МАЛЯ́Н (Генрых Сурэнавіч) (30.9.1925—1988),

армянскі рэжысёр. Нар. арт. Арменіі (1977). Нар. арт. СССР (1982). Скончыў Ерэванскі тэатр. ін-т (1951), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (1953). З 1954 працаваў на кінастудыі «Арменфільм». Паставіў фільмы «Хлопцы музкаманды» (1960, з Г.​Маркаранам), «Трохвугольнік» (1967), «Мы і нашы горы» (1970), «Наапет» (1978, аўтар сцэнарыя), «Аплявуха» (1981, сааўт. сцэнарыя), «Кропля мёду» (1983, аўтар сцэнарыя). У Дзярж. т-ры Арменіі імя Р.​Сундукяна паставіў п’есу «Вінаградны сад» У.​Сараяна (1971).

т. 10, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМА́Й (? — 1380),

татарскі военачальнік і дзярж. дзеяч. Цемнік пры хане Бердыбеку [1357—61], яго зяць. Пасля смерці Бердыбека (1361) М. — фактычны правіцель Залатой Арды. Непрыхільна ставіўся да аб’яднання рус. зямель, арганізатар спусташальных паходаў супраць Разанскага (1373, 1378) і Ніжагародскага (1378) княстваў. Спроба ўварвацца ў межы Маскоўскага вялікага княства скончылася яго паражэннем на р. Вожа (1378). У Кулікоўскай бітве 1380 войскі М. поўнасцю разбіты. У гэтым жа годзе пацярпеў паражэнне ад войск Тахтамыша, уцёк у Кафу (цяпер г. Феадосія, Украіна), дзе быў забіты.

т. 10, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНКО́ВІЧ (Сцяпан Сцяпанавіч) (13.5. 1905, в. Беразіно Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 18.4.1978),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1946). З 1929 на сав. і гасп. рабоце, з 1939 сакратар Бягомльскага райкома КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну ў тыле ворага, з сак. 1942 у партызанах, камісар атрада, у вер. 1942—снеж. 1943 — партыз. брыгады «Жалязняк», адначасова сакратар Бягомльскага падп. райкома КП(б)Б. Пасля вайны на сав. і парт. рабоце. На радзіме перад школай пастаўлены бюст.

С.С.Манковіч.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЭСУ́МА, Мактэсума,

Матэкусома (Montezuma, Moctezuma, Motecuhzoma),

імя правіцеляў індзейцаў-ацтэкаў у сярэднія вякі.

Мантэсума I (?—1469), правіцель ацтэкаў у 1440—69. Пры ім ацтэкі, цэнтрам якіх быў г. Тэначтытлан (цяпер Мехіка), канчаткова падпарадкавалі інш. індзейскія плямёны Цэнтр. Мексікі.

Мантэсума II (каля 1466—30.6.1520), правіцель ацтэкаў у 1502—20 (паводле інш. звестак, правіў з 1503). Праўнук Мантэсумы I. Намагаўся захаваць адзінства імперыі ацтэкаў сілай зброі. Пасля высадкі ў Мексіцы заваёўнікаў-іспанцаў паланёны паводле загаду Э.Картэса. Забіты паўстаўшымі індзейцамі за заклікі падпарадкавацца іспанцам.

т. 10, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКАЗІ́Т (позналац. marcasita ад перс. калчадан),

прамяністы калчадан, мінерал класа сульфідаў, сульфід жалеза FeS2. Хім. аналаг пірыту. Змяшчае 46,6% жалеза, часта прымесі нікелю, мыш’яку і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Утварае канкрэцыі, сфераліты, нацёчныя агрэгаты, суцэльныя масы; крышталі таблітчастыя, радзей вострапірамідальныя, прызматычныя. Колер латунна-жоўты.

Бляск металічны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 4,9 г/см³. Трапляецца М. эндагенны ў гідратэрмальных, пераважна жыльных радовішчах, М. экзагенны ў карбанатных пародах, глінах, каменных вуглях. Сыравіна для вырабу сернай кіслаты. Пры акісленні ўтварае ліманіт.

Марказіт.

т. 10, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЖАНАЕ,

замарожаны асвяжальны дэсертны прадукт, прыгатаваны з малака, вяршкоў, масла, цукру, сокаў садавіны, арэхаў, яек, пахучых і смакавых рэчываў і інш. харч. сыравіны. М. высокакаларыйнае, добра засвойваецца, мае нязначную колькасць вітамінаў. Асн. віды М.: малочнае, сметанковае, пламбір, фруктова-ягаднае. Некаторыя віды дробнафасаванага М. вырабляюць у шакаладнай глазуры (напр., эскімо). Пры вытв-сці М. з зыходнай сыравіны рыхтуюць сумесь, якую пастэрызуюць, ахалоджваюць і збіваюць у фрызерах, расфасоўваюць, а потым ажыццяўляюць «загартоўку» — далейшае замарожванне да т-ры -10 ці -20 °C.

К.​В.​Фамічэнка.

т. 10, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЛЕНЫ АЛЬДЭГІ́Д, бутыральдэгід, бутаналь,

насычаны аліфатычны альдэгід, CH3CH2CH2CHO. Бясколерная празрыстая вадкасць з рэзкім непрыемным пахам, tкіп 75,7 °C, шчыльн. 817 кг/м³. Добра раствараецца ў спірце, эфіры, бензоле, абмежавана — у вадзе. У прам-сці атрымліваюць оксасінтэзам з прапілену ў прысутнасці каталізатара (злучэнні кобальту), а таксама аднаўленнем кратонавага альдэгіду. Выкарыстоўваюць у вытв-сці бутанолу і 2-этылгексанолу, масленай к-ты і яе ангідрыду, полівінілбутыралю, мадыфікаваных фенола-, мачавіна- і анілінафармальдэгідных смол. Таксічны пры ўдыханні пары, кантакце са скурай, пападанні ў вочы.

А.​Л.​Валожын.

т. 10, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА машына для перамотвання пражы і нітак з розных валокнаў на бабіну, шпулю ці інш. пакоўку, зручную для далейшага выкарыстання. Пры перамотванні М.м. ачышчае пражу ад дробнага смецця і ліквідуе патаўшчэнні ў ёй, павялічвае даўжыню і паляпшае якасць нітак. Найб. пашыраны крыжаматальныя машыны, што ўтвараюць бабіну з крыжападобнай намоткай. Выкарыстоўваюцца ў ткацкай, трыкат. і круцільнай вытв-сці.

Схема матальнай машыны: 1 — нерухомае верацяно; 2 — накіравальны дроцік; 3 — нацяжное прыстасаванне; 4 — матальны барабанчык з канаўкамі для нітак (для ўтварэння крыжападобнай намоткі); 5 — бабіна.

т. 10, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНЫ МА́ЯТНІК,

матэрыяльны пункт, які падвешаны на бязважкай нерасцяжной нітцы (або стрыжні) і вагаецца ў верт. плоскасці пад дзеяннем сілы цяжару. У рэальных умовах — масіўны (напр., металічны) шарык, падвешаны на нітцы, даўжыня якой значна перавышае яго памеры. Пры гарманічных ваганнях перыяд T М.м. не залежыць ад амплітуды ваганняў: T = 2π l g , дзе l — даўжыня М.м., g — паскарэнне свабоднага падзення. Выкарыстоўваецца ў прыладах для вызначэння паскарэння свабоднага падзення, ваганняў зямной кары і ў інш. гравіметрычных вымярэннях. Гл. таксама Маятнік.

т. 10, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧАВА́Я КІСЛАТА́ (2, 6, 8-трыоксіпурын),

канчатковы прадукт абмену пурынаў і бялкоў у арганізме чалавека і жывёл. Бясколерныя крышталі, раскладаюцца ніжэй т-ры плаўлення, дрэнна раствараюцца ў вадзе. М.к. адкрыў швед. хімік К.​Шэеле (1776) у мачы. Утвараецца пераважна ў печані, невял. колькасць ёсць у тканках (мозг, кроў), мачы і поце. Пры некат. парушэннях абмену рэчываў адбываецца назапашванне М.к. і яе кіслых солей (уратаў), што выклікае нефрыты, артрыты, артрозы, таксікозы цяжарных і інш. хваробы. Зыходны прадукт для прамысл. сінтэзу кафеіну.

Мачавая кіслата.

т. 10, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)