плывучая ўстаноўка з абагачальным абсталяваннем, з дапамогай якой з-пад слою вады здабываюць карысныя выкапні. Спосабамі абагачэння карысных выкапняў з паднятага грунту вылучаюць каштоўныя металы і мінералы, пустую пароду ўкладваюць у адвал. Адрозніваюць Д.: кантынентальныя (манціруюцца звычайна на пантонах) і марскія (на самаходных або буксірных суднах); эл., дызель-эл. і дызельныя; адна- і шматчарпаковыя, гідра- і пнеўмаўсмоктвальныя. У шматчарпаковых Д. умяшчальнасць чарпака да 1500 л, глыбіня чэрпання да 50 м. Д. здабываюць золата, плаціну, алмазы, друз і інш.
Драга: 1 — шматчарпаковая (з чарпакамі па 210 л); 2 — грэйферная (схема).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ГАСНАЕ КВАНТАВА́ННЕ,
метад апісання квантавых сістэм з вял. пераменнай колькасцю часціц, у якім ролю незалежных пераменных хвалевых функцый выконваюць лікі часціц у індывід. станах асобнай часціцы (т.з. лікі запаўнення).
Д.к. распрацавана П.Дзіракам для базонаў (1927) і незалежна Ю.Вігнерам і ням. фізікам П.Іорданам для ферміёнаў (1928). Д.к. дасягаецца ўвядзеннем аператараў, што павялічваюць (аператары нараджэння) або памяншаюць (аператары знікнення) лік часціц у вызначаным стане на 1. Матэм. ўласцівасці такіх аператараў устанаўліваюцца перастановачнымі суадносінамі (камутантамі), выгляд якіх вызначаецца спінам часціцы (відам квантавай статыстыкі). Пры такім падыходзе хвалевая функцыя сама становіцца аператарам. Д.к. выкарыстоўваецца ў квантавай тэорыі поля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВАГРЫ́ЗЫ (Lyctidae),
сямейства жукоў падатр. рознаедных. Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. у тропіках. Шкоднікі драўніны і вырабаў з яе. На Беларусі часцей трапляецца Д. баразнаваты, або лінейны (Lyctus linearis).
Даўж. 2,5—5 мм. Цела прадаўгаватае, зверху пляскатае, бурае. Пярэдняспінка з прытупленымі вугламі, з шырокай падоўжнай баразёнкай пасярэдзіне. Надкрылы з тонкімі кропкавымі баразёнкамі і тонкімі валаскамі. Лапкі 5-членікавыя з рэдукаваным першым членікам; вусікі з 2-членікавай булавой. Лічынкі бязногія, белыя. Развіваюцца ў сухой драўніне, якой кормяцца лічынкі і жукі. Пракладваюць хады ў драўніне і ператвараюць яе паверхневыя слаі ў парахню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́МНІЦА (Fumaria),
род кветкавых раслін сям. дымніцавых. Каля 50 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 3 віды: Д. лекавая (F. officinalis), трапляецца ўсюды як пустазелле; Ваяна (F. vaillantii), вельмі рэдкі від, расце на мелавых агаленнях; казіная (F. capreolata), трапляецца зрэдку як здзічэлая.
Аднагадовыя травяністыя расліны з тонкім разгалінаваным прамастойным сцяблом і стрыжнёвым коранем. Лісце чаргаванае, тонкае, перыстарассечанае, шызае, нібы дымчатае (адсюль назва), або зялёнае. Кветкі дробныя, фіялетава-ружовыя, радзей белыя, з кароткімі шпорцамі, сабраныя ў гронкі. Плод арэшкападобны. Лек. (мачагонны, жаўцягонны, патагонны, узбуджаны і танізоўны сродак) і фарбавальныя расліны. Ядавітыя (маюць фумаравую к-ту, алкалоід фумарын).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫХА́ННЕ РАСЛІ́Н,
працэс акісляльнага распаду вугляводаў (абоінш. дыхальных субстратаў) да дыяксіду вугляроду (CO2) і вады, які ідзе з паглынаннем кіслароду. Пры гэтым вызваляецца энергія, што раней назапашваецца пры фотасінтэзе, і выкарыстоўваецца на ўтварэнне багатых энергіяй злучэнняў (часцей у форме АТФ). У ніжэйшых раслін абмен газаў пры дыханні ідзе шляхам дыфузіі праз паверхню клетак, у вышэйшых раслін — праз міжклетнікі, якія пранізваюць усё цела. Найб. інтэнсіўнасцю дыхання вызначаюцца маладыя, хутка растучыя органы і тканкі. У расліны найб. актыўна дыхаюць рэпрадукцыйныя органы, потым лісце, слабей — сцёблы і карані. З заканчэннем перыяду актыўнага росту Д.р. аслабляецца, што звязана з працэсамі старэння пратаплазмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭБІ́Т (ад франц. débit збыт, расход),
колькасць вадкасці (вады, нафты) або газу, якія паступаюць за адзінку часу з прыроднай ці штучнай крыніцы (буравой свідравіны, калодзежа, водазаборнага збудавання, трубы і інш.). Д. вадкасці вымяраецца ў л/с, м³/с, м³/сут (для нафты і т/сут); газу — у м³/сут.
Д. вызначаецца разлікам (па формулах падземнай гідрадынамікі) і з дапамогай адпампоўвання (пробных, доследных, эксплуатацыйных). Пры адпампоўваннях для вымярэння Д. вадкасці выкарыстоўваюць мерныя пасудзіны, вадамеры, дэбітометры, самапісныя дэбітографы, свідравінныя расхадамеры; газу — анемометры, шайбавыя вымяральнікі і інш. Д. водазаборных свідравін на Беларусі ад 0,005 да 0,05 м³/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭГІДРАГЕНІЗА́ЦЫЯ,
хімічны працэс адшчаплення вадароду (гідрагену) ад малекулы арган. злучэння; рэакцыя, адваротная гідрагенізацыі. Звычайна прыводзіць да ўтварэння падвойнай сувязі (C=C, C=O і інш.). Ажыццяўляецца ў прысутнасці каталізатараў або пад уплывам акцэптараў вадароду пры т-ры 300—550 °C і паніжаным ціску (0,1—5 МПа). У чалавека і жывёл Д. — адна са стадый біял. акіслення рэчываў, якія паступаюць у арганізм, адбываецца ў прысутнасці ферментаў — дэгідрагеназ. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці этылену з этану, стыролу з этылбензолу, бутадыену з бутану ці бутэнаў, ацэтону з ізапрапілавага спірту і інш.; адбываецца пры тэрмічным крэкінгу і каталітычным рыформінгу. Гл. таксама Дэгідрацыклізацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭГІДРАТА́ЦЫЯ (ад дэ... + гідратацыя),
адшчапленне вады ад малекул арган.або неарган. рэчываў; рэакцыя, адваротная гідратацыі.
Ажыццяўляецца тэрмічна ў прысутнасці каталізатараў ці пад уздзеяннем рэчываў, якія звязваюць ваду (напр., серная к-та, аксід фосфару P2O5). Адрозніваюць Д. ўнутры- і міжмалекулярную. У выніку ўнутрымалекулярнай Д. арган. злучэнняў утвараюцца кратныя сувязі (напр., сінтэз этылену з этылавага спірту) ці гетэрацыклы (рэакцыі цыкладэгідратацыі). Пры міжмалекулярнай Д. спіртоў утвараюцца простыя эфіры, сумесі спірту і к-ты — складаныя эфіры. Д. арган. і неарган. кіслот атрымліваюць ангідрыды. Да Д. адносіцца таксама абязводжванне — выдаленне крышталізацыйнай вады з крышталегідратаў і вады, адсарбіраванай рэчывам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗІНТЭГРА́ТАР (ад дэз... + лац. integer цэлы),
1) машына для грубага здрабнення крохкіх малаабразіўных матэрыялаў (вугалю, гіпсу, серы, торфу, драўніны і інш.). Складаецца з двух ротараў, якія зманціраваны на асобных сувосевых валах і верцяцца ў процілеглых напрамках. На дысках ротараў размешчаны па канцэнтрычных акружнасцях 2—4 рады цыліндрычных пальцаў (білаў). Матэрыял паступае ў цэнтр.ч. ротара, пры яго вярчэнні адкідваецца ад цэнтра і здрабняецца ўдарамі пальцаў.
2) Апарат для ачысткі прамысл. газаў ад узважаных цвёрдых (пыл) або вадкіх часціц. Выкарыстоўваецца пераважна ў доменных цэхах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМІЛІТАРЫЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + мілітарызацыя),
у міжнародным праве ліквідацыя на падставе дагавора ваен. умацаванняў і збудаванняў на пэўнай тэрыторыі, а таксама забарона ўтрымліваць на ёй ваен. базы і ўзбр. сілы або іх абмежаванне. Адрозніваюць поўную (Антарктыка, Аландскі архіпелаг, Шпіцберген, нябесныя целы, у т. л. Месяц) і частковую Д. (напр., стварэнне бяз’ядзерных зон). Д. таксама ўстанаўліваецца з мэтай гарантавання бяспекі дзяржавы-пераможцы з боку пераможанай дзяржавы: напр. Д. Германіі пасля 1-й сусв. вайны паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 і пасля 2-й сусв. вайны паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945, Д. Японіі паводле Сан-Францыскага мірнага дагавора 1951.