комплекс будыйскіх манастыроў 2 ст. да н.э. — 7 ст.н. э., высечаных у скалах каляпас. Аджанта ў штаце Махараштра ў Індыі. Складаецца з 29 пячорных залаў: 4 «чайцья» (малельныя залы) і 25 «віхар» (квадратныя залы, акружаныя з трох бакоў келлямі). Сусветна вядомая насценная размалёўка пячор вызначаецца багаццем фантазіі, прыгажосцю колеру і рытму. Жывапіс, што захаваўся ў фрагментах, — ілюстрацыі да будыйскай міфалогіі, але ў ім шырока паказана карціна інд. побыту таго часу.
«Чайцья» ў Аджанце.Да арт.Аджанта. Прынцэса, якая памірае. Фрагмент размалёўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКРЫ́ТЫ ГРУНТ,
зямельныя ўчасткі без укрыццяў для вырошчвання агародніны або дэкар. раслін. У адкрытым грунце насенне холадаўстойлівых раслін (з сям. парасонавых, крыжакветных, а таксама буракоў, салаты, шпінату, гароху) высяваюць ранняй вясной, як толькі паспее глеба, пры сярэднясутачнай т-ры 1—5 °C, насенне цеплалюбівых раслін (з сям. гарбузовых, паслёнавых, а таксама фасолі, кукурузы) — пры т-ры 10—15 °C; расаду высаджваюць пры сярэднясутачнай т-ры адпаведна 5—10 і 15 °C, пасля заканчэння веснавых замаразкаў. На Беларусі ў адкрытым грунце вырошчваюць каля 98% агародніны і кветак. Гл. таксама Ахаваны грунт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЫЯ́НАЎ ВАЛ (англ. Hadrian’s Wall),
стараж.-рымскае абарончае збудаванне паміж вусцем р. Тайн і залівам Сольвей у Англіі. Пабудаваны пры імператару Адрыяне ў 122—133 для абароны Рымскай Брытаніі ад варвараў. Працягласць 122,3 км, шыр. 2,4—3,1 м, выш. 3,7—4,9 м. Меў 16 фортаў, шмат вежаў. На асобных участках умацаваны ровам (глыб. 2,7 м, шыр. 38,7 м). На Пд ад Адрыянава вала выкапаны другі роў, які, магчыма, акрэсліваў мяжу ваен. зоны. У 197, 296 і 367 захоплены варварамі, некалькі разоў аднаўляўся. Канчаткова закінуты каля 400.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАНАСФЕ́РА (ад грэч. ozo пахну + сфера),
азонавы экран, слой у межах стратасферы з павышанай канцэнтрацыяй азону (на выш. 20—25 км у 10 разоў большая, чым каля паверхні Зямлі). Затрымлівае асн.ч. пагібельнага для ўсяго жывога касм. выпрамянення. Максімум азону ў азанасферы прыпадае на вясну, мінімум — на восень. З сярэдзіны 1980-х г. над Антарктыдай было зафіксавана перыяд. знікненне азону (азонавая дзірка), зменшылася яго колькасць і над іншымі тэрыторыямі. Мяркуюць, што ўзнікненне і пашырэнне азонавых дзірак тлумачыцца ўздзеяннем на азанасферу выкідаў у атмасферу хлорфторвугляродаў (фрэонаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́ЦІСТАЯ РАЎНАВА́ГА,
стан азоцістага абмену арганізма, што вызначаецца роўнай колькасцю вылучанага і спажытага азоту. Бывае адмоўная (азоту вылучаецца больш, чым спажываецца) і дадатная (у процілеглым выпадку). Адмоўная азоцістая раўнавага ўсталёўваецца ў арганізме пры галаданні, нізкай колькасці бялку ў ежы, значных траўмах і звязана з разбурэннем бялку. Дадатная азоцістая раўнавага характэрная для маладога арганізма і мае месца пры рэгенерацыі тканак, у перыяд выздараўлення пасля цяжкай хваробы. Чалавеку патрабуецца каля 16 г бялковага азоту ў суткі, што адпавядае 100 г бялку пры энергазатратах 10,5 МДж (2500 ккал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЯРО́Д,
1) гаспадарчая пабудова на Беларусі; збудаванне са слупоў і жэрдак для дасушвання збажыны, сена, бульбоўніку і інш. Лакальныя назвы пераплот, астраўкі. Найб. пашыраны ў цэнтр. і паўн. раёнах. У фальварках азярод размяшчалі непасрэдна каля гумнаў, стадол, такоў. Цяпер у меншай ступені бытуе ўсюды.
2) Бел.нар. гульня. Удзельнікі бяруць дугу за адзін канец, а другім стукаюць аб зямлю так, каб дуга, саспружыніўшы, пераляцела цераз азярод (адсюль назва). Пераможца той, у каго дуга пераляціць цераз азярод больш разоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІЯ́НСКАЯ КАРА́,
зямная кара пад акіянам. У адрозненне ад кантынентальнай мае невял. магутнасць (5—8 км) і пазбаўлена гранітна-гнейсавага слоя. Паводле скорасці праходжання сейсмічных хваляў у акіянскай кары вылучаюць 3 слаі: верхні, асадкавы (магутнасць 0,3—0,7 км), сярэдні, з базальтавай лавы з тонкімі праслоямі шчыльных асадкаў (каля 0,8 км), і ніжні, акіянскі (4,1—5,8 км), які, верагодна, складаецца з габра, перыдатытаў і піраксенітаў. Акіянская кара ўтвараецца ў зонах спрэдзінгу сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў і характарызуецца чаргаваннем палос з рознымі палеамагнітнымі ўласцівасцямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБО́ЛЕ,
возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Дрысвята. Пл. 4,67 км². Даўж. 6,55 км, найб.шыр. 1,43 км, найб.глыб. 9,2 м. Пл. вадазбору каля 750 км². Праз возера цячэ р. Дрысвята (у вытоку наз. Прорва). Берагі выш. 0,3—0,5 м, пясчаныя, месцамі забалочаныя, параслі хмызняком.
Схілы выш. да 15 м, стромкія. Паўночны плёс невялікі, мелкаводны, паўднёвы—глыбокі. Дно да глыб. 1 м пясчанае, глыбей глеістае. 2 астравы агульнай пл. 1,6 га. Уздоўж берагоў паласа расліннасці шыр. 30—600 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БРАХАМС ((Abrahams) Пітэр Генры) (н. 19.3.1919, Врэдэдарп каля Іаганесбурга, ПАР),
пісьменнік Паўд.-Афрыканскай Рэспублікі. Піша на англ. мове. Літ. дзейнасць пачаў у 1942. У творах закранае сац., паліт. і нац. праблемы краін афрыканскага кантынента. Аўтар раманаў «Шахцёр» (1945), «Сцежкаю грому» (1948; па гэтым рамане Бел. тэатр оперы і балета паставіў балет, муз. К.Караева, 1960), «Дзікі захоп» (1950), «Вянок для Удома» (1956; на бел. мову пераклаў С.Дорскі, 1959), «Ноч належыць ім» (1965), «Наш востраў сёння» (1966).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЭВІ́ЛЬ (франц. Abbeville),
абэвільская культура, археалагічная культура ранняга (ніжняга) палеаліту ў Еўропе. Назва ад г. Абвіль (Францыя, даліна р. Сома), дзе ў 19 ст. знойдзены найб. тыповыя для яе прылады — ручныя масіўныя (даўж. да 10—20 см) груба адбітыя рубілы міндалепадобнай, авальнай ці коп’епадобнай формы; выкарыстоўваліся і адшчэпы. Верагодна, датуецца часам гюнц-міндэльскага міжледавікоўя і міндэльскага зледзянення (каля 700 — 400 тыс.г. таму назад). Большасць сучасных даследчыкаў разглядаюць абэвіль як пачатковы этап эпохі ашэль. У л-ры трапляецца і ўстарэлая назва абэвіль — шэльская культура, ці шэль.