МЕНІ́СКАВЫЯ СІСТЭ́МЫ люстрана-лінзавыя сістэмы, у якіх перад сферычным (радзей эліптычным) люстэркам ці перад сістэмай люстэркаў і лінзаў або пасля іх знаходзіцца 1 ці некалькі ахраматычных меніскаў. Вынайдзены ў 1941 Дз.Дз.Максутавым і Д.Габарам, незалежна адзін ад аднаго. Меніскавыя лінзы, радыусы крывізны паверхняў якіх мала адрозніваюцца, не ўплываюць на агульны ход прамянёў, але істотна змяншаюць аберацыі аптычных сістэм, у якія яны ўваходзяць. М.с. маюць малы астыгматызм, у іх можна скампенсаваць сферычную аберацыю, пазбавіцца ад комы. Выкарыстоўваюцца ў астраноміі, фатаграфіі і інш.Гл. таксама Максутава тэлескоп.
Я.У.Чайкоўскі.
Меніскавыя сістэмы тыпу: а — Ньютана; б — Мерсена; 1 — меніск; 2, 3 — галоўнае і дапаможнае люстэркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛІ́ЧНЫХ КАНСТРУ́КЦЫЙ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
падгаліна прам-сці машынабудавання і металаапрацоўкі, што выпускае маласерыйныя або адзінкавыя віды вырабаў вял. памераў з металу (металічныя канструкцыі). Найб. шырока такая прадукцыя выкарыстоўваецца ў будаўніцтве, асабліва пры ўзвядзенні лёгкіх часовых збудаванняў, вырабе вентыляцыйных і цеплавых сістэм. На Беларусі падгаліна аб’ядноўвае 7 прадпрыемстваў, у т. л. 3 з-ды металаканструкцый (у Віцебску, Гомелі, Магілёве) спецыялізуюцца па вырабе металаканструкцый для с.-г.буд-ва (нестандартызаванае абсталяванне для ферм і жывёлагадоўчых комплексаў і інш.). У Мінску працуюць арэндныя прадпрыемствы «Доследны завод металаканструкцый» і па праектаванні буд.метал. канструкцый «Белпраектстальканструкцыя», у г. Маладзечна — з-д лёгкіх металаканструкцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАМАРФО́Зу раслін,
відазмяненне асн. органаў пры змене іх функцый або ўмоў функцыянавання. Выпрацоўваецца і замацоўваецца ў працэсе эвалюцыі. Напр., у многіх травяністых раслін парастак спачатку знаходзіцца на паверхні глебы і мае зялёнае асімілюючае лісце, потым траціць яго, утварае прыдаткавыя карані, заглыбляецца ў глебу і ператвараецца ў падземны орган — карэнішча. Так адбываецца сапраўдны М. аднаго органа ў другі са зменай формы і функцыі. У большасці выпадкаў змяняюцца зачаткі, а не дарослыя органы. М. парасткаў — карэнішча, клубні, цыбуліны, мясістыя сцёблы кактусаў, кладодыі ў спаржы, вусікі ў вінаграду, калючкі ў глогу; лісця — утварэнне лускавінак (пупышкавых, цыбульных, прыкветкавых); каранёў — паветраныя карані ў архідэй, клубні ў вяргіні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ ЗЛАЧЫ́НСТВА,
найцяжэйшае проціпраўнае дзеянне, якое замахваецца на асновы існавання дзяржаў і нацый, падрывае найважнейшыя прынцыпы міжнар. права, пагражае міжнар. міру і бяспецы. Аб’ектам М.з. могуць быць: усеагульны мір і міжнар. бяспека; добрасуседскія адносіны паміж народамі і дзяржавамі; правы народаў і нацый на самавызначэнне; законы і звычаі вайны. У адпаведнасці са Статутам Міжнароднага ваеннага трыбунала і інш.міжнар.-прававымі актамі да М.з. адносяцца: злачынствы супраць міру, ваен. злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці і чалавецтва, у т. л. каланіялізм, генацыд, апартэід, масавае забруджванне атмасферы або мораў (экацыд). Суб’ектамі М.з. і суб’ектамі адказнасці за іх учыненне могуць быць дзяржавы, міжнар. арг-цыі і фіз. асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ ПРЫВА́ТНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць норм, якія рэгулююць прыватна-прававыя адносіны міжнар. характару. У іх прымаюць удзел чужаземцы, замежныя юрыд. асобы і замежныя краіны; яны звязаны з тэрыторыяй дзвюх або некалькіх дзяржаў; аб’ектам праваадносін з’яўляецца рэч, якая знаходзіцца за мяжой. Да сфер дзейнасці М.п.п. адносяцца пытанні цывільна-прававога стану чужаземцаў, замежных юрыд. асоб і змешаных т-ваў, права ўласнасці, абавязацельнага, аўтарскага, вынаходніцкага, сямейнага, спадчыннага правоў і інш. Нормы М.п.п. ёсць як у двухбаковых, так і ў шматбаковых міжнар. дагаворах. Асаблівасцю цывільна-прававых адносін М.п.п. з’яўляецца тое, што яго нормы, як правіла, не рэгулююць канкрэтна спрэчку, якая ўзнікла, а толькі ўказваюць, заканадаўства якой краіны належыць выкарыстаць (гл.Калізійнае права).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНЫЯ БУДАЎНІ́ЧЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
здабытыя карысныя выкапні, якія выкарыстоўваюцца ў натуральным выглядзе або пасля тэхнал. перапрацоўкі ў якасці буд. матэрыялаў; разнавіднасць мінеральнай сыравіны. На Беларусі здабываюць М.б.м.: цэментную сыравіну (мел, мергель, гліна), гліны і суглінкі для вытв-сці цэглы, керамікі і лёгкіх запаўняльнікаў, пяскі буд. і шкловыя, пясчана-гравійныя матэрыялы, камень буд. і абліцовачны і інш. Буйнейшымі вытворцамі М.б.м. з’яўляюцца Мікашэвіцкае прадпрыемства«Граніт», распрацоўвае Мікашэвіцкае радовішча буд. каменю, Віцебскае акцыянернае таварыства«Даламіт» працуе на радовішчы даламіту Гралева, прадпрыемства «Беларускі цэментны завод» (пас. Камунары Магілёўскай вобл.) распрацоўвае Камунарскае радовішча мергелю для цэментнай сыравіны, кар’ераўпраўленне «Гайдукоўка» (пас. Гайдукоўка Мінскай вобл.) вядзе распрацоўку глін на аднайм. радовішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ГІЛЬНІК,
група стараж. пахаванняў у адным месцы. Адасобленыя ад паселішчаў М. з’явіліся ў мезаліце. Падзяляюцца на курганныя (гл.Курган) і бескурганныя, або грунтавыя без насыпаў. Паводле пахавальнага абраду адрозніваюць М. з трупаспаленпем і трупапалажэннем. Даследаванне М. дае каштоўны матэрыял для вызначэння арэала этн. груп, археал. культур, храналогіі, палеантрапалогіі, сямейных і сац. адносін; пахавальны інвентар, убранне нябожчыка дапаўняюць уяўленне аб матэрыяльнай культуры розных плямён. На Беларусі самыя стараж. М. адносяцца да бронзавага веку (Рудня-Шлягіна, Ходасавічы). Найб. даследаваны бескурганныя М. ранняга жал. веку Чаплін, курганныя часоў Полацкай дзяржавы Ізбішча, Заслаўскія курганныя могільнікі. Антычны М. звычайна называюць некропалем, хрысц. — могілкамі, мусульманскі — мізар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў ДАВЫ́ДАВІЧ (у хрышчэнні Фёдар; 1193—1230),
вялікі князь смаленскі ў 1219—30. Сын Давыда Расціславіча. Атрымаў Смаленскае княства пасля таго, як яго пакінуў кн. Уладзімір Рурыкавіч. В.М.Тацішчаў згадвае М.Д. пад 1217 і 1221 як князя полацкага. Паводле Наўгародскага 1-га летапісу малодшага зводу, захапіў Полацк 17.1.1222. У «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага ўпамінаецца як удзельнік заключэння гандл. дагавору 1222 з Рыгай ад імя Полацка і Віцебска. Верагодна, у той час М.Д. трымаў гэтыя гарады або яны знаходзіліся ў залежнасці ад яго. Заключыў дагавор 1229 з Рыгаю і Гоцкім берагам ад імя Смаленска, Віцебска і Полацка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСТА́ФІН (Габідэн) (26.11.1902, с. Сарцюбе Карагандзінскай вобл., Казахстан — 20.1.1985),
казахскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Казахстана (1984). Чл.-кар.АН Казахстана (1958). Друкаваўся з 1927. Кн. апавяданняў і нарысаў «Ер Шойын» (1929), раманы «Шыганак» (1945), «Мільянер» (1948), «Пасля буры» (1959) пра сац. перамены ў жыцці каз. народа ў 1920—30-я г. Пачынальнік індустрыяльнай тэмы ў каз. л-ры: раманы «Жыццё або смерць» (1941), «Караганда» (1952) і інш., адметных сюжэтнай шматпланавасцю, псіхал. глыбінёй. Аўтар аўтабіягр. рамана «Сведка» (ч. 1, 1963), кн. нарысаў і артыкулаў «Напевы думкі» (1974, Дзярж. прэмія Казахстана 1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫТ,
інфекцыйная хвароба коней, якая характарызуецца ліхаманкай, запаленнем падсківічных лімфавузлоў і слізістых абалонак носа і глоткі. Пашыраны ўсюды, найб. у краінах з умераным і халодным кліматам. Хварэюць пераважна маладыя (да 5 гадоў) жывёлы ў халодны перыяд. Узбуджальнік — мытны стрэптакок, які перадаецца з выдзяленнямі хворых і бактэрыяносьбітаў (перахварэлых і здаровых). Заражэнне адбываецца праз страўнікава-кішачны тракт, радзей аэрагенным ці палавым шляхам. Формы цячэння: тыповая (т-ра да 41 °C, слізіста-гнойныя выдзяленні з носа, кашаль, балючае ацяканне падсківічных лімфавузлоў, іх нагнаенне і ўскрыццё), метастатычная, або ўскладненая (абсцэсы таксама ў інш. лімфавузлах, мозгу, суставах, унутр. органах), генітальная (запаляюцца палавыя органы і блізкія да іх лімфавузлы), абартыўная (лёгкая, без нагнаенняў).