ЛЮ́ДЭНДОРФ ((Ludendorff) Эрых) (9.4.1865, маёнтак Крушэўня каля г. Познань, Польшча — 20.12.1937),
германскі ваен. і паліт. дзеяч. Ген. пяхоты (1916). Скончыў ваен. акадэмію ў Берліне (1893). У 1908—12 нач. аператыўнага аддзела Генштаба. У 1-ю сусв. вайну памочнік ген. П.Гіндэнбурга і фактычны кіраўнік дзеянняў герм. войск на Усх. фронце. 23—31.8.1914 разбіў 2-ю рас. армію ген. А.В.Самсонава каля Таненберга (цяпер в. Стэмбарк у Вармінска-Мазурскім ваяв. Польшчы). 3 ліст. 1914 нач. штаба фронту, са жн. 1916 1-ы ген.-кватэрмайстар штаба вярх. камандавання і фактычны кіраўнік дзеянняў узбр. сіл Герм. імперыі. 3 кастр. 1918 у адстаўцы. Удзельнік антысеміцкага руху, Капаўскага путчу 1920 і кіраўнік (разам з А.Гітлерам) «піўнога путчу» 1923 супраць Веймарскай рэспублікі. У 1924—28 дэп. рэйхстага. У 1926 разам з жонкай заснаваў т.зв. Таненбергскі саюз (у 1933 забаронены), які меў на мэце барацьбу з «унутранымі ворагамі дзяржавы» (яўрэямі, масонамі, камуністамі). Аўтар кніг «Вядзенне вайны і палітыка» (3-е выд. 1923), «Татальная вайна» (1936).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙДА́НАК (Majdanek),
канцэнтрацыйны лагер, створаны ў прадмесці г. Люблін (Польшча) у 2-ю сусв. вайну восенню 1941 паводле загаду Г.Гімлера. Першапачаткова прызначаўся для сав. ваеннапалонных, у хуткім часе ператвораны ў лагер масавага знішчэння людзей. Меў 6 філіялаў. На тэр. лагера адначасова знаходзілася каля 35 тыс. вязняў. Дзейнічалі 7 спец. абсталяваных газавых камер для ўдушэння людзей. Усяго праз лагер прайшлі каля 500 тыс.чал. з 22 еўрап. краін, з іх загінулі каля 350 тыс.чал., у т. л. 200 тыс. яўрэяў, 120 тыс. палякаў. У крас. 1944 пачата эвакуацыя вязняў у інш. лагеры. 23.7.1944 у М. увайшлі часці 1-га Бел. фронту. У 1947 на тэр.б. лагера створаны дзярж. музей, у 1969 адкрыты «Помнік барацьбы і пакутніцтва» (паводле праекта В.Толкіна) разам са «Шляхам пакланення і памяці», а таксама Маўзалей-пантэон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКЕ́ВІЧ (Арсень Іванавіч) (12.4.1855, г. Брэст — 18.1.1942),
архівіст, літаратуразнавец. Чл.-кар.АНСССР (1927). Скончыў Варшаўскі ун-т (1876). Выкладаў у гімназіях г. Холм (цяпер Хэлм, Польшча) і г. Шаўлі (цяпер Шаўляй, Літва), у 1883—1907 у мужчынскай і жаночай гімназіях г. Сімферопаль. У 1885 зрабіў падарожжа ў Грэцыю, Егіпет, Палесціну. З 1908 старшыня Таўрыдскай вучонай архіўнай камісіі. Спрыяў адкрыццю Сімферопальскага ун-та (1918), у якім выкладаў (праф.). Аўтар працы «Юрый Крыжаніч і яго літаратурная дзейнасць» (1876). Даследчык гісторыі Таўрыды (Крыма): «Таўрычаская губерня ў час Крымскай вайны. Па архіўных матэрыялах» (1905), «Тапаніміка Крыма», «Сімферопаль, яго гістарычныя лёсы, даўніна і нядаўняе мінулае» (абедзве 1924) і інш. Сістэматызаваў навук. працы («Taurica — Спроба паказальніка твораў пра Крым») і маст. творы («Крым у рускай паэзіі») пра Крым.
Тв.:
Таврическая губерния во время Крымской войны: По архивным материалам. Симферополь, 1994.
Літ.:
Гардзіцкі А. Яго паклікала Таўрыда // Культура. 1999. 13—19 лют.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЦІ́ЦКІ ((Mościcki) Ігнацы) (1.12. 1867, Мяжанаў каля г. Плоцк, Польшча — 2.10.1946),
польскі паліт. і дзярж. дзеяч, вучоны-хімік. Акад.АН у Кракаве (1928). Скончыў Рыжскі палітэхнікум (1892). У час вучобы ўдзельнічаў у польскіх сацыяліст. арг-цыях. У 1892—97 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі і Швейцарыі, дзе пазнаёміўся з Ю.Пілсудскім. У 1912—22 праф. Львоўскага політэхн. ін-та. Пасля ваен. перавароту ў маі 1926 па рэкамендацыі Пілсудскага абраны прэзідэнтам Польшчы, рэалізоўваў яго паліт. лінію (гл.Санацыйны рэжым), якую падтрымліваў шэраг дзеячаў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі (гл.Беларуская санацыя). Быў прыхільнікам памяркоўнага ўмяшання дзяржавы ў эканоміку. У пач. 2-й сусв. вайны інтэрніраваны ў Румыніі (вер. 1939), аб’явіў пра сваю адстаўку. Са снеж. 1939 у эміграцыі ў Швейцарыі. Аўтар больш як 60 навук. прац і патэнтаў у галіне хім. тэхналогій, арганізатар хім. прам-сці ў Польшчы. Распрацаваў прамысл. метад атрымання азотнай к-ты з паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЦЭЛЬ ((Menzel) Адольф фон) (8.12.1815, г. Вроцлаў, Польшча — 9.2.1905),
нямецкі жывапісец і графік. Вучыўся літаграфіі ў свайго бацькі (з 1832 кіраваў яго майстэрняй) і ў Берлінскай АМ (1830). У творчасці часта звяртаўся да адлюстравання гісторыі і значных тагачасных падзей Прусіі: 200 дрэварытаў для ілюстравання «Гісторыі Фрыдрыха Вялікага» Ф.Куглера (1839—42), карціны «Ушанаванне загінуўшых у сакавіцкія дні» (1848), «Круглы стол у Сан-Сусі» (1850), «Канцэрт Фрыдрыха II у Сан-Сусі» (1852), «Фрыдрых Вялікі ў Гохкірсе» (1856), «Прамова Фрыдрыха II перад яго генераламі перад боем пад Лойтэнам» (1858—60), «Ад’езд Вільгельма I у армію ў 1870 годзе» (1871) і інш. Ствараў таксама пейзажы, інтэр’еры, жанравыя карціны: «Пакой з балконам» (1845), «Сястра мастака са свечкай у інтэр’еры» (1847), «Тэатр Жымназ у Парыжы» (1856), «У садзе Цюільры» (1867) і інш. Адзін з першых у еўрап. мастацтве звярнуўся да індустр. тэмы («Жалезапракатны завод», 1875). Майстар малюнка, акварэлі, гуашы, афорта, літаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РШТЫН ((Morsztyn) Збігнеў) (каля 1628, Польшча — 13.12.1689),
польскі паэт і перакладчык. З 1646 служыў у Радзівілаў на Беларусі і Літве. За ўдзел у ваен. паходах атрымаў пасаду мазырскага мечніка (1657). Сябраваў з жыхарамі Слуцка — мемуарыстам С.Незабітоўскім і выдаўцом К.Клакоцкім. У паэме «Слаўная перамога над туркамі...» (1674), якая была двойчы выдадзена ў Слуцку, ушанаваў памяць удзельнікаў бітвы пры Хаціне (1674). Там жа надрукаваны яго верш на смерць Клакоцкага (1675). Аўтар вершаванага цыкла «Эмблемы» (1678—80), прысвечанага князёўне К.Радзівіл, паэт.зб. «Хатняя Муза» (увайшлі вершы 1675—83), паэмы «Песня ў прыгнёце» (1671), элегій «Жалобныя плачы Апалона з музамі» (1682). У яго паэзіі адбіліся рысы барока, у ёй гучыць заклік да рэліг. цярпімасці, асуджэнне амаральнасці магнатаў.
Тв.:
Muza domowa. Т. 1—2. Warszawa, 1954;
Wybór wierszy. Wrocław, 1975.
Літ.:
Pelc J. Zbigniew Morsztyn, arianin i poeta. Wrocław, 1966;
Яго ж Zbigniew Morsztyn na tle poezji polskiej XVII w. Warszawa, 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНА́НСКІ ЗБО́РНІК,
рукапісны помнік бел. л-ры 16 ст. Узнік каля 1580, верагодна, на Навагрудчыне ў асяроддзі бел. шляхты. Уключае творы стараж.бел. перакладной і арыгінальнай л-ры, якіх не было ў інш. рукапісах. Сярод іх: «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Гісторыя пра Атылу», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» (поўная рэдакцыя). Пераклады рыцарскіх раманаў змешчаны пад агульным загалоўкам «Повесть о витязех с книг сэрбских, а звлаща о славном рыцэры Трысчане, о Анцалоте и о Бове и о иншых витезех добрых». Тэксты твораў адметныя багаццем і чысцінёй тагачаснай бел.літ. мовы.
П з. выяўлены ў 1846 В.Бадзянскім. Даследаваны А.Брукнерам. Бел. аповесці зборніка ўпершыню апублікаваў у 1888 А.Весялоўскі, летапіс — у 1907 С.Пташыцкі. Помнік зберагаецца ў публічнай б-цы імя Э.Рачынскага ў Познані (Польшча).
Літ.:
Веселовский А. Из истории романа и повести: Материалы и исслед. Вып. 2. Славяно-романский отдел. СПб., 1888.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІЦА,
1) від прасцейшай стараж. халоднай зброі ўдарнага або кідальнага дзеяння. Вядома з эпохі палеаліту. Выраблялася з цвёрдых парод дрэў у выглядзе дубіны даўжынёй да 1,2 м, масай да 12 кг. Мела з патоўшчанага канца каменныя, потым метал. (бронза, жалеза) навершы; больш тонкі канец служыў дзяржаннем. П. былі на ўзбраенні стараж. пешых і конных воінаў. Пазней разнавіднасцямі П. сталі булава, пярнач, шастапёр і да т.п., якія служылі таксама сімваламі ўлады начальніцкіх асоб у шэрагу краін (ВКЛ, Польшча, Расія, Турцыя, Украіна і інш.). Разнавіднасцю П. з’яўляюцца некат. ўзоры халоднай зброі ў абарыгенаў Паўд. Амерыкі, Аўстраліі, Афрыкі і Акіяніі (захавалася да сярэдзіны 20 ст.). З кідальных П. развіўся бумеранг — баявая і паляўнічая зброя ў Стараж. Егіпце, Паўд. Індыі, Паўд.-Усх. Азіі, Мексіцы, у многіх аўстралійскіх плямён.
2) Ромбападобная парчовая хустка, што носяць на грудзях, частка адзення архімандрытаў і заслужаных святароў.
Драўляная кідальная паліца карэнных жыхароў раёна Дэгрэй-Рывер у Паўночна-Заходняй Аўстраліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР З ГАНЁНДЗА (Пётр Гезка з Ганёндза; паміж 1525—30, мяст. Гонёндз Падляскага ваяв., Польшча — 15.9.1573),
ідэолаг левай, сялянска-плебейскай плыні Рэфармацыі на Беларусі і ў Літве, антытрынітарый. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1551), удасканальваў веды ў Італіі, Швейцарыі. У 1554 праф. сафістыкі ў Падуанскім ун-це. Паслядоўнік рэліг.-філас. вучэння ісп. вучонага М.Сервета і сац.-паліт. ідэй мараўскіх антыбаптыстаў. Адмаўляў царк.-тэалагічную і філас. схаластычную традыцыі; выступаў супраць прыватнай уласнасці, сац. няроўнасці, войнаў, феад. права, свецкай улады, пакарання смерцю. Удзельнічаў у антытрынітарскіх сінодах, палемізаваў з С.Будным. Выдаў на лац. мове творы «Супраць боскасці Ісуса Хрыста» (1557), «Аб першахрысціянскай царкве» (1563?; не зберагліся), на польскай мове «Пра трох», «Пра сына Божага» і «Пра хрысціянскае хрышчэнне» (усе каля 1570). Яго паслядоўнікі Павел з Візны, Якуб з Калінаўкі, М.Чаховіц.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1970;
Падокшын С.А., Сокал С.Ф. Палітычная і прававая думка Беларусі XVI—XVII стст. 2 выд.Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ЛЯР (Раман Аляксандравіч) (1894, Вільня, паводле інш. звестак Беластоцкае ваяв., Польшча — 2.9.1937),
дзяржаўны дзеяч БССР. Камісар дзяржбяспекі 2-га рангу (1935). Вучыўся ў Петраградскім ун-це (1915—17). У 1917—19 старшыня ВРК Літвы, член Прэзідыума і сакратар ЦВКЛіт.-Бел. ССР. З 1920 у органах ВЧК і АДПУ РСФСР. У 1924 удзельнічаў у аперацыі «Сіндыкат-2» па захопе ў Мінску Б.В.Савінкава і разгроме яго падп. арг-цыі. У 1925—29 старшыня ДПУ БССР, адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНКСССР па Зах. краі. З 1929 паўнамоцны прадстаўнік АДПУ і нач. УНКУС СССР па Паўн.-Каўказскім краі, Сярэдняй Азіі, Саратаўскай вобл.Чл.ЦК і Бюро ЦККП(б)Б у 1925—29. Чл.ЦВКЛіт.-Бел. ССР у 1919, ЦВКБССР у 1927—29, ЦВКСССР у 1929—37. Неабгрунтавана арыштаваны 15.5.1937 як удзельнік «Польскай арганізацыі вайсковай» і агент польск. разведорганаў. 2.9.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.