паменшанае, матэматычна вызначанае і абагульненае адлюстраванне паверхні Зямлі, іншых нябесных цел або нябеснай сферы і аб’ектаў, з’яў, якія да іх адносяцца, на плоскасці ў пэўнай картаграфічнай праекцыі і сістэме ўмоўных абазначэнняў з дапамогай картаграфічных прылад. З’яўляецца вобразна-знакавай мадэллю рэчаіснасці, мае прасторава-часавае падабенства адносна арыгінала, маштаб, метрычнасць, высокую нагляднасць, што робіць яе важным сродкам фіксацыі і перадачы інфармацыі, навуковага пазнання ў геаграфіі, геалогіі, геафізіцы, сацыялогіі і інш. навуках аб Зямлі і грамадстве. Гл.Геаграфічныя карты, Геалагічныя карты, Геамарфалагічныя карты, Глебавыя карты, Картаграфія, Кліматычныя карты, Марскія карты, Палітыка-адміністрацыйныя карты, Тапаграфічныя карты, Турысцкія карты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРУСЕ́ЛЬНЫ СТАНО́К,
металарэзны такарны станок з верт.шпіндэлем і гарыз. планшайбай, якая разам з вырабам, што апрацоўваецца, верціцца ці перыядычна паварочваецца вакол верт. восі. Бываюць аднастоечныя (з верт. і бакавым супартамі) і двухстоечныя (з 2 верт. і 1 або 2 бакавымі супартамі). На адным з верт. супартаў устанаўліваюць паваротнае інструментальнае прыстасаванне (рэвальверную галоўку). На К.с. апрацоўваюць вырабы вял. масы (да 500 т), дыяметр якіх значна перавышае іх даўжыню (тыпу дыскаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСКА́ДНЫ ГЕНЕРА́ТАР,
прылада, якая пераўтварае нізкае пераменнае напружанне ў высокае пастаяннае напружанне. У асобных каскадах пераменнае напружанне выпрамляецца, а выпрамленыя напружанні ўключаюцца паслядоўна. Выкарыстоўваецца ў высакавольтных паскаральніках вял. магутнасці, электратэхніцы, рэнтгенаўскай апаратуры, электроннай мікраскапіі і інш.
Бываюць з паслядоўным і паралельным сілкаваннем, несіметрычныя і сіметрычныя. Колькасць каскадаў абмяжоўваецца падзеннем напружання пад нагрузкай. Сувязь каскадаў з крыніцай сілкавання ажыццяўляецца з дапамогай ёмістасцей або ўзаемнай індукцыі. Сярод ёмістасных генератараў з паслядоўным сілкаваннем найб. пашыраныя К.г. Кокрафта — Уолтана (распрацаваны англ. вучонымі Дж.Кокрафтам і Э.Уолтанам у 1932).
Схемы каскадных генератараў на ёмістасцях: а — з паслядоўным сілкаваннем (C — ёмістасці; B — электрычныя вентылі); б — з паралельным сілкаваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЯ СКО́РАСЦЬ,
скорасць, якую трэба надаць касмічнаму апарату, каб выканаць палёт па зададзенай траекторыі адносна Зямлі (абоінш. нябеснага цела).
Адрозніваюць 1-ю, 2-ю і 3-ю К.с. Першая К.с. — мінімальная скорасць, пры якой цела можа стаць штучным спадарожнікам Зямлі і пачаць рухацца вакол яе па кругавой арбіце. Другая К.с. — мінімальная скорасць, пры якой цела можа пераадолець прыцягненне Зямлі і стаць штучнай планетай Сонечнай сістэмы. Трэцяя К.с. — мінімальная скорасць, пры якой цела можа пераадолець прыцягненне Сонца і выйсці за межы Сонечнай сістэмы. Каля паверхні Зямлі 1-я, 2-я і 3-я К.с. роўныя адпаведна 7,9 км/с, 11,2 км/с і 16,7 км/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАРАБІЁНТЫ [ад грэч. katharos чысты + біёнт(ы)],
катаробіі, арганізмы, якія жывуць у чыстых халодных прэсных водах з вял. колькасцю растворанага кіслароду. Характэрны для вадаёмаў, размешчаных у высакагорных абопаўн. раёнах — некат. азёрах, хуткацякучых рэках і ручаях.
Відавы склад К. разнастайны, часта гэта рэліктавыя арганізмы, вельмі адчувальныя да якасці вады (некат. бурыя і чырв. водарасці, імхі, двухстворкавыя бруханогія малюскі; з ракападобных — нямногія віды цыклопаў, бакаплаваў; з насякомых — лічынкі некат. вяснянак і шыцікаў; з рыб — стронгі, харыусы, бычкі-падкаменшчыкі) Многія К. фауны Беларусі занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (вусач, рыбец, стронга ручаёвая, харыус звычайны; з ракападобных — бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́К ПАЛЯВЫ́,
прычапная або навясная прылада для драблення глебавых камлыг, камякоў і скарынкі, для выраўноўвання і ўшчыльнення паверхневага слоя — прыкачвання глебы. Выкарыстанне К.п. спрыяе захоўванню вільгаці ў глебе, больш дружным ўсходам с.-г. культур, змяншэнню эразійных працэсаў.
Адрозніваюць К.п. гладкія воданаліўныя, кольчата-шпоравыя, кольчата-зубчастыя, барончастыя, камбінаваныя і інш. Агрэгатуюцца з трактарамі цягавага класа 1,4—2, а з выкарыстаннем шыроказахопных счэпаў — з трактарамі класа 3—5. Могуць працаваць у агрэгаце з сеялкамі, культыватарамі, плугамі і інш. (напр., у складзе камбінаванага глебаапрацоўчага агрэгата, які за адзін праход робіць культывацыю глебы, драбленне камлыг, прыкочванне і выраўноўванне паверхні поля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТАЛЯ́Н (ад лац. castellum замак),
пасада ў Польшчы і ВКЛ. У Польшчы ў 12—13 ст. К. — намеснік князя або караля на пэўнай тэрыторыі з цэнтрам у замку. Ажыццяўляў адм.-вайсковую і суд. ўладу над залежным насельніцтвам. Пасля з’яўлення ў пач. 14 ст. старостаў страціў рэальную ўладу, але меў гарантаванае месца ў каралеўскай радзе, пасля ў Сенаце. Існавалі да 1831. У ВКЛ уведзены ў 1413 у Вільні і Троках, у 1566 — у інш. ваяводскіх гарадах. Уваходзілі ў Раду ВКЛ, з 1569 у Сенат Рэчы Паспалітай. К. не меў акрэсленых функцый, у службовай іерархіі займаў месца пасля ваяводы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТА́НАВІК, дубовік (Gyroporus castaneus),
шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы; на Беларусі — усюды. Расце пераважна ў лісцевых лясах на пясчанай глебе паасобку і невял. групамі. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—верасні.
Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы. Шапка дыям. 4—9 см, падушкападобна-пукатая, потым плоская, амаль гладкая, чырванавата- або карычнявата-бураватая, каштанавая. Мякаць шчыльная з прыемным пахам і смакам, колер не змяняе. Трубачкі свабодныя. белыя, потым крэмаватыя з дробнымі акруглымі порамі. Ножка выш. 5—7, дыям. 1,5—3 см, цыліндрычная, да асновы злёгку расшыраецца, губчатая ці полая, гладкая, аднаго колеру з шапкай. Споры яйцападобныя, гладкія, жаўтаватыя. Спажываецца свежы, марынаваны, салёны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАРЫ (ад лац. quantum колькі),
у матэматычнай логіцы, аператары, што выяўляюць пры вылічэннях колькасную характарыстыку аб’ектаў, пра якія гаворыцца ў выказваннях, або іх прэдыкатаў.
Найб. важнае значэнне маюць К. агульнасці (у звычайнай мове ім адпавядаюць словы «ўсе», «усякі», «кожны», «любы», «бясконца многа» і інш.) і К. існавання («некаторы», «некалькі», «існуе», «адзіны» і інш.). У лагічных вылічэннях К. пераўтвараюць свабодныя пераменныя ў звязаныя. Аперацыю выкарыстання К. наз. падвядзеннем пад К. (вывядзеннем з-пад К.) ці квантарыфікацыяй. Над выразамі з К. можна рабіць усе аперацыі злічэння прэдыкатаў, размяркоўваць К. па членах складанага выразу, перастаўляць іх і інш. ў адпаведнасці з законамі матэматычнай логікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАРЦЫ́Т,
метамарфічная горная парода, складзеная пераважна з кварцу. Прадукт перакрышталізацыі кварцавых пясчанікаў і інш. крэменязёмістых адкладаў або замяшчэння кварцам парод інш. зыходнага складу. Мае больш як 97% аксіду крэмнію, SiO2. Трываласць на сцісканне 100—450 МПа, вогнетрываласць да 1770 °C. Залягаюць у выглядзе суцэльных пластоў вял. працягласці. Найб. характэрны для адкладаў пратэразою. Змяшчаюць радовішчы медзі, золата, серабра, сернага калчадану, жалеза (радовішчы Крывога Рога на Украіне, Курскай магн. анамаліі ў Расіі, Аколаўскае на Беларусі і інш.). Выкарыстоўваюцца для вытв-сці вогнетрывалых вырабаў (дынас), атрымання метал. крэмнію, як флюс у металургіі, кіслотатрывалы матэрыял, буд. (у т. л. дэкаратыўны) камень.