ГУБНЫ́ ГАРМО́НІК,

духавы язычковы муз. інструмент. Складаецца з комплексу метал. язычкоў, замацаваных на абодвух баках планкі, да якой прылягае драўляная або пластмасавая пласцінка з проразямі; праз іх струмень паветра трапляе на язычкі. У кожным канале 2 галасы, адзін з якіх гучыць пры выдыху, другі — пры ўдыху. Існуюць з сярэдзіны 19 ст., найб. пашыраны ў краінах Цэнтр. Еўропы. Вядомы губныя гармонікі розных сістэм з рознымі дыяпазонамі (1—3 актавы), з храматычным гукарадам, з клавішамі і інш. Найб. пашыраны ў строях С, G, F, а.

т. 5, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СНІК ((Husnik) Якуб) (29.3.1837, Вейпрніцы, каля г. Пльзень, Чэхія — 26.3.1916),

чэшскі вучоны і вынаходнік у галіне фотамех. спосабаў рэпрадукавання. Працаваў у галіне геліяграфіі, фоталітаграфіі, фотацынкаграфіі. Прапанаваў рэпрадукцыйную эмульсію з фторыстым серабром, клішэ на слаях з жэлаціны і хлорнага жалеза (для высокага друку). Вынайшаў (1865—68) адзін з маст. спосабаў рэпрадукавання — фотатыпію. Аўтар манаграфій «Агульная галіна фотатыпіі» (1877, 3-е выд. 1885), «Геліяграфія» (1888) і інш. Вядомы таксама як жывапісец-партрэтыст.

Літ.:

Немировский Е. Выдающийся чешский фототехник // Сов. фото. 1957. № 4.

т. 5, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Д’АЛАМБЕ́РА ПРЫ́НЦЫП,

адзін з асноўных прынцыпаў дынамікі, паводле якога пры далучэнні сіл інерцыі да зададзеных (актыўных) сіл і рэакцый накладзеных сувязей атрымліваецца ўраўнаважаная сістэма сіл. Устаноўлены Ж.Д’аламберам. З Д.п. вынікае, што для кожнага пункта сістэмы F→i + N→i + J→i = 0 , дзе F→i — актыўная сіла, што ўздзейнічае на дадзены пункт, N→i — рэакцыя накладзенай сувязі (гл. Сувязі механічныя), J→i — сіла інерцыі. Д.п. дазваляе выкарыстаць метады статыкі для рашэння задач дынамікі, напр., для вызначэння рэакцыі сувязей, калі вядомы закон руху.

т. 6, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАБА́РАЎ (Джуманіяз) (н. 25.11.1930, кішлак Пулаты Кашкадар’інскай вобл., Узбекістан),

узбекскі паэт. Засл. дз. маст. Узбекістана (1980). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (Ташкент, 1952). Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў паэзіі «Я слаўлю Радзіму» (1953), «Подых вясны» (1956), «Рэха гор» (1961), «Сшытак дваццаці дзён» (1967), «Хвіліны натхнення» (1971) і інш. Вядомы як перакладчык і драматург. Пераклаў на ўзб. мову асобныя творы Я.​Купалы. На бел. мову асобныя творы Дж. пераклалі Р.​Барадулін, В.​Іпатава.

Тв.:

Рус. пер. — Родное тепло. Ташкент, 1982;

Убежденность. Ташкент, 1982.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРО́ЦІК (ад грэч. dorotos кап’ё),

кароткае кідальнае кап’ё. Вядомы з эпохі верхняга палеаліту (з каменным або касцяным наканечнікам; выкарыстоўваўся як паляўнічая зброя), асабліва ў аўстрал. абарыгенаў і алеутаў. У старажытнасці служыў зброяй першага ўдару ў арміях Грэцыі і Рыма (з жал. наканечнікам). Для павелічэння далёкасці і сілы кідка (да 70—80 м) выкарыстоўвалася раменная пятля. У сярэднія вякі быў пашыраны (з жал. наканечнікам) у Зах. і Усх. Еўропе (на Русі наз. суліца; упершыню згадваецца ў 12 ст. ў «Слове пра паход Ігаравы»).

т. 6, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯСКУ́РЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі сыны Зеўса і Леды, браты Алены, героі-блізняты — смяротны Кастар і бессмяротны Палідзеўк, удзельнікі паходу арганаўтаў. Сімвал братэрскай любві. Культ. Д. першапачаткова існаваў у Спарце, пазней распаўсюдзіўся ва ўсёй Стараж. Грэцыі. У Стараж. Рыме яны былі вядомы як Кастар і Палукс. Міф пра Д. папулярны ў л-ры (Піндар, Тэакрыт, Авідзій), выяўл. мастацтве (вазапіс, П.​П.​Рубенс, А.​Дзюрэр), музыцы (Ж.​Ф.​Рамо, Дж.​Сарці).

Дыяскуры выкрадаюць дачок Леўкіпа. Фрагменты размалёўкі гідрыі. Каля 410 да н.э.

т. 6, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НСБРУК (Innsbruck),

горад на З Аўстрыі, у Альпах, на подступах да перавалу Брэнер. Адм. ц. зямлі Ціроль. Вядомы з 1234. 118 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст., металаапр., эл.-тэхн., хім.-фармацэўтычная, харчовая. Маст. промыслы, рамесніцкая вытв-сць сувеніраў. Ун-т (1669), універсітэцкая б-ка (1746). Цірольскі музей Фердынандэум, Цірольскі музей нар. мастацтва. Палац Габсбургаў Гофбург (14—18 ст.). Ландгаўз (1725—28), палацы, цэрквы і інш. Цэнтр турызму і зімовых відаў спорту. Зімовыя алімпійскія гульні (1964, 1976).

т. 7, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЗАК ((Kasack) Герман) (24.7.1896, г. Патсдам, Германія — 10.1.1966),

нямецкі пісьменнік. Чл. Акадэміі навукі і л-ры ў Майнцы, прэзідэнт Ням. акадэміі мовы і паэзіі ў Дармштаце (1953—63). Дэбютаваў зб-камі вершаў «Чалавек» (1918), «Востраў» (1920), драмай «Трагічная місія» (1920). Найб. вядомы раман «Горад за ракой» (1947) — сюррэаліст. паказ «горада памерлых», бяздушнага таталітарнага механізма. Песімістычныя ідэі знайшлі адлюстраванне ў рамане «Вялікая сетка» (1952) і аповесцях «Ткацкі станок» (1949), «Фальшыўка» (1953). Паводле манеры блізкі да Ф.Кафкі. Аўтар зб. эсэ «Мазаіка» (1956).

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЙНЦ ((Kainz) Іозеф) (2.1.1858, г. Мошанмадзьяравар, Венгрыя —20.9.1910),

аўстрыйскі акцёр. На сцэне з 1875. У 1883—89 у Нямецкім т-ры ў Берліне, у 1899—19 10 у «Бургтэатры» ў Вене. Творчасці ўласцівы тонкі псіхалагічны аналіз, эмацыянальная адухоўленасць, вытанчаная пластыка, паэтычнасць. Вядомы як выканаўца роляў маладых герояў (трагедыі «Каварства і любоў», «Дон Карлас» Ф.​Шылера, «Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), камед. і сатырычных («Тарцюф» Мальера і інш.). Сярод лепшых роляў: Гамлет («Гамлет» Шэкспіра), Освальд («Прывіды» Г.​Ібсена), Іаганес («Адзінокія» Г.​Гаўптмана).

т. 7, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНІБАЛІ́ЗМ (франц. cannibalisme ад ісп. canibal людаед) у жывёл, форма жывёльнага жыўлення, пры якой з’ядаюцца асобіны таго ж віду; крайняя форма ўнутрыпапуляцыйных узаемаадносін. Вядомы больш чым у 1300 відаў жывёл. Назіраецца, калі папуляцыя не забяспечана кормам або пры звышвысокай шчыльнасці (драпежныя клапы, насякомыя, павукі, драпежныя рыбы і інш.). У гэтых выпадках К. — своеасаблівы рэгулятар, які дапамагае папуляцыі выжыць за кошт змяншэння колькасці. К. у людзей быў пашыраны ў мінулым у некат. плямён і народаў у бытавой і рэлігійна-магічнай формах.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 7, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)