ВЯЖБІ́ЦКІ ((Wierzbicki) Юзаф Станіслаў) (12.2.1853, в. Генрыкавец, каляг. Магілёў-Падольскі, Украіна — пасля 1932),
польскі паэт. Скончыў Кіеўскі ун-т. Працаваў адвакатам у Мінску. З 1918 у Польшчы. Аўтар драмы «З жыцця» (1880), зб-каў «Паэзія» (т. 1—2, 1882—84), «Рапсодыі» (1901), «Да сонейка» (1905), «Атлантыда» (1910), «Кніга санетаў» (1922). Зб-кі «На світанку» (1898), «Кніга маўчання» (1914, выдадзены ў Мінску). Паэма «Ганка. Падольская аповесць» (1888) пра трагічнае каханне маладых людзей, раздзеленых класавымі межамі. Вяжбіцкі зазнаў уплыў гіст. школы і пострамантызму, яго творам уласцівыя актуальнасць праблематыкі, публіцыстычнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ СУРВІЛІ́ШСКАЕ, Вялікія Сурвілішкі, Сурвілішскае возера,
возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Камайка (цячэ праз возера), за 20 км на З ад г. Паставы. Пл. 1,03 км², даўж. 2,36 км, найб.шыр. 530 м, найб.глыб. 9,1 м, даўж. берагавой лініі 5,7 км. Пл. вадазбору 132 км². Схілы катлавіны пад хмызняком. Берагі нізкія, на ПнЗ сплавінныя. Дно роўнае, найб. глыбокае на ПдУ. Зарастае каля 30% плошчы возера, шыр. паласы надводнай расліннасці 10—80 м. Злучана пратокай з воз. М.Сурвілішкі, упадае р. Яновіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЫ́ГА (Эдмунд Іванавіч) (каля 1840—23.9.1902),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і на Беларусі. Вучыўся (з 1857) у Пецярбургскім ун-це, зблізіўся з К.Каліноўскім. Член віленскага Камітэта руху 1863 (пазней Літоўскага правінцыяльнага камітэта), удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання, у ліст. 1862 вёў перагаворы ў Варшаве з Цэнтр.нац. к-там, адстойваў інтарэсы Літвы і Беларусі. 3.3.1863 арыштаваны, пасля працяглага зняволення ў віленскіх турмах прыгавораны да 8 гадоў катаргі. Пакаранне адбываў у Кадаінскіх капальнях разам з М.Г.Чарнышэўскім. Пасля працаваў у Пецярбургу і на Украіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДАВЫ́Я КО́ЛЬЦЫў раслін,
канцэнтрычныя кольцы, бачныя на папярочным зрэзе праз гадавыя слаі тканак (напр., ксілемы ў дрэвавых раслін). Памер гадавых кольцаў і суадносіны іх ранніх і позніх элементаў вызначаюць шчыльнасць і мех. ўласцівасці тканкі. Пры неспрыяльных пагодных і інш. умовах могуць утварацца несапраўдныя кольцы з больш рыхлай і цёмнай драўнінай і няроўнымі граніцамі. Па колькасці гадавых кольцаў на разрэзе каля асновы дрэва можна вызначыць яго ўзрост, а таксама клімат і інш. прыродныя з’явы мінулага (гл.Дэндракліматалогія).
Гадавыя кольцы на папярочным зрэзе ствала хвоі звычайнай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЭ́ЦЫЯ (Godetia),
род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, асабліва ў Каліфорніі. На Беларусі культывуюць гадэцыю буйнакветную (Godetia grandiflora) і прывабную (Godetia amoena). Найб. пашыраны сарты: Вайсер Шван, Сібіл Шэрвуд, Метэор.
Аднагадовыя травяністыя апушаныя расліны з галінастым сцяблом выш. 20—40 см. Кветкі простыя або махровыя, лейкападобныя, дыям. 3—5 см, разнастайнай афарбоўкі. Плод — каробачка. Каштоўныя дэкар. святлалюбныя і холадаўстойлівыя расліны (выкарыстоўваюцца для рабатак, бардзюраў, пасадак групамі на газонах). Цвітуць з ліп. да восені. Размнажаюцца насеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДУКО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН І ПЯСКО́Ў,
у Мінскім р-не, за 34 км на ПнЗ ад Мінска, каляв. Гайдукоўка; адно з найб. на Беларусі. Разведана ў 1967, распрацоўваецца з 1984. Гліны стужачныя, азёрна-ледавіковыя, сярэднеплейстацэнавага ўзросту, запаўняюць катлавіну на паўн. схіле Мінскага ўзвышша. Разведаныя прамысл. запасы глін 34,8 млн.м³, перспектыўныя 50,1 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы глін 1,5—25,5 м, пяскоў, што залягаюць вышэй і выкарыстоўваюцца як дадатак да глін, 0,6—16,4 м. Ускрыша 0,2—1,8 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы і дрэнажных труб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́МЛІНЫ (англ. drumlin, адз.л.),
прадаўгавата-авальныя ўзгоркі, выцягнутыя па падоўжнай восі ў напрамку руху б. ледавіка. Даўж. ад некалькіх соцень метраў да 2—3 км, шыр. ад 100 да 400 м, выш. ад 5 да 45 м. Складзены пераважна з асн. марэны, часта маюць ядро з флювіягляцыяльных пяскоў ці карэнных парод. Паходжанне Д. найчасцей звязваюць з працэсамі падлёднай акумуляцыі і ледавіковай эрозіі. Месцамі Д. ўтвараюць т.зв. друмлінавыя палі, у самым вял. з іх (штат Нью-Йорк, ЗША) каля 10 тыс. Д. На Беларусі Д. трапляюцца ў Паазер’і.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БАР (Леанід Паўлавіч) (18.8.1925, г. Магілёў — 18.2.1978),
бел. жывапісец і графік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961). Выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы (з 1961). Сярод работ сюжэтна-тэматычныя карціны «Чацвёра адважных» (1961), «У дарозе» (1962), «Тарпедная атака» (1963), «Пагрузка мін» (1964), «Матросы» (1970), пейзажы «Каля прычала» (1963), «Блакітнае змярканне» (1965), «Шэры дзень» (1967). Працаваў у кніжнай графіцы, аформіў кнігі «Шчаслівая дарога» А.Александровіча (1958), «Мсціслаўцаў посах» Э.Ялугіна (1971), «Па закліку сэрца» М.Аляксеева (1974), «Дзяўчына ішла па вайне» М.Гамолкі (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБНА́,
горад у Расіі, у Маскоўскай вобл., на р. Волга, пры ўпадзенні р. Дубна. Засн. ў 1956. 67,4 тыс.ж. (1992). 2 чыг. станцыі. Іванькаўская ГЭС. Каля Д. пачынаецца канал імя Масквы. Філіял НДІядз. фізікі Маскоўскага ун-та, філіял Маскоўскага ін-та радыётэхнікі, электронікі і аўтаматыкі. Аб’яднаны ін-тядз. даследаванняў, засн. ў 1956 на падставе пагаднення, падпісанага 10 краінамі-заснавальнікамі (мэтай стварэння ін-та было ажыццяўленне супольных тэарэт. і эксперым. прац у галіне фізікі высокіх энергій; ін-т мае сінхрацыклатрон і сінхрафазатрон).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́НДЗІЧ (Алека) (сапр.Чоліч Мілуцін; 13.4.1896, паводле інш. звестак 12.8.1897, с. Грабавец, Харватыя — 8.7.1920),
адзін з камандзіраў Чырв. Арміі ў грамадз. вайну ў Расіі. Харват. Удзельнік 1-й сусв. вайны (быў у аўстра-венг. арміі), у 1916 трапіў у рас. палон. З кастр. 1917 у Чырв. гвардыі, з 1918 у Чырв. Арміі. У грамадз. вайну ваяваў на камандных пасадах у кавалерыі (у т. л. памочнік пры камандуючым 1-й Коннай арміяй С.М.Будзённым) пераважна на тэр. Украіны. Загінуў у баі каляг. Роўна.