АЎСТРА́ЛА-АНТАРКТЫ́ЧНАЯ КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна на ПдУ Індыйскага ак., каля Антарктыды. На Пн і У абмежавана Аўстрала-Антарктычным падняццем, на Пд — мацерыковым схілам Антарктыды, на З падводным хр. Кергелен. Даўж. 4500 км, шыр. 1500 км; пераважная глыб. 4000—5000 м, найб. — 6089 м (каля хр. Кергелен). Грунт — дыятомавыя, глініста-дыятомавыя і алеўрыта-гліністыя глеі.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧА́Г ЗЕМЛЕТРАСЕ́ННЯ,

вобласць у нетрах Зямлі, дзе адбываецца хуткае перамяшчэнне (удар) масаў уздоўж тэктанічнага разрыву і вызваленне назапашанай энергіі. Памеры ачагоў землетрасення ад дзесяткаў метраў да сотняў кіламетраў (пры магнітудзе 8,5), глыб. да некалькіх сотняў кіламетраў. Вялікія ачагі землетрасення звязаны з зонамі актыўных глыбінных разломаў у тоўшчы зямной кары або верхняй мантыі. Гл. таксама Эпіцэнтр.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́СА ПРАЛІ́Ў (Bass Strait),

праліў паміж Аўстраліяй і в-вам Тасманія. Злучае Тасманава м. з Індыйскім ак. Даўж. каля 317 км, шыр. да 224 км. Найменшая глыб. на фарватэры 49 км. У зах. ч. — в-аў Кінг, на У — а-вы Фюрно. Порт Мельбурн. Названы імем англ. даследчыка Дж.​Баса, які адкрыў праліў у 1798.

т. 2, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСФО́Р (тур. Karadeniz Bogazi, грэч. Bosporos),

праліў паміж Еўропай і Азіяй (п-аў Малая Азія). Злучае Чорнае і Мармуровае моры. Даўж. каля 30 км, шыр. ад 0,7 км да 3,7 км. Найменшая глыб. на фарватэры 33 км. У Басфоры — бухта Залаты Рог. Порт Стамбул (Турцыя). Праз Басфор пабудаваны аўтамаб. мост (даўж. каля 2,8 км).

т. 2, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТЫЯ́ЛЬ (ад грэч. bathys глыбокі),

батыяльная зона, зона марскога дна, якая ахоплівае глыб. 200—3000 м на мацерыковым схіле. Знаходзіцца паміж абісаллю і сублітараллю (гл. ў арт. Літараль). Характарызуецца слабай асветленасцю, нязначнымі ваганнямі т-ры і салёнасці вады. Сярод жывёл пераважаюць прадстаўнікі бентасу, шмат рыб. Расліннасць бедная. У батыялі намнажаюцца батыяльныя адклады.

т. 2, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛІНСГА́ЎЗЕНА КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна на ПдУ Ціхага ак., паміж мацерыковымі схіламі Антарктыды, Паўд. Амерыкі і Паўд.-Ціхаакіянскім, Усх.-Ціхаакіянскім і Зах.-Чылійскім падводнымі падняццямі. Працягласць з ПдУ на ПнЗ каля 8 тыс. км. Пераважная глыб. 4000—5000 м, найб. 5290 м. Грунт — чырвоныя глыбакаводныя гліны і дыятомавыя глеі. Названа ў гонар Ф.Ф.Белінсгаўзена.

т. 3, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЬТ ВЯЛІ́КІ (дацкае Store Baelt),

цэнтральны праліў у сістэме Дацкіх праліваў, паміж а-вамі Лолан і Зеландыя на У і Лангелан і Фюн на З. Даўж. каля 120 км, найменшая шыр. 10 км, глыб. на фарватэры 12 м. У суровую зіму замярзае. Чыг. паром паміж гарадамі Нюбарг (в-аў Фюн) і Корсёр (в-аў Зеландыя).

т. 3, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РКІ,

вадасховішча ў Беларусі, у Слуцкім р-не Мінскай вобл., за 13 км на У ад г. Слуцк, каля в. Боркі. Створана ў 1984. Пл. 0,72 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 0,8 км, найб. глыб. 4 м. Наліўное, напаўняецца вадой помпамі з р. Слівянка па напорным вадаводзе. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель, рыбагадоўлі.

т. 3, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́ІЗБЕРГ,

возера ў Беларусі, у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіліца, за 16 км на У ад г. Глыбокае. Пл. 0,46 км². Даўж. 4,1 км, найб. глыб. 19 м. Пл. вадазбору 17 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м, на У укрыты лесам. Дно плоскае, пясчанае. Выцякае ручай у р. Свіліца.

т. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВО́РАНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка. Пл. 0,25 км², даўж. 0,88 км, найб. шыр. 0,43 км, найб. глыб. 7,1 м, даўж. берагавой лініі 2,1 км. Пл. вадазбору 2,3 км². Схілы выш. ад 3 да 8 м. Берагі сплавінныя. Дно выслана сапрапелем. Злучана ручаём з воз. Янова.

т. 1, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)