ГА́ЎСГОФЕР (Haushofer) Карл Эрнст (27.8.1869, г. Мюнхен, Германія — 13.3.1946),
нямецкі географ, заснавальнік школы геапалітыкі ў Германіі. Праф. геаграфіі Мюнхенскага ун-та (1921—39). Настаўнік Р.Геса У 1887—1919 быў у Паўд. і Усх. Азіі, у т. л. ў Тыбеце, у 1908—10 — у Японіі. У 1924—44 выдаваў «Zeitschrift für Geopolitik» («Часопіс па геапалітыцы»). Аўтар ідэй жыццёвай прасторы, перавагі паўн. народаў і адмоўнага ўздзеяння яўрэяў на ход сусв. гісторыі; лічыў, што арыйская раса вядзе сваё паходжанне з Цэнтр. Азіі і таму яе тэрыторыю неабходна заваяваць. Ідэі Гаўсгофера былі выкарыстаны нацыстамі для абгрунтавання сваіх заваёўніцкіх і інш. планаў. Гал. працы: «Японія і японцы» (1923), «Геапалітыка Ціхага акіяна» (1924), «Граніцы і іх геаграфічнае і палітычнае значэнне» (1927). Скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ЙКАЎ Аляксандр Іванавіч (20.5.1842, Масква — 9.2.1916),
расійскі кліматолаг і географ; заснавальнік кліматалогіі ў Расіі. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1910). Чл.Рус.геагр.т-ва (1866). Падарожнічаў па еўрап.ч. Расіі, Бел. Палессі (1891), Каўказе, Крыме, Сярэдняй Азіі, Зах. Еўропе, многіх краінах Азіі, Амерыкі. У навук. працы «Кліматы зямнога шара, асабліва Расіі» (1884) раскрыў фіз. сутнасць і разгледзеў структуру кліматычных працэсаў, ролю асобных кліматаўтваральных фактараў, узаемасувязь клімату з інш. кампанентамі прыроды. Распрацаваў класіфікацыю рэк паводле гідралагічнага рэжыму. Даследаваў пытанні геаграфіі насельніцтва, агракліматалогіі. Заклаў асновы палеакліматалогіі, с.-г. метэаралогіі і феналогіі. Імем Ваейкава названы праліў паміж астравамі ў Курыльскай градзе, ледавік на Паўн. Урале, Гал.геафіз. абсерваторыя ў С.-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́ДАЎ, Давідаў Карл Юльевіч (15.3.1838, г. Кулдыга, Латвія — 26.2.1889), расійскі віяланчэліст, кампазітар, дырыжор, педагог; заснавальнікрус. класічнай віяланчэльнай школы 2-й пал. 19 ст. Скончыў фізіка-матэм.ф-т Маскоўскага ун-та (1858). Музыцы вучыўся ў А.Шміта і К.Шуберта. З 1852 канцэртаваў у Расіі і за мяжой як саліст, ансамбліст і дырыжор. У 1860—82 саліст і канцэртмайстар аркестраў Гевандхаўза ў Лейпцыгу і Італьян. оперы ў Пецярбургу. Праф. Лейпцыгскай (з 1860) і Пецярбургскай (1862—87; у 1876—87 дырэктар) кансерваторый. Аўтар опер, сімф. паэмы «Падарункі Церака», 4 канцэртаў і «Фантазіі на рускія песні» для віяланчэлі з аркестрам, транскрыпцый твораў віяланчэльнай класікі і інш. Складальнік «Школы для віяланчэлі» (1888). Сярод яго вучняў А.Вержбіловіч, Г.Віган, А.Глен, В.Гутар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКУЧА́ЕЎ Васіль Васілевіч (1.3.1846, с. Мілюкова Смаленскай вобл., Расія — 8.11.1903),
рускі вучоны-прыродазнавец, заснавальнікнавук.генет. глебазнаўства і занальнай аграхіміі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1871). З 1880 выкладаў у ім, з 1883 праф., у 1892—97 дырэктар Новаалександрыйскага ін-та сельскай гаспадаркі і лесаводства (заснаваў у ім першую ў Расіі кафедру глебазнаўства, 1895). Стварыў вучэнне пра геагр. зоны. Абгрунтаваў навук. класіфікацыю глеб (1886), распрацаваў комплекс мер па барацьбе з засухай, метады картаграфавання і склаў першую глебавую карту паўн. паўшар’я. Імя Д. прысвоена Глебаваму ін-ту і Цэнтр. музею глебазнаўства УАСГНІЛ. З 1946 прысуджаецца залаты медаль і прэмія імя Д. АНСССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЕЛА́ЙЦІС (Donelaitis) Крысціёнас (1.1.1714, в. Лаздзінеляй, Усх. Прусія, цяпер Калінінградская вобл., Расія — 8.2.1780),
літоўскі паэт, заснавальнік жанру байкі ў літ. л-ры. Скончыў Кёнігсбергскі ун-т (1740). З 1743 святар лютэранскага прыхода. Найб. значны твор — паэма «Поры года» (1765—75, апубл. 1818; перакладзены на многія мовы свету). У ёй шматгранна і рэалістычна паказаў працу, побыт, нар. звычаі, маляўнічую прыроду Літвы, раскрыў сац. супярэчнасці, стварыў яркія самабытныя характары. У яго байках (захавалася 6, апубл. ў 1824) крытыка чалавечых заган, пратэст супраць сац. і нац. прыгнёту. На бел. мову асобныя творы Д. пераклаў А.Зарыцкі.
Тв.:
Бел.пер. —Чатыры пары года. 2 выд.Мн., 1983;
Рус.пер. — Времена года: Басни. Л., 1960.
Літ.:
Довейка К. Кристионас Донелайтис: Пер. с лит. Вильнюс, 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́РВІН (Darwin) Чарлз Роберт (12.2.1809, г. Шрусберы, Вялікабрытанія — 19.4.1882),
англійскі прыродазнавец, заснавальнікдарвінізму. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1867). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1831). У 1831—36 на караблі «Бігль» прымаў удзел у кругасветным падарожжы, у час якога сабраў матэрыял па фауне і флоры, калекцыі невядомых выкапнёвых жывёл, геал. парод і мінералаў. У асн.навук. працы «Паходжанне відаў шляхам натуральнага адбору» (1859) абагульніў вынікі асабістых назіранняў, дасягненні біялогіі і селекцыйнай практыкі, выявіў асн. фактары эвалюцыі арган. свету. У працы «Змяненне свойскіх жывёл і культурных раслін» (т. 1—2, 1868) разглядаў дадатковы фактычны матэрыял да асн. працы. У кнізе «Паходжанне чалавека і палавы адбор» (1871) абгрунтаваў гіпотэзу паходжання чалавека ад малпападобнага продка. Навук. працы па геалогіі, батаніцы і заалогіі. Гл. таксама Дарвіна прынцып класіфікацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІДО́ (Didot),
сям’я франц. кніга́выдаўцоў і кнігадрукароў. Найб. вядомыя прадстаўнікі: Франсуа (1689—1757 або 1759), заснавальнік кнігавыдавецкай прыватнай фірмы Парыж (з 1713) і друкарскай (з 1754) справы. Франсуа Амбруаз (1730—1804), сын Франсуа. Вынаходнік веленевай паперы, першы выдавец франц. класічнай л-ры; шмат зрабіў для ўдасканалення друкарскага станка. П’ер Франсуа (1732—93), сын Франсуа. Словалітчык, друкар, пераплётчык, уладальнік папяровай ф-кі. Фірмэн (1764—1836), унук Франсуа. Стваральнік друкарскай сістэмы вымярэнняў элементаў шрыфту, наборных формаў (тыпаметрыі), гіпсавай стэрэатыпіі і розных шрыфтоў, якімі карысталіся ўсе краіны Еўропы. Выступаў і як перакладчык вершаў Вергілія і Тэакрыта. За заслугі Фірмэна род Дзідо ў 1887 атрымаў прозвішча Фірмэн-Дзідо. Выдавецкая і кнігагандл. фірма «Фірмэн-Дзідо» існуе ў Францыі і сёння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБУ́Р Захірэддзін Мухамед (15.2.1483, г. Фергана, Узбекістан — 26.12.1530),
узбекскі і індыйскі правіцель, палкаводзец, заснавальнік дзяржавы Вялікіх Маголаў (1526) у Індыі. Нашчадак Цімура па мужчынскай і Чынгісхана па жаночай лініі. У 1494 атрымаў у спадчыну ад бацькі прастол Ферганы. У 1504 узбекі-качэўнікі выгналі яго з Сярэдняй Азіі. У тым жа годзе ён заваяваў Кабул і Кандагар. У 1526 пад Паніпатам разбіў армію дэлійскага правіцеля Ібрагіма Лодзі і захапіў Дэлі і Агру. У 1527—29 авалодаў далінай Інда. Уладанні Бабура ўключалі Усх. Афганістан, Пенджаб і даліну Ганга да граніц Бенгаліі. Захаваліся вершы Бабура на чагатайскай (цюркскай) мове і мове фарсі, а таксама аўтабіягр. нататкі «Бабурнамэ». у якіх апісаны звычаі народаў Сярэдняй Азіі, Афганістана і Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБУ́ЗАЎ Аляксандр Ермінінгельдавіч (11.9.1877, с. Арбузава-Баран Казанскай губ. — 21.1.1968),
савецкі хімік-арганік. Акад.АНСССР (1942, чл.-кар. 1932). Герой Сац. Працы (1957). Скончыў Казанскі ун-т (1900). У 1911—30 праф. гэтага ун-та, у 1930—63 — Казанскага хім.-тэхнал. ін-та. У 1946—65 старшыня прэзідыума Казанскага філіяла АНСССР. Заснавальнік хіміі фосфараарган. злучэнняў, універсальнага метаду сінтэзу гэтых злучэнняў (перагрупоўка Арбузава); адкрыў фізіял. актыўнасць фосфаразмяшчальных злучэнняў (сярод іх лекавыя сродкі і інсектыцыды), рэакцыі ўтварэння свабодных радыкалаў трыарылметылавага шэрагу, вынайшаў эталонны радыкал дывінілпікрылгідразіл. Вывучаў прыродныя крыніцы арган. злучэнняў, распрацаваў новы метад падсочкі хваёвых дрэў, тэорыю выцякання жывіцы і тэхніку яе збору, прапанаваў шэраг лабараторных прылад. Аўтар работ па гісторыі і хіміі.
Літ.:
Академик А.Е. Арбузов: [Сб. воспоминаний]. 2 изд. Казань, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫСТЫ́П (Aristipos) з Кірэны
(каля 435 — каля 366 да нашай эры),
старажытнагрэчаскі філосаф. Вучань Сакрата. Заснавальніккірэнскай школы, адзін з пачынальнікаў геданізму ў этыцы. Паводле Арыстыпа, чалавечаму пазнанню даступныя толькі пачуцці, уласныя станы, прыемныя ці прыкрыя, а не існуючыя аб’ектыўна знешнія рэчы; успрыманні іншых людзей для чалавека недасягальныя, ён можа абапірацца толькі на іх выказванні. Таму Арыстып аддаваў перавагу практычнаму, а не тэарэтычнаму пазнанню. Найвышэйшую мэту жыцця бачыў у асабістым здавальненні, але, паводле Арыстыпа, чалавек не павінен падпарадкоўвацца яму, а імкнуцца да разумнай асалоды. Здавальненне і пакуты лічыў мерай дабра і зла, ісціны і хлусні. Сцвярджаў, што не трэба шкадаваць аб мінулым ці баяцца будучыні, у мысленні, як і ў дзеяннях, трэба надаваць значэнне толькі сучаснаму, якім можна вольна распараджацца.