БРАНТАЗА́ЎР,
апатазаўр (Brontosaurus, Apatosaurus), род вымерлых гіганцкіх паўзуноў атр. яшчаратазавых дыназаўраў. Каля 5 відаў. Рэшткі вядомы з юрскіх адкладаў. Насялялі Паўн. Амерыку, Мадагаскар, Усх. Афрыку, Англію, Францыю, Партугалію. Шкілет дыназаўра, блізкага да брантазаўра, знойдзены ў Фергане.
Самая вял. наземная жывёла (даўж. да 25 м, маса каля 30 т) з высокім чэрапам, доўгай масіўнай шыяй і параўнальна невял. галавой. Галаўны мозг вельмі маленькі (маса не больш як 400 г), спінны мозг значна большы за галаўны і кіраваў мускулатурай задніх канечнасцей і хваста. Чатырохногі брантазаўр паводле спосабу жыцця наземна-водная жывёла, вандраваў па мелкаводдзі, карміўся раслінамі.
т. 3, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)