ПАРО́КІ СЭ́РЦА,

паталагічныя змены анатамічнай структуры сэрца і пачатковай часткі сасудаў, што адыходзяць ад яго. Падзяляюцца на прыроджаныя (у выніку парушэнняў ці незакончанасці фарміравання ў час унутрывантробнага, часам постнатальнага развіцця) і набытыя (ад захворванняў). Прыроджаныя П.с. прыводзяць да парушэнняў унутрысардэчнай і агульнай гемадынамікі. Значнасць гэтых парушэнняў уплывае на адэкватнасць развіцця, клінічныя праявы, прагноз жыцця немаўлят. Некат. прыроджаныя П.с. дыягнастуюць у дарослым узросце. Да набытых П.с. прыводзіць рэўматызм, інфекц. эндакардыт, сіфіліс, захворванні, звязаныя з аортай, — анеўрызма, атэрасклероз, васкуліты. Пры набытых П.с. пашкоджваюцца клапаны ці перагародкі камер сэрца. У залежнасці ад лакалізацыі П.с. падзяляюцца на мітральныя, аартальныя і інш. Сярод набытых П.с. бывае недастатковасць клапана, стэноз (спалучэнне недастатковасці і стэнозу называюць спалучаным парокам). Пры камбінаваным пароку адбываюцца паталагічныя змены некалькіх клапанаў сэрца. Доўгаіснуючыя П.с. вядуць да развіцця хранічнай і вострай недастатковасці кровазвароту, да парушэнняў рытму і інш. ускладненняў. Лячэнне кансерватыўнае, хірургічнае.

Літ.:

Сумароков А.В., Моисеев В.С. Клиническая кардиология. 2 изд. М., 1995;

Маколкин В.И. Приобретенные пороки сердца. 2 изд. М., 1986.

М.​А.​Саўчанка.

т. 12, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕЎРЫ́Т,

запаленне плеўры. Бывае першасны і другасны, серозна-фібрынозны і гнойны з пераходнымі формамі. Да першаснага адносяць запаленчыя працэсы ў плеўры ў выніку сэпсісу, міграцыі мікробнай флоры ў лімфатычныя залозы, калі ўтвараюцца гнойныя ачагі. Другасныя П. — вынік мігрыравання асн. працэсу ў выглядзе абсцэсу ў лёгкіх, пярэдняй сценцы грудной клеткі, таксама раневыя П. Першасныя і другасныя П. бываюць неспецыфічныя (узбуджальнікі стафілакок, стрэптакок) і спецыфічныя (туберкулёзная палачка); паводле клінічнага цячэння — вострыя і хранічныя. Пры адсутнасці інтэнсіўнага лячэння востры П. пераходзіць у хранічны. П. адрозніваюць таксама па ступені пашыранасці — лакалізаваныя і дыфузныя (па ўсёй поласці грудной клеткі). Пры эксудатыўным П. (пераходная форма да гнойнага) у плеўральнай поласці назапашваецца запаленчая вадкасць, у хворых павышаецца т-ра цела да 40 °C, задышка, боль у баку, кашаль. Гнойны П. (плеўральная вадкасць уяўляе сабой гнойнае змесціва) у вострай форме працякае з высокай т-рай, агульнай інтаксікацыяй. Асн. метады дыягностыкі — рэнтген, камп’ютэрная тамаграфія, пункцыя поласцей. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯ́ЛЬНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,

сістэма забеспячэння і абслугоўвання састарэлых і непрацаздольных грамадзян, а таксама сем’яў, у якіх ёсць малыя дзеці. У Рэспубліцы Беларусь сістэма С.з. уключае: пенсіі, дапамогі працуючым (па часовай непрацаздольнасці, з прычыны цяжарнасці і родаў і г.д.), мнагадзетным і адзінокім маці, малазабяспечаным сем’ям, дзе ёсць дзеці; санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне; утрыманне і абслугоўванне састарэлых і інвалідаў у спец. установах (дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў, дзяцей-інвалідаў і г.д.); пратэзаванне; прафес. навучанне і працаўладкаванне інвалідаў; ільготы інвалідам і мнагадзетным маці. Сродкі на С.з. засяроджаны ў Фондзе сац. абароны Мін-ва сац. абароны Беларусі, які не ўваходзіць у склад бюджэту краіны і фарміруецца за кошт узносаў наймальнікаў, страхавых узносаў асоб, што займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, абавязковых страхавых узносаў грамадзян і пэўных выдаткаў дзяржавы. Палажэнне аб Фондзе сац. абароны зацвярджаецца урадам. Памеры абавязковых страхавых узносаў у гэты фонд устанаўліваюцца законам. Сродкі фонду выкарыстоўваюцца толькі на мэтавае фінансаванне мерапрыемстваў па С.з. Гл. таксама Сацыяльнае страхаванне.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАПЕДЫ́Я [ад арта... + грэч. pais (paidos) дзіця],

галіна медыцыны, якая вывучае прадухіленне, распазнаванне і лячэнне захворванняў, дэфармацый і вынікаў пашкоджанняў апорна-рухальнай сістэмы. Разам з траўматалогіяй складае адзіную ўрачэбную спецыяльнасць.

Заснавальнік навук. артапедыі — франц. ўрач Н.​Андры (N.André), які ў 1741 увёў гэты тэрмін. Класічныя апісанні пашкоджанняў і захворванняў органаў апоры і руху і рэкамендацыі па іх лячэнні трапляліся яшчэ ў працах Гіпакрата і Ібн-Сіны. У пач. 16 ст. франц. ўрач А.​Парэ распрацаваў метады ампутацыі канечнасцяў і прапанаваў апараты для выкарыстання іх пры артапедычных захворваннях. Прагрэсу артапедыі ў Расіі садзейнічалі працы Я.​В.​Мухіна (1806) пра асновы лячэння пераломаў і вывіхаў, М.​І.​Пірагова (1840), які распрацаваў вучэнне аб працэсах рэгенерацыі пасля аперацыі ахілавага сухажылля, увёў нерухомую гіпсавую павязку і інш. Працы М.​П.​Нікольскага (1870), М.​Ф.​Руднева (1880) садзейнічалі прагрэсу касцёва-пластычнай хірургіі, працы В.​І.​Разумоўскага, М.​І.​Студэнцкага, В.​М.​Шаўкуненкі (канец 19 — пач. 20 ст.) — развіццю артапедычных аперацый пры артрадэзіі, астэаміі, касалапасці. Пад кіраўніцтвам заснавальніка сістэмы артапедычнай дапамогі ў краінах б. СССР М.​М.​Прыёрава створаны Лячэбна-пратэзны ін-т (1921), метадычны цэнтр па артапедыі і траўматалогіі.

На Беларусі асобныя пытанні артапедыі пачалі вывучаць у 19 — пач. 20 ст. У ліку першых у Еўропе К.​І.​Гібенталь выкарыстаў гіпс для фіксацыі зламанай канечнасці (1812). Сістэматычныя даследаванні па артапедыі вядуцца з 1930-х г. у Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, на адпаведных кафедрах мед. ін-таў. Развіццю артапедыі садзейнічалі працы М.​Н.​Шапіры, Б.​Н.​Цыпкіна, В.​А.​Маркса, Р.​Х.​Мінінай, І.​Р.​Варановіча, А.​С.​Крука, А.​У.​Руцкага, С.​С.​Навумовіча, А.​А.​Губко, А.​М.​Сакалоўскага і інш. Асн. кірункі даследаванняў: прафілактыка і лячэнне артапедычных захворванняў і траўмаў, распрацоўка метадаў і сродкаў мед. рэабілітацыі хворых і інвалідаў з прычыны ўскладненых пашкоджанняў касцей і суставаў, хірургічнага лячэння пухлін, ліквідацыі вынікаў дэгенератыўна-дыстрафічных працэсаў у касцях і суставах, эндапратэзаванне, удакладненне пытанняў дыягностыкі.

Літ.:

Маркс В.О. Ортопедическая диагностика. 2 изд. Мн., 1978;

Травматология и ортопедия. 3 изд. М., 1990;

Волков М.В. Болезни костей у детей. 2 изд. М., 1985.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТЭРЫНАРЫ́Я (ад лац. veterinarius той, хто даглядае, лечыць жывёлу),

ветэрынарная медыцына, галіна навукі і практычнай дзейнасці, накіраваная на прадухіленне і лячэнне хвароб жывёлы, ахову людзей ад хвароб, агульных для чалавека і жывёл, выпуск дабраякасных у вет.-сан. адносінах прадуктаў жывёлагадоўлі і вет.-сан. ахову навакольнага асяроддзя. Аб’ядноўвае эпізааталогію, паразіталогію, ветэрынарную санітарыю, зоагігіену і шэраг інш. вет. і біял. дысцыплін; цесна звязана з заатэхніяй.

Найб. стараж. звесткі пра лячэнне жывёл адносяцца да 4-га тыс. да н. э. (Егіпет, Індыя). У сярэднія вякі лячэннем свойскай жывёлы займаліся пераважна яе гаспадары, а таксама пастухі і кавалі, якія выкарыстоўвалі выпадковыя, звычайна нар. сродкі. Узнікненне прафес. ветэрынарыі на Русі адносіцца да 10—13 ст. Як навука пачала фарміравацца ў 1511, калі быў створаны Канюшневы прыказ, які займаўся пытаннямі ўзнаўлення, трэніроўкі, вывядзення новых парод коней і іх лячэння ў «лекавых канюшнях» (вет. лячэбніцах). У 2-й пал. 18 ст. адкрыліся вет. школы ў Францыі, Германіі, Аўстрыі, з’явіліся першыя выданні па ветэрынарыі. Вял. ўплыў на развіццё ветэрынарыі зрабілі працы франц. вучоных К.​Буржэлы, Л.Пастэра, англ. ўрача Э.​Джэнера, рус. вучоных У.​І.​Усеваладава, К.І.Скрабіна і інш.

На Беларусі першыя працы па ветэрынарыі з’явіліся ў 17—18 ст.; пры Віленскім ун-це дзейнічаў вет. ін-т (з 1818). У пач. 20 ст. былі адкрыты 2 земскія вет. лабараторыі (у Мсціславе і Горках), 31 вет. ўчастак, вет. лячэбніца ў Мінску і вет. бактэрыялагічная лабараторыя ў Віцебску. У 1924 арганізаваны Віцебскі вет. ін-т (з 1994 Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны). Навукова-даследчая работа праводзіцца ў БелНДІ эксперым. ветэрынарыі (з 1956 каардынуе даследаванні па ветэрынарыі на Беларусі), БелНДІ жывёлагадоўлі, с.-г. ВНУ. Найб. вядомыя ў галіне ветэрынарыі бел. вучоныя: Я.П.Алонаў, С.М.Вышалескі, Х.С.Гарагляд, А.І.Фёдараў, Я.Р.Губарэвіч, І.Я.Дземідзенка, В.Ф.Пятроў, П.С.Іванова, Р.С.Чабатароў, І.А.Шчарбовіч, М.К.Юскавец. Распрацоўваюцца найноўшыя метады аховы жывёлы ад узбуджальнікаў хвароб (асабліва ад вірусных інфекцый і гельмінтозаў), людзей — ад антрапазаанозаў. Вывучаюцца вет. геаграфія, пытанні эпізааталагічнага прагназавання, вет. абслугоўванне жывёл у жывёлагадоўчых комплексах і інш. У рэспубліцы ліквідаваны шэраг небяспечных хвароб жывёлы (сап, мыт, лімфангіт, чума, інфекц. анемія і кароста коней, павальнае запаленне лёгкіх і злаякасная катаральная гарачка буйн. раг. жывёлы і інш.), значна зменшылася колькасць захворванняў на сібірскую язву, фасцыялёз, дыктыякаўлёз, трыхінелёз, кровапаразітарныя і інш. хваробы.

т. 4, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНАРЭ́Я (ад грэч. gonos семя + rheō цяку),

венерычная хвароба, якая выклікаецца ганакокам Нейсера і выбіральна пашкоджвае слізістыя абалонкі мочапалавой сістэмы. Перадаецца палавым і рэдка быт. шляхам. Інкубацыйны перыяд ад моманту заражэння 1—21, найчасцей 3—5 сут. Імунітэт не выпрацоўваецца.

Запаленчы працэс пры ганарэі ўзнікае ў месцах пранікнення ў эпітэліяльныя абалонкі ганакока, суправаджаецца ацёкамі, гіперэміяй, болем, выдзяленнем серознага і гнойнага эксудату, эрозіяй. На месцы эрозій утвараюцца злучальная тканка, спайкі, рубцовыя звужэнні праток і прасветаў мочапалавых органаў, што можа абумовіць іх непраходнасць, парушэнні мочавыдзялення, узнікненне пазаматачнай цяжарнасці, змены менструальнай і дзетароднай функцый ці развіццё бясплоддзя. Эндатаксін, які выдзяляецца пры разбурэнні ганакокаў, можа пашкоджваць суставы, нерв. сістэму, клапаны і абалонкі сэрца. Клінічна адрозніваюць ганарэю свежую (вострую, падвострую, тарпідную) і хранічную (працягласць хваробы больш за 2 месяцы). У мужчын пераважае вострая ганарэя з выразнымі сімптомамі, у жанчын — тарпідная (схаваная) з пераходам у хранічную форму. Лячэнне медыкаментознае і фізіятэрапеўтычнае. З канца 1980-х г. адзначаецца павелічэнне колькасці захворванняў на ганарэю ў краінах СНД і на Беларусі.

І.​У.​Дуда.

т. 5, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОРБ у чалавека,

вынік паталаг. змены крывізны пазваночніка, выкліканай разбурэннем цел пазванкоў туберкулёзным працэсам, іх спаданнем, парушэннем суадносін паміж пазванкамі, зрушэннем назад асцістых адросткаў і дужак разбураных цел. Перыяд ад занесенай у пазванкі інфекцыі да з’яўлення гарба ў хворых, якія не лечацца, залежыць ад узросту (ва ўзросце 3 гадоў горб з’яўляецца праз 3—6 месяцаў, пасля 5 гадоў — праз 8—12 месяцаў), стану здароўя, месца лакалізацыі пашкоджання (у шыйным і паяснічным аддзелах горб выяўляецца пазней і пры значных разбурэннях, у грудным — раней і хутка павялічваецца). У дарослых пераважна краявое пашкоджанне цел пазванкоў і горб не ўтвараецца нават пры пашкоджанні значнай іх колькасці. У дзяцей пры туберкулёзным пандыліце частка пазванкоў, што знаходзяцца вышэй над разбуранымі, нахіляецца ўперад, заднія часткі разбураных цел выгінаюцца назад і ўтвараюць горб. Яго форма і памер залежаць ад ступені пашкоджання пазваночніка (пры частковым разбурэнні цел пазванкоў горб мае дугападобную форму), лакалізацыі пашкоджання (верхнегрудны аддзел — месца самых вял. дэфармацый, у сярэднегрудным аддзеле форма гарба найчасцей востравугольная, у паяснічным не бывае вял. гарба). Лячэнне туберкулёзнага спандыліту антыбактэрыяльнае і артапедычнае.

І.​У.​Руцкі.

т. 5, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́СТА,

заразная хвароба скуры чалавека і жывёлы, узбуджальнікі якой — кароставыя кляшчы. Крыніца інфекцыі — хворы на К. чалавек, яго адзенне, рэчы. Пашырэнню К. садзейнічаюць антыгігіенічныя бытавыя ўмовы, скучанасць, голад. З моманту заражэння да праяўлення хваробы праходзіць 7—10 дзён. Прыкметы: моцны сверб, асабліва вечарам і ноччу, кароставыя хады ў скуры, дробныя пухірковыя высыпкі на скуры паміж пальцамі, на локцевых суставах, тулаве, ягадзіцах і інш. Бываюць сцёртыя формы К. (адзінкавыя пухіркі не на тыповых месцах, слабы сверб). Лячэнне: серная мазь, суспензіі і інш.

На К. хварэюць свойскія жывёлы. Узбуджальнікі — кароставыя кляшчы 3 родаў: свербуны (жывуць на галаве, шыі, грудзях), наскурнікі (у месцах з доўгімі валасамі), скураеды (пашкоджваюць канечнасці жывёлы). Хворыя жывёлы трацяць спакой, адчуваюць моцны сверб, знясільваюцца, выпадае поўсць, у цяжкіх выпадках жывёла гіне. Найчасцей К. распаўсюджваецца ў асенне-зімовы і вясновы перыяды. На Беларусі К. с.-г. жывёлы як эпізаотыя ліквідавана.

М.​З.​Ягоўдзік.

С.Г.Кароль.
У.А.Кароль.
Кароставыя кляшчы: 1 — акарус; 2 — самка кляшча саркоптэс у прасвеце хода, прагрызенага ў рагавым слоі скуры, і адкладзенае ёю яйцо.

т. 8, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ШАЛЬ,

засцерагальны складанарэфлекторны акт, які ўзнікае пры раздражненні слізістай абалонкі дыхальных шляхоў, пашкоджанні цэнтр. нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм. Найчасцей К. — сімптом захворвання органаў дыхання; іншы раз бывае пры ўзбуджэнні ц. н. с. і раздражненні перыферычных рэцэптараў (неўратычны і рэфлекторны К.) без раздражнення дыхальных шляхоў: Адрозніваюць К. сухі (без макроты) і вільготны. Сухі бывае пры запаленчых хваробах глоткі, гартані, трахеі, іншародных целах у дыхальных шляхах, раздражненні плеўры, фіброзных і аб’ёмных працэсах у лёгкіх (рак, калагенозы і інш.), пач. стадыях бранхіту і пнеўманіі, мокры — сімптом хвароб з гіперсакрэцыяй, эксудацыяй і распадам (бранхіты, пнеўманіі, абсцэсы і інш.).

Пач. фаза К. — глыбокі ўдых, за ім — фаза напружанага выдыху пры замкнутай галасавой шчыліне, рэзкім павышаным унутрыгрудзінным ціску (да 140 мм рт. сл. і вышэй). Пры размыканні галасавой шчыліны паветра праз рот з сілай вырываецца і захоплівае макроту, часцінкі пылу і інш. з гартані, трахеі і бронхаў. Такі К. мае спрыяльны ўплыў. Пры доўгім і частым К. павышаецца ўнутрыбранхіяльны і ўнутрыгрудзінны ціск, што выклікае эмфізему лёгкіх, сардэчна-лёгачную недастатковасць. Лячэнне тэрапеўтычнае.

П.​А.​Цімашэнка.

т. 8, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСТА́ (ад грэч. kystis пузыр),

паталагічная поласць у органах і тканках арганізма з вадкім ці паўвадкім змесцівам, высланая злучальна-тканкавай абалонкай або эпітэліем. Паводле механізма ўтварэння адрозніваюць К. рэтэнцыйныя, рамаліцыйныя, дызонтагенетычныя, пухлінныя, траўматычныя, паразітарныя.

Рэтэнцыйныя К. (як правіла, набытыя) утвараюцца ў залозах (напр., слінных, тлушчавых, малочных) пры парушэнні адтоку сакрэту, што вядзе да расцяжэння залозы ці пратокі. Рамаліцыйныя К. ўзнікаюць у кампактнай тканцы пры яе размякчэнні (пры кровазліцці, запаленні, некрозе) на абмежаваным участку (напр., К. галаўнога мозга). Утварэнне дызонтагенетычных К. звязана з расшырэннем эмбрыянальных каналаў і шчылін ці з заганамі развіцця органа (напр., кістозныя ныркі). Пухлінныя К. развіваюцца найчасцей у жалезістых, сасудзістых ці касцявых пухлінах па розных прычынах (кістадэрма, лімфангіёма). Траўматычныя К. лакалізуюцца на кісцях рук, у радужнай абалонцы вока, іншы раз у падстраўнікавай залозе і касцявой тканцы пры траўматычным зрушэнні эпітэлію. Паразітарныя К. ўяўляюць сабой пузыраватыя лічынкавыя стадыі (фіны) стужкавых чарвей (эхінакок, цыстыцэрк). К. могуць мець рознае паходжанне, напр., эпідэрмоідныя К. бываюць рэтэнцыйнымі, траўматычнымі і дызонтагенетычнымі. Памеры, будова і знешнія праяўленні К. залежаць ад іх паходжання. Лячэнне хірургічнае.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 8, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)