частка горнай сістэмы Альпаў на тэр. Італіі, Францыі і Швейцарыі. Размешчаны на З ад умоўнай лініі, якая злучае азёры Бодэнскае і Кома. Утвараюць выпуклую на ПнЗ дугу даўж. каля 500 км, шыр. да 130 км. Вылучаюць Прыморскія, Коцкія, Грайскія, Савойскія, Бернскія, Пенінскія, Лепанцінскія Альпы, масівы Веркор, Пельву і інш. У З.А. самыя высокія хрыбты і масівы Альпаў і ўсёй Зах. Еўропы, выш. да 4807 м (г. Манблан), шэраг вяршынь вышэй за 4000 м (Монтэ-Роза, Матэргорн, Юнгфрау), дзе пашыраны горналедавіковыя формы рэльефу. Восевая зона З.А. складзена пераважна з крышт. парод, перыферыйныя хрыбты — з асадкавых парод. Ад Усх. Альпаў адрозніваюцца меншай шырынёй, больш выяўленым дугападобным распасціраннем, стромкасцю схілаў, глыбокай тэктанічнай і рачной расчлянёнасцю, выразнай вышыннай пояснасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТАВЫЯ НАПРУ́ЖАННІ,
напружанні, якія ўзнікаюць пры мех. узаемадзеянні цвёрдых цел у месцы іх кантакту. Веданне іх неабходна для разліку падшыпнікаў, зубчастых і чарвячных перадач, колаў рухомага саставу і рэек, кулачковых механізмаў і інш.
У цэнтры пляцоўкі дотыку матэрыял цел знаходзіцца ва ўмовах аб’ёмнага напружанага стану. Макс. датычныя напружанні, якія ў асн. вызначаюць трываласць сцісканых цел, размешчаны на некаторай глыбіні ад кантакту. Размеркаванне К.н. вельмі складанае, вызначаецца пругкасці тэорыяй. Для небяспечных пунктаў вызначаюцца разліковыя напружанні, якія параўноўваюцца з дапушчальнымі нармальнымі напружаннямі пры простым расцяжэнні.
І.І.Леановіч.
Размеркаванне кантактных напружанняў пры сцісканні сферычных цел: P — сціскальныя сілы; p0 — максімальнае напружанне ў цэнтры пляцоўкі кантакту S; p — напружанне на адлегласці r ад цэнтра гэтай пляцоўкі; A — пункт, у якім напружанне максімальнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛА-БЕЛАЗЕ́РСКІ МАНАСТЫ́Р,
помнік рускага дойлідства 15—17 ст.Размешчаны ў г. Кірылаў Валагодскай вобл. (Расія) на беразе воз. Сіверскае. Засн. ў 1397 як мужчынскі. Комплекс складаецца з ансамбляў б. Успенскага і Іванаўскага манастыроў («Стары горад»), «Новага горада» і крэпасці Астрог (не захавалася) паміж імі. Манастыр абкружаны крапаснымі сценамі (16 ст., будаўнікі К.Сяркоў, С.Шам) з манум. вежамі, аздобленымі ўзорамі з цэглы. На тэр. манастыра Успенскі сабор (1497—98, дойлід Прохар Растоўскі; у інтэр’еры 5-ярусны іканастас 15—18 ст., фрэскі 1641), цэрквы Увядзенская (1519), надбрамная са «Святой брамай» (1523), Архангела Гаўрыіла (1531—34), Вял. бальнічныя палаты (канец 16 — пач. 17 ст.) і інш. З 1924 музей-запаведнік.
Літ.:
Варюхичев А.Г. Слово о граде Кириллове. [3 изд.] Архангельск, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НАКРЫ (Conakry),
горад, сталіца Гвінеі. Размешчаны на в-ве Тамбо (злучаны з мацерыком дамбай) і п-ве Калум. Адм. ц. вобласці Конакры. 1558 тыс.ж. (1997, з прыгарадамі). Порт на Атлантычным ак.Чыг. станцыя. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. цэнтр краіны, дзе засяроджана большасць прадпрыемстваў апрацоўчай прам-сці (харч., тэкст., хім., металаапр., дрэваапр.). Праз порт ідзе б.ч. знешняга гандлю Гвінеі (вываз гліназёму, бананаў, кавы, ананасаў і інш.). Політэхн.ін-т. Нац. музей. У прыгарадзе — Бат. сад.
Засн. французамі ў 1884 на месцы вёскі, якая належала народу сусу. З 1891 сталіца пратэктарата, з 1893 — калоніі франц. Гвінея. Пасля 2-й сусв. вайны цэнтр нац.-вызв. руху. У 1950-я г. пачала развівацца прам-сць. З 1958 сталіца Гвінейскай Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ХЕМАА (Lahemaa),
нацыянальны парк на ўзбярэжжы Фінскага заліва, у Эстоніі. Засн. ў 1971. Пл. каля 65 тыс.га, у т. л. лясная — 45 тыс.га. Падзелены на функцыян. зоны: рэзерватаў, прыродных ландшафтаў, адпачынку і інш.Размешчаны на 4 паўастравах; па берагах абломкі скал, валуны. На рэчках і ручаях невял. вадаспады і парогі. Лясная расліннасць — зеленамошныя хвойнікі і ельнікі, у поймах рэк — забалочаныя ўчасткі лесу з бярозы і вольхі. Вярховыя балоты. У флоры 838 відаў, у т. л. 26 рэдкіх: чаравічак сапраўдны, луннік ажываючы, лабелія Дортмана і інш. У фауне 37 відаў звяроў, у т. л. казуля, дзік, лось, мядзведзь, норка і інш.; 213 — птушак, у т. л. чорны бусел, глушэц, цецярук і інш.; шмат пералётных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАСКВА́»,
кінатэатр у Мінску. Пабудаваны ў 1980 (арх. В.Крамарэнка, У.Шчарбіна, М.Вінаградаў), уваходзіць у склад адм.-культ. і гандл. комплексу на Машэрава праспекце. Будынак вырашаны кампактным сім. аб’ёмам. У кампазіцыі гал. фасада дамінуе тарцовая ч.вял. глядзельнай залы (да 1000 месцаў, сістэма аб’ёмнага гучання «Dolby»), якая кансольна навісае над суцэльна зашклёнымі фае і вестыбюлем. Пластыку фасада ўзбагачаюць аддзелачныя матэрыялы (белы мармур, чырвоны граніт, светлы туф, анадзіраваны алюміній) і ўстаўкі з медзі. Процілеглы дваровы фасад сфарміраваны лаканічным па архітэктуры аб’ёмам малой залы (на 260 месцаў, дзе працуе Тэатр-студыя кінаакцёра), фае якой упрыгожана вітражом (мастакі Г. і М.Вашчанкі). Вакол вял. глядзельнай залы размешчаны фае — выставачная зала, лекцыйная зала і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ УНІВЕРМА́Г.
Пабудаваны ў 1951 у Мінску (арх. Л.Мілегі, Р.Гегарт). У аснове кантактнага Г-падобнага ў плане 4-павярховага будынка жалезабетонны каркас. На сіметрычна вырашаным фасадзе, арыентаваным на праспект Скарыны, на 1-м паверсе вылучаны 3 арачныя праёмы, якія ўтвараюць парадны ўваход. Для арх.-маст. аблічча характэрна наяўнасць вял. зашклёных праёмаў розных памераў, а таксама складанага дэкору — шматлікіх франтончыкаў, ліштваў, уставак, геральдычных паяскоў, прафіляваных цяг, маёлікавых дэталей, парапета. Дэкар. элементы класічнай спадчыны (ляпныя дэталі, вітражы і інш.) шырока выкарыстаны і ў інтэр’ерах. На 1—3-м паверхах размешчаныгандл. залы, злучаныя паміж сабой цэнтр. трохмаршавай параднай і 2 бакавымі лесвіцамі, на 4-м і ў падвалах — складскія і інш. службовыя памяшканні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й УСХО́ДУў Маскве.
Засн. ў 1918 на аснове прыватных калекцый, у т. л. П.І.Шчукіна, К.Ф.Някрасава і інш. Да 1925 наз. «Ars Asiatica» («Мастацтва Азіі»), да 1962 — Музей усх. культур, да 1992 — Музей мастацтва народаў Усходу. Калекцыі ўключаюць стараж., сярэдневяковае і сучаснае мастацтва Сярэдняй Азіі, Каўказа і Закаўказзя, краін Д. Усходу і Паўд.-Усх. Азіі, Ірана, Індыі, Турцыі, араб. краін, народаў трапічнай Афрыкі; творы ўсх.дэкар.-прыкладнога мастацтва, кіт. жывапісу 11—20 ст., інд. і іранскай мініяцюры 16—17 ст., яп. гравюры 18—19 ст. і інш.Размешчаны часткова ў б.гар. сядзібе Луніных (1823, арх. Д.Жылярдзі). Як НДІ праводзіць вял.навук. работу, арганізуе археал. і этнагр. экспедыцыі, канферэнцыі, выдае каталогі, зборнікі дакладаў і навук. паведамленняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯВА́,
рака ў Ленінградскай вобл. Расіі. Даўж. 74 км, пл. басейна 281 тыс.км². Выцякае з Ладажскага воз., упадае ў Фінскі зал. У нізоўях падзяляецца на рукавы (асн.: Вял. і Малая Н., Вял. і Малая Неўка), утварае дэльту, на 42 астравах якой і Прынеўскай нізіне размешчаны С.-Пецярбург. Сярэдні расход вады каля в. Новасаратаўка 2520 м³/с. Паўд.-зах. і зах. вятры наганяюць ваду з Фінскага зал., у выніку чаго падымаецца ўзровень вады, часам у С.-Пецярбургу бываюць навадненні (самыя высокія падняцці вады 410 см у 1824 і 369 см у 1924). Ледастаў з пач. снежня да канца крас. — пач. мая. Н. ўваходзіць у склад Беламорска-Балтыйскага і Волга-Балтыйскага водных шляхоў. На Н. (у вытоку) г. Шлісельбург.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАМЕ́ЦЫІ (Paramecium), туфелькі,
род прасцейшых атр. роўнараснічных (або плёначнаротых) тыпу інфузорый. Каля 20 відаў. Пашыраны ўсюды, жывуць у прэсных, радзей у саланаватых водах. Найб. вядомыя бурсарыя (P. bursaria), туфелька залацістая (P. aurelia), туфелька хвастатая (P. caudatum). Удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў. Для бурсарыі характэрны ўнутрыклетачны сімбіёз з аднаклетачнымі зялёнымі водарасцямі — зоахларэламі.
Даўж. да 0,3 мм. Цела падоўжана-авальнае, мае 3-слаёвую абалонку (пелікула). Раснічкі (10—15 тыс.) размеркаваны раўнамерна. У эктаплазме размешчаны трыхацысты (для абароны і нападу), у эндаплазме — ядры (макра- і мікрануклеусы), скарачальныя і стрававальныя вакуолі. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам. Бясполае размнажэнне (дзяленне) чаргуецца з палавым працэсам (кан’югацыя). Выкарыстоўваюць у біяхім., генет., цыталагічных і інш. даследаваннях; корм для рыб. Іл.гл. да арт.Інфузорыі.