні ролі эндагенных рэчываў (некаторых вітамінаў, амінакіслот і фосфаліпідаў) у рэгуляцыі актыўнасці ферментных сістэм мікрасамальнага акіслення і працэсаў перакіснага акіслення ліпідаў у жывёл і чалавека ў норме і пры інтаксікацыях.

т. 3, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЧКО́ЎСКІ (Адам) (1889, фальварак Талочкі Саколкаўскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Саколкаўскі пав. Беластоцкага ваяв., Польшча — 18.11.1937),

бел. грамадскі і культ. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т; працаваў суддзёй у Саколцы, адвакатам у Варшаве. Адзін з заснавальнікаў Гродзенскага гуртка беларускай моладзі, заснавальнік «Асветнага таварыства беларусаў» у Варшаве (дзейнічала ў 1930-я г.). Аўтар сцэнічнага абразка «Сваты», які ставілі многія самадзейныя драм. гурткі ў Зах. Беларусі.

А.​С.​Ліс.

т. 3, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВІ́ЛАЎ (Максім Андрэевіч) (9.8.1903, г. Полацк — 11.7.1960),

ваенны дзеяч. Ген.-лейт. (1955). Скончыў Аб’яднаную бел. ваен. школу імя ЦВК БССР (1927), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1936), Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1924. Удзельнік баёў каля воз. Хасан у 1938. У 1942—44 нач. штаба арміі Далёкаўсх. фронту. З 1944 у Генштабе Сав. Арміі. З 1954 нач. штаба Забайкальскай ваен. акругі, з 1956 у ваенна-навуч. установах.

т. 3, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЯНЦЮ́К (Анатоль Мікалаевіч) (н. 28.8.1951, в. Трыліскі Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1992). Скончыў БДУ (1972). З 1972 у Ін-це прыкладной оптыкі АН Беларусі (г. Магілёў). Навук. працы па фіз. оптыцы. Распрацаваў статыстычную тэорыю распаўсюджвання аптычнага выпрамянення і бачання праз стахастычныя рассейвальныя асяроддзі.

Тв.:

Оптическое изображение при дистанционном наблюдении. Мн., 1991 (разам з К.​Р.​Прэдкам).

т. 3, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́НКА (Зоя Васілеўна) (н. 30.6.1946, в. Слабодка Курскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі харчавання. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыла Маскоўскі ін-т нар. гаспадаркі імя Г.​В.​Пляханава (1968). З 1974 у Магілёўскім тэхнал. ін-це. Навук. працы па тэхналогіі комплекснай перапрацоўкі і выкарыстання расліннай прадукцыі.

Тв.:

Плодоовощные пюре в производстве продуктов. М., 1987 (разам з У.​С.​Баранавым).

т. 4, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕЎ (Васіль Вячаслававіч) (н. 2.12.1954, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1982), Беларускую АМ (1992). Выкладае ў Віцебскім тэхнал. ун-це. У пач. творчасці ў традыц. формах мастацтва імкнуўся знайсці жывапісную гармонію. З 1990 займаецца пластычнымі, колеравымі, канцэптуальнымі пошукамі. За працу «Адбіткі на асфальце» (1991) «Гран-пры» I Міжнар. пленэру «Малевіч. Уновіс. Сучаснасць» (Віцебск, 1994).

М.​М.​Паграноўскі.

т. 4, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЧАНКА (Глеб Віктаравіч) (н. 8.9.1927, г. Смаленск),

бел. вучоны ў галіне гідрамеліярацыі. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў БПІ (1954). З 1961 у Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (г. Мінск). Навук. працы па тэорыі ўзаемадзеяння турбулентных патокаў з жорсткімі і дэфармавальнымі межамі, мадэляванні водных аб’ектаў і гідразбудаванняў на рэках Беларусі, Сібіры і Сярэдняй Азіі.

Тв.:

Воздействие потоков на мелиоративные и водохозяйственные сооружения. Мн., 1985.

т. 4, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЧО́К Алесь, бел. нар. казачнік. Селянін з в. Крылоўшчына Навагрудскага пав. У 1901 польскі лінгвіст Э.Кліх запісаў ад яго 18 казак і апавяданняў, урыўкі з якіх надрукаваў, дакладна перадаўшы асаблівасці мясц. дыялекту. У традыц. бытавых казачных сюжэтах («Як поп цяліўся», «Марка Багаты» і інш.) Ваўчок самабытна развіваў сац. матывы, жыва перадаваў жанравыя сцэнкі.

Тв.:

[Казкі] // Materiały i prace Komisji językowej Akademii Umiejętności. Kraków, 1903. T. 2, z. 1.

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)