звязвае інтэграл па некаторым аб’ёме з інтэгралам па замкнёнай паверхні, што абмяжоўвае гэты аб’ём. У вектарнай форме мае выгляд:
, дзе = (M) — вектарнае поле, зададзенае ў кожным пункце M аб’ёму V, — дывергенцыя ,
— паток праз замкнёную паверхню S. Прапанавана М.В.Астраградскім (1828—31) і пашырана на n-мерную прастору (1834—38).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯФІЛЬТРА́ТАРЫ,
водныя жывёлы, якія кормяцца дробнымі арганізмамі планктону або завіслымі арган. часцінкамі (дэтрытам), што адцэджваюцца (фільтруюцца) з вады. Падзяляюцца на актыўных і пасіўных. У актыўных фільтрацыя адбываецца празспец. прыстасаванні: рашэцісты фільтр у апендыкулярый, шчэлепы ў двухстворкавых малюскаў, лафафоры ў плечаногіх і імшанак, пласціны вусоў кітоў і інш. У пасіўных для фільтрацыі «расстаўляюцца» своеасаблівыя лоўчыя сеткі. Біяфільтратары ўдзельнічаюць у працэсах біялагічнага самаачышчэння забруджаных водаў і ў біял. ачыстцы вадаёмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЦЭНАГЕНЕ́З (ад біяцэноз +...генез),
гістарычны працэс фарміравання і развіцця біяцэнозаў. Адбываецца праз змену (экзагенез) відаў, якія дамінуюць (з іх кансорцыямі), змену складу біяцэнозаў уключэннем і выключэннем (трансгенез) відаў і некаторай іх трансфармацыяй (спецыягенез). Кожны этап біяцэнагенезу ва ўмераным клімаце дынамічны і адбываецца на працягу некалькіх тысячагоддзяў; на раўнінах трапічнай зоны доўжыцца мільёны гадоў. Суправаджаецца фарміраваннем новых рознасцяў глебаў, жывых арганізмаў і інш. Сінонімы біягенацэнозу — філацэнагенез і фітацэнагенез — прапанаваў сав. вучоны У.М.Сукачоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУЦЭ́ЛЫ (Brucella),
род дробных патагенных шара- або палачкападобных бактэрый, якія выклікаюць бруцэлёз чалавека і жывёл. Бруцэлы — нерухомыя, грамадмоўныя клеткі (0,3—0,4×0,4—3,0 мкм), якія не ўтвараюць спораў, маюць эндатаксін, аэробы. Высокаўстойлівыя да неспрыяльных фактараў вонкавага асяроддзя; захоўваюць жыццяздольнасць у глебе ад 2—3 да 100 і больш сутак, у вадзе — 6—90 і больш сутак. У вільготным асяроддзі гінуць пры т-ры 60 °Cпраз 30 мін, пры кіпячэнні — імгненна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНКУ́ВЕР (Vancouver),
горад на ПнЗ ЗША, штат Вашынгтон; паўн. прыгарад Портленда (штат Арэгон). Засн. Ў 1824. 46,4 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 200 тыс.ж. (1990). Порт на р. Калумбія (даступны для марскіх суднаў). Каляровая металургія (выплаўка алюмінію), дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, электронная, харч. (вытв-сць пладовых і рыбных кансерваў) прам-сць. Рыбалоўства. Вулканалагічная абсерваторыя. У 1937 у Ванкуверы завяршылі пералёт празПаўн. полюс В.П.Чкалаў, Г.П.Байдукоў і А.В.Белякоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́КТАРНЫ АНА́ЛІЗ,
раздзел вектарнага злічэння, у якім сродкамі матэм. аналізу вывучаюцца вектарныя і скалярныя функцыі аднаго ці некалькіх аргументаў (вектарныя і скалярныя палі). Асновы вектарнага аналізу закладзены ў канцы 19 ст. ў працах Дж.Гібса і О.Хевісайда. Асн. дыферэнцыяльныя аперацыі: градыент скалярнага поля, дывергенцыя і ротар вектарнага поля; інтэгральныя аперацыі (паток вектара праз зададзеную паверхню і цыркуляцыя ўздоўж зададзенай крывой). Гл.Астраградскага формула, Стокса формула, Грына формула, Поля тэорыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАПОЛІПЛАІДЫ́Я (ад ала... + поліплаідыя),
спадчынная змена ў клетках раслін, радзей жывёл, звязаная з кратным павелічэннем набораў храмасом, якія належаць розным відам або родам. Абумоўлена спантаннай або выкліканай у эксперыменце геномнай мутацыяй. Адбываецца найчасцей пры міжвідавой гібрыдызацыі. Мае асаблівае значэнне ў працэсах відаўтварэння ў раслін. Алапаліплоіды, якія ўтвараюцца праз цотнае павелічэнне храмасомных набораў пры скрыжаванні двух відаў або родаў, наз. амфідыплоідамі (напр., капусна-рэдзькавыя, аржана-пшанічныя, трыцікале і інш. выкарыстоўваюцца ў селекцыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́НА ГО́НАРУ І ГО́ДНАСЦІ,
адна з формаў судовай аховы правоў фізічных і юрыд. асоб. Грамадзянін або юрыд. асоба маюць права патрабаваць праз суд абвяржэння недаказаных звестак, якія ганьбяць іх гонар, годнасць або дзелавую рэпутацыю. Ганебныя звесткі, распаўсюджаныя ў сродках масавай інфармацыі, абвяргаюцца там жа. Дакумент, які зыходзіць ад юрыд. асобы і змяшчае ганебныя звесткі, падлягае адмене. Інш. выпадкі разглядаюцца судом. Маральная (немаёмасная) шкода кампенсуецца, памер яе вызначаецца судом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАР’Е́РНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,
здольнасць арганізма чалавека і жывёл праз своеасаблівыя фізіял. механізмы, т.зв. бар’еры, захоўваць сваё ўнутр. асяроддзе (кроў, лімфу, тканкавую вадкасць) ад вонкавых уздзеянняў і падтрымліваць яго адносна пастаянны хім., фіз. састаў і біял. ўласцівасці. Адрозніваюць вонкавыя (скура, дыхальны, стрававальны і выдзяляльны апараты, печань, слізістыя абалонкі) і ўнутраныя (гематалагічныя) бар’еры. Бар’ерная функцыя выпрацавалася ў працэсе эвалюцыі і вызначае жыццядзейнасць органаў і тканак, іх адчувальнасць да бактэрый, ядаў, таксінаў, чужародных рэчываў, лекаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Гродзенскім раёне, у бас.р. Пыранка (цячэ праз возера), за 25 км на ПнУ ад Гродна. Пл. 7,1 км², даўж. 13 км, найб.шыр. 1,15 км. Пл. вадазбору 267 км².
Схілы катлавіны выш. 10—15 м, стромкія, параслі лесам, на Пд разараныя. Дно на найб. глыбінях выслана сапрапелямі. Уваходзіць у ландшафтны заказнік Азёры. Каля паўд. берага археал. помнік — курганны могільнік.